Сіня́к 1 ‘грыб махавік жоўта-буры’ (гарад., дзятл., драг., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.). Да сіні (гл.), паводле колеру, таму што грыб сінее на зломе. Параўн. таксама ўкр. синя́к ‘грыб Agarikus necator’, польск. siniak ‘грыб Boletus Cyanescens’ і г. д.

Сіня́к 2 ‘лешч, Abramis brama L.’ (Жукаў), іншыя назвы — сіньга́, сіне́ц (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’, рус. си́нька ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’. Да сіні (гл.), колер рыб характарызуецца як “синеватый с зеленоватым отливом” (Каламіец, Рыбы, 27). Гл. таксама сінец.

Сіня́к 3 ‘птушка попаўзень, Sitta europea L.’ (ПСл), іншая назва — сівы дзятлік (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘голуб, Columba oenas L.’. Паводле колеру апярэння, звычайна ‘цёмна-шэры’, параўн. сівак 2 (гл.) і колеравую падмену ў сіваваронка/сіняваронка ‘сіваграк (ЛА, 1).

Сіняк 4 ‘расліна Succisella Reck.’ (Кіс.), сюды ж сінякве́т, сі́ні цвет ‘расліна Echium vulgare L.’ (Кіс.), параўн. укр. синя́к ‘тс’, рус. синя́к ‘тс’. Да сіні (гл.), што абумоўлена звычайна колерам кветак.

Сіня́к 5 ‘сіняя неўрадлівая зямля’ (Мат. Гом.), ‘балотная глеістая зямля’ (Сл. ПЗБ), ‘ворная неўрадлівая зямля на нізкім месцы’ (Сцяц.). Да сіні (гл.), параўн. сівак 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаша́к, лун. лоша́к ’грузд, Lactarius piperatus’ (Шатал.). Названа паводле колеру лася. У бел. гаворках існуюць аналагічныя назвы грыбоў, у аснове якіх назвы жывых істот: стаўб. казлята ’масляк’, кобр. чо́рна свыня́ ’грузд’, івац. ове́чы грыб ’неядомы’, кам. кобыла, кобр. коза́ ’пеўнік жоўты’, драг. мэдвэ́дык ’пеўнік жоўты’, агульнавядомае лісі́чкі і інш. Параўн. таксама ўздз. лось ’пеўнік стракаты’ (Жыв. сл., Нар. словатв.). Утворана ад лос‑ь пры дапамозе суф. ‑ак (гл. лаша). Аналагічна літ. briedžiùkas ’ласянё’ і ’смарчок’ (ад bríedis ’лось’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоцман ’чалавек, які адказвае за стан усіх плытоў’ (гродз., Нар. сл.), ’асоба, якая праводзіць судны па фарватэры’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з гал. loodsman ці з с.-н.-ням. lôtsman (< англ. loadsman) у эпоху Пятра I (Фасмер, 2, 525). Аднак лоцманъ сустракаецца яшчэ ў пск. і смал. летапісах XV–XVII стст. (Філін, Происх., 612), таму можна гаварыць пра самастойнае і больш ранняе запазычанне ў ст.-бел. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Лядні́к 1, ле́днік ’склеп, лядоўня’ (чач., ветк., Мат. Гом.) — з рус. ле́дник, ледни́к ’тс’. Лядоўнік ’тс’ (бых., там жа) — кантамінацыя з леднік і лядоўня.

Ляднік 2 ’скопішча вялікай масы паўзучага лёду, глетчар’ (ТСБМ) у якасці культурнага тэрміна з рус. ледни́к ’тс’.

Ляднік 3 ’абабак, Boletus scaber’ (Мядзв.; бялын., Нар. сл.; кругл., Жыв. сл., Мат. Маг.; круп., Сл. ПЗБ, БЛ, 6, 23), ’грыбы’ (Баркалабаўскі летапіс). Да ля́да 2. Названы паводле месца, дзе яны растуць (як палявыя грыбы, пожя́рны грыб).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́сы тачы́ць ’марна траціць час у пустых размовах’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2, Касп.). Укр. ляси підпуска(ти) ’заляцацца’, рус. лясы точить (веять, разводить, подводить, сказывать, строить, строчить) ’марна траціць час у балбатні, пляткарыць’. Паводле пашырэння ў гаворках можна меркаваць аб запазычанні з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з польск. balasy ’балясы’ < італ. balaustro ’баляса ў балюстрадзе’ (Сабалеўскі, РФВ, 66, 345; Фасмер, 2, 552). Параўн. рус. кастр. лясы‑балясы ’балбатня, леменда’, ярасл. лясы‑балясы точить ’пустасловіць’, ’жартаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гадаты́вус ’рэзанёр, гаварун’ (ужывалася пераважна шляхтай, Нас.). Запазычанне з польск. gadatywus ’тс’. Гэта апошняе ўтворана ў польск. мове на базе дзеяслова gadać ’балбатаць, гаварыць’ і суфіксальнай часткі ‑tywus (паводле лац. слоў на ‑t‑ivus). У польск. мове гэта спачатку, можа, жартоўнае ўтварэнне (параўн. яшчэ іншыя лацінізаваныя польскія ўтварэнні ад gadać — gadateusz, gadeus ’гаварун’). Але бел. гадатыўка ’гаваруха, гаварлівая (гаворыцца пераважна ў колах шляхты)’ (Нас.) ўтворана на беларускай глебе ад гадатывус (у польск. мове слова gadatywka няма, гл. SW).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гусце́ча ’густы зараснік’ (Янк. Мат.). Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), магчыма, адлюстраванне прасл. дыял. *gǫstotja (параўн. галеча, малеча і да т. п.), дзе прасл. суфікс *‑otja, які мае паралелі ва ўкр. і ў паўд.-слав. мовах (у іх зах. групе). Мусіць, недакладнае тлумачэнне. Для бел. ‑еча (як і для ўкр. ‑еча) зыходным з’яўляецца ‑*etja (суфікс, які ўзнік на базе *‑eta, які меў тую ж функцыю, што і ‑ota; магчыма, тут было старое чаргаванне вакалізму е : о, ‑*eta : ‑*ота).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіча́н ’лісце і сцяблы рознай агародніны’ (БРС), таксама гіч, гі́чка, гічанё, гіча́ннік, гічы́ўнік, гіча́нне, гічэ́ўе (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 41). Лічыцца запазычаннем з літ. gỹčas ’сцяблы табакі’ (Смулкова, там жа). Вельмі няпэўна. Ва ўкр. мове, акрамя форм тыпу гич, гича́, гича́ль (таксама гита́ль), гича́лля, ги́чка (гл. Грынч.), ёсць і ги́ка (лем.), гик (бойк.), што робіць версію аб літ. паходжанні гэтых слоў неверагоднай. Паводле Рудніцкага (614), паходжанне гэтых лексем няяснае. Параўн. і гіча́н ’качан салёнай капусты’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дварані́н ’дваранін’ (БРС). Рус. дворяни́н, укр. дворяни́н, польск. dworzanin, ст.-чэш. dvořěnin і г. д. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 30) мяркуе, што гэта слова агульнаславянскае, што вельмі няпэўна. Паводле Слаўскага (1), польск. слова вядома толькі з XV ст.; Фасмер (1, 489) указвае, што рус. слова ў значэнні ’чалядзін князя’ вядома з XVII ст., рус. слова і польск. dworzanin — гэта калькі з с.-н.-ням. hövesch. Слав. словы хутчэй у большасці самастойныя ўтварэнні па вядомай мадэлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́сыць ’досыць’ (БРС, Нас., Байк. і Некр.), таксама до́сіць, дос (Касп.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне, як і ўкр. до́сить, з польск. dosyć ’тс’. Вельмі няпэўна. Хутчэй за ўсё не запазычанне, а роднасныя формы. Гл. у Фасмера, 1, 532: рус. дыял. до́сыть, бел. до́сыць, польск. dosyć, чэш. dost, dosti, славац. dosti < *do syta. Так жа мяркуе (але без бел. форм) Слаўскі, 1, 157. Параўн. досць (гл.). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)