кало́на, ‑ы, ж.

1. Частка архітэктурнага збудавання ў выглядзе высокага слупа, якая з’яўляецца апорай франтонаў, унутраных частак будынка. Нават не агледзеўшы вестыбюля з прыгожымі мармуровымі калонамі, .. [Міхайлаў] першы пачаў падымацца па шырокай засланай.. дарожкай лесвіцы. Карпаў. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам, пахіліліся ўперад. Пестрак. // Помнік у выглядзе слупа, збудаваны ў памяць якога‑н. здарэння. Калона Траяна. Аляксандраўская калона.

2. У вайсковай справе — строй, глыбіня якога большая за яго шырыню або роўная ёй; такі парадак пастраення войск, пры якім падраздзяленні знаходзяцца або рухаюцца адно за адным на пэўнай дыстанцыі. Паходная калона. □ Мерна пакалыхваючыся, ідзе калона салдат. Данілевіч. Перад вачыма Рудчанкі прамільгнулі тыя, хто ішоў у тую ноч у штурмавой калоне. Сіўцоў. // Шэраг суднаў, якія ідуць адно за адным. // Група асоб або машын, трактароў і інш., якія рухаюцца выцягнутай лініяй, рад за радам. Калоны дэманстрантаў. □ У выхадныя ж дні ў страі, калонамі, з кіркамі і рыдлёўкамі [рабочыя] накіроўваліся на разборку руін і расчыстку пляцовак. Карпаў. Калоны грузавікоў ішлі і ішлі з блізкіх і далёкіх чыгуначных станцый. Хадкевіч.

3. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі.

4. Назва апаратаў цыліндрычнай формы.

•••

Кільватэрная калона — рад суднаў, якія ідуць адно за другім у кільватэры.

Трактарная калона — група трактароў, якая выконвае агульнае вытворчае заданне.

Пятая калонасукупнасць асоб, якія займаюцца антыдзяржаўнай, падрыўной дзейнасцю ўнутры краіны і знаходзяцца на ўтрыманні варожых дзяржаў (першапачаткова — аб контррэвалюцыйнай групе, якая дзейнічала ў тыле іспанскай рэспублікі ў 1936–1939 гг.).

[Фр. collonne.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́зел 1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел 2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́са 1, ‑ы, ж.

1. Група людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца некаторымі спадчыннымі асаблівасцямі: будовай цела, формай валасоў, пігментацыяй скуры, валасоў, вачэй і пад.

2. У заалогіі і батаніцы — сукупнасць індывідуумаў ўнутры арэала, віда або падвіда, якія вылучаюцца агульнымі біялагічнымі асаблівасцямі і звязаны агульным паходжаннем і раёнам распаўсюджання.

•••

Белая раса — устарэлая назва еўрапеоіднай расы.

Еўрапеоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца светлай скурай, роўнымі або злёгку хвалістымі валасамі, вузкім, з высокім пераноссем носам, параўнальна тонкімі губамі.

Жоўтая раса — устарэлая назва мангалоіднай расы.

Мангалоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца жаўтаватай скурай, прамымі чорнымі валасамі, плоскім скуластым тварам.

Негроідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца цёмнай скурай, кучаравымі валасамі, шырокім носам, тоўстымі губамі і інш.

Чорная раса — устарэлая назва негроіднай расы.

[Фр. race.]

ра́са 2, ‑ы, ж.

Верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства, сшытае ў талію, з шырокімі рукавамі. — А вы не з духоўных асоб? — Угадалі. Насіў расу, але адрокся ад сану. Хомчанка.

раса́, ы́; мн. ро́сы, рос; ж.

Вадзяныя кроплі, якія збіраюцца на паверхні раслін і розных наземных прадметаў вечарам, ноччу і раніцай пры паніжэнні тэмпературы ў цёплую пару года. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. Павялічацца ночы, пачнуць выпадаць росы і, нарэшце, пойдуць жа калі-небудзь дажджы. Дуброўскі.

•••

Мучністая раса — хвароба раслін, пры якой на раслінах утвараецца налёт, падобны на муку.

Абагнаць (раннюю) расу гл. абагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сро́дак, ‑дку, м.

1. Прыём, спосаб дзеяння, захады для ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца .. прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Пратэст .. выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам. Брыль. Нават перад ворагам бараніцца не ўсякімі сродкамі можна рэвалюцыянеру. Машара.

2. Тое, што служыць якой‑н. мэце, неабходнае для дасягнення, ажыццяўлення чаго‑н. Вельмі важным сродкам палітычнай работы сярод насельніцтва ў тыле ворага быў падпольны бальшавіцкі друк. Залескі. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат — вадарод! Караткевіч. // Прадмет, прыстасаванне і пад. або сукупнасць іх, неабходныя для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Сродкі сувязі. Транспартныя сродкі. □ Сацыялізм назаўсёды палажыў канец панаванню прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, гэтай крыніцы расколу грамадства на варагуючыя класы. Праграма КПСС. // Лекі, медыцынскія прэпараты або медыкаменты, неабходныя для лячэння. Лячэбныя сродкі. □ [Вейс:] — Хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне.., Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак,.. ён варты ўсёй вялікай медыцына. Лынькоў. // перан. Магчымасці, рэальныя ўмовы. Мастацкія пераклады .. — верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.

3. толькі мн. (сро́дкі, ‑аў). Грошы, капітал, матэрыяльныя каштоўнасці. Сродкі існавання. Жыць не па сродках. □ Савецкая дзяржава адпускае на асвету вялікія сродкі. «Беларусь». Старшыня абяцаў: сродкаў, кажа, калгас не пашкадуе на бібліятэку. Васілевіч. Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку. Шамякін.

•••

Агнявыя сродкі — агнястрэльная зброя, якая знаходзіцца ў распараджэнні пэўнага вайсковага падраздзялення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэсць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы. Глебка. Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар. Гілевіч. // Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе! Колас. [Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў. Крапіва. У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты. Жычка. Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць. Панчанка.

2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа. У. Калеснік.

3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала.

4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган. Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту. Колас.

•••

Аддаць чэсць каму — прывітаць каго‑н. па-ваеннаму, прыклаўшы руку да галаўнога ўбору.

Пара і чэсць знаць — дастаткова, пара перастаць, закончыць што‑н. [Адзін з гасцей:] Пара нам чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

склад 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання тавараў, матэрыялаў і пад. Для машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадарчых машын. Колас. Вечарам мы пайшлі пазнаёміцца бліжэй з портам Касабланкі. Гэта вялікі і добра абсталяваны порт з магутнымі кранамі і шматлікімі радамі складаў. В. Вольскі.

2. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, складзеных у адным месцы; запас чаго‑н. Склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі ўвачавідкі. Мележ. Пра свае склады зброі хлопцы маўчалі. Якімовіч.

склад 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; састаў. Лексічны склад мовы. □ Важнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу сучаснай беларускай мовы Ўяўляецца мастацкая літаратура. Гіст. лекс. бел. мовы. [Полацкая зямля] ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Хадкевіч. Полк уваходзіў у склад арміі, якая абараняла Севастопаль з 1 верасня 1854 г. «Помнікі».

2. чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які‑н. калектыў, арганізацыю (з колькаснага або якаснага боку). Склад прэзідыума. □ Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Шашу. Шамякін. [Суддзя:] — Падсудны.. вы не пярэчыце супроць складу суда? Дадзіёмаў.

3. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Акцёрскі склад тэатра. □ Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротных камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Колас.

4. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны). Высокі, атлетычнага складу, у гэтым незвычайным адзенні .. [Кашын] выглядаў молада і нават малайцавата. Карпаў. Гэта быў высокі мужчына, чарнавусы, моцнага складу. Самуйлёнак.

5. Асаблівасці розуму, думак, характару і пад.; маральнае аблічча чалавека, яго звычкі і пад. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч. Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, намеры, імкненні высокія. Карпаў. Вучоба маладога Казіміра ў Маскве .. вызначыла склад яго мышлення на ўсё яго жыццё. Пестрак.

6. Манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць; стыль. Колас — мастак эпічнага складу. □ Казка вызначаецца жывасцю народнага складу, яркімі дэталямі. Саламевіч. // Спосаб пабудовы чаго‑н. (песні, верша і пад.). Песенны склад паэмы. □ 1918 год прынёс публікацыю цыкла вершаў [Багдановіча] беларускага складу. Лойка.

7. Зладжанасць, складнасць; парадак, сэнс. І пайшоў стары Несцер гаварыць у склад, у лад. Пестрак. Я — ратай, і мо’ няўдала З сваёй думкай выйшаў першай. Можа, складу ў песнях мала, Мала досціпу ў вершы? Васілёк. І не хочаш, а думаеш усё і думаеш, — без ніякага складу... Пташнікаў.

8. Пласты зямлі, складзеныя адзін да аднаго. Ворыва ў склад. □ Мы прайшлі дзве баразны — зрабілі склад пасярэдзіне. Якімовіч.

•••

Асабовы склад (састаў) — рабочыя, служачыя якой‑н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і пад.

Ні складу, ні ладу — ніякага толку, парадку, ніякай сувязі.

У складзе — у колькасці. Мясцовы камітэт у складзе 7 чалавек.

склад 3, ‑а, М ‑дзе; мн. склады, ‑оў; м.

Гук або спалучэнне гукаў у слове, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра. Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За ду-бо-вым сталом пі-шу за-ла-тым пя-ром». Бядуля. Словы .. [пастух] расцягваў, робячы націск на кожным складзе. Асіпенка.

•••

Адкрыты склад — склад у слове, які заканчваецца на галосны гук.

Закрыты склад — склад у слове, які заканчваецца па зычны гук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ра, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння. Меры даўжыні. Мера часу.

2. Народная назва адзінкі ёмістасці для чаго‑н. сыпучага, якая раўнялася прыблізна пуду збожжа; пасудзіна, якой мералася што‑н. сыпучае. Мера мукі.

3. Тое, чым вымяраюць што‑н.; мерка, крытэрый. Вымяраць кожны свой крок высокай мерай ідэалаў камунізма — такое патрабаванне ленінскай навукі кіравання будаўніцтвам новага грамадства. «Звязда».

4. Велічыня, ступень. Аканом меў дачыненні да Сімонавых спраў у такой жа меры, як Сімон да спраў Дгебуадзе. Самуйлёнак. // перан. Вызначаны рубеж, граніца. Мера цярплівасці.

5. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго‑н. Прыняць меры. Вышэйшая мера пакарання. □ Папярэджанне, вымова, штраф на некалькі працадзён былі частымі мерамі ўплыву на нядбайнікаў. Дуброўскі.

•••

Квадратныя меры — меры плошчы.

Кубічныя меры — меры аб’ёму.

Лінейныя меры — меры даўжыні.

Метрычная сістэма мер гл. сістэма.

Без меры — а) у вялікай колькасці, вельмі многа; б) у вялікай ступені, бязмерна.

Ведаць (знаць) меру гл. ведаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Мера і вера — дакладна. — А колькі табе, Андрэй, [за малатарню] плаціць? — запытаўся Юзік у Пошты. — У мяне мера і вера: пуд у дзень давай. Крапіва.

Не ў меру — больш, чым трэба.

Ні ў якой меры — ніяк, ніякім чынам.

Па меншай меры — не менш чым. [Галчанаў:] — Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода. Васілёнак.

Па меры сіл (магчымасцей) — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

Перабраць меру гл. перабраць.

Поўнаю мераю (плаціць) — столькі ж, колькі было атрымана.

У адной меры — без змен.

У меру — дастаткова. [Цімафей Міронавіч] убачыў жанчыну пакору і звярнуўся да яе тонам у меру строгім, але такім, які даваў зразумець, што .. усё ідзе па-ранейшаму. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова; абмен думкамі. Гаворка за сталом не ладзілася, як ні стараўся Раман Дзянісавіч ажывіць яе. Хадкевіч. Пісьменнік [Максім Багдановіч] быў бескампрамісны, калі гаворка ішла аб навуковым разуменні не толькі грамадскіх працаваў, але і з’яў прыроды. Майхровіч. // Словы, паведамленне, выказванне аднаго з субяседнікаў. Карней і не даслухаў яшчэ Юзікавай гаворкі, а рынуўся адразу ў клуб. Баранавых. — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Ужо знаюць дзеці, Што то значыць Гаворка дзядзькава такая. Колас.

2. Гукі размовы, якія даносяцца адкуль‑н. З кухні чутна была ажыўленая гаворка. Хадкевіч. Ліпачка ўслухалася ў гаворку і пачула прыглушаны гарачы шэпт начнога госця. Сабаленка. // перан. Перарывісты гул, шум (пра шчабятанне птушак, журчанне вады і пад.). Колькі шуму ў нашым збожжы, Спеву і гаворкі. Колас. Пад бясконцую гаворку — Песню рэек і калёс, Па раўніне, між узгоркаў Пралятае паравоз... Лойка.

3. Чуткі, пагалоска, размова. Пайшла па людзях гаворка пра.. бяду, якая называецца.. страшным словам — блакада. Брыль.

4. Разнавіднасць мясцовага дыялекту, якая ахоплівае адносна невялікую тэрыторыю (вёску, раён). Чэрвеньская гаворка. Гаворкі Случчыны. // Сукупнасць мясцовых дыялектаў якой‑н. мовы, якія маюць агульныя дыялектныя рысы. Паўднёва-заходнія гаворкі беларускай мовы.

5. Мова як сродак зносін паміж людзьмі (звычайна пра вусную гутарковую мову). Турысты разумелі рускую гаворку.

6. Асаблівасці мовы, манера гаварыць, вымаўляць асобныя словы, гукі. Пявучая гаворка. □ Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі. Па.. гаворцы [Тоні] Заслонаў адразу пазнаў у ёй украінку. Шчарбатаў.

•••

Не можа быць (і) гаворкі гл. магчы.

Пустая гаворка — непатрэбная, бескарысная размова; балбатня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збор, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. збіраць — сабраць.

2. Тое, што сабрана; агульная колькасць чаго‑н. сабранага. Валавы збор збожжа. □ [Яраш] хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. Шамякін. // Агульная колькасць людзей, якія сабраліся куды‑н. Зараз на рынку не было і пятай долі звычайнага збору. Якімовіч. // Збіраемыя або сабраныя на што‑н., за што‑н. грошы або іншыя адлічэнні. Страхавы збор. Памольны збор. / Аб даходзе ад тэатральнага прадстаўлення. Чысты збор.

3. Сукупнасць сабраных і выданых разам якіх‑н. тэкстаў. Збор законаў. Збор твораў пісьменніка.

4. Дзеянне паводле дзеясл. збірацца — сабрацца (у 1 знач.). Збор на дэманстрацыю. Месца збору. // Сігнал да такога дзеяння. Зайграць збор.

5. Сход членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву. Піянерскі збор. □ [Саша] першы раз ідзе на збор падпольнай групы. Шамякін.

6. звычайна мн. (збо́ры, ‑аў). Кароткачасовае знаходжанне ваеннаабавязаных на вайсковай службе для абучэння. І калі на зборы Клічуць ваенкомы, Мы заўсёды рады Выкліку такому. Нядзведскі. Летам у Віктара былі вайсковыя зборы. Дакладней, перападрыхтоўка. Паўлаў. // Кароткачасовае знаходжанне дзе‑н. з мэтай трэніроўкі. Трэніровачныя зборы.

7. толькі мн. (збо́ры, ‑аў). Падрыхтоўка да якога‑н. дзеяння (ад’езду, адпраўлення куды‑н.). Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком, калі да хаты падышла машына і пачаліся зборы да выезду. Чарнышэвіч. — Правільна, — згадзіўся Сцяпан. — Пяць мінут на зборы. Гамолка.

•••

Гарцавы збор (уст.) — плата за памол і апрацоўку зерня на крупы.

Гербавы збор — асобы дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў па грамадзянска-прававых справах (рэалізуецца шляхам продажу марак пэўнай цаны (у СССР з 1930 г. заменен дзяржаўнай пошлінай).

У зборы — аб поўнай яўцы, прысутнасці каго‑н. дзе‑н. Было без чвэрткі восем, а людзі амаль усе былі ў зборы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)