падбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; зак.
1. да каго-чаго і без дап. Наблізіцца бягом. Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі. Шамякін. Андрэй.. абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас.
2. Забегчы пад што‑н. Падбегчы пад мост. Падбегчы пад арку.
3. Крыху прабегчы. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў.. на аглабіне. Гартны. — Ну, падбяжы яшчэ! — І .. [бацька] ляснуў ляйчынаю па гладкім баку каня. Дамашэвіч.
4. Разм. Хуценька накіравацца куды‑н. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака, каб разам падбегчы на суботнюю гулянку ў суседнюю вёску. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
1. Парадаваць каго‑н. Наведае хворую маці Марыйка, усё чысценька раскажа, як яны дома ўпраўляюцца, пацешыць яе. Місько. Бедны араты хацеў пацешыць сваю дачку, прынесці ёй гасцінец. Кудраўцаў.
2. Павесяліць, развесяліць, забавіць. — Ого-го-го! — загагатаў Гусак, — Над Сонцам захацеў мець волю? Ну і пацешыў нас, дзівак... Валасевіч. І вось пацешыць Верачку Жучкі прыбеглі спрытныя, Камарыкі гуллівыя, Мурашкі працавітыя. Танк. І раптам голас: «Эй, Ігнат! Пацеш малодак і дзяўчат, Каб Беларусь затанцавала!» Колас.
3. Суцешыць, заспакоіць. [Казік] не ведаў, што адказаць Веры, як падтрымаць яе, чым пацешыць.., потым прамовіў: — Бедная Верачка, колькі на тваю долю выпала пакут! Машара. [Грыша:] — Зайдзі калі-небудзь да маіх бацькоў, пацеш іх, я цябе прашу. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.
2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і наглядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Уволю паглядзець. Дзяўчынцы вельмі хацелася пастаяць, добра нагледзецца на дзівосную кветку. Сіняўскі. [Стэпа:] — Хоць пасядзі на расстанні з мацерай. Бо калі мы ўжо ўгледзімся — хто можа сказаць... — Яна разгорнілася і заплакала. — Дай мне наглядзецца на цябе... Гартны. / (з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). [Маці] — Не пушчу раней, не пушчу... Я яшчэ на вас, дзеткі, добра не нагледзелася. Пальчэўскі. Некалькі дзён .. [Галя і Зоя] не адыходзілі адна ад другой і не маглі наглядзецца адна на адну. Сяргейчык.
2. Паглядзець, убачыць многа чаго‑н.; убачыць не адзін раз што‑н. У хаце поўна кабет, яны пры ўваходзе Міці на хвіліну змоўклі, а потым зноў загаварылі пра сваё.. — чаго нагледзеліся яны, колькі набедаваліся... Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Упэўніцца, пераканацца ў правільнасці чаго‑н., адпаведнасці чаго‑н. чаму‑н. Праверыць правільнасць рашэння задачы. □ Лясніцкі спыніўся, па маленькаму ручному компасу праверыў напрамак. Шамякін. // Абследаваць з мэтай нагляду. За імі [хлапчукамі] па барознах шэрых Раённы аграном ідзе, Каб глыбіню раллі праверыць, Каб не было агрэхаў дзе. Танк. У поўнач удовін сын выйшаў на мост праверыць, ці стаіць на варце яго таварыш. Якімовіч. // Упэўніцца ў праўдзівасці чаго‑н.; пракантраляваць. Я ўзяў білет, уважліва праверыў яго, потым, не спяшаючыся, пачаў пералічваць рэшту. Анісаў.
2. Падвергнуць выпрабаванню для высвятлення якіх‑н. уласцівасцей, прыгоднасці да чаго‑н. і пад. Усё брыгадзір праверыў: Вароны, трактары, плугі, Ўвесь інвентар рабочы. Танк. Галя праверыла насенне на ўсходжасць. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прані́клівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які глыбока і правільна разгадвае, разумее што‑н.; здагадлівы, прадбачлівы. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Шамякін. Праніклівы Ёсіп прадчуваў нешта нядобрае ў адначаснай грубасці і гэтай іранічнай ласкавасці Аніса. Дуброўскі. // Назіральны, пільны, дапытлівы (пра вочы, погляд і пад.). Вочы праніклівыя. Здаецца, яны бачаць навылёт. Сабаленка. Цяжкім праніклівым позіркам Аляксей зірнуў на сержанта і чамусьці паверыў, што ён не падвядзе. Мележ.
2. Вельмі моцны, які быццам пранікае ўнутр. Пераскокваючы з каменя на камень, яшчэ журчалі гаманлівыя талыя раўчукі, сырая зямля абдавала праніклівай стынню. Ракітны.
3. Які змяшчае ў сабе глыбіню пачуццяў, праўдзівы, шчыры. Глыбокім веданнем сялянскага жыцця напоўнены праніклівыя радкі Каліноўскага аб рэкрутах. Лушчыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́печак, ‑чка, м.
1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.
2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.
3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэч, прысл.
1. У напрамку аддалення ад каго‑, чаго‑н., убок ад каго‑, чаго‑н. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Ён выстраліў некалькі разоў у Міколку і потым.. падаўся прэч. Лынькоў. [Каця] павярнулася і, сагнуўшыся, памалу пайшла прэч. Андрэй кінуўся за ёю. Чарнышэвіч. Алесь адламаў пашчапаныя дошкі, адкінуў прэч. Ваданосаў. // у знач. вык. Як патрабаванне адысці, пайсці, адсунуцца і г. д. (пры прапушчаным дзеяслове). [Бацька:] — Прэч дадому, блазнюк! Яшчэ цябе тут не хапала. Бажко. — Ану, прэч ад машыны! — сказаў ён [шафёр], штурхнуўшы Хаму Хаміча, і палез у кабіну. Корбан.
2. у знач. вык. Як патрабаванне або нежаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. Як гром, пранёсся кліч: — Таварышы, прэч цара! — Далоў вайну, — Далоў людское гора! А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́ста,
1. Прысл. да пусты.
2. безас. у знач. вык. Нічога няма, нічым не запоўнена. І вось пры частаванні зусім нечакана цукерак на ўсіх не хапіла, якраз не хапіла самому Сашку. Апошняму ён даў Толю, а потым, калі яшчэ раз усадзіў руку ў кішэню зрэбных портачак — там было пуста. Брыль. Хоць амаль што пуста ў чамадане, Лепш дарогі, чым дадому. Макаль. // Нікога няма, бязлюдна. Па вуліцы было пуста і бязлюдна. Кулакоўскі. Пуста і холадна цяпер там [на полі], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч.
3. безас. у знач. вык. Пра пачуццё адзіноты або душэўнай пустаты. Туравец устаў, адчуваючы, што ў грудзях стала адразу пуста. Мележ.
•••
Каб табе (яму, ёй, вам, ім) пуста было гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)