Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûmпамяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі (у зубы, у рот і пад.), не даваць выпасці, вырвацца.

Т. кніжку ў руках.

Т. каня за павадок.

2. перан., каго-што. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сабе.

Атрад трымаў абарону.

Печ доўга трымае цяпло.

3. каго-што. Прымушаць знаходзіцца дзе-н., у якім-н. стане супраць волі.

Т. у палоне.

Т. на галодным пайку.

4. каго-што. Мець у сябе, у сваёй уладзе, гаспадарцы; кіраваць кім-, чым-н.

Т. дзве каровы.

Т. уладу ў сваіх руках.

5. што. Надаўшы чаму-н. якое-н. становішча, захоўваць яго некаторы час.

Т. рукі выцягнутымі ўперад.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Служыць апорай чаму-н.; падтрымліваць.

Бэлькі трымаюць столь.

7. што. Захоўваць дзе-н.

Т. грошы ў банку.

8. каго. Здаваць каму-н. за плату памяшканне (разм.).

Т. кватарантаў.

9. Рухацца ў якім-н. напрамку (разм.).

Трымай управа.

10. што. Мець кантакты з кім-, чым-н.

Т. сувязь з кім-н.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Утрымліваць, захоўвацца (пра мароз і пад.).

Лёд трымае.

Мароз трымае ўжо другі тыдзень.

12. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, здзяйсняць, выконваць тое, аб чым гаворыць назоўнік.

Т. слова.

Т. экзамен.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́брацца, ‑беруся, ‑берашся, ‑берацца; зак.

1. Пераадольваючы або абмінаючы перашкоды, выйсці, выехаць, вылезці адкуль‑н.; прабіцца цераз што‑н. Выбрацца з натоўпу. Выбрацца з-пад абломкаў. □ Партызаны цяпер пачалі адыходзіць у лес. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зараснікамі на ўзгоркаватае поле. Чорны. Аўтобус прапоўз міма [дамоў], выбраўся з загару машын, паімчаў хутчэй. Асіпенка.

2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча. Выбрацца з бяды. Выбрацца з даўгоў. □ [Мясцком].. дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, прыгожае жыццё. Шынклер.

3. Выселіцца, пераехаць з дамашнім скарбам у другое памяшканне, месца; перабрацца. Выбрацца на другую кватэру. □ Хто-ніхто выбраўся па хутар і цяпер сяліба пуставала. Галавач. Жыхароў у мястэчку амаль не было, Яны выбраліся ў шалашы. Навуменка.

4. Падрыхтавацца да выезду, пераходу; сабрацца. Выбрацца ў далёкую дарогу. □ Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. Чорны.

5. Разм. Знайсці магчымасць, час пайсці, паехаць куды‑н. Выбрацца ў кіно. □ Куды, старая, выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць? Гілевіч.

•••

Выбрацца сухім з вады — тое, што і выйсці сухім з вады (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераходзіць — перайсці (у 1–8 знач.).

2. Месца, прыгоднае або прыстасаванае для пераправы цераз што‑н. Пераход цераз раўчук. □ Вярблюд здаволіўся, ківае галавою: пакуль пяройдзе брод, напіцца можна. Ішак глядзіць на пераход трывожна. Дубоўка. Хай заваліла пераходы, Пячэ марозная імгла, Мы перасілім непагоду, І не такія перашкоды Людская мужнасць браць магла. А. Александровіч. // Месца, прыстасаванае для таго, каб пераходзіць вуліцу.

3. Спецыяльнае збудаванне, якое злучае адно памяшканне або месца з другім; калідор, галерэя. Ісці па цёмных пераходах. Крыты пераход. Падземны пераход для пешаходаў. □ На лайнеры пераходы з аднаго класа ў другі былі заўсёды на замку. Лынькоў.

4. Адлегласць паміж двума пунктамі, пройдзеная пешшу без прыпынкаў за які‑н. час. Ад лагера да Кромані па нармальнай дарозе не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль.

5. Момант або месца, дзе што‑н. адно пераходзіць у іншае; звяно, што аб’ядноўвае з’явы, якія пераходзяць адна ў другую. Пераход ад зімы да вясны. Качканос з’яўляецца пераходам ад млекакормячых да птушак. Тонкія пераходы фарбаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рбніца, ‑ы, ж.

1. Уст. Месца захоўвання дарагіх рэчаў, каштоўнасцей. Царская скарбніца. □ Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. Караткевіч.

2. Матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць, багацце. Насустрач па шашы імчаліся машыны І з цэглай, і з жалезам, і з рудой, Багаты ўраджай, удой Плылі ўвесь час у скарбніцы краіны. Корбан. // перан. Сукупнасць культурных, духоўных каштоўнасцей. Ленінізм — скарбніца вечна жывога творчага марксізма. «Полымя». Міхась Чарот .. напісаў добрыя паэмы і вершы, якія назаўсёды засталіся ў скарбніцы беларускай літаратуры. Хведаровіч. // перан. Невычэрпная крыніца чаго‑н. У фальклоры паэт [М. Танк] знайшоў для сябе найбагацейшую скарбніцу ідэй, матываў, вобразаў, сюжэтаў. Гіст. бел. сав. літ. Абодва дзяды .. для дапытлівага, цікаўнага ўнука былі цэлай скарбніцай спазнання свету, энцыклапедыяй народнага жыцця. Вітка.

3. Месца сканцэнтравання якіх‑н. каштоўнасцей. [Луўр] — багацейшая скарбніца жывапісу і скульптуры, размешчаных у шасці аддзелах, кожны з якіх па сутнасці з’яўляецца музеем. Філімонаў.

4. Даўней — казна; месца захоўвання казны. Невялікае мураванае памяшканне станцыі мела звычайны .. выгляд: .. направа .. мясцілася багажня, скарбніца і невялічкі першы клас, а налева — другі і трэці класы. Гартны.

[Польск. skarbnica.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяпло́, ‑а, н.

1. Тое, што і цеплата (у 1 знач.). Баланс цяпла на Зямлі.

2. Высокая тэмпература чаго‑н.; нагрэтае паветра, якое выходзіць ад гарачага ці нагрэтага прадмета. Цяплом дыхнуў лагодны вецер. Колас. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Аляксей усё адчуваў цяпло маленькай Юльчынай рукі. Даніленка.

3. Цёплае надвор’е, цёплая пара года. Стаіць цяпло. □ Пакуль цяпло, то сцены можна было б скідаць. Лобан.

4. Цёплае асяроддзе; цёплае памяшканне. Калі работа была скончана і брыгадзір загадаў бегчы ў цяпло, усе, як гарох, сыпанулі з току па хатах. Савіцкі. [Алесева маці:] — Няхай бы ты на печы, у цяпле вылежаўся. Чорны.

5. Тое, што і цеплыня (у 3 знач.). Праз усё жыццё К. Чорны нёс тое душэўнае цяпло, якое абуджалі ў ім простыя людзі. «Маладосць». І патыхае шчасцем, Цяплом ад тых слядоў. Гатоў да іх прыпасці, Іх цалаваць гатоў. Непачаловіч. Многа вёсен прайшло, Я ж заўжды адчуваю У сваім сэрцы цяпло І любоў к свайму краю. Астрэйка.

6. Абл. Вогнішча, касцёр. Цяпло весела гарэла на высокім беразе Сажа. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.

2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.

3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.

4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.

5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.

6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Склад1 ‘месца захоўвання (тавараў, матэрыялаў і пад.)’, ‘састаў’, ‘стан’, ‘постаць, целасклад’, ‘манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Байк. і Некр., Варл., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ), ‘лад, логіка, стройнасць’ (Пятк. 2), ‘штабель дроў’ (Шатал.), ‘павець’ (Сл. ПЗБ), скла́дзік ‘кладоўка’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Жд. 1), склада́нец ‘постаць, целасклад’ (Ян.), ст.-бел. складанка ‘збор, даход’ (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны дэрыват ад скласці, складу < класці (гл.). БЕР (6, 754) на падставе агульнаславянскага распаўсюджання, параўн. рус. склад, польск. skład, чэш. sklad і г. д. узнаўляе прасл. *sъkladъ, але гэта няпэўна з прычыны прадуктыўнасці словаўтваральнай мадэлі. Значэнне ‘састаў’, магчыма, калька польск. skład ‘тс’, але яе практычна нельга адрозніць ад уласнабеларускага ўтварэння; аналагічна значэнне ‘спецыяльнае памяшканне’, што для старабеларускай і рускай выводзіцца з польск. skład ‘magazyn’ (Віткоўскі, Słownik, 173; Гарбуль, Slavistica Vilnensis, 2004, 171).

Склад2 ‘адзінка вымаўлення, сілаба, частка слова’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Гарэц., Шат.; ашм., Стан.). Слова як лінгвістычны тэрмін з’явілася ў XIX ст. (Гіст. лекс., 250). Да складаць < класці; параўн. і рус. читать по складам ‘аб тым, хто яшчэ не ўмее бегла чытаць’, а таксама слог ‘склад’ < сложи́ть ‘скласці’.

Склад3 ‘дзве барозны ворыва, пласты якіх пакладзены адна на другую’ (Шат., Шатал., Сцяшк., Дэмб., Юрч., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Выг., Варл., Стан., Жыв. сл.), ‘узараны загон з двайной баразной пасярэдзіне’ (Яшк.), ‘частка загона’ (гом., Нар. словатв.). Укр. орати у склад ‘араць, пачынаючы з сярэдзіны загона такім чынам, што пласты кладуцца ўсярэдзіну’, чэш. orati do skladu ‘тс’, польск. skład ‘сярэдняя ўзвышаная частка загона’, славац. sklad ‘тс’, серб.-харв. скла̑д ‘склад’. Этымалагічна тое ж, што і склад1. Спецыяльна гл. Махэк₂, 251–252.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мало́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да малака. Малочныя прадукты. // Які выдзяляе малако. Малочныя залозы. // Які дае малако, гадуецца для вытворчасці малака. Малочны статак. // Удойны. Малочная карова.

2. Звязаны з вытворчасцю, перапрацоўкай і продажам малака. Малочная гаспадарка. Малочны завод. Малочны магазін. □ Электрычнае святло ўспыхне на малочнай ферме, на канюшні, у кожнай хаце. Паслядовіч.

3. Прызначаны для малака. У кузаве грузавіка зіхатліва паблісквалі малочныя бітоны. Ракітны.

4. Выкармлены малаком. Малочныя парасяты.

5. Прыгатаваны на малацэ. Малочная каша. Малочны суп. Малочны кісель.

6. Які ўваходзіць у склад малака або атрымліваецца з малака. Малочная кіслага.

7. Падобны колерам на малако. Між іншым, Я сам люблю прыход вясны — Малочнае цвіценне вішань, І спеў драздоў, і шум лясны. Панчанка. Над лугам і ў нізінах стаяў малочны туман, і ў твар шыбала прыемным вільготным халадком. Шамякін.

8. у знач. наз. мало́чная, ‑ай, ж. Памяшканне для прыёму малака (у калгасах, саўгасах). Даяркі ў белых, як у медсясцёр, халатах насілі ў малочную бітоны. Шахавец.

9. у знач. наз. мало́чнае, ‑ага, н. Ежа з малака або з малаком. Ён есць цяпер толькі малочнае.

•••

Малочная кухня гл. кухня.

Малочная спеласць гл. спеласць.

Малочная сястра гл. сястра.

Малочны брат гл. брат.

Малочныя зубы гл. зуб.

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. Узняцца на барацьбу з кім‑, чым‑н., супроць каго‑, чаго‑н., узняць паўстанне. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі усходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. // Выступіць супроць каго‑, чаго‑н., запрацівіцца чаму‑н. Вера, аднак, рашуча паўстала супроць такой прапановы. Паслядовіч.

2. перан. Узнікнуць у памяці, ва ўяўленні. Як на далоні, перада мной паўстала яшчэ невялікае маё жыццё, і я расказваў пра яго. Сабаленка. Зноў паўстала тое ж пытанне: «Куды ісці далей?» Пальчэўскі. Пры слове «цэх» у нашым уяўленні паўстае прасторнае памяшканне заводскага корпуса, застаўленае лініямі разнастайных станкоў, абсталяванае рознымі механізмамі, дапаможнымі прыстасаваннямі. Хадкевіч.

3. З’явіцца перад вачыма, паказацца. Аддаўшыся развазе, Міця не заўважыў, як у праёме дзвярэй паўстала шэрая постаць. Навуменка. Карніцкі мінуў прысады, і тут адразу паўстала перад яго позіркам калгасная сядзіба. Паслядовіч.

4. Адрадзіцца, адбудавацца. [Цімка] ішоў па горадзе, які на яго вачах паўстаў з безнадзейных руін. Карпаў. То над сатлелым папялішчам Разбегам вуліц, плошчаў, трас Паўстала светлая сталіца, — Масквы малодшая сястра. Звонак.

5. З’явіцца, узнікнуць, вырасці. Мясціны, дзе павінен паўстаць небывалы ў Беларусі, буйнейшы ў Еўропе завод, былі мне знаёмы даўно. Хадкевіч. Як свет паўстаў, ніколі гэтага ў Баркаўцах не чуваць было. Калюга.

•••

Паўстаць перад вачамі (у вачах) — тое, што і стаяць перад вачамі (у вачах) (гл. стаяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)