трэ́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Найграваць (на струнным шчыпковым музычным інструменце), брынкаць. [Антон] паклаў сабе на калені мандаліну, на якой толькі што ціха трэнькаў, і слухаў далёкае пагрукванне. Савіцкі. У хаце ёсць мандаліна, на якой даволі прыстойна трэнькаюць. Навуменка.
2. Гучаць, утвараць адрывістыя, брынклівыя гукі (пра шчыпковыя музычныя інструменты). У кухні перасталі трэнькаць струны мандаліны. Карпюк. // Звінець. Гараць кастры, усюды гамонка, галасы, коні пасвяцца пад ляском і трэнькаюць званкамі. Ракітны. // Утвараць гукі, падобныя на брынканне струн (пра птушак, насякомых). За абедам збіралася ўся сям’я. Дзеці сварыліся з-за кавалкаў мяса. Дамавіта трэнькаў цвыркун пад печчу. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Плач ’праліванне слёз ад болю, гора, жаху і гукі, якія суправаджаюць гэта’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), са плачо́м плачучы’ (бялын., Янк. 3.), пла́чма плакаць ’плакаць, памнажаючы слёзы ўвесь час’ (Нас.), плачлі́вы ’слёзны’, ’слязлівы’; укр. плач, рус. плач ’плач’, польск. płacz, в.-луж. płač, н.-луж. płac, чэш. pláč, славац. plač ’тс’, славен. plàč ’плач’, серб.-харв. пла̏ч, макед., балг. плач, ст.-слав. плачь ’плач’. Прасл. *plačь < *plak‑jь ад *plakati > пла́каць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
раста́ць, -та́ну, -та́неш, -та́не; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі стан пад уздзеяннем цяпла.
Снег растаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адтаяць, перастаць быць падмёрзлым.
Дарога растала.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Паступова знікнуць; разысціся, рассеяцца.
Гукі песні расталі ў бязмежнай далечыні.
Туман растаў.
4. перан. Прыйсці ў замілаванне; расчуліцца, памякчэць.
Р. ад пахвалы.
|| незак. растава́ць, -таю́, -тае́ш, -тае́; -таём, -таяце́, -таю́ць; -тава́й.
|| наз. растава́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
пальба́, ‑ы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. паліць 1 (у 5 знач.), а таксама гукі, якія ўтвараюцца пры гэтым дзеянні. Гарматы толькі выйшлі з бою І астываюць ад пальбы. Прыходзька. Адказваючы кароткімі чэргамі на бесперапынную пальбу немцаў, разведчыкі ўсё глыбей і глыбей спускаліся ў яр. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панука́нне і пану́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. панукаць, панукваць, а таксама гукі, словы, якія суправаджаюць гэтае дзеянне. Гракі, вароны чарадою За свежай ходзяць баразною. Вясёлы шум і пануканне Чутны да самага змяркання. Колас. Сям-там блісне агеньчык цыгаркі ды прагучыць нуднае панукванне. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашэ́пты, ‑аў; адз. няма.
Разм. Перагаворванне шэптам, гукі перашэптвання. Скончыць перашэпты. □ Бразджалі лічыльнікі і чуліся ціхія перашэпты. Гартны. // перан. Ледзь чутны шум, шэлест. Я спыняюся і услухоўваюся ў перашэпты чаротаў. Пестрак. Я гатоў слухаць там ад зары да зары перашэпты вяршалін густых угары. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куда́хтаць, ‑хчу, ‑хчаш, ‑хча; незак.
Ствараць гукі, падобныя на «куд-кудах» (пра курэй). Па ферме кудахталі куры, пеўні адзін перад другім выхваляліся сваімі галасамі. Даніленка. // перан. Крыкліва гаварыць, расказваць. — Ну годзе кудахтаць на ўсю вуліцу.., — агрызнуўся паліцэйскі і, падштурхнуўшы Джыавані, загадаў яму: — Пайшлі! Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарта́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да гартані. Гартанныя мышцы. Гартанны нерв.
2. Які ўтвараецца ў гартані (пра гукі мовы). Гартанны гук. Гартанныя зычныя.
3. Багаты гартаннымі гукамі. Вецер даносіў да мяне ўрыўкі гартаннай размовы, нібы там некалькі чалавек адразу паласкалі горлы. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аглу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аглух, ‑ла; зак.
1. Страціць пачуццё слыху; стаць глухім. — Ты што?! — грымнуў гаспадар кулаком па стале. — Аглухла?.. Бажко. Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух. Якімовіч.
2. Стаць прыглушаным, заціхнуць (пра гукі). Гудок паравоза раптоўна аглух.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адгало́с, ‑у, м.
Тое, што і адгалосак. Часта і цяпер у цішы ночы звонкім адгалосам разлягаюцца па балоце гукі гармоніка. Чарот. Спі, змагар! Над магілаю цеснаю Краскі ўзыдуць з пасеяных слёз... Прыйдзе моладзь не раз к табе з песняю, Смела кінуўшы ўдаль адгалос. Васілёк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)