Табурэ́т, табурэ́тка ’род мэблі для сядзення, столак’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1, Сл. ПЗБ), сюды ж формы з фанетычнымі ваганнямі рознага кшталту (асіміляцыя, субстытуцыя галосных кораня і г. д.): табарэ́тка (Скарбы, Сл. Брэс., Жд. 2), табарэ́зік, тубарэ́тка (Сл. Брэс.), табарэ́чык ’тс’ (Жд. 3), табарэ́тачка ’маленькі столак’ (Сцяшк.). Хутчэй за ўсё, праз польск. taboret з франц. tabouret, якое да сярэдзіны XVI ст. ужывалася ў першасным значэнні ’круглая падушачка для іголак’ і з’яўлялася памянш. формай ад tabour (< tambour) ’барабан’. Пазнейшае значэнне франц. tabouret ’табурэт’ з’явілася на падставе круглай формы мяккага сядзення, у польскай мове дагэтуль абазначае столак менавіта з круглым сядзеннем. З французскай ням. Taburett ’табурэт’, якое лічыцца непасрэднай крыніцай запазычання для рускай мовы (Фасмер, 4, 7; Чарных, 2, 224), а таксама і для часткі беларускіх слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́пліка ’просьба, прашэнне’ (Нас.), су́плікі ’плёткі, размовы’ (Касп.). Ст.-бел. су́плика ’прашэнне’ (1638 г., Ст.-бел. лексікон) < ст.-польск. suplika (1621 г.) ’прашэнне, хадайніцтва’, апошняе з лац. supplex ’той, хто просіць, моліць, хадайнічае’. Кюнэ (Poln., 100) заўважае, што польск. suplika магло быць запазычана праз пасрэдніцтва франц. supplique або непасрэдна з ням. Supplix ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сіро́п ‘канцэнтраваны раствор соку’, ‘густы адвар’ (ТСБМ), сыро́п ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк.). Новае запазычанне, відавочна, праз рус. сиро́п ‘тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73, 79 і наст.) або праз польск. syrop ‘тс’. З франц. sirop ‘патака’, якое з італ. siroppo ад араб. šarab ‘напой’ (Праабражэнскі, 2, 289; Фасмер, 3, 627; ЕСУМ, 5, 243).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́рча ’шчыт’ (Байк. і Некр., Нас.), ’малы шчыт, у сярэдзіну якога прасоўвалася рука’ (Ласт.), ст.-бел. тарча, тарчъ, тарчь ’шчыт’ (XV ст., Ст.-бел. лексікон, Карскі 2–3, 456). Запазычана са ст.-польск. tarcza, tarcz ’тс’ < с.-в.-ням. tartsche ад ст.-франц. targe ’круглы скураны шчыт’ (Булыка, Лекс. запазыч., 68; Борысь, 627).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Піяне́р ’чалавек, які ўпершыню пранік у недаследаваную краіну і пасяліўся там’, ’зачынальнік’ (ТСБМ). З польск. pionier ці з рус. пионер ’тс’, якія (у рус. — праз ням. Pionier) з франц. pionnier < pion першапачаткова ’пехацінец’ < нар.-лац. pedonem < pes, ped‑is ’нага’ (Фасмер, 3, 264; SWO, 1980, 572; Голуб-Ліер, 373; Банькоўскі, 2, 583).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ранг ’становішча ў іерархіі’ (ТСБМ), ра́нга ’тс’ (Гарэц.). Відаць, праз рускую ці польскую з ням. Rang ’чын’, якое з франц. rang ’ярус, рад, чын, становішча’, першапачаткова ’месца абвінавачанага ў судзе’, гл. і роднаснае рынг (першапачаткова ’абруч’), што праз ням. Ring ’круг, абруч’ суадносіцца з прасл. *krǫgъ, гл. круг (Фасмер, 3, 442; Сной₂, 622).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мінера́л ’прыроднае неарганічнае злучэнне (крышталі) — частка зямной кары’ (ТСБМ). З рус. минерал ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 87), у якой праз ням. Mineral (з XVI ст.) або франц. minéral < с.-лац. (aes) minerāle ’руда з шахты’ (Фасмер, 2, 623–624). Роднаснае да мі́на 1 (гл.). Сюды ж палес. мінера́лка ’жоўтая пясчаная глеба’ (Выг. дыс.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лі́рыка ’адзін з родаў мастацкай літаратуры’, ’сукупнасць лірычных твораў’, ’чуллівасць, перажыванні, настрой’ (ТСБМ). Як і польск. liryka (XIX ст.), паходзіць з франц. (poésie) lyrique, ням. Lyrik ’лірыка’ < лац. lyrica ’ода, лірычная песня’ < ст.-грэч. λυρικός ’лірычны паэт’ < λύρα ’ліра, сяміструнны інструмент’. Крукоўскі (Уплыў, 85) мяркуе, што бел. лірыка паходзіць з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Манто ’жаночае (футравае) паліто свабоднага пакрою’ (ТСБМ). Позняе запазычанне з польск. manto ці з рус. манто ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якія з франц. manteau (Фасмер, 2, 570). Роднаснымі да іх з’яўляюцца паўд.-рус. ма́нта ’малдаўскае адзенне з доўгім каўняром, які накідваецца на галаву ў дождж’, укр. бук. манта́ва ’доўгае суконнае паліто на ваце’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́ртыя ’палітычная арганізацыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа або слоя; група людзей, аб’яднаных для якой-небудзь мэты, атрад; пэўная колькасць якіх-небудзь прадметаў’ (ТСБМ), па́рція ’група, брыгада’ (ТС). Праз рус. па́ртия ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 78), дзе з польск. partja або ням. Partie < франц. partie ад лац. partīta: partīri ’дзяліць’ (гл. Фасмер, 3, 209).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)