Кашмір, кашамі́р тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’, кашміро́ўка ’кашміравая хустка’ (ТСБМ, Касп.). Рус. кашми́р, кашеми́р ’тс’, укр. кашеми́р, польск. kaszmir, kaszemir і г. д. У рус. мове. паводле Фасмера, 2, 215, вядома з часоў Гогаля: паводле Шанскага, 2, К, 105, першая фіксацыя ў рус. мове адносіцца да 1847 г. У польск. мове гэта лексема з’явілася раней; Слаўскі (2, 97) адзначае, што наогул слова вядома з XIX ст., але ў другой палавіне XVIII ст. выступаюць варыянты тыпу kaźmirek (у Ліндэ). kaźmirz (дасюль і рус. старое казими́ровый ’кашміравы’ праз польск. формы з італ. casimiro: гл. Фасмер, 2, 160). Ад назвы вобласці Кашмір у Індыі (ст.-інд. Kāçmiras). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 496. Формы кашми́р, кашеми́р, паводле Фасмера, там жа, узяты з франц. cachemire
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Кос ’чорны дрозд’ (Маш.). Укр. кіс ’тс’, рус. кос ’шпак’, балг. кос ’чорны дрозд’, серб.-харв. ко̑с, славен. kós ’тс’, польск. kos, чэш. kos, славац. kos, в.-луж. kos, н.-луж. kos ’тс’. Да прасл. kosъ, калі прыняць думку аб генетычнай сувязі з kosъ ’косы’ (Ваян, RÉS, 35, 94–95). Этымалогія гэта цалкам адвольная. Таксама цяжка адказаць на пытанне, ці звязана генетычна *kosъ з літ. šėše ’тс’ (Брукнер, 259) (параўн. прасл. kosa і ст.-інд. śásati ’рэжа’). Але найбольш верагодным здаецца вывядзенне славянскіх паралелей з прасл. kopsъ (Мейе, MSL, 18, 171–172), якое, аднак, мы лічым палеабалканізмам у праславянскай мове: ст.-грэч. κόψιχος κόσσυφος ’чорны дрозд’. Кноблах (Glotta, 57, 1—2, 76–77) звязвае абедзве назвы са ст.-грэч. κόπτω ’капаць’ і прасл. kopati.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ачэ́п 1 (БРС, Шат.), ’бервяно, што кладзецца на апошні вянок зруба’, ’бервяно, якое кладзецца над дзвярыма або войнамі’ (Сцяшк.), ’бэлька на хаце’ (свісл., дзятл., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ачэпа ’тс’ (ваўк., В. В.), учэпа ’тс’ (Шушк.), ачэп ’узор вугла з вертыкальнымі зарубкамі’ (КЭС, лаг.), параўн. польск. oczap, ocap, осера ’бервяно над дзвярыма ў хаце; бэлька ўздоўж сцяны, якая злучае (oczepia) слупы апоры’. Ад ачапіць ’пакласці зверху, ахапіць’, гл. чапаць; геаграфія назвы на польскай тэрыторыі (Мазоўша, Любліншчына) сведчыць аб яе запазычанасці, параўн. указанні на архаічнасць канструкцыі на беларускай тэрыторыі, гл. Бел. нар. жыллё, 44.
Ачэ́п 2 ’жэрдка’ (Арх. ГУ), укр. очепа ’крук, бусак, якім прыцягваюць плыт да берага’, рус. очап ’калодзежны журавель; жэрдка для падвешвання калыскі’. Гл. очап; параўн. Фасмер, 3, 177.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бацькі́ 1 ’parentes’ (Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк., БРС, Гарэц.), укр. батьки́ ’тс’ (да геаграфіі ўкр. слова гл. Бурачок, Назви, 24–25, карта). У рус. мове няма (параўн. толькі батьки́ ’бацькі’ з гаворак у Літве). Ужыванне мн. ліку ад ба́цька (гл.) з новай семантыкай (’бацька і маці’). Такое словаўжыванне вядома і ў іншых і.-е. мовах (параўн. Гуер, LF, 42, 421–433, Přispěvky, 63–74). Крымскі (Тюрки, II, 208–209) вылучыў неверагодную ідэю растлумачыць значэнне слова бацькі калькіраваннем з араб. мовы (праз цюрк. пасрэдніцтва). Крытыку гл. Бялецкі, Принципы, 214–219.
Бацькі 2 ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (цэнтр.-палес.; Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што гэта назва, як і іншыя назвы раслін, herba sacra, дзе выкарыстоўваюцца тэрміны роднасці, абумоўлена яе папераджаючай зло функцыяй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Радзі́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.; сен., Гіл.), ’хвароба’ (Касп.), ’невядомы злы чалавек, чорт’ (Мат. Гом.), радзі́мец (ради́мец) ’нейкая хвароба, прыпадак у немаўлят’ (Раст.), радзі́мчык ’дзіцячая хвароба’ (Інстр. 2), ’мяккае месца на цемені ў нованароджанага дзіцяці’ (Арх. ГУ), рус. роди́мчик, роди́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’, дыял. роди́мец, роди́мое, родиманец, укр. роди́мец, роди́мчик ’хвароба’. Ад радзі́мы ’прыродны, ад нараджэння’, да радзі́ць 1 (гл.), паколькі гэта пасляродавая хвароба. Відаць, табуізаваная назва, параўн. радзі́мец ’тутэйшы чалавек’, родзімы чолове́к ’свой, блізкі чалавек’ (ТС). Версія аб паходжанні ад назвы племені радзімічы (на карысць яе прыводзіцца паданне: радзімічы — ета месныя дреўнія людзі, якія дзелылі убействы, калі хто атказуваўся ат сваіх; параўн. таксама праклён каб цябе радзіміц забіў!, гл. Яшкін, Лекс. ландш., 204–205) падаецца малаверагоднай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саба́чы, прым. ад сабака 1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачы — воўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Со́снік ‘бор’ (Сл. ПЗБ; чаш., ЛА, 5), со́сняк ‘зараснікі хвоі’ (вільн., Сл. ПЗБ). Утворана ад со́сна ‘расліна Pinus silvestris’, ‘хвоя’ (Ласт., Растарг., Стан., Расл. св.; беласт., Зб. Памяці Закрэўскай, 481), ‘борць’ (Пятк. 1). Перыферыйны характар назвы з націскам на першым складзе (паўночны захад, Смаленшчына, Заходняя Браншчына, Палессе, Беласточчына) сведчыць пра яе архаічны характар у параўнанні з сасна́ (гл.), што пацвярджае і ц.-слав. соснь ‘піхта’. Агляд версій паходжання назваў дрэва гл. Янышкава, Балк. ез., 43, 2–3, 307–314. Пераважаючую версію ‘бортнае дрэва’, магчыма, пацвярджаюць запісы Раманава ў замове: золотник золотый, стань на своем мести, на золотом креcли, на батьковым сосновании (Рам., 5, 54–55), дзе апошняе слова трактуецца як ‘сяліба, двор’ (Нар. Гом.), магчыма, да аснова (гл.) — ‘дрэва для заснавання вулля’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухо́тнік ’сушаніца, Gnaphalium L.’ (Ласт., Кіс., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’кмен, Helichrysum L.’ (Расл. св., Сл. ПЗБ), сухо́тнік лесавы ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Ласт., Кіс.), сухо́тнік ’старасцень якава, Senecio jakobaea L.’ (Кіс.), ’агаткі, Antennaria dioica L.’ (паўн.-зах., ЛА, 1), сухо́тнык ’старасцень’ (Сл. Брэс.), сухо́тнік ’цыкорыя звычайная, Cichorium inthybus L.’ (Бейл.), сахо́тнік ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (Кіс.). Параўн. укр. сухі́тник ’расліна для лячэння ад сухотаў’, ’сушаніца, крынічнік і інш. расліны’, польск. suchotnik ’кмен’. Вытворныя ад сухота, сухоты (гл.) у розных значэннях, якія наклаліся адно на адно, параўн. амонім сухо́тнік ’хворы на сухоты’ (Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), у сувязі з чым спробы размежаваць назвы раслін лекавых і нялекавых (параўн. ЕСУМ, 5, 488) не пераконваюць. Параўн. сухоткі, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
То́е 1 — указальны займеннік н. р. ад той (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Федар. 4, Вруб., Бяльк.), то́я ’тс’ (Цых.), то ’тс’ (Бяльк.), тэ ’тс’ (ТС), тэ́е ’тс’ (Нас., ТС, Бяльк.), можа выступаць і ў якасці злучніка то (Нас.). Параўн. таксама сумеснае ўжыванне з часціцай то ў niby to tóje ’як бы нічога’ (Федар. 4), як па татэ́ ’як на зло’ (ТС), натото́е ’наўмысна, на зло’ (драг., З нар. сл.), аналагічнае спалучэнню з ж (гл.): jak tojeż, tak tojeż ’нібы на зло’ (Федар. 4). Да той, гл.
То́е 2 ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (Бейл.). Магчыма, табуізаваная назва ад той (гл.) або *то е ’гэта ёсць’, параўн. польск. toje, tojeść (< to jest) як назвы чарадзейных і атрутных раслін (Брукнер, 362). Параўн. тоя, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ёўня ’будынак для сушкі снапоў’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Янк. II, Касп., Гарэц., Бяльк., Шн., ДАБМ). Рус. смал. евня, ёвня, укр. евня. Абмежаваны арэал і немагчымасць этымалагізацыі на слав. глебе даўно прывялі да думкі аб балтыйскім паходжанні лексемы. Да таго ж сельскагаспадарчыя будынкі часта маюць на беларускай моўнай глебе назвы балтыйскага паходжання (параўн. пуня, клуня, асець, гл.). Патабня, РФВ, 5, 254; Карскі, Белорусы, 133, Карскі, РФВ, 49, 19; Сабалеўскі, Slavia, 5, 450; Ільінскі, Slavia, 2, 263; Урбуціс, Baltistica, 1969, 5 (1), 58. У якасці крыніцы або слова, блізкага да крыніцы, указваецца літ. jáuja ’ёўня’. У старабеларускіх помніках мы знаходзім таксама варыянт, які непасрэдна суадносіцца з літ. словам евья (Карскі, Белорусы, 133; Булыка, Запазыч., 105; Булыка, Лекс. запазыч., 99), евьи ’ёўні’ (Гарб., 120).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)