Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напа́сць ’несправядлівае абвінавачванне, паклёп’ (Нас., Яруш.), ’нагавор, паклёп’, ’гора, бяда’ (Гарэц.), ’дарэмшчына’ (робіць як за напасць), ’нагавор, паклёп’, ’бяда, гора’ (ТС), напась ’выдумка, памылковае непраўдзівае абвінавачванне, нападкі’ (бялын., Янк. Мат.), напа́сць (napáść) ’бяда, гора’ (рагач., будакаш., Мат. Гом., Пятк.); сюды ж напа́слівы ’які ўзводзіць на іншых паклёп, ставіць іх пад падазрэнне’, напа́сны ’небяспечны’, напа́ставаць ’несправядліва узводзіць на каго-небудзь віну, паклёп; паклёпнічаць’ (Нас.), напаснык (< напастник) ’чалавек, які прыносіць бяду, няшчасце’ (Булг.); рус. напасть ’няшчасце, бяда’, ’нагавор’, ’прынясенне’, ’нечаканае шчасце, удача’, укр. ’прычэпка’, ’бяда, няшчасце’, ’штраф’, ’паклёп’, польск. napaść ’напад, прычэпка’, ’прымус’, ’бяда, няшчасце’, ’хвароба коней і інш.’, чэш. nápast ’няшчасце’, ’прынада; западня’, ст.-чэш. ’цяжкасць’, ’жах’, славен. napâst ’нападзенне’, серб.-харв. на́паст ’няшчасце, бяда, напасць’, балг. напа́ст ’напасць, бяда, няшчасце’, макед. напаст ’тс’, ст.-слав. напасть ’спакуса’, ’нападкі’, ’няшчасце’. Шырокая семантыка сведчыць, што гэта хутчэй за ўсё самастойнае для кожнай славянскай мовы, аднак дастаткова старажытнае ўтварэнне ад дзеясловаў тыпу напа́сць, напада́ць, што маюць вялікі спектр значэнняў: ’напасці, наляцець’, ’наваліцца’, ’апанаваць’, ’раптоўна з’явіцца’, ’прыгнятаць’ і інш. (Махэк₂, 389; Фасмер, 3, 43).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяхце́р ’кашэль, торба; пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’ (ТСБМ; Нас., Растарг., Мядзв., Мат. Гом.), пе́хцер ’гультай’ (Мат. Гом.), піхце́р ’вяровачны мяшок; няўклюда’ (Нік. Очерки; Касп.), пяхтэ́р, пі́цер, піхто́р, пэхту́р, пяхту́р арг. ’мяшок’ (Рам. 9), сюды ж пяхце́рыць ’набіваць, напіхваць’, пяхце́рыцца ’наядацца’, пяхце́рны ’сетачны’, пехцяро́м ’апрануўшыся неахайна’ (Нас.). Укр. пихті́р, пухті́р, пухті́ер ’мяшок для корму каня ў дарозе’, рус. пе́хте́рь ’кашэль для сена; тоўстае, пражэрлівае дзіця’; сюды ж, відаць, і пе́стер, песте́рь, пе́щерь, пе́ще, пище́р, пе́щур ’заплечная вярэнька, рагожа’, ’няўклюда’. Дакладнай этымалогіі не мае. Варыянтнасць формы, хутчэй за ўсё, сведчыць аб запазычанні. Да той жа высновы схіляе і шырокае ўжыванне ў традыцыйных усходнеславянскіх арго. Анікін (446) рус. пе́стер, пехте́рь і пад. на падставе неўласцівай славянскім мовам варыянтнасці ‑хт‑/‑ст‑ разглядае следам за Вострыкавым (Этим. иссл., 1981, 23–24) як субстратам фіна-ўгорскія элементы, звязаныя з марыйск. пӧштыр, пешыр ’тс’, параўн., аднак распаўсюджанасць ва Украіне, што, магчыма, пярэчыць такой крыніцы. Збліжэнне з піхаць (Нас., 413) можа мець другасны характар; агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 250, 254, 428; ЕСУМ, 4, 381. Гл. таксама пяхце́ль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́га, сліга́, слігаві́на ‘лага; кладзь, доўгае бервяно, якое кладуць на сохі’ (Бяльк., Касп.), сле́гі ‘рэі’ (каліна, Арх. ГУ), слёгі ‘лагі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), слі́га ‘вясло для кіравання плытом’ (гродз., Сл. ПЗБ), ‘падваліна’ (в.-дзв., рас., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюгаві́на ‘падваліна’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘брус, якім замацоўваюць насціл маста’ (докш., там жа), ‘лагі’ (в.-дзв., там жа). Укр. слі́гі ‘тоўстыя перакладзіны’, рус. слега́ ‘брус, жардзіна’, дан. слёга ‘тонкая доўгая жардзіна’, сляга́ ‘тонкае доўгае бервяно, рычаг’. Словы няяснага паходжання. Аўтары Сл. ПЗБ (4, 481) выводзяць ад літ. slė̃gos ‘лагі’, што, ведаць, роднаснае літ. slė́gti ‘ціснуць’, slėktis ‘прэс’, з якімі параўноўвае словы Праабражэнскі (2, 321); формы на ‑я‑ ўзводзяць да *слѧг‑ і набліжаюць да літ. sleñksnis, sleñkstis ‘парог’, гл. Фасмер, 3, 681; ЕСУМ, 5, 298. Калі прыняць за асноўнае значэнне ‘лага’, то, хутчэй за ўсё, узыходзіць да прыставачнага дзеяслова *sъ‑legti ‘пакласці побач, легці разам, упасці’, каранёвая частка якога можа мець падаўжэнне ‑e‑ > ‑ě‑, параўн. Борысь, Czak. stud., 80; Etymologie, 601 (рэканструюе прасл. *sъlěga/*sъlęga). Гл. слюга, сліж3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сціх1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мі ’часамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валасе́нь1 ’пухір на пальцах, хвароба’ (Нас.). Насовіч тлумачыць, што хвароба названа так таму, што яе выклікае быццам бы чарвяк, падобны да воласа (Нас., 65).

Валасе́нь2 ’хвароба’. Гл. валаснік1.

Валасе́нь3 ’нітка або жылка ў вудзе’ (бых., КЭС), валаснік ’тс’ (Гарэц.). Да волас, з якога робіцца такая жылка.

Валасе́нь4 ’моцная высокая трава’ (Маш.), валасень, валасняк ’расліна, Hieracium pilosella L.’. Да волас.

Валасе́нь5 ’від чарвяка, Nematomorpha, Gordiacea’ (КЭС). Назва дадзена за валасападобнае цела (БелСЭ, 2, 567).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуро́дзіна ’уродзіна, ненармальны, з фізічнымі недахопамі чалавек’ (Бяльк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад уро́д ’тс’, адносна сінгулятыўнага суфікса ‑іна, які можа надаваць слову экспрэсіўнае значэнне, гл. Слаўскі, SP, 1, 120 і наст.; параўн. выкарыстанне значэння адзінкавасці для экспрэсіі ў словазлучэннях тыпу польск. разм. prosiaku jeden (літаральна ’парсюк адзін’ у дачыненні да таго, хто не ўмее сябе культурна паводзіць за сталом і г. д.). Прымаючы пад увагу геаграфію слова, можна дапусціць запазычанне з рус.; параўн. бел. народнае вы́радак ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́вад1 (БРС) ’заключэнне’ (Др.-Падб., Яруш.), укр. вивід ’вывад, вынік’, рус. вывод ’заключэнне, вынік’, польск. wywód ’доказ, тлумачэнне, высвятленне’, чэш. vývod ’вывад, заключэнне’, славац. vývod ’тс’. Утворана бязафіксным спосабам ад дзеяслова выво́дзіць (да вадзі́ць), значэнне ’заключэнне, вынік’ другаснае на падставе першаснага ’вывядзенне каго-небудзь або чаго-небудзь за межы чаго-небудзь’ (Шанскі, 1, В, 219; Брукнер, 628).

Вы́вад2, ву́вод: «ейцэ на вуводзі», г. зн. ’наклюнутае’ (КСТ). Утворана шляхам зваротнай дэрывацыі ад выво́дзіць ’выседжваць (яйка)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лататы́ (за)даць ’збегчы, імкліва ўцякаць’ (ТСБМ, Янк. БП, Янк. БФ, Сл. паўн.-зах.), ’хутка ўцячы’ (Яруш.), зада́ць латата́ ’тс’ (Растарг.), глыб. лататы́‑лататы́ (па гародзе) ’аб гойсанні, хуткім бегу з матляннем адзежы’ (Л. А. Малаш, вусн. паведамл.), полац. латату́х‑латату́х — гукаперайманне едучага рыссю каня (Нар. лекс.). Рус. латата́ ’хуткі ўцёк’, лататай ’тс’ (ЛітССР). Балтызм. Параўн. літ. latatì, latatái ’выклічнік, які перадае гук хуткага бегу’ > latatóti, latatúoti ’хутка бегчы’ (Лучыц-Федарэц, БЛ, 13, 1978, 65; Лаўчутэ, Балтызмы, 118).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоцман ’чалавек, які адказвае за стан усіх плытоў’ (гродз., Нар. сл.), ’асоба, якая праводзіць судны па фарватэры’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з гал. loodsman ці з с.-н.-ням. lôtsman (< англ. loadsman) у эпоху Пятра I (Фасмер, 2, 525). Аднак лоцманъ сустракаецца яшчэ ў пск. і смал. летапісах XV–XVII стст. (Філін, Происх., 612), таму можна гаварыць пра самастойнае і больш ранняе запазычанне ў ст.-бел. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)