Вуро́дзіна ’уродзіна, ненармальны, з фізічнымі недахопамі чалавек’ (Бяльк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад уро́д ’тс’, адносна сінгулятыўнага суфікса ‑іна, які можа надаваць слову экспрэсіўнае значэнне, гл. Слаўскі, SP, 1, 120 і наст.; параўн. выкарыстанне значэння адзінкавасці для экспрэсіі ў словазлучэннях тыпу польск. разм. prosiaku jeden (літаральна ’парсюк адзін’ у дачыненні да таго, хто не ўмее сябе культурна паводзіць за сталом і г. д.). Прымаючы пад увагу геаграфію слова, можна дапусціць запазычанне з рус.; параўн. бел. народнае вы́радак ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)