зба́віцца 1, ‑віцца; зак.

Разм. Зменшыцца. убавіцца. Скорасць машыны збавілася.

зба́віцца 2, збаўлюся, збавішся, збавіцца; зак.

Пазбегнуць каго‑, чаго‑н., пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Гэта сустрэча здавалася .. [Зосі] цяжкім сном. Яна не магла збавіцца ад гэтага сну. Бядуля. Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́тнасць, ‑і, ж.

1. Прыналежнасць да знаці; радавітасць. Старая баранеса, якую ўсе паважалі за яе знатнасць і вядомасць, нават наведала брата. Лынькоў.

2. Становішча знатнага чалавека. «Добра то добра аддаць Зосю за Васіля: і багацце, і знатнасць, і ўсё-ўсё, толькі ж трэба ведаць, што яна яго... не шануе...» Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аза́лея, ‑і, ж.

Паўднёвая дэкаратыўная кустовая расліна сямейства верасовых з жоўтымі і інш. кветкамі. Недалёка ад вёскі Замошша, каля Жыткавіч, ёсць участак зямлі з раслінай, узрост якой, па сцвярджэнні вучоных, мільён гадоў. Гэта пантыйская азалея — старажытная і амаль усюды вымерлая расліна. А тут на невялікім кавалачку палескай зямлі яна захавалася. «Звязда».

[Ад грэч. azaleos — сухі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся, ‑бягуцца; пр. адбегся, ‑лася; заг. адбяжыся; зак.

Тое, што і адбегчы. Ліпачка таксама была ў той кашы [разгон сялян-дэманстрантаў]. Яна адбеглася да плота і пазірала. Сабаленка. Міхалка ахрып і шчабятаў ціха, к таму ж ён адбегся далёка ад стала, і старшыня не чуў яго шчэбету. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́ўца, ‑ы, Т ‑ам, м.

Асоба, якая падтрымлівае абвінавачванне ў судовым працэсе. Дзяржаўны, грамадскі абвінаваўца. □ Нарэшце ў Галі нібы прарэзаўся гнеўны голас, і яна пачала гаварыць не як сведка, а як абвінаваўца. Сабаленка. // Той, хто выкрывае перад грамадскасцю злачынную сутнасць дзейнасці якой‑н. асобы, сацыяльнай групы або ўкладу жыцця. Абвінаваўца самаўладства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абу́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Стаць абураным; разгневацца. [Раман] нёс у кішэні паперку на атрыманне саломы і загадзя ведаў, як абурыцца цешча, што не выпрасіў сена. Чарнышэвіч.

абуры́цца, ‑рыцца; зак.

Разм. Абрушыцца, абваліцца. Сцяна абурылася. □ Высокі, дужы ў плячах,.. [Міхалка], як бы наўмысля, падпёр плячыма Сузонаву хату, каб яна не абурылася. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць (у 2 знач.). [Маша] не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавітага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. Шамякін. Люблю маладых І люблю пасівелых, Вясёлых люблю, А кахаю адну. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паабпа́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Абпаліцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Дрэвы паабпальваліся знізу. □ Маці кінулася ў агонь, ратаваць сына, і тут яе пакінулі сілы, яна пачала траціць прытомнасць. У гэты момант у будан ускочылі аднавяскоўцы і выратавалі іх абоіх. І Еўдакія Паўлаўна і яе дзеці паабпальваліся. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пату́піць, ‑ту́плю, ‑ту́піш, ‑ту́піць; зак., што.

Апусціць уніз (вочы, галаву). Лена прыкінулася, што плача, патупіла вочы і пачала выціскаць слязу. Няхай. А калі і гляне [Пракоп], дык зараз жа патупіць вочы, быццам яна [Раманіха] вінавата была перад ім. Ермаловіч.

патупі́ць, ‑туплю́, ‑ту́піш, ‑ту́піць; зак., што.

Зрабіць тупым, ступіць усё, многае. Патупіць нажы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Распытваючы, знайсці патрэбную рэч, патрэбнага чалавека. Напытаць работу. □ Купіла хату.. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. Па нядзелях.. [Раечка] хадзіла на Траецкі базар, мяняла свае залатыя кольцы ды браслеткі на муку і масла. Там яна напытала і акушэрку. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)