закра́са, ‑ы, ж.

Тое, што дабаўляюць у ежу для лепшага смаку, паху; прыправа. — Мне б якога крупніку ўлілі, і хоць для закрасы малаком засівілі. Гурскі. Мядок быў хітра дзесь запёрты, — Цяпер яго насталі часы, Бо ён патрэбен для закрасы, І што кісель той без сыты У вечарок гэты святы? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злара́днасць, ‑і, ж.

Пачуццё радасці пры няшчасці, няўдачы другіх. «Што, даражэнькі, даездзіўся?!» — сказаў у думках Міхась, і нешта падобнае на злараднасць заварушылася ў яго душы. Васілёнак. [Паходня] быў упэўнены цяпер, што за яго кандыдатуру прагаласуюць усе — хто шчыра, ад душы, хто са злараднасцю: балбатаць ты майстар, а вось парабі сам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Вядомы, славуты, праслаўлены. Вось тут Жыў знаны Гедымін. Ну й будаваў. Сцяна — з вярсту Утоўшч. Панчанка.

2. Знаёмы, пазнаны ў мінулым. Знаны смак. Знаныя дарогі. □ Цяпер прымаеш знаны змалку свет з той прагнасцю, калі ўжо чуеш водар, якім крамяны патыхае цвет мясістага бульбоўніку з гарода. Русецкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азада́чаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад азадачыць ​1.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў замяшанні, разгубленасці, замінцы; збянтэжаны. Цяпер яны стаялі каля пісьмовага стала ўсе: натапыраны Барушка, азадачаны Васіль Пятровіч, абыякавы Понтус і ціхамірная Ала. Карпаў.

азада́чаны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад азадачыць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпачы́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; заг. адпачні; зак.

Аднавіць сілы, зрабіўшы перапынак у рабоце, у якім‑н. занятку. Ногі замлелі і ў роце гарыць, Якраз бы цяпер адпачыць. Жычка. Ігнась узлез па прыступках на ганак. Іх толькі пяць, а як змарыўся. На ганку ён адпачыў і зайшоў у хату. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладу́ха, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.

Разм.

1. Тое, што і маладзіца. Маладуха так захапілася расказам пра сваю ўяўную смеласць, што .. [Саша і Аксана] не пачулі, як прыйшоў Данік. Шамякін. Пазней прыходзілі на лугі дзяўчаты і маладухі, разбівалі сена ў пракосах. Асіпенка.

2. Маладая, нявеста. Цяпер самі сабе маладух шукаюць, — працягваў Басько .. басам. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паабла́зіць, ‑зіць; зак.

Разм. Аблезці, даліняць, аблупіцца — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Скура пааблазіла. Сцены пааблазілі. □ Трэба было ісці пехатою... Але [Завішнюк] яшчэ доўга сядзеў на шліхце бярвення, .. з якога пааблазіла кара. Пташнікаў. [Ганначка:] — А з маімі [каровамі] да выстаўкі далёка дыбаць. Як пааблазілі зімой, дык і цяпер яшчэ што бубны. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзабыццё, ‑я, н.

Стан, блізкі да забыцця (у 2, 3 знач.). Маўклівыя .. [адпачываючыя] ляжалі ў адных і тых жа пазах, узіраліся ў блеклае восеньскае сонца і нібы прыслухоўваліся да саміх сябе, цалкам аддаючыся дрымотнаму паўзабыццю. Лынькоў. [Маладзіца] разамлела ад гарачага дыхання матора і бесклапотнасці і цяпер у паўзабыцці адкінулася на спінку сядзення. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўтара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да паўтарыцца (у 1 і 2 знач.).

2. Паўтараць тое, што было сказана, зроблена раней. Мне цяпер не хацелася паўтарацца, складаць.. паслужны спіс. Брыль. Іліко не паўтараўся. Ён падбег да хлапца і з разгону ўдарыў яго кулакамі ў бок. Самуйлёнак.

3. Зал. да паўтараць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.

1. Стаць дробным, драбнейшым. Дождж, які перад гэтым ліў як з лубу, спачатку падрабнеў, затым перастаў зусім. Сіняўскі. Лес падрабнеў — пайшлі нізкія тонкія елкі. Пташнікаў.

2. перан. Страціць унутраную значнасць, стаць пасрэдным. — Эхе-хе, мая дзяціна, — Уздыхнуў Даніла дзед: — Падрабнела і людзіна, Падрабнеў цяпер і свет. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)