Віха́ць ’віхляць’ (Нас.), віха́цца ’віхляцца’ (БРС, Касп., Бяльк.), віханьне (Бяльк.). Рус. вихать ’вагаць, хістаць’ таксама ў складаннях з прыстаўкамі (вы́вихнуць і г. д.), укр. виха́ти ’махаць’, славен. vihati ’вывіхаць, махаць’. Паводле Праабражэнскага, 1, 86 і наст. і Гараева, 50, вытворнае з экспрэсіўным суфіксам ‑х‑ да віць (гл.). Існаванне прамежкавай ступені (назоўніка *vixъ, які ад віць пры дапамозе суфікса ‑х‑, як смех, успех і г. д.) (Шанскі, 1, В, 112), відавочна, не абавязковае. Буга (РФВ, 75, 153) параўноўвае з літ. viskù, viškė́ti ’вагацца, знаходзіцца ў руху’, прычым мяркуемае літ. *viškù пераўтворана ў viskù пад уплывам літ. vizgù, vizgė́ti ’варушыцца, шавяліцца’. Фасмер (1, 324) лічыць гэта няпэўным. Іліч–Світыч (ВЯ, 1961, 4, 98) услед за Мацэнауэрам ставіць пытанне аб адпаведнасці слав. ‑x‑ балт. ‑zg‑ у сярэдзіне слова і слав. *vixati непасрэдна супастаўляе з літ. vizgė́ti, vizgúoti ’віхляцца’, vìzginti ’вярцець хвастом’. Параўн. віхляць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калбаны́ ’луг з купінамі’ (Касп.). Адпаведнікаў да бел. слова ў іншых мовах як быццам няма. Можна суаднесці з усх.-слав. колб‑, узнавіўшы яго на базе такіх фактаў, як рус. вяц. колба ’фігура ў форме шара’, дыял. ’абрубак дрэва’, укр. ковбан ’кароткі тоўсты абрубак дрэва’, ковбаня ’катлавіна або яма, напоўненая вадой’, рус. калуж. калбина ’невялікае возера’, семантыка якіх дазваляе лічыць бел. слова роднасным гэтай аснове, але наяўнасць у прыведзеных лексем значэнняў ’яма’, ’вадаём’ гаворыць пра магчымы перанос ’посуд’ > ’вадаём’. Не выключана, што падобны ці нават больш складаны працэс быў у выпадку з разглядаемым словам, таму неабходна суаднесці калбаны і калбан ’гладыш’. Верагоднасць такога супастаўлення пацвярджаецца геаграфіяй, аднак фармальнае і семантычнае падабенства да калдабан ’выбоіна’ дазваляе меркаваць аб утварэнні калбаны з калдабаны (выпадзенне складу, магчымы ўплыў іншых лексем), хаця і такая версія не з’яўляецца бясспрэчнай. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пахолік, пахолак, пахолачак ’бедны селянін’, ’сялянскі хлопец’ (Нас., Грыг.), пахо́лок ’парабак’ (ТС), пахолятко ’лёкай’ (брэсц., КЭС). Булыка (Лекс. запазыч., 185) мяркуе, што ст.-бел. пахолокъ (пахолекъ, пахоликъ, похоликъ, похолокъ, пахолэкъ) ’слуга’, ’салдат’ (з 1516 г.) былі запазычаны са ст.-польск. pachołek. Аднак наяўнасць слова ў рус. аланецкіх, вяцкіх гаворках (па́холок ’хлопец, хлопчык, дураслівец, свавольнік’, пахо́лок ’дзіцё’) дае повад сумнявацца, прынамсі, часткова: толькі некаторыя з гэтых ст.-бел. слоў з’яўляюцца паланізмамі ці аформлены пад польскія. Борысь (Prefiks., 25) лічыць гэту лексему паўночнапраславянскай (рахоlъ: рахоlъkъ ’хлопец, слуга’), утворанай ад дзеяслова хоliti ’пясціць, акружаць апекай, клопатамі; трымаць у чысціні’; аднак няяснай застаецца першасная функцыя прэфікса pa‑. Махэк₂ (426–427) мяркуе, што ра- надавала іранічны характар слову pa‑xol‑ę. Фасмер (3, 221) таксама вылучае прэфікс pa‑, а ‑хоlkъ супастаўляе з серб.-ц.-слав. хлакъ ’нежанаты’, ст.-рус. холокь і звязвае іх з холо́п, холу́й.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́начы ’ноччу, уночы’ (ТСБМ, Касп.), ’апоўначы, сярод ночы’ (Сл. ПЗБ), по́начы ’тс’ (ТС), ’цёмна’ (Клім., Жыв. НС), по́вночы ’тс’ (Жыв. НС). Укр. по́ночі ’цёмна’, ’у цемры’. Ад *па пачы ’ўначы’, з далейшым развіццём семантыкі да ’цёмна’, дзе па/по мае значэнне ’пры’, параўн. по́дню ’ў дзённы час’, г. зн. ’пры дзённым святле’ (Варл.). Цікавую паралель уяўляе серб. дыял. по̏ноћи ’ноччу’, паводле якога ўтворана по̏дне(в)и ’днём’ (Мілеціч, СДЗб, 9, 434); параўн., аднак, по́ноћ ’сярэдзіна ночы’, што адпавядае прасл. *polъnoktь (гл. поўнач), на думку Вукавіча (ЈФ, 17, 77) — другаснае, утворанае ад поноћи. Да ноч (гл.), параўн. яшчэ *паначота (гл.). Інакш Цыхун (Загароддзе–2, 112), за зыходную прымае форму з паў- (пов‑): по́внучэ на улыцэ, першапачаткова ’поўнач, сярэдзіна ночы’, з якога развілося значэнне ’цёмна’, чаму пярэчыць ЕСУМ (4, 470): укр. по́вночі з по́ночі пад уплывам пі́вніч ’сярэдзіна ночы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тонь1 ’тоня’ (Сцяшк.), ’затон, вір’ (ТС), ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС), ’адзін заход з рыбнай снасцю і адзін улоў’ (паст., Сл. ПЗБ), ’вялікі невад’ (трак., Сл. ПЗБ), ’частка вуды, лескі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’сетка (на рыбу)’ (Барад.). Гл. то́ня, лічыцца больш позняй формай, што ўзнікла ў выніку трансфармацыі канца слова, параўн. польск. woń ’пах, смурод’ < прасл. *vonʼa ’тс’ (Крытыкі, PF, 7, 228; Борысь, 708) і пад.

Тонь2 ’ход, рух’ (Сцяшк.). Рэдкае слова, адносна якога выказваецца меркаванне, што яно звязана чаргаваннем галосных з цягнуць (гл.), што, магчыма, узыходзіць да *tęti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ ’тс’ з зыходным значэннем ’цяга’, параўн. рус. тять ’ісці’, укр. стена́тися ’кінуцца (пачаць рух)’, якія маюць адпаведнікі ў лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēit ’ідзе’ (Мяркулава, Этимология–1975, 54–55). Хутчэй за ўсё, аналагічнага паходжання з аманімічным яму папярэднім словам, падрабязней гл. тоня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ктар (тра́хтар, тра́хтор) ’самаходная сельскагаспадарчая машына для цягі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Растарг.). Запазычана з рускай мовы (упершыню фіксуецца ў прэсе ў 1922 г. (гл. Баханькоў, БЛ, 12, 32), у якую слова прыйшло ў 20‑я гг. XX ст. з англійскай, дзе tractor азначае ’цягач’ < лац. tractāre < trahĕre ’цягнуць, валачы’ (Чарных, 2, 256–257; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617), Сюды ж трактары́ст, трахтары́ст (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), трактары́ста ’трактарыст’ (смарг., Сл. ПЗБ) — з польск. traktorzysta ’тс’; трактары́сты ’тс’ (Сцяшк., Жд. 1, Янк. 2, Сл. ПЗБ) — арыгінальнае ўтварэнне беларускай мовы, звязанае з пераасэнсаваннем фіналі ‑іст (‑ыст), ‑іста (‑ыста) пад уплывам прыметнікаў на ‑сты, гл. галасісты, ганарысты і назоўнікаў тыпу араты, памагаты, Пра пашырэнне і паходжанне падобных форм гл. Абрэмбска–Яблонска, Зб. Крапіве, 21–26; Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25; Запрудскі, Stud. Russica, 22, 161–166; Хромчанка, Паўн.-маст. гав., 51–56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баба́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. аднакр.

Разм.

1. Учыніць выбух, выстраліць, загрымець. Саханчук адбегся пад насып, залёг, і адразу ж гулка бабахнуў яго кавалерыйскі карабін. Асіпенка. У сто гармат бабахне гром. Лужанін. / у безас. ужыв. Разведчык дымам апісаў вялізную чорную дугу. Па ім зноў ўдарылі знішчальнікі, і ў паветры гулка бабахнула. Алешка.

2. Утварыць моцны гук ударам, стукнуць. Страшыдла знікла; а потым хвастом як бабахне па вадзе. Юрэвіч. Недзе ў сенцах глуха бабахнулі дзверы, і ўсё сціхла. Асіпенка. Зрываючыся з прывязі галля, Бабахне бэра, як скарбонка лета. І сутыкнуцца груша і Зямля — Малая і вялікая планеты. Макаль.

3. Рашуча, нечакана сказаць што‑н. Алена.. пералічыла, колькі вось такіх прапаноў марынуецца на заводзе, і нарэшце бабахнула: — Я думаю, мы можам арганізаваць грамадскае канструктарскае бюро. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віхо́р 1 і ві́хар, ві́хру, м.

1. Імклівая кругавая плынь ветру. Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Па галаве і па барадзе [Трахіма] нібы віхор прагуляўся. Крапіва. Як віхар, як куля, імчыцца каршун. Купала. // Узняты ветрам закручаны слуп пылу, снегу і пад. Раптам усхадзіўся вецер, узняў на дарозе віхор пылу. С. Александровіч.

2. перан.; чаго. Пра імклівае, бурнае праяўленне чаго‑н. Віхор падзей. □ З-за вялікіх вокан белага мураванага дома нечакана рвануўся віхор зыкаў скрыпкі і фартэпіяна. Чорны.

3. у знач. прысл. ві́храм. Хутка, імкліва. Імчацца віхрам. □ Машына віхрам уляцела па калгасны двор і спынілася, як укопаная. Шахавец.

віхо́р 2, ‑хра́, м.

Узнятая ўверх пасма валасоў. — Мне падабаюцца твае валасы, асабліва вось гэты непаслухмяны віхор. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апара́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.

1. ‑а. Спецыяльны прыбор для выканання якой‑н. работы. Тэлефонны апарат. Даільны апарат. Фатаграфічны апарат. Тарпедны апарат.

2. ‑у. Сукупнасць органаў, якія выконваюць пэўную функцыю ў арганізме. Зрокавы апарат. Слыхавы апарат. Апарат кровазвароту.

3. ‑у. Сукупнасць дзяржаўных устаноў, якія абслугоўваюць пэўную галіну кіраўніцтва ці гаспадаркі. // Работнікі гэтых устаноў.

•••

Вестыбулярны апарат — орган у хрыбетных жывёлін і чалавека, які з’яўляецца часткай ўнутранага вуха і служыць для каардынацыі рухаў і захавання раўнавагі.

Дыфузійны апарат — апарат для атрымання шляхам дыфузіі каштоўных рэчываў з раздробненай сыравіны.

Касмічны апарат — спецыяльны апарат, прызначаны для палёту ў касмічнай прасторы.

Крытычны апарат — варыянты і заўвагі ў навуковым выданні літаратурнага ці гістарычнага тэксту.

Навуковы апарат — паказальнікі, каментарыі, бібліяграфія і пад. ў навуковым выданні.

[Ад лац. apparatus — абсталяванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)