аддзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каму.

1. Выказаць удзячнасць, падзякаваць. [Людзі] прагнуць песні, ловяць яе на ляту, ціснуцца да цябе, працягваюць рукі, каб аддзякаваць мастаку-паэту. Пестрак. І не стараецца вельмі Сцяпан, не моршчыць лоб, каб выдумаць што-небудзь, — само вярзецца. Толькі каб было каму слухаць ды аддзякаваць Сцяпану вясёлым смехам захаплення. Крапіва.

2. Адплаціць падарункам, грашыма або добрай справай за якую‑н. паслугу. — Дзіцятка маё, збавіцель ты наш, чым табе аддзякаваць? Вазьмі хоць на семачкі, — працягнула Аксіння зялёненькую паперку. Пальчэўскі. // перан. Якім‑н. учынкам адпомсціць за крыўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гак 1, ‑а, м.

1. Востры металічны выступ на чым‑н. (напрыклад, крук у багры, шып у падкове). [Конь] .. быў падкуты на перад, і гакі ў падковах былі не кавальскай работы, а купленыя. Крапіва.

2. Абл. Участак зямлі, які вострым клінам удаецца ў што‑н. Хвалі без ахвоты Абмываюць з гака жвір. Астрэйка.

•••

З гакам — з лішнім, з лішкам.

гак 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова гакнуць, гакнуцца. Ляціць звер проста, а з-за дрэва Выскачыў Мядзведзіч — гак у лоб! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што ў чым і без дап. Лічыць каго‑н. вінаватым у чым‑н. А супярэчыў.. [Сцяпан Варанец], так сказаць, прынцыпова: не можна, бачыце, абвінавачваць чалавека, калі добра не ведаеш. Крапіва. // Устанаўліваць віну каго‑н. у судовым парадку; лічачы вінаватым у чым‑н., прыцягваць да судовага разбору. Думкі перабіў ураднік. — У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён. — За што судзяць? Колас. // Папракаць, асуджаць за што‑н. Абвінавачваць у неаб’ектыўнасці.

2. без дап. Выступаць у якасці судовага абвінаваўцы, пракурора. Малады пракурор абвінавачваў упершыню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павадзі́ць, ‑ваджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак.

1. каго. Вадзіць на працягу нейкага часу. Павадзіць каня. Павадзіць гасцей па горадзе. □ [Дзядуля:] — Такую рыбу трэба павадзіць, стаміць як след, а тады ўжо цягнуць... Ляўданскі.

2. чым. Зрабіць некалькі рухаў чым‑н. па якой‑н. паверхні. Павадзіць указкай па карце. Павадзіць пальцам па старонцы кнігі. □ Поп моўчкі прысеў каля мяне, павадзіў пальцамі па бровах і закурыў. Чорны. // Зрабіць некалькі рухаў у розных напрамках. Распытаўся доктар, што і як, патрымаўся за ручку ў малога, запалку запаліў, павадзіў перад вачыма. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Афіцыйнае пісьмовае паведамленне з выклікам куды‑н. Праз некалькі дзён .. [Валі] прыйшла павестка з явіцца ў гарадскую ўправу, а неўзабаве прыйшоў і нарад паліцыі. Няхай. І тых, каму ўручаліся павесткі, Дарога павяла ў ваенкамат. Смагаровіч.

2. Круг пытанняў, якія павінны быць абмеркаваны на сходзе, пасяджэнні. Даклад пачаўся пасля таго, калі была прынята павестка. Васілевіч.

•••

Павестка дня — тое, што і павестка (у 2 знач.). Павестка дня вялікая і разнастайная, і сход абяцае зацягнуцца да самага вечара. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кандыдату́ра, ‑ы, ж.

1. чыя. Магчымасць ці права каго‑н. выступаць у ролі кандыдата (у 1 знач.). Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас. // Чыя‑н. асоба ў ролі кандыдата. Шаманскі назваў кандыдатуру Паўла Дэшкі. Дуброўскі. Каржакевічаву кандыдатуру .. выставілі на перавыбарах. Крапіва.

2. Тое, што і кандыдат (у 1 знач.). — Была ў нас затрымка з начальнікам штаба, не было добрай кандыдатуры. Лынькоў. Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́льшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. вялікі (у 1 знач.). Завостраныя вяршыні большых дрэваў, якія раслі ў яры, — бяроз, асін, алешын, — былі ўпоравень з узгоркамі. Мележ.

2. Старэйшы па ўзросту, званню і пад. Меншы брат крычыць на большага: — Хоць ты і старэйшы, а ў крыўду я табе не дамся! Якімовіч. [Вартавы:] Якога табе начальніка? [Дзед Бадыль:] Самага большага. Крапіва.

3. у знач. наз. Разм. Старэйшы, дарослы. [Мацвей] давольны быў і тым, што ўслужыў большым. Лобан.

4. у знач. наз. Значнае, важнае, істотнае. Згубіўшы большае, не шкадуй меншае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавале́р, ‑а, м.

1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.

2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.

3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.

[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштовая картка з якім‑н. малюнкам. [Юзік:] Напісаў я табе з дарогі адну паштоўку, ды, мусіць, яна не дайшла да цябе. Крапіва. У пралёце стаялі сталы з раскладзенымі на іх кнігамі, сшыткамі, школьнымі дзённікамі, маляўнічымі паштоўкамі. Карпаў. — Цяпер пабудаваны новы горад. Ды я магу вам паштоўкі паказаць, у мяне акурат ёсць з відамі Мінска. Арабей. // Разм. Фатаграфічная картка такога памеру. [Дошка гонару] была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́капіс, ‑у, м.

1. Тэкст напісаны ад рукі, а таксама аддрукаваны на пішучай машынцы. Закружыў вецер, падхапіў лісты рукапісу, хлопчык падбег і сабраў лісты, спісаныя дробным уборыстым косым почыркам. Гурскі. // Арыгінал, тэкст, з якога робяць набор. [Чарнавус:] Кніжку маю не пусцілі ў друк. [Вера:] А прычыны? [Чарнавус:] Адно мне выразна сказаў дырэктар выдавецтва: «Забярыце рукапіс, ён нам не патрэбен». Крапіва.

2. Рукапісны помнік старажытнай пісьменнасці. Балгарскія рукапісы 12–13 стст. Вывучэнне старажытных рукапісаў. □ Да гэтага часу не знойдзена ні аднаго глагалічнага помніка, спісанага з кірылаўскага рукапісу. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)