неспако́й, ‑ю, м.

1. Душэўная трывога, узбуджэнне, выкліканыя чым‑н. (страхам, апаскай, чаканнем і пад.). Я пачынаю хвалявацца, адчуваю, як нараджаецца неспакой. Галавач. У юных сэрцах неспакой — то радасць, то трывога: Як павядзе іх у прастор жыццёвая дарога? Ставер. Шабуня па адзін міг кінуў на камісара быстры адкрыты позірк, у якім, быў відаць неспакой і трывога. Мележ. // Шум, рух, хваляванне. На пероне былі яшчэ большая мітусня, шум і неспакой, і.. [жанчына] разгубілася. Мележ.

2. Масавае хваляванне, узбуджэнне. Тым часам наступаў вялікі неспакой сярод польскіх войскаў. Чарот. Навокал было неспакойна, і Мікодым у гэтым грамадскім неспакоі шукаў сабе рады. Сабаленка.

3. Турботы, клопаты. Благаслаўляю адзіноту, Але такую, за якой Прыходзіць свет тае работы, Якая любіць неспакой... Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу. Назначыць дзяжурных. □ [Пан:] — Хітры ты чалавек, Палуян. Недарма цябе солтысам назначылі. Брыль.

2. Вызначыць загадзя тэрмін, час чаго‑н. Назначыць спатканне. □ Кангрэс назначылі на нядзелю, ён павінен быў пачацца пасля паўдня. Чорны.

3. Намеціць што‑н. зрабіць. Ніякай работы на гэты дзень.. [Раман] яшчэ не назначыў сабе. Колас.

4. Устанавіць (пенсію, утрыманне, прэмію і пад.). У канцы пісьма штаб палка прапанаваў.. назначыць сям’і памёршага пенсію. Чорны. // Устанавіць памеры платы. Назначыць цану.

5. Прадпісаць, рэкамендаваць выкананне чаго‑н. Назначыць лякарства. Назначыць вапны.

6. Прысудзіць (у якой‑н. гульні). Назначыць штрафны ўдар.

7. Паставіць знак, метку на чым‑н.; абазначыць. Назначыць меткай качанят. Назначыць дрэвы на высечку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плаці́ць, плачу, плаціш, плаціць; незак.

1. што, за што і без дап. Аддаваць грошы або што‑н. каштоўнае як належнае за што‑н. Плаціць за пакупку. Плаціць за абед. □ Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка. // Аддаваць грошы або іншыя каштоўнасці ў лік якіх‑н. абавязацельстваў. Плаціць падаткі. Плаціць даўгі. □ Кожныя дванаццаць гадоў.. [такароўцы] аднаўлялі кантракт, штогод плацілі акуратна арэнду і жылі прыпяваючы. Бядуля.

2. перан.; чым. Так або інакш адказваць на чый‑н. учынак. Як слуга, як нявольнік, табе я Так стараўся служыць, дагадзіць! Так любіў цябе шчыра, з надзеяй, Што ўзаемнасцю будзеш плаціць. Купала. І народ плаціў сваім воінам бацькоўскай любоўю. «Звязда».

•••

Плаціць той жа манетай — тое, што і адплаціць той жа манетай (гл. адплаціць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

купі́ць, куплю, купіш, купіць; зак., каго-што.

1. Набыць за грошы ці іншыя каштоўнасці. Купіць касцюм. Купіць кнігу. □ За багацце розуму не купіш. Прыказка.

2. перан. Подкупам, абяцаннямі і пад. схіліць на свой бок; падкупіць. У Аўгінні ніякіх сумненняў цяпер не заставалася: Саўку нанялі, купілі за грошы і ставілі на цёмную, здрадніцкую справу. Колас. // чым. Разм. Схіліць у сваю карысць якімі‑н. дзеяннямі, якасцямі. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, прасіў, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.

•••

За што купіў, за тое і прадаю — паўтараю толькі тое, што чуў, за дакладнасць не ручаюся.

Купіць ката ў мяшку — набыць што‑н., не бачачы і не ведаючы яго якасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліза́ць, ліжу, ліжаш, ліжа; заг. ліжы; незак., каго-што.

1. Праводзіць языком па чым‑н., дакранацца языком да каго‑, чаго‑н. [Сабачка] кідаўся да ног, лашчыўся, лізаў рукі, зазіраў у вочы і паціху скавытаў. Няхай. // Падбіраючы языком, есці, піць. [Сабака] лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом. Колас. Гора гараваць — не мёд лізаць. Прыказка.

2. перан. Дакранацца, пакрываць, абдаваць сабой (пра хвалі, полымя і пад.). Пасека была ў агні. Полымя бушавала пад самай лініяй — расцяробам, лізала дол, лезла ўгору па маладым сасонніку. Пташнікаў. За соснамі адгадваўся блізкі праліў, чутно было, як ліжуць гальку хвалі. Лупсякоў.

3. Разм. зневаж. Цалаваць.

•••

Лізаць рукі (ногі, пяткі, боты) каму — уніжацца, падлізвацца, падхалімнічаць перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывя́занасць, ‑і, ж.

Пачуццё блізкасці, заснаванае на сімпатыі, адданасці каму‑н. Аўгіня, на злосць Васілю, .. дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Яшчэ мацнейшай станавілася яго прывязанасць да Уладзіка, усё сваё пачуццё Андрыян аддаваў яму. Марціновіч. Любоў да беларускай зямлі, замілаванне і прывязанасць да народа, сярод якога збіральнік [М. Федароўскі] пражыў столькі гадоў, засталіся ў яго душы назаўсёды. Саламевіч. // Цяга, схільнасць да чаго‑н. [Вялічка] бачыў, што ўсе едуць дадому і слова «дом» — гэта для іх усё тое, аб чым ён цяпер сумаваў і чаго не мае, бо там ёсць толькі бацькава магіла і прывязанасць душы і сэрца. Чорны. Прывязанасць да рэалістычна-канкрэтнага праўдападабенства ў паказе жыцця, такім чынам, не дазволіла Багдановічу зразумець усё наватарства ў форме «Адвечнай песні». Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́ста,

1. Прысл. да пусты.

2. безас. у знач. вык. Нічога няма, нічым не запоўнена. І вось пры частаванні зусім нечакана цукерак на ўсіх не хапіла, якраз не хапіла самому Сашку. Апошняму ён даў Толю, а потым, калі яшчэ раз усадзіў руку ў кішэню зрэбных портачак — там было пуста. Брыль. Хоць амаль што пуста ў чамадане, Лепш дарогі, чым дадому. Макаль. // Нікога няма, бязлюдна. Па вуліцы было пуста і бязлюдна. Кулакоўскі. Пуста і холадна цяпер там [на полі], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч.

3. безас. у знач. вык. Пра пачуццё адзіноты або душэўнай пустаты. Туравец устаў, адчуваючы, што ў грудзях стала адразу пуста. Мележ.

•••

Каб табе (яму, ёй, вам, ім) пуста было гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ране́й, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. рана ​2 (у 2 знач.).

2. Да пэўнага, указанага моманту. Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну. Колас. — Дык вось і зробім лаўтра пад’ём на дзве гадзіны раней звычайнага. Брыль.

3. У мінулым, да гэтага, да нядаўняга часу. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым. Чорны. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так ты сёння ідзеш узнімаць цаліну. А. Вольскі.

4. Спачатку, найперш. Раней, чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зніца 1, ‑ы, ж.

1. Непадабенства, адрозненне ў чым‑н. [Мальгрэта:] — Я ж казала ўжо, Хвядоска, У нас між горадам і вёскай Аніякай розніцы. Крапіва. Малевіч падыходзіць да рэчкі і, таксама як я, садзіцца на беразе. Розніца толькі ў тым, што я сяджу на абрыве, спусціўшы ногі над вадой, а ён прылёг пад адхонам. Брыль.

2. Велічыня, сума, якая з’яўляецца рознасцю паміж дзвюма велічынямі, сумамі. А прызнацца, у нас не вялікая розніца: год пятнаццаць... Хадзем, дай руку, спадарожніца. Вялюгін.

•••

Якая розніца? — ці не ўсё роўна?

ро́зніца 2, ‑ы, ж.

Спец. Продаж паштучна або невялікімі колькасцямі. Здавалася, Індыя, згаладаўшыся за стагоддзі па металу, паглынае яго цяпер вялікімі і малымі кавалкамі, оптам і ў розніцу. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)