чаўпці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; незак., што.
Зневаж.
1. Гаварыць недарэчнасці, глупства, бязглуздзіцу. Спыніўся. Прывітаўся і пачаў.. [сустрэчным] чаўпці розную лухту: злез на паўстанку, але ноччу збіўся з дарогі. Машара. [Паўліна:] — А тым часам і бацька твой мо шчэ жывы, дадому вернецца, матку новую возьме... Хаця, што гэта я абы-што чаўпу... Сачанка.
2. Настойліва даводзіць каму‑н. што‑н., паўтараць увесь час адно і тое ж. А Сцёпа ўпрэцца, як бык, і чаўпе сваё: — Выдумкі ўсё. Курто. Прыйдуць канікулы — якая ні работа, а ў .. [сына] заўсёды кніжка за пазухай. І ўсё чаўпе пра адно: пайду ў хімію. Ракітны. / Пра птушак. Іншыя птушкі змоўкнуць, стаміўшыся за доўгі веснавы дзень, а ён [голуб], не зважаючы ні на што, сваё чаўпе. Ігнаценка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
шлейф, ‑а, м.
1. Доўгі падол жаночай сукенкі, які цягнецца ззаду. Яна [Міхаліна], напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны: — Будзеце трымаць корд жаніха, — ласкава схіліла галаву. — Або мой шлейф. Караткевіч. Я ведаў, што Таня любіць апранаць на сябе што-небудзь незвычайнае, каб валаклося ўслед, як шлейф, па падлозе. Сачанка. // перан. След, паласа ў паветры, на вадзе і пад. ад руху чаго‑н. Дарога злёгку пыліла, за машынай слаўся рэдзенькі белаваты шлейф, які адносіла на зялёныя палеткі. Асіпенка. З-за павароту вынырнуў цеплаход на падводных крылах. Ён, шустра завярнуўшы, адкінуў на бераг пеністы шлейф. Гаўрылкін.
2. Тое, што і валакуша (у 2 знач.). Выраўноўванне глебы шлейфам.
3. У геалогіі — паласа адкладанняў, якая ахінае ніжнюю частку якога‑н. узгорка, узвышша.
[Ням. Schleife.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
румя́ны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты румянцам, з румянцам на твары. Косцік і Шурка, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. Круглы румяны твар хлопца ажно ззяў. Хомчанка. // перан. З чырвоным бокам (пра яблыкі, грушы і пад.). І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя. Якімовіч.
2. Ярка-чырвоны, ружовы. У акно ўжо зазірала сонца, круглае, румянае. Сачанка.
3. Чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра колер печаных і смажаных вырабаў). Маці заўсёды пякла.. вялікія пампушкі з белай пшанічнай мукі, такія пахучыя, румяныя. Шамякін. — Ну, хваліся, — папрасіла Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным і адмыслова аздобленым парасём. Карпаў.
румя́ны 2, ‑аў; адз. няма.
Ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.
2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.
3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
твань, ‑і, ж.
Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
тлу́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыводзіць да адурэння, пазбаўляе здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Тлумная работа. □ Кастусь стаміўся ад гаворак, ад тлумнай духаты, а таму з асалодай дыхаў свежым начным паветрам. Гаўрылкін. // Пазбаўлены здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Юра пакруціў цяжкай, тлумнай ад катаванняў галавой і працадзіў скрозь зубы: — Ні слова... Ні слова... Бураўкін. // Незразумелы, небяспечны. Чаго яму [Хрысцюку] лезці ў гэтыя тлумныя справы! Зачэпіш яшчэ каго — бяды на сябе паклічаш. Дуброўскі.
2. Шумны, гаманлівы, неспакойны. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі наводзілі парадак у .. тлумным і стракатым натоўпе. Колас. У вагоне я доўга не мог заснуць — ці не таму, што нарэшце вырваўся з тлумнага горада, еду далей ад рэдакцыйнага клопату і дробных жыццёвых турбот, што буду, хоць і не надта доўга, вольны. Сачанка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
уз’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.
1. Заехаць на больш высокае месца. Калі ў з’ехалі на ўзгорак, Сяргей папрасіў шафёра спыніцца, вылез з машыны. Шахавец. Бомба трапіла ў наплаўны мост тады, калі санітарны аўтобус з раненымі паспеў ужо ўз’ехаць на бераг. Хомчанка. // Едучы, трапіць куды‑н., заехаць, выехаць куды‑н. Як толькі ўз’ехалі на прыгуменне, Тамаш пачаў непакоіцца. Чарнышэвіч. Сонца ўжо схавалася за лес, як на шашу з прасёлка ўз’ехала фурманка. Місько. Услед за маладымі, уз’ехалі па двор яшчэ два вазкі з дружкамі. Васілевіч.
2. Паехаць на каго‑, што‑н. Упаў [Міхал], ткнуў нагою пад задняе кола, што якраз у той момант уз’ехала на дарожны камень. Чорны. Толькі ржавая сетка-агароджа ў адным месцы была парвана — на яе, па ўсім відаць, уз’ехаў танк. Сачанка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ша́баш, ‑у, м.
У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.
шаба́ш, ‑у́, м.
Разм.
1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.
2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.
[Стараж.-яўр.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
шэ́расць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць шэрага (у 1, 3 і 4 знач.). Ад позіркаў гаспадара не схавалася шэрасць .. твару [Кюблера] і недакуркі, раскіданыя на падлозе, на стале. Шамякін. Такіх вечароў нямнога бывае ў жыцці. Таму і жывуць яны доўга ў сэрцы, каб часам усплысці .. і кінуць ружовы прамень у будзённую шэрасць жыцця. Зарэцкі. У паветры кружылі першыя сняжынкі — прыбельвалася шэрасць зямлі, чырвань цэглы. Гілевіч.
2. Бледнасць з адценнем шэрага (пра твар чалавека). Са скуластага даўгаватага твару Ігната спаўзае шэрасць. Каршукоў. // Шэрая афарбоўка чаго‑н.; пахмурнасць, воблачнасць. Іван ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Быкаў. Пайшлі дажджы, шэрасць і волкасць завалаклі далягляд. Сачанка. // перан. Што‑н. непрыкметнае, ніякае; пасрэднасць. Большасць сцэнарыяў — шэрасць. Шэрае афармленне пасуе шэрай задуме. Семашкевіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
экіпа́ж 1, ‑а, м.
Агульная назва лёгкіх пасажырскіх павозак. Шэсць тыдняў назад пад экіпаж.. [Норава], калі ён ехаў з дакладам да губернатара, кінулі самаробную бомбу... Мехаў. Пасадзіла.. [Эльза] мяне ў свой экіпаж — фаэтончык такі чорненькі, ён і цяпер пад паветкай у яе стаіць, я табе пакажу яго калі-небудзь, — на рысорах, колы гумовыя, — і пакаціла, павезла. Сачанка.
[Фр. équipage.]
экіпа́ж 2, ‑а, м.
1. Каманда, асабовы састаў карабля, самалёта, танка і пад. Праз хвіліну мы ўжо ў самалёце. Сняжок [медзведзяня] цікаўна заглядае ў кожны куток. Вакол яго збіраецца ўвесь экіпаж самалёта. Бяганская. Экіпаж танкера павязе кітабоям флатылій «Слава» і «Савецкая Украіна», што знаходзяцца цяпер у водах Антарктыкі, разнастайны груз: гародніну, бульбу, садавіну, паліва, пошту. «Звязда».
2. Берагавая воінская часць марской пяхоты, якая часта выкарыстоўваецца для папаўнення флоцкіх каманд.
[Фр. équipage.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)