скаблі́ць, скаблю, скобліш, скобліць; незак., што.

1. Знімаць, здзіраць з паверхні чаго‑н. верхні слой, кару і пад. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка. Дошкі сонечным ранкам.. майстра сушыў, Як паспелі, рубанкам, фуганкам Скабліў і скабліў. Куляшоў. // Абл. Чысціць (бульбу). А дзяўчынкай, яшчэ да вайны, часта гаспадарыла ў суседчынай хаце: падмятала і мыла падлогу, памагала бульбу скабліць. Лось.

2. перан. Біць, катаваць; караць. [Дзед:] — І пачалі яны [ворагі] там, у нейкім сутарэнні, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай... Брыль. Астап Вячэра расказвае, як яго скаблілі бізунамі за ўдзел у паўстанні рыбакоў. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацо́ўнік, ‑а, м.

1. Той, хто працуе разам з кім‑н., дапамагае каму‑н. у выкананні чаго‑н. Працаваць аднаму, без супрацоўнікаў. □ Добра было ў гэтай «Ітацы»: здавалася, што ўсе мы [акцёры] не толькі супрацоўнікі па рабоце, а і блізкая радня сям’і Буйніцкіх. «Полымя».

2. Той, хто працуе ў якой‑н. установе; служачы. Супрацоўнікі музея .. ветліва сустрэлі нас і ахвотна вадзілі па музеі. Пестрак. [Хірурга і хворага] праводзілі ўсе супрацоўнікі шпітал[я] і мясцовыя сяляне. Гурскі. // Асоба, якая прымае ўдзел як аўтар у рабоце перыядычнага або шматтомнага выдання. Супрацоўнік часопіса.

•••

Навуковы супрацоўнік — пасада супрацоўніка навукова-даследчай установы; асоба, якая займае гэтую пасаду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фло́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да флоту, належыць яму; прызначаны для флоту. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел 14 пяхотных дывізій (42 палкі), 17 флоцкіх экіпажаў і караблі Чарнаморскага флоту. «Помнікі». У час грамадзянскай вайны я сустракаў шмат маракоў з Балтыкі, з многімі з іх сябраваў, ведаў некалькі былых флоцкіх афіцэраў. Сяргейчык. // Уласцівы, характэрны для флоту, прыняты на флоце. [Сын] прыязджаў заўсёды нечакана, пад вечар, мажны, лабасты, у цёмным касцюме і ў чорнай флоцкай фуражцы, якую ўжо колькі год насіў пасля службы. М. Стральцоў.

2. у знач. наз. фло́цкі, ‑ага, м. Той, хто служыць ва флоце; марак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрышчэ́нне, ‑я, н.

1. Рэлігійны абрад прыняцця каго‑н. у лік веруючых хрысціянскай рэлігіі. З Пецярбурга ўсё яшчэ ішлі адказы протаіерэяў і прыставаў, што не знаходзілі ў царкоўных кнігах запісу аб хрышчэнні Аляксандры Адольфаўны Ізмайловіч. Мехаў.

2. перан. Першае выпрабаванне ў якой‑н. справе. А праз які тыдзень я прыняў першае паветранае хрышчэнне. Хомчанка. У гэтым кутку.. [Андрэй] атрымаў як бы першае жыццёвае хрышчэнне. Пестрак.

•••

Баявое хрышчэнне — а) першы ўдзел у баі. [Букрэй] горача прывітаў партызан.. з першым баявым хрышчэннем. Колас; б) першае сур’ёзнае выпрабаванне ў якой‑н. справе. Механізаваныя групы абодвух атрадаў земляробчага цэха выйшлі на сваё баявое хрышчэнне. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзе́л 1, ‑у, м.

Сумесная дзейнасць пры выкананні чаго‑н., супрацоўніцтва. Прыняць удзел у выбарах. □ Маршрут паходу быў вызначан Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан. Колас. Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа. Лынькоў. // Непасрэдныя адносіны, дачыненне да чаго‑н. Давесці ўдзел у злачынстве. // Наяўнасць, прысутнасць чаго‑н. у чым‑н. На ўдзелу голасу і шуму зычныя падзяляюцца на санорныя і шумныя. Юргелевіч.

удзе́л 2, ‑а, м.

Гіст. На Русі 12–16 стст. састаўная частка буйных вялікіх княстваў, якая кіравалася членам велікакняжацкай сям’і; удзельнае княства. Зямля Полацкая была багатая і адчувала сілу, каб не лічыць сябе дробным удзелам, пазбаўленым пэўнай аўтаноміі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пранікнуць куды‑н., змяшацца з чым‑н. Сашка ўмяшаўся ў натоўп.. Доўга сядзеў на скверы і, як зачумлены, пайшоў да бацькі. Чорны.

2. Увайсці, унікнуць у чые‑н. справы, адносіны, прыняць актыўны ўдзел у іх. Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі [пані падлоўчай], бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё. Колас. У час умяшалася ў звадку і мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок. Мележ. [Машы] было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Шамякін. // Прыняць удзел у чым‑н. з тым, каб спыніць што‑н. [Семянюк:] — Я прыйшоў прасіць партыйны камітэт умяшацца і прыпыніць знішчэнне барка. Мяжэвіч. Вось ухапіліся [свёкар і бацька] ўжо за бароды... Маці ўмяшалася, Іх разнімае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́кцыя 1, ‑і, ж.

Дзеянне, накіраванае на дасягненне пэўнай мэты. Міралюбівая акцыя Савецкага ўрада. Дыпламатычная акцыя. Акцыя помсты. Агрэсіўная акцыя. □ [Кох:] не раз рабіў.. [Вейсу] непрыемнасці, пачынаючы якую-небудзь акцыю, не дамовіўшыся, не параіўшыся з ім. Лынькоў.

[Ад лац. actio — дзеянне.]

а́кцыя 2, ‑і, ж.

Цэнная папера, якая сведчыць пра ўнясенне пэўнага паю ў капіталістычнае прадпрыемства і дае права яе ўладальніку на ўдзел у справах і прыбытках гэтага прадпрыемства. Валодаць акцыямі. Скупіць акцыі. Трымаць акцыі. Рост каштоўнасці акцый. □ Большая частка банкірскага капіталу зусім фіктыўная і складаецца з даўгавых патрабаванняў (вэксаляў), дзяржаўных папер (якія прадстаўляюць ранейшы капітал) і акцый (пасведчанняў на атрыманне: будучага даходу). Маркс. Шалёна несліся ў гару акцыі фабрык і заводаў. Гартны. Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

•••

(Яго, яе, іх) акцыі павышаюцца — пра павышэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.

Акцыі падаюць — пра зніжэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.

[Фр. action.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыту́лак, ‑лку, м.

1. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., адпачыць, прабыць патрэбны час. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям. Мележ. Сафрон Дзядзюля .. цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Чорны.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей, старых і інш. Камітэт па справах бежанцаў змясціў хворую ў бальніцу, а сямігадовую Галіну накіраваў з партыяй дзяцей у адзін з дзіцячых прытулкаў Мінска. Галавач. Прыйшлі людзі, пагаравалі і, гледзячы на сірот, сказалі: — Куды іх цяпер? Застаецца адно — у прытулак. Данілевіч.

3. Права бяспечнага пражывання, што дае якая‑н. дзяржава іншаземным грамадзянам, якіх праследуюць улады іншых краін. Беларуская ССР дае права на прытулак іншаземцам, якія праследуюцца за абарону інтарэсаў працоўных і справы міру, за ўдзел у рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху, за прагрэсіўную грамадска-палітычную, навуковую або іншую творчую дзейнасць. Канстытуцыя БССР.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увяза́цца, увяжуся, увяжашся, увяжацца; зак.

1. Стаць увязаным, завязаным. Рэчы добра ўвязаліся. // Абвязаць сябе, укруціцца. [Кацярына:] — Гэта ж баліць, не пры вас кажучы, галава. А як увяжуся, то не так. Кулакоўскі.

2. перан. Прыйсці ў адпаведнасці з чым‑н. Увязаліся планы з мясцовымі ўмовамі. Заключэнне добра ўвязалася з асноўным тэкстам.

3. перан. Разм. Без дазволу накіравацца ўслед за кім‑н., далучыцца да каго‑н., хто ідзе, едзе. Пятым падарожнікам за імі ўвязаўся сабака, які ні на крок не адставаў ад гаспадыні, нібы баяўся яе згубіць. Дамашэвіч. // Сачыць за кім‑н., ідучы ўслед. [Кунцэвіч:] — Перш чым весці .. [Косцю] да нас, вакол дома паглядзі, каб услед за вамі ніхто не ўвязаўся. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыняць актыўны ўдзел у чым‑н.; уключыцца ў што‑н.; умяшацца. Увязацца ў бойку. Увязацца ў спрэчку. □ Косця адразу страціў ахвоту з Веркай гутарыць і пашкадаваў ужо, што ўвязаўся з ёй у размову. Карпюк. Ужо ўвязаліся ў справу аўтаматы, вінтоўкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́віць 1, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць.

Зак. да ставіць.

•••

Паставіць бутэльку — пачаставаць віном.

Паставіць вочы на каго — позіркам, выглядам выявіць варожасць.

Паставіць да ганебнага слупа — заклеймаваць ганьбай.

Паставіць з ног на галаву — няправільна растлумачыць што‑н., надаць процілеглы сэнс.

Паставіць на від каму — зрабіць заўвагу, папераджальную вымову.

Паставіць на (сваё) месца каго — збіць пыху з каго‑н., зрабіць рэзкую заўвагу каму‑н. пра нясціплыя паводзіны.

Паставіць на ногі — а) вылечыць ад якой‑н. хваробы. [Сямён Львовіч:] — Вы сур’ёзна хворы, і нашы намаганні паставіць вас на ногі не знаходзяць вашай падтрымкі. Кавалёў. Намаганні ўрачоў і розныя цуды медыцыны не заўсёды мелі сілу паставіць на ногі кожнага, хто трапляў сюды. Васілевіч; б) выхаваць, выгадаваць, давесці да самастойнага жыцця. [Аксіння:] Немаладая ж я, пажыла. Дзетак паставіла на ногі. Вярцінскі; в) давесці да належнага стану, падняць. Вярнуўся.. [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца. Хадкевіч; г) прымусіць прыняць актыўны ўдзел у чым‑н. [Іванчанка:] Люба!.. Мы знойдзем спосаб уведаць, дзе гэтыя дзеці... Я пастаўлю на ногі ўсю сваю разведку. Кучар.

Паставіць што на службу чаму — выкарыстаць што‑н. у інтарэсах чаго‑н., прымусіць служыць чыім‑н. інтарэсам, мэтам.

Паставіць пад ружжо — а) прызваць у армію; б) прымусіць прастаяць пэўны час пры поўным узбраенні (пакаранне ў царскай арміі).

паста́віць 2, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць.

Зак. да пастаўляць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)