скаблі́ць, скаблю, скобліш, скобліць; незак., што.
1. Знімаць, здзіраць з паверхні чаго‑н. верхні слой, кару і пад. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка. Дошкі сонечным ранкам.. майстра сушыў, Як паспелі, рубанкам, фуганкам Скабліў і скабліў. Куляшоў. // Абл. Чысціць (бульбу). А дзяўчынкай, яшчэ да вайны, часта гаспадарыла ў суседчынай хаце: падмятала і мыла падлогу, памагала бульбу скабліць. Лось.
2. перан. Біць, катаваць; караць. [Дзед:] — І пачалі яны [ворагі] там, у нейкім сутарэнні, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай... Брыль. Астап Вячэра расказвае, як яго скаблілі бізунамі за ўдзел у паўстанні рыбакоў. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)