перапы́нак, ‑нку, м.

1. Часовае спыненне якой‑н. дзейнасці, працы. Максімаў абвёў позіркам залу і абвясціў: — Зробім перапынак на трыццаць хвілін. Шахавец. // Прамежак часу, на які спыняецца якая‑н. дзейнасць. Абедзенны перапынак. // Адпачынак паміж урокамі. Школьныя перапынкі.

2. Перарыў у якім‑н. працэсе, пропуск. Раптам там наперадзе, куды падышоў эшалон, грукнулі гарматы, пасля яшчэ, яшчэ з перапынкамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Часовае жыллё, зробленае ў зямлі (іншы раз выступае на паверхню). Партызанскія зямлянкі. □ Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. [Каліна з Аннушкай] у кутку школьнага двара пачалі капаць зямлянку і зносіць туды свой набытак. Няхай.

зямля́нка 2,

гл. зямляне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жывато́к ’крынічнае месца’ (жыт., Яшкін), ’часовае русла ракі’ (палес., Талстой, Геогр.), жывато́чына ’крынічнае месца’, (слаўг., Яшкін). Укр. палес. жывотьок ’дрыгва’, животочина ’крыніца’ (Лысенка, СПГ). Ц.-слав., ст.-рус. животочьный ’жыватворны, цудадзейны’, ст.-рус. животекущий (аб вадзе). Жывая вада мае знач ’цякучая, крынічная вада’, а таксама казачнае ’цудадзейная вада’. Талстой (Геогр., 186) этымалагізуе жываток ад жывы і ток ’цячэнне’; гэта не выклікае пярэчанняў. Гл. яшчэ жывавод.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прака́т 1, ‑у, М ‑каце, м.

Спец.

1. Тое, што і пракатка. Пракат рэек.

2. Металічныя вырабы, атрыманыя шляхам пракаткі. Праз чатыры месяцы пасля пачатку вайны выпуск якаснага пракату ва ўсходніх раёнах краіны ўзрос удвая супроць даваеннага. «Звязда».

прака́т 2, ‑у, М ‑каце, м.

Перадача рухомай маёмасці ў часовае карыстанне за пэўную плату, а таксама карыстанне гэтай маёмасцю. Плаціць за пракат машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікі перапынак для адпачынку. Андрушка не даваў сабе і аднае хвіліны перадышкі. Лобан. [Пятро] пераканаў сябе, што зрабіў больш, чым сябры, а таму мае права на перадышку. Шамякін. // перан. Часовае спыненне якой‑н. дзейнасці. Тыдні два .. [вучні] старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Нарэшце настаўнік даў ім перадышку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыштава́нне, ‑я, н.

Часовае збудаванне з дошак або металічных трубак, якое ўстанаўліваецца ўздоўж сцен будынка для правядзення будаўнічых або рамонтных работ. За дзвярамі вагона мільгалі цагляныя будынкі ў рыштаваннях: будаваліся станцыі. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ. Толькі прынеслі вёдры з пабелкай, як Каця Шуплякова схапіла пэндзаль, спрытна ўскочыла на рыштаванні, папрасіла сябровак, каб падалі, раствор. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паводкачасовае падняцце вады ў вадаёмах у выніку раставання снегу або вялікіх дажджоў’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), па́вадкі (Нас., Гарэц., Грыг., Бяльк., Касп.), павы́дкі (Нар. сл.), паво́ддзе ’тс’ (Сцяшк., Сл.; Нар. лекс., шчуч.). Ад по- і вада з розным суфіксальным афармленнем. Аналагічна ў іншых славян: рус. по́водь, па́водок, польск. powodź, чэш. povodeň, серб.-харв. по̏водањ ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 294; Брукнер, 628; Махэк₂, 477). Сюды ж і па́вылка ’паводка, верхаводка’ (Бяльк.), дзе д > л у выніку нерэгулярных фанетычных змяненняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыштава́ннечасовае будаўнічае збудаванне’ (ТСБМ), ’часовыя падмосткі звонку зруба’ (Сцяшк.; Інстр. 2), ’падмосткі пад стог’ (ДАБМ, 878), рыштава́не ’рыштаванне’ (лід., паст., Сл. ПЗБ), рышта́к, рышто́ўка, рышту́нак ’рыштаванне’ (лельч., добр., ельск., жытк., Сл. ПЗБ), риштова́нне ’рыштаванне’, ’падмосткі’, риштова́ць ’рабіць падмосткі’, риштова́цьца ’падмашчывацца’, ’жульнічаць’, ришту́нокъ ’падмосткі’, ’падстаўка’ (Нас.), рыштава́ць ’рабіць падмосткі’ (Гарэц.), ст.-бел. рыштованье, рештаванье, риштованье, роштованье ’рыштаванне’ (1514). Запазычанне з польск. rusztowanie, rynsztunek ’узбраенне’, ’рыштунак’, якія ў сваю чаргу з ням. Rüstung ’узбраенне’, ’рыштунак’, rüsten ’рыхтаваць’, ’забяспечваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпы́нак, -нку, мн. -нкі, -нкаў, м.

1. Часовы перапынак у якім-н. дзеянні, часовае спыненне чаго-н.

Зрабіць п. на паляне.

Скакаць без прыпынку.

2. Месца, дзе прыпыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў.

Аўтобусны п.

3. Месца, якое можа служыць прыстанішчам, прытулкам.

Знайсці сабе п.

Знакі прыпынку — графічныя знакі (кропка, коска, двукроп’е і г.д.), якія расстаўляюцца ў пісьмовай мове паводле пэўных правіл для сэнсавага і (часткова) інтанацыйнага члянення тэксту.

|| прым. прыпы́начны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.; спец.).

П. механізм.

П. пункт.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сто́йбішча, ‑а, н.

1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.

2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.

3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)