Тру́па ‘калектыў артыстаў тэатра, цырка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з рускай мовы, у якой слова труппа паходзіць з ням. Truppe ‘трупа’, ‘атрад’, ‘войска’, апошняе запазычана з франц. troupe ‘натоўп, банда’, якое з позналац. trouppus ‘гурт’ і ст.-франк. þrop ‘група’, што ўзнікла ў выніку метатэзы з þorp ‘натоўп, гурт’, ‘сяло’, параўн. ст.-англ. þorp, þrop, англ. thorp ‘вёска’, ням. Dorf ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Чарных, 2, 267; Даза, 729; Васэрцыер, 237; ЕСУМ, 5, 657).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сур’ёзны ’паважны, грунтоўны, змястоўны, значны; задумлівы, заклапочаны’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’строгі, важны, упэўнены ў сабе’ (Ласт.), ’суровы’ (ТС), ’злы, куслівы’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сурʼёз ’паважнасць, строгасць’ (ТСБМ). Адаптаванае запазычанне праз рус. серьёзный ’паважны, значны, строгі’ з франц. sérieux (ж. р. sérieuse), звязанага з лац. sērius ’важкі’ (ЕСУМ, 5, 220; Чарных, 2, 158; Фасмер, 3, 612). Змены ў пачатку слова, як і ў размоўным рус. сурьёзный, тлумачацца ўплывам блізкага па значэнню суровы, гл. (Маліноўскі, PF, 3, 752).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табаке́рка ’скрыначка для табакі’ (ТСБМ, Шн. 2, Касп.; ашм., Стан.; Бяльк., Федар. 4), тобаке́рка, тобакі́рка, тобаке́рочка ’зробленая з кары каробачка для тытуню, для захавання дробных рэчаў накшталт іголак, нітак і інш.’ (палес., З нар. сл.; ТС). Укр. табаке́рка ’табакерка’, рус. табаке́рка, польск. tabakiera, tabakierka, серб.-харв., балг. табаке́ра, макед. табаке́ра, табаке́рка ’тс’. Праз польскую мову з франц. tabaquière ’табакерка’ (форма, вядомая з XVII ст.) < tabac ’тытунь’ (Фасмер, 4, 5; Чарных, 2, 223; ЕСУМ, 5, 498). Параўн. табацірка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турбі́на ‘рухавік, які выкарыстоўвае рух вады, пары ці газу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘вялікае кола ў вадзяным млыне’ (Скарбы₂). Праз рус. турби́на ці польск. turbina ‘вярчальны рухавік’ з франц. turbine ‘тс’ (Арол, 4, 118 — з ням. Turbine), якое штучна было ўтворана на аснове формы Р. скл. turbinis (SWO, 1980, 783; ЕСУМ, 5, 679) ад лац. turbō ‘вір, віхор, віхура, бура, вярчэнне’ ці turbineus ‘віхравы’, роднасных ст.-грэч. τύρβη ‘бязладдзе’, лац. turba ‘сумятня, натоўп’ (Чарных, 2, 272; Даза, 732).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́хлы ’поўны, тоўсты, мяккі’ (ТСБМ), ’апухлы’ (ТС), ’пульхны, пышны (пра хлеб)’ (брасл., дзятл., Сл. ПЗБ), ’пухкі’: падушка пухлая, пухлы снег (брасл., в.-дзв., там жа), укр. пу́хлий ’поўны, апухлы’, рус. пу́хлый ’тоўсты, поўны, раздуты’, ст.-чэш. pouchlý ’бясплодны; пусты’, харв. чак. pûhal ’пусты, уздуты, раздуты’, славен. púhel ’тс’, ст.-слав. пухлъ ’пусты’. Прасл. *puxlъ ’надуты’, прыметнік ад *puxati sę ’надувацца’ (гл. пухаць), параўн. Сной, 514; Фурлан–Бязлай, 3, 135. Чарных (2, 85) лічыць усх.-слав. словы новаўтварэннямі на аснове *puxnǫti (гл. пухнуць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубе́ж ’мяжа чаго-небудзь або паміж чым-небудзь’, ’дзяржаўная мяжа’, ’лінія абаронных збудаванняў’ (ТСБМ), ’кант, грань’ (Гарэц.), рубѣжъ ’граніца’ (Шымк. Собр.). Укр. рубі́ж ’край, мяжа; засечка’, рус. рубе́ж ’рубеж’, балг. ръбе́ж ’мяжа, мяжа паміж палямі’. Стараж.-рус. рубежъ ’засечка; знак мяжы’ (Сразн., 3, 179). З прасл. *rǫbežь ’метка, засечка’, вытворнага з суфіксам ‑ežь > ад *rǫbati, *rǫbiti ’сячы’ (гл. рубаць, рубіць) (БЕР, 6, 361; Чарных, 2, 125). Паводле Якабсона, рубеж ёсць царкоўнаславянская форма ў адносінах да рубёж ’высяканне лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 510).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Русло́ ’вясло’ (Сл. рэг. лекс.). Магчыма, з таго ж праславянскага *ruslo, што і ўкр. русло́ ’рэчышча’, руск. ру́сло ’тс’. Прасл. *rus‑ з і.-е. *reu‑s‑ (*rou‑s‑), дзе корань *reu‑ (*rou‑) мае значэнне ’разрываць, рыць’. Параўн. літ. raũsti ’рыць’, лат. *raust ’рыць, зграбаць’. Такім чынам, *ruslo магло значыць ’тое, чым разрываюць, рыюць’, ’струмень, які вырыў рэчышча’. Калі рус. ру́сло ’рэчышча’ з рух, рушыць (гл.), то слова можна патлумачыць як назву прылады руху, параўн. Фасмер, 3, 521; Чарных, 2, 128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпе́да ’падводны сігарападобны снарад’ (ТСБМ), сюды ж тарпэ́ды ’басаножкі’ (Сцяшк.). Праз рус. торпе́да, польск. torpeda з англ. torpedo ’электрычны скат; тарпеда’ < лац. torpēdo ’стан нерухомасці; электрычны скат’. У сучасным значэнні з пачатку XIX ст. (ЕСУМ, 5, 608; Чарных, 2, 252; Голуб-Ліер, 485). Назва басаножак, хутчэй за ўсё, па знешняму падабенству. Меркаванні Лаўчутэ (Балтизмы, 133) аб запазычанні назвы з балтыйскіх моў, параўн. літ. pė́de, pėdžià ’басаножка, падэшва з вяровак’ < pė́da ’ступа, ступня’, пры няясным паходжанні пачатку слова не пераконваюць. Параўн. танкеткі, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́на ‘ўзвышэнне для выступлення прамоўцы’, ‘месца, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца для выступоўца’ (Вруб.), трібу́на ‘тс’ (Бяльк.). Праз рускую ці польскую мовы запазычана з франц. tribune ці італ. tribuna, якое з с.-лац. tribuna ‘трон епіскапа’, а апошняе — з лац. tribūnal ‘вышэйшае, узнятае месца для абвяшчэння прамоў’, ‘трыбуна суддзі, правадыра’ < tribūnus ‘начальнік гарадскога квартала, які ў Старажытным Рыме называўся tribus ‘чыноўнік, народны трыбун’ (Чарных, 2, 262; Голуб-Ліер, 489; SWO, 1980, 779; ЕСУМ, 5, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́шчак ’трэль, перарывісты дрыжачы гук’, ’рэха’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), по́ушчак ’пошчак’, ’рэха’ (Сержп., 1911). Утворана з дапамогай прыстаўкі по- (*po‑) ад гукапераймальнага кораня *šček‑, вядомага толькі заходнім і ўсходнім славянам (Фасмер, 4, 499–500; Брукнер, 544; Чарных, 2, 431), параўн. ст.-бел. щекати ’брахаць’, рус. дыял. щёкот ’пра шчабятанне птушак’, щеко́тка ’сарока’, пощектать ’пабалбатать’, ще́кать, щечи́ть ’гаварыць голасна і хутка’, ’сварыцца’, стараж.-рус. щекотъ ’песня салаўя’ (“Слова пра паход Ігаравы”), польск. szczekać ’брахаць’, чэш. štěkati ’брахаць’, в.-луж. šćekać so ’кпіць, жартаваць’. Гл. шчакаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)