гайдама́к, ‑а, м.

1. Удзельнік народна-вызваленчай барацьбы на Правабярэжнай Украіне і поўдні Беларусі супраць польска-шляхецкага прыгнёту ў 18 ст.

2. Салдат асобых конных часцей контррэвалюцыйнай Цэнтральнай украінскай рады, а таксама розных контррэвалюцыйных атрадаў Пятлюры і Скарападскага ў перыяд грамадзянскай вайны 1918–20 гг. І вось разбіты гайдамакі, Пятлюра ледзь уцёк. Броўка.

[Тур. haydamak.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да захавацца.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца, змяшчацца дзе‑н., у чым‑н. Да 1941 года чучала.. [зубра] захоўвалася ў заалагічным музеі ў Белавежы. В. Вольскі. Частка.. [ранніх твораў Бядулі] не друкавалася і захоўваецца ў рукапісным аддзеле цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. Каваленка.

3. Зал. да захоўваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́нны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў палоне (у 1 знач.). Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. / у знач. наз. пало́нны, ‑ага, м.; пало́нная, ‑ай, ж. Два палонныя, намагаючыся да апошняга, цягнулі пад рукі таварыша, каб не даць яго пад кулю. Брыль. // Захоплены, заняты войскам ворага. Палонны Віцебск. Камера. Астрог. Каменная падлога — не мурог. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пігме́й, ‑я, м.

1. Прадстаўнік карлікавых плямён Цэнтральнай Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі. // Пра чалавека маленькага росту. Комін відаць на многа кіламетраў навокал. Акурат — строгі палец велікана, што паказвае пігмеям на вечнае неба. Бядуля. // Пра прадмет, жывёліну, расліну вельмі малых памераў.

2. Нікчэмны, абмежаваны чалавек. Згіньце, Пігмеі і душагубы, Аматары склок І майстры інтрыжак. Кірэенка.

[Грэч. pigmáios — велічынёй з кулак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ацале́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які аказаўся цэлы сярод разбуранага, уцалелы. Шура скора знайшла гэты дом — у цэнтры горада, адзін з ацалелых дамоў на цэнтральнай плошчы. Арабей. Адразу ж за вёскаю пачынаецца лес. І не проста лес, а даўні, ацалелы ад сякеры і пілы. Кавалёў. // Які захаваўся, не загінуў. Напаўжывыя ў вёску мы прыбеглі, Мы, ацалелыя падлеткі-пастухі. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самату́гам, прысл.

1. Без дапамогі цяглавай сілы, на сабе. Тады на заводзе былі ўсяго дзве печы. Рабочыя саматугам вазілі ў іхнія ненасытныя зеўры на тачках торф. Даніленка. Раніцай, у скорым часе пасля пад’ёму, на цэнтральнай дарозе паказвалася двухколка, якую саматугам цягнулі палонныя. С. Александровіч.

2. перан. Сваімі сіламі, без дапамогі. Зміцер сам праз сябе, саматугам выбіўся ў людзі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крывасмо́к 1, ‑а, м.

1. Кажан, які жывіцца кроўю жывёл (жыве ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы).

2. Пагард. Тое, што і крывапівец. Аўтар метка біў у гэты казённы шчыт царскай асобы і рашэціў яго, сцягваючы з цара далікатныя покрывы і паказваючы ў сапраўдным, непадмалёваным, грубым выглядзе чалавека-павука, найбольшага крывасмока на целе народа. Колас.

крывасмо́к 2, ‑у, м.

Шматгадовая лекавая расліна сямейства ружакветных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Або́е (БРС), абоі ’абодва’ (Шат., Касп., КЭС). Параўн. абодва. Адна з дзвюх праславянскіх форм з і.-е. паралелямі: рус. обое, ст.-рус. обои, ст.-слав. обо, ст.-чэш. oboj, літ. abeji, лат. abejì, ст.-прус. abbai, abbaien, гоц. bai, ст.-інд. ubháyam, Фасмер, 3, 104. Форма, якая адпавядае бел. абодва, на славянскім грунце больш пашырана, але мае балта-славянскі інавацыйны характар (гл. абодва). Абоі — гэта індаеўрапейскі архаізм, які захаваўся толькі ў некаторых славянскіх мовах, у тым ліку старажытнапісьмовых (стараславянскай, старажытнарускай і старажытначэшскай). Той факт, што гэта слова сустракаецца ў гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, сведчыць, што яно спрадвечнабеларускае, а не запазычанне з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяро́н, сярэ́н, сару́н, се́ран, се́рань ’шарпак, замерзлы зверху снег пасля адлігі’ (Мат. Гом.), сяру́н, шару́н (шеру́н) ’ранні сакавіцкі снег, па якім можна хадзіць не правальваючыся’ (Мядзв.), сярён, сіра́н ’замерзлы снег пасля адлігі’ (Бяльк.), сяра́н ’шарпак’ (Юрч.), се́рэн (сѣрэн) ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. сере́н ’тс’, рус. серён, се́рен ’тс’, польск. śron ’іней, імжа’. Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (БЛ, 40, 54–55), формы з пачатковым с‑ з’яўляюцца архаізмамі, выціснутымі з цэнтральнай Беларусі формамі з пачатковым ш‑ (гл. шарон) пад уплывам літоўскага субстрату, што сумніўна, параўн. сяру́нь ’шарпак’ з тэрыторыі Літвы (шальч., Сл. ПЗБ) і пярэчанні Анікіна (Опыт, 275). Гл. се́ран.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цэнтралі́зм, ‑у, м.

Сістэма кіравання ці арганізацыі, пры якой мясцовыя органы падпарадкаваны цэнтральнай упадзе, цэнтру (у 5 знач.). Цэнтралізм кіравання. Прынцып цэнтралізму.

•••

Дэмакратычны цэнтралізм — кіруючы прынцып арганізацыйнай будовы КПСС і Камуністычных партый, а таксама органаў дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый у СССР і сацыялістычных краінах, які азначае: выбарнасць усіх кіруючых органаў знізу даверху, справаздачнасць усіх органаў перад нізавымі арганізацыямі, строгую дысцыпліну і падпарадкаванне меншасці большасці, абавязковасць рашэнняў вышэйшых органаў для ніжэйшых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)