хварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. на што, чым і без дап. Быць хворым на якую‑н. хваробу. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца. Мележ. Стары жыватом хварэў. Лось. [Нахлябіч] пеша ў горад хадзіў.., аж хварэў пасля гэтакай нялюдскай дарогі. Чорны.

2. перан.; за каго-што. Трывожыцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Хварэць за план. □ Тое, што .. [Наташа] хварэла за поспехі і няўдачы брыгады, было звычайным праяўленнем яе натуры. Краўчанка. Усім, хто меў дачыненне да калгаса і хварэў за яго лёс, зрабілася не па сабе. Ясна, сіласу было мала. Ермаловіч. // чым. Востра перажываць што‑н. Сапраўдны паэт, на думку Янкі Лучыны, неразлучны са сваім народам, ён тужыць яго тугою, хварэе яго хваробамі. Ларчанка. // на што, чым. Мець які‑н. недахоп, якую‑н. слабасць. Я быў нехлямяжы, сарамлівы і гарачліва, затоена хварэў на самалюбства. М. Стральцоў. [Максім:] — Можа, [Сашка] проста хварэе нездаровай цікавасцю. Машара.

3. перан.; за каго-што. Хвалявацца за чые‑н. спартыўныя поспехі. Па тэлевізары перадавалі футбольны матч. Клаўдзія Пятроўна пачала бурна хварэць за мінскае «Дынама». Васілёнак.

•••

Хварэць душой — трывожыцца за каго‑, што‑н.

Хварэць на пана — весці сябе фанабэрыста, высакамерна ў адносінах да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тонка ссуканая пража, якая выкарыстоўваецца для шыцця, вязання і пад. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч. За прасніцай некалі маці тужыць, Суровая нітка праз пальцы бяжыць. Вялюгін.

2. Нізка (пацерак, караляў і пад.). Да .. шыі [мадонны на карціне] была падвешана (прыбіта цвічкамі) нітка сапраўдных караляў. Чорны.

3. Прадмет, які па сваёй форме падобны на нітку. У іржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. // перан. Аб чым‑н. такім, што нагадвае нітку. [Самалёты] пакідалі за сабой танюткія серабрыстыя ніткі следу. Лынькоў.

4. перан. Аб чым‑н. пабудаваным, што выцягнулася ў выглядзе простай лініі. Нітка чыгункі. Нітка трубаправода. □ Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю. Лужанін.

5. перан. Тое, што злучае, служыць для сувязі. Газеты з’яўляюцца для Міхалкі вышэйшай школай — універсітэтам. Яны злучаюць яго нябачнымі ніткамі з усім светам. Бядуля. // Рад, чарада чаго‑н. Нітка ўспамінаў. □ Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай. Лынькоў.

•••

Да (апошняй) ніткі — усё, поўнасцю, да канца (аграбіць, абабраць, праліць і пад.).

На жывую нітку — нетрывала (зрабіць што‑н.). Двор зарос травой, паркан пастаўлен на жывую нітку, на хляве — прагніўшая страха. Навуменка.

Прамокнуць да ніткі гл. прамокнуць.

Праходзіць чырвонай ніткай гл. праходзіць.

Шыта белымі ніткамі гл. шыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марката́, маркота́, моркота́ ’сум, туга, журба’, ’клопат, турбота, перажыванне’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), маркотна, моркотно ’сумна’ (маг., паўд.-усх., КЭС; калінк., З нар. сл., ТС), маркотны(й) ’сумны, тужлівы, сонны’ (ТСБМ, Грыг., Мал., Мядзв., Яруш., Бяльк., Растарг., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), маркоціцьтужыць, прыводзіць у сум, журбу’, маркоціцца ’сумаваць, журыцца’, ’чакаць, нічога не рабіўшы’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; лях.), ’хіліць на сон’ (Сл. ПЗБ), марката́ць, моркіта́ ты, моркота́ты ’буркаваць (пра птушак)’ (паўн.-усх., КЭС; Сержп. Грам.), ’тс’, ’мармытаць’ (Доўн.-Зап., пін.), маркату́н, марко́тны ’сумны, маўклівы чалавек’ (Нас.). Укр. моркота ’трывога, непакой’, ’дрэнны настрой’, миркотати ’мармытаць’, ’гаварыць незразумелае’, ’наракаць’, мо́ркнути ’бурчаць’, рус. моркота́ть ’тс’, мо́ркотно, морко́тно ’сумна, тужліва, надакучліва, турботна’, моркотать пск., цвяр. ’мармытаць’, ’наракаць’, смал. ’муркаць, пець курну’, польск. markotać ’бурчаць’, markotny ’маркотны’, markotnieć ’рабіцца тужлівым’, margocić się ’засмучацца’, чэш. ляш. mrkotny ’заспаны, заплаканы’, mrkotati ’сварыць’, славац. mrkotný ’раззлаваны, непрыемны, з дрэнным настроем’, славен. mřkniti ’бурчаць’, ’гудзець (аб насякомых)’. Прасл. mъrk(o)tati ’бурчаць’. Фасмер (2, 656) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Махэк₂ (380) мяркуе, што паводле семантыкі чэшскіх лексем гэтыя словы перш-наперш азначалі благі душэўны стан, а потым адмоўны душэўны настрой. Ён адносіць іх да і.-е. асноў, збліжаючы генетычна з брэтон. morchet і карн. moreth ’хлопаты, мітрэнгі, злосць, бурчанне’, а таксама з хецк. markiya ’адкідаць, адвяргаць, не ўсхваляць’ (Кноблах, Kratylos, 4, 39). Кюнэ (76) мяркуе, што бел. маркотны запазычана з польск. мовы. Мартынаў (вусн. паведамл.), як і Махэк, лічыць гэту лексему кельтызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трухлі́вы ‘баязлівы’ (Нас., Гарэц.), сюды ж труха́ць, тру́хнуць ‘баяцца, палохацца’ (Рэг. сл. Віц.), трухну́ць ‘спужацца, спалохацца’ (Некр. і Байк., Юрч. Сін.), ст.-бел. трухливость ‘баязлівасць’ (ГСБМ). Параўн. укр. трухлі́ти ‘дранцвець ад жаху’, рус. (с)трухну́ть ‘спалохацца’, польск. truchleć ‘слабець, дранцвець, камянець’, truchliwy ‘спалоханы’, truchły ‘тс’, potruchleć ‘спужацца, збаяцца, заняпасці духам’, каш. trëxlec ‘губляць надзею, сумнявацца’, н.-луж. tšuchły ‘баязлівы’, tšuchlak ‘тс’, tśuchleć ‘станавіцца змрочным, панурым’, в.-луж. truchty ‘заклапочаны, неспакойны’, ‘баязлівы’, ‘сумны, змрочны’, truchlíc ‘трывожыць’, чэш. truchliti, truchleti, славац. trúchliť ‘смуткаваць, тужыць’, truchlivý ‘сумны, журботны’. Звычайна рэканструююць прасл. *trux‑, *trusl‑ і супастаўляюць з лат. traušâties ‘баяцца’ < і.-е. *ter‑ ‘церці, рэзаць, вярцець’ > ‘крышыць’ > ‘трухлявець’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 227; Каруліс, 2, 423). Махэк₂ (654) мяркуе, што праславянскае слова магло б мець форму *truxlъ, роднасным яму будзе с.-ірл. trúag ‘смутны’. Паводле Куркінай (Этимология–1994–1996, 49), на базе зыходнай формы (гл. трухлы) у заходнеславянскіх мовах замацавалася значэнне ‘баязлівы’, ‘сумны’, гл. таксама Борысь, 643. Адносна рус. трухну́ть яшчэ Даль (1882, 4, 438) ставіць яго ў адзін рад з роднаснымі дзеясловамі тру́сить, тру́шивать ‘баяцца, палохацца’. Фасмер (4, 112) мяркуе, што рус. (с)трухну́ть з’яўляецца новаўтварэннем ад трус ‘баязлівец’, а ўкр. трухлі́ти можа быць запазычаннем з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 662). У такім выпадку зах.-слав. *trux‑lъ, *trux‑livъ будзе праславянскім рэгіяналізмам. Для трухну́ць ‘спужацца’ не выключана самастойнае развіццё на аснове трухну́ць ‘страсянуць, скалануць’ (Нар. Гом.), гл. трусіць, трэсці. Параўн. і ст.-бел. почал троухленъ быти дрыжачий (Карскі 2-3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Адчуваць сум, смутак; аддавацца душэўнай горычы. Недзе, далёка, Сумуе гаротная матка. Танк. Паблізу ад сябе .. [Марыля] чуе ласкавы, спачувальны голас: — Не сумуйце так, ле пакутуйце. Кулакоўскі. [Маці:] — А Надзя твая [Федзечка] вельмі сумуе. Часта да нас забягае і ўсё плача. Няхай. // Журыцца. Першыя дні, калі бацька паехаў у адпачынак, Надзейка, прыходзячы дадому, сумавала. Хадкевіч. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш.. ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. Не пішы аб тым мне, Што ўсё сумуеш, Я таксама, знаю, Сёння не засну. Тарас. / у перан. ужыв. Сумуе клён у поплаве на грудзе. Русак.

2. па кім-чым. Адчуваць душэўную трывогу, маркоту; тужыць па кім‑, чым‑н. У першы дзень Міхась сумаваў па матцы. Якімовіч. Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос, Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен. Кірэенка. Скажу адно, можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Зазнаваць патрэбу ў чым‑н.; перажываць без чаго‑н. [Марына] нярэдка сумавала па заводу. Шахавец. І трэба сказаць — сумуюць па ёй [лесарубнай справе] яго багатырскія плечы! Якімовіч. // Маркоціцца (пра жывёл). Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны.

3. Нудзіцца. У хаце, быццам у вуллі, Тут сумаваць няма калі! Барадулін. Прыходзіць дадому. Сумуе адзін... Якую прыдумаць работу? Бялевіч. // Знаходзіцца ў бяздзейнасці (пра рэчы). І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сма́га1 ‘моцнае жаданне піць’, ‘недахоп вільгаці, суша, спёка’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Пятк. 2, Шат., Нік. Очерки, Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), сма́га, сьмя́га ‘тамленне, млосць’, сма́га ‘белы згустак на губах’ (Ласт., Варл.), ‘засмягласць вуснаў пры гарачцы’, ‘іржа на збожжы’ (Арх. Федар.), ‘марыва ад спёкі’, ‘загар’ (Гарэц.), сма́гнуць ‘знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні’, ‘перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот)’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., З нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ), ‘марнець’ (ганц., Сл. ПЗБ), сма́жыць ‘гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.)’, безас. ‘пра сухасць у роце, выкліканую смагай’, ‘апякаць прамянямі, паліць (пра сонца)’ (ТСБМ, Нас., Байк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Укр. сма́га, сма́гнути, сма́жити ‘тс’, рус. зах., паўд. сма́га, сма́гнуть, смя́гнуть, сма́жить ‘тс’, стараж.-рус., ст.-рус., ц.-слав. смага ‘агонь; сухасць; гарачка’, ст.-польск. smaga ‘сухасць у роце’, smażyć ‘сушыць, падпякаць’, в.-луж. smaha ‘загар’, smahnyć, smažíc, н.-луж. smaga ‘апёк; поле пад парам’, smagnuś, smažyś, чэш. старое smaha, smáha ‘пах нечага спаленага’, smahnouti ‘сохнуць, сушыцца’, славац. smažiť ‘сушыць’ харв. дыял. smȁga ‘вялікая прагавітасць’, серб.-харв. сма̀гнути ‘пацямнець, загарэць’, славен. smága ‘смуглая скура’, smágnitiтужыць’. Цяжка звесці да адной праформы. Прасл. *smaga выводзяць з *smažiti ‘сушыць на сонцы’ па тыпу *slava*slaviti (гл. Бязлай, 3, 268), параўноўваюць з літ. smogóti ‘сушыць’ (гл. Рэйзак, 584), дзе кароткая ступень вакалізму суадносіцца з *smagnǫti ‘тс’. Вакалізм славянскіх слоў тлумачыцца ўплывам *pražiti ‘пражыць’ і роднасных, аднак поўнасцю прыняць версію перашкаджаюць формы з каранёвым ‑o‑ (гл. смаголь). Махэк₂ (559) набліжае гэтыя словы да ням. schmachten ‘сохнуць, мучыцца смагай або голадам’. Гл. Фасмер, 3, 663 з іншай літ-рай, Шустар-Шэўц, 1317. Міклашыч (311) і Праабражэнскі (2, 333) адносяць сюды ж смуглы (гл.) з іншай ступенню чаргавання. Паводле Куркінай (Этимология–1985, 11), для праславянскага стану характэрна этымалагічнае гняздо з чаргаваннем асноў *smeg‑/*smog‑/*smaga. Гл. яшчэ смяга.

Сма́га2, смага́ ‘налёт пылу, копаці’ (смарг., чэрв., Сл. ПЗБ). Семантычная кантамінацыя смага і смуга (гл.).

Сма́га3 ‘гора, бяда’, сма́гнуць ‘гараваць, бедаваць’ (слуц., Моўныя адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 268), сма́га ‘гора, бяда, няшчасце’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. укр. дыял. смага́ ‘бяда’. Няясна; магчыма, працяг семантычнага развіцця смага1 (гл.), сма́гнуць. Параўн. ЕСУМ, 5, 315.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па 1, прыназ. з Д, В, М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якіх адбываецца рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ісці па вуліцы. Прайшоў па калідоры. □ Па гладкай, як шкло, магістралі, Дзе белыя ліпы цвітуць, Нібыта блакітныя хвалі, Машыны плывуць і плывуць. Хведаровіч. Па шляху цягнуліся фурманкі. Галавач. Пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Чорны. // Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ціхая дума блукае па твары сястры. Кірэенка. Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах. Лынькоў. А песня то расінкай блісне, То, як вяроўкаю тугой, Жальбой раптоўна горла сцісне І па шчацэ збяжыць слязой. Вялюгін.

2. з Д у адз. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н. Чаканка па металу. □ Мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша. Брыль. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Лынькоў.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Скрыган. Мне здаваўся даўгім яго шлях, Босы, бег ён праз ямы, Па халоднай зямлі, па лістах І па сэрцы маім Таксама. Куляшоў. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Ўздоўж і ўпоперак гуляць! Колас. // Пры абазначэнні шэрагу аднародных прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне. Горда сталі Плячыстыя гумны — Усё лета забралі яны, І па хатах калгасных удумна Падлічаюцца працадні. Броўка. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам. Лынькоў. Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, месцы, якія хто‑н. часта наведвае. Хадзіць па дактарах.

4. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у кірунку, прытрымліваючыся напрамку чаго‑н. Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры. Брыль. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... Вярцінскі. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

5. з В, а таксама з М. Ужываецца пры ўказанні на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго‑, чаго‑н. (са словамі «бок», «старана», «край», «рука» з азначэннямі). Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Чорны. Па абодва бакі [сцежкі] ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Караткевіч. З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла падбудаваная і зусім яшчэ прыстойная хата. Гартны. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго‑н. Улезці ў ваду па пояс. Колы вязнуць у пяску аж па ступіцу. □ Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені. Лынькоў. Ужо лісце пад нагамі Аж па забарсні шуміць. Броўка.

Часавыя адносіны

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што‑н. адбываецца, існуе. Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. Веру дрэву, веру зверу, Веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру — Ў бітве ворагу скажу. Кірэенка.

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, перыяду і пад., пасля якіх што‑н. адбываецца. З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, .. [Севярын] пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Караткевіч. І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Дзень добры, новая мясціна! Спаткаў, ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі. Колас. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе — рукі ў бок Ды ў скокі крок у крок! Купала. // Ужываецца пры абазначэнні асобы ў выразах: «памяць па сабе», «памяць па ім» і пад. Цяпер, калі ўжо .. [Булгакава] няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, .. я .. дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу. Брыль. // Ужываецца для абазначэння паслядоўнасці дзеяння (у выразах тыпу: «раз па разу», «кропля па кроплі» і пад.). Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак. Лынькоў. Навуку трэба выкладаць па-навуковаму — кропля па кроплі, зразумела, дакладна. Пестрак.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога‑н. дзеяння. Вось і па дажджы! □ [Пніцкі:] — Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная. Чорны.

10. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, калі адбываецца дзеянне. Ён сек тайгу, паліў карчы старанна І проса ў лядах сеяў па вясне. Куляшоў. // з М у мн. Ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі такі часу. Крапіва.

11. з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. □ Калі мне бывала весела, Калі мне бывала радасна, Я часта па цэламу месяцу Твайго не знаходзіў адраса. Панчанка. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімаецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

12. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Стукнуць па стале. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. □ Б’юць пранікі цяжкія па вадзе, Аж рэхам адклікаецца чарот. Танк. Гордыя замежныя салдаты, Зорку запрыкмеціўшы маю, Па панелі грукаюць заўзята І з павагай чэсць нам аддаюць. Панчанка. Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, Ім дружна адгукаецца капеж. Звонак. Я не ведаю, чаму мне так уцешна, Як зазвоніць восень меддзю па лістах. Васілёк. Неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася. Чорны.

13. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы і г. д., аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Туга па радзіме. □ Па сонцу і вясне душа засумавала. Колас. — Па партызану будзе бедаваць І безуцешна горка слёзы ліць Старая маці, а па казаку Дзяўчына чарнабровая тужыць. Танк.

14. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. □ Я ж гадзіннік з сабой захапіў, Час па ім Назіраю, Бо шчасліўцам ніколі не быў, Быць такім Не жадаю. Куляшоў. Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу. «Маладосць».

15. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой‑н. дзейнасці. Дырэктывы з’езда па пяцігадоваму плану. Работа па стварэнню калектываў мастацкай самадзейнасці. □ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Лынькоў. У нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... Скрыган. Пісьменнік [К. Чорны] неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы. Кудраўцаў.

16. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з чым‑н., паводле якіх‑н. прымет. Дождж прайшоў як па заказу. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. □ Героі рамана [«Людзі на балоце»] кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця. Брыль. Я сам сяброў сваіх па ўзросту Вітаю ўсіх, Сабраўшы ў круг. Глебка. // Ужываецца пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па універсітэту. Брат па бацьку. Сяброўкі па палатах. □ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... Брыль. І сніў ён сяброў па заставе. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на таго, згодна з чыёй‑н. думкай, тэорыяй, чыімі‑н. поглядамі адбываецца дзеянне. Фільм па Талстому. Жыць і змагацца па Леніну. □ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю.. [унук] глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... Шамякін. «Ах, прастата — як гэта неабходна!» — часта паўтараў.. [Л. Талстой], гэты — па Горкаму — «апошні і сапраўдны арыстакрат рускай літаратуры». Брыль.

17. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры ўказанні на падставу, аснову якога‑н. дзеяння. Ведаем вас па газетах. Разумець па вачах. □ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалавіну зроблена. Колас. Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што.. [чалавек] спіць спакойна. Караткевіч. А я па званочку твайму здагадаўся, Хто.. на дасвецці раніцай чыстаю Дзецям на флейце песні высвіствае. Вітка. Па беламу білету тры сыны яго жылі. Куляшоў.

Размеркавальныя адносіны

18. з Д, В і М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць паслядоўнасць, паступовасць або ўказваюць на размеркаванне: а) з назоўнікамі (у тым ліку са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) — з Д у адз. і М у мн. Перабраць па каліву. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Прывезці дзецям па дзесятку яблыкаў. Па рублю кілаграм. □ Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» Хомчанка. Я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. Вярцінскі. — Ад польскіх гарнякоў, — з усмешкай сказаў.. [стары], падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру — па празрыстаму саляному арлу. Брыль. А траву пакашу — Дам вам сена па кашу. Вітка; б) з лічэбнікам «адзін» — з Д або М у адз. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз. Мележ. Ішлі мядзведзіцкія [сяляне] па адным, па два, хапаючыся за шулы і штыкеты. Крапіва; в) з лічэбнікам ад «двух» і далей — з В (прычым форма В і з адушаўлёнымі назоўнікамі звычайна як Н, хоць дапускаецца і як Р). Па два, па пяць, па пяцёра, па дваццаць, па дзевяноста, па сто, па трыста, па семсот; па паўтара, па паўтары. □ [Вера:] — А бачыла, колькі жанчын найшло на калгасны двор? Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы. Кулакоўскі. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. [Кірыла:] — І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Чорны.

Колькасныя адносіны

19. з Д, В і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць: а) з назоўнікамі — з Д у адз. і М у мн. Кавалкі па метру. Яблыкі па кулаку. Капуста па вядру. □ Ля тыноў і платоў — высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі. «ЛіМ». Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі. Пташнікаў; б) з лічэбнікамі ад «двух» і далей — з В. Здымалі ўраджаі па сорак цэнтнераў. Жэрдкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. □ Тут — хата ў хату, паглядзець, Па шэсць, па сем акон, Над кожным дахам дроту медзь Заводзіць перазвон. Астрэйка. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней.. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. □ Пісьмо па парадку Уголас чыталі. Куляшоў. — Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў. Сачанка.

Прычынныя адносіны

21. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Зрабіць што-небудзь па непаразуменню. □ [Шэмет:] — Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз’язджаць па ўсялякаму глупству. Лобан. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Брыль.

22. з Д і М у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Меркаваць аб заўтрашнім надвор’і па вячэрняму небу. Здагадацца аб намеры па вачах.

Мэтавыя адносіны

23. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Схадзі па бацьку. □ Па маліну хадзілі ў сад, Абтрасалі бэры. Куляшоў. Пакуль Колька бегаў у магазін па чай, .. [жанчыны] сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Грахоўскі. І нядарам біты сцежкі Непракладзеных дарог, І нядарам па усмешкі Ты хадзіў на мой парог. Глебка.

па 2,

Асобная фігура ў танцы; танцавальны крок.

[Фр. pas — крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)