палі́тра, ‑ы, ж.

1. Дошчачка, пласцінка з выразам для вялікага пальца, на якой мастак расцірае і змешвае фарбы. Маладыя хлопцы з палітрамі і пэндзлямі ў руках працавалі за мальбертамі. Машара. Самога дырэктара студэнты засталі перад расцягнутым на падромніку палатном, з палітрай у руках. Карпюк.

2. перан. Падбор фарбаў у асобнай карціне, у творчасці мастака. Палітра Тыцыяна. // перан. Сукупнасць вобразна-выяўленчых сродкаў у творчасці пісьменніка, акцёра, кампазітара і інш. У вобразнай палітры Максіма Танка пачалі поўнасцю гаспадарыць фарбы светлыя, святочныя. Рагойша. Іграючы адмоўныя ролі, я імкнуўся ў іх выкарыстоўваць усю шматкаляровую палітру фарбаў жыцця. Сяргейчык.

[Ад фр. palette, ад іт. paletta — лапатка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., што.

1. Разбіць, паламаць, разваліць, ператварыць у руіны. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Шамякін. Цяпер жа Грысева хатка выглядае зусім адзінокай, бо вёску Паддубаўку немцы спалілі, пасеку разбурылі, а калгасныя агароды запуставалі. Кулакоўскі. // перан. Давесці да поўнага развалу. Разбурыць гаспадарку. // перан. Парушыць, прымусіць распасціся. Разбурыць сям’ю.

2. перан. Загубіць, знішчыць, расстроіць. Усе мыслі аўтара накіраваны былі на адно і білі ў адну цэль: разбурыць веру ў цара. Колас. Вайна бязлітасна разбурыла светлыя мары. Данілевіч. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любага чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́тасць, ‑і, ж.

Добрыя, велікадушныя адносіны. Давалі людзі ёй дарады, Куды схадзіць, каго спытаць. Хадзіла, мер[а]ла прысады, Каб літасць, праўду напаткаць. Колас. // Жаласць, спагада. Вялікія светлыя вочы [дзяўчыны] глянулі на мяне з мальбой і страхам, нібы прасілі літасці. Ваданосаў. Вядома, праўленне не дасць ніякай літасці гультаям, раскрадальнікам грамадскага дабра. Паслядовіч. // Памілаванне; міласць. [Сцяпан Іванавіч:] — Пападзешся — літасці не чакай, вораг люты і небяспечны. Новікаў.

•••

Без літасці — а) жорстка, строга, сурова; б) неміласэрна, не шкадуючы. Мучыць кашаль, загрызаюць да смерці камары, без літасці пячэ сонца... Васілевіч.

Здацца на літасць каго гл. здацца.

Мець літасць гл. мець.

Не даваць літасці гл. даваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.

2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпі́страфа, ‑ы, ж.

Стылістычная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднаго і таго ж слова або выразу на пачатку і ў канцы ці толькі ў канцы строф, напрыклад: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла». Багдановіч. «У тым сяле, дзе я не быў ніколі, І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Ўсё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі». Гілевіч.

[Ад грэч. epistrophe — вярчэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тёмный в разн. знач. цёмны;

тёмная ночь цёмная ноч;

тёмные во́лосы цёмныя валасы́;

тёмная вода́ мед. цёмная вада́;

тёмный смысл цёмны сэнс;

тёмное де́ло цёмная спра́ва;

све́тлые и тёмные воспомина́ния све́тлыя і цёмныя ўспамі́ны;

тёмные си́лы цёмныя сі́лы;

темны́м-темно́ цёмна-цёмна, цямню́сенька;

тёмный лес цёмны лес;

темна́ вода́ во о́блацех книжн. цёмная спра́ва, нічо́га не я́сна.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

фа́кел, ‑а, м.

1. Свяцільня, звычайна ў выглядзе палкі з наматаным на канцы прасмоленым пакуллем. Мама ўжо хацела бегчы да рыбакоў, каб шукаць [Рыму] з факеламі на рэчцы, але тут адчыніліся дзверы і на парозе паказалася Палагея Аляксандраўна. Васілеўская. Чалавек дзесяць немцаў мітусіліся каля хат, з бутэлькамі і палаючымі факеламі ў руках. Якімовіч.

2. перан. Пра таго, хто (або тое, што) нясе веды, свабоду, ісціну і пад. Нязгасным полымем гарыць у руках чалавека-творцы факел ведаў, запалены Праметэем. «Маладосць».

3. Спец. Конусападобнае полымя, а таксама струмень газу або вадкасці, якія маюць выгляд конуса. Са знешніх самых эфектыўных прыкмет промысла — факел над зялёным жытам: спальваецца газ, які аддзяліўся ад нафты. Шамякін.

4. У астраноміі — светлыя, няправільнай формы плямы на паверхні Сонца.

[Ням. Fackel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Пераставіць, адсунуць убок. Выпілі да дна, толькі старая, ледзь паспытаўшы, адставіла чарку ўбок. Броўка. // Адвесці ўбок, выставіць (руку, нагу, губы і пад.). [Іван Іванавіч] крочыў спераду, моцна адставіўшы адну руку, і цягнуў каляску. Карпюк. Жвір адставіў нагу і затупаў наском туфля па падлозе. Адамчык. Тодар аж губы адставіў, і вусы яго светлыя натапырыліся ад здзіўлення. Крапіва.

2. перан.; каго. Вызваліць ад выканання якіх‑н. абавязкаў; пазбавіць магчымасці займацца якой‑н. справай. І хоць Костуся ад працы ў сельсавеце і адставілі, але і ён прыйшоў. Чорны.

3. што і без дап. Каманда для адмены папярэдняй каманды, для спынення якіх‑н. дзеянняў. [Урач:] — Сёння ўначы адыходзіць каравая, трэба будзе неадкладна паведаміць амерыканцам... — Адставіць! — сціснуйшы кулакі, прашаптала Галіна Пятроўна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамі́ць, тамлю, томіш, томіць; незак.

1. каго-што. Мучыць, знясільваць (цяжкай, непасільнай працай). Хутарская кожнадзённая работа вельмі таміла .. [Зосю]. Чорны.

2. каго-што. Прычыняць фізічныя або маральныя пакуты. Стоцкі таміў інжынера спецыяльнымі пытаннямі, быццам усё жыццё меў справу з электрастанцыямі. Карпюк. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці, нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца. Колас. // Пакутліва турбаваць, гнясці (пра пачуцці, думкі і пад.). «За чэрствы кавалак хлеба, За шклянку халоднай вады — Хіба ж чалавеку трэба Гэтулькі зносіць бяды?» Праклятае гэта пытанне Таміла цябе [Рэдыку] не раз. Глебка. Ночы былі светлыя, такія ціхія, што калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Мележ.

3. што. Спец. Вытрымліваць у пэўных умовах для атрымання неабходных якасцей. Таміць цэлюлозу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нутро́, ‑а, н.

1. Унутраныя органы чалавека або жывёлы; вантробы. [Максім] адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад,.. як абцугамі сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч.

2. Унутраная частка чаго‑н. Светлыя ніці пранізалі пыльнае цёмнае паветра, і хлопчык бачыў усё змрочнае нутро свайго памяшкання. Самуйлёнак. Нутро камяніцы завалена попелам, абгарэлымі бэлькамі, скінутымі з гары рэйкамі. Шынклер.

3. перан. Унутраная сутнасць каго‑н. Мяшчанскае нутро. □ На першы погляд Жлукта — Чарскі вельмі мілы, прывабны чалавек. Выдатная знешнасць, добрыя манеры. Гэтым ён некаторых спачатку і бярэ. Пазнаюць яго сапраўднае нутро толькі пазней. Сабалеўскі. Выгляд авечы, а нутро воўчае. Прыказка. // Пра ўнутраны псіхічны свет, душу. У Ніны апусціліся рукі. Сумленне тачыла яе нутро. Гроднеў.

•••

Заглянуць у нутро гл. заглянуць.

Не па нутру — быць не даспадобы.

Пераесці нутро гл. пераесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)