КВА́ГА (Equus quagga),

стэпавая зебра, млекакормячае роду коней. Была пашырана на ПдЗ Паўд. Афрыкі. Жыла на стэпавых раўнінах і ў саванне вял. статкамі. Знішчана каля 1880; апошняя К. загінула ў заапарку Амстэрдама ў 1883.

Дасягала даўж. больш за 2 м. Выш. ў карку 1,3 м, даўж. хваста 0,6 м. Поўсць кароткая, на галаве цёмнага зямліста-пясчанага колеру, спіна і бакі больш светлыя, знізу і на нагах белая. На галаве, шыі і плячах вузкія светлыя палоскі.

Э.​Р.​Самусенка.

Квага.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫЯ НО́ЧЫ,

светлыя ночы ў пачатку лета, калі вячэрняя зара пераходзіць у ранішні золак і ўсю ноч доўжыцца змрок. Назіраюцца ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях на шыротах 60—90°, калі дыск Сонца апоўначы апускаецца ніжэй за гарызонт не больш як на 7°.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГАТЫ́Ў (ад лац. negativus адмоўны),

відарыс, атрыманы на святлоадчувальным матэрыяле ў выніку фота- ці кіназдымкі і наступнай хім.-фатагр. апрацоўкі. У адрозненне ад пазітыву на чорна-белых фотаматэрыялах Н. светлыя ўчасткі аб’екта здымкі атрымліваюцца цёмнымі, а цёмныя — светлымі. На каляровых фотаматэрыялах Н. атрымліваецца ў колерах, дадатковых да колераў аб’екта здымкі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́РСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

на Каўказе, паміж рэкамі Кура і Алазані, у Грузіі і Азербайджане (паўд. частка). Выцягнута з З—ПнЗ на УПдУ і рассечана ўздоўж далінай р. Іоры. Выш. ад 200 да 900 м. Складзена з пясчана-гліністых парод, пясчанікаў, кангламератаў. Невысокія горныя грады чаргуюцца з плоскімі раўнінамі і катлавінамі. Стэпы б.ч. узараныя. Месцамі пашыраны светлыя рэдкастойныя лясы. Усх. частка І.п. называецца Шыракскім стэпам.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАСІ́, далёкаўсходняя сардзіна (Sardinops sagax melanosticta),

падвід ціхаакіянскай сардзіны сям. селядцовых атр. селядцападобных. Пашыраны ў прыбярэжных водах Усх. Азіі ад Сахаліна да Паўд. Японіі і кіт. ўзбярэжжа Жоўтага мора.

Даўж. да 30 см. Спіна зеленавата-аліўкавая, бакі серабрыста-белыя, канец рыла і задняя ч. хваставога плаўніка чорныя. Па баках цела ўздоўж спіны цёмныя плямы (да 15), зрэдку размешчаны ніжэй светлыя плямы. Корміцца фіта- і зоапланктонам. Жыве да 8 гадоў. Аб’ект промыслу.

Івасі.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЖУХ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 7.3.1953, г. Драгічын Брэсцкай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1972), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Творчасць адметная кампазіцыйнай завершанасцю, метафарычнасцю мыслення, філасафічнасцю, абагульненасцю вобразаў: серыя «Чарнобыльская хроніка», «Святая зямля», «Сон. Сом», «Снеданне на траве», «Светлыя дні восені», «Купалле», «Флора-пастушка», «Настальгія», «Чорны раяль у экстэр’еры», «Тры грацыі», «Чай з лімонам», «Дама ў чорным на зялёным», «Дзяўчынка і лета» (усе 1990—96).

Г.​А.​Фатыхава.

У.Кожух. Святая зямля. 1990.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́ЦКАЯ НІЗІ́НА,

усходняя ч Унутраных раўнін Паўд. Амерыкі ўздоўж рэк Парагвай і Парана. Даўж. з Пн на Пд каля 2300 км. Шыр. да 900 км. Уключае прыродныя вобласці Пантанал, Гран-Чака, Пампа і Міжрэчча. Уяўляе сабой сінеклізу Паўд.-амер. платформы, якая запоўнена магутнай тоўшчай кантынентальных, пераважна кайназойскіх адкладаў. На Пн клімат трапічны, летам вільготны; рэдкалессі і вял. балоты ўздоўж рэк. На Пд клімат трапічны, раўнамерны, вільготны; светлыя лясы, прэрыі і стэп. Земляробства. жывёлагадоўля.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА КО́ЛЬЦЫ,

канцэнтрычныя светлыя і цёмныя кольцы, што назіраюцца вакол пункта судатыкнення сферычных паверхняў дзвюх лінз або выпуклай сферычнай лінзы з плоскай пласцінкай пры асвятленні іх монахраматычным святлом. Апісаны І.Ньютанам у 1675. Узнікаюць у выніку інтэрферэнцыі святла ў тонкім паветр. зазоры паміж судатыкнёнымі паверхнямі. Пры асвятленні немонахраматычным (напр., белым) святлом Н.к. становяцца каляровымі. Назіранне формы кольцаў з’яўляецца зручным метадам кантролю якасці шліфоўкі пласцінак і лінз, а таксама праверкі дакладнасці формы плоскай і сферычнай паверхняў.

Ньютана кольцы ў адбітым святле.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫЕ́НКА (Пётр Сцяпанавіч) (16.4.1923, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна — 9.7.1976),

малдаўскі паэт. У 1963—67 міністр культуры Малдавіі. У лірычных зб-ках «Светлыя дарогі» (1951), «Раскажы мне, Днестр!» (1955), «Сляды чалавека» (1964), «Лёс кахання» (1977), «Станцыя адпраўлення» (1977, на рус. мове) і інш. апаэтызаваў гераізм сав. людзей у Вял. Айч. вайну, іх працу ў гады мірнага буд-ва. Аўтар драм. твораў «Калі спее вінаград» (1961), «Перад адпачынкам» (1973), кніг нарысаў, эсэ «Новыя знаёмствы: Пуцявыя нататкі» (1973), «Людзі маёй біяграфіі» (1979) і інш.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),

парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.

Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)