Па́така, па́тыка ’густое, цягучае, салодкае рэчыва’ (ТСБМ, Нас.), ’нектар’ (Анох.), ’рэдкі мёд’ (Вешт., Маш.), слаўг., шчуч. ’чысты мёд, які выцек з сотаў’ (Яшк., Бел. лекс., 167). Укр., рус. па́тока ’цукровая патака’, ’мёд без воску’, польск. patoka ’мёд, які выцек з воску’, ’патака’, чэш. patoky ’благое піва, якое ўжо выдыхалася’, ’гушча з соладу’, славен. pátoka ’слабое віно’, серб.-харв. па̏тока ’слабая (апошняя) самагонка’, балг. патока ’слабая ракія, сівуха’. Прасл. patoka, утворанае пры дапамозе прыстаўкі pa‑ (< прасл. po‑) ад tekti > цячы́ (гл.) (Мее, Études, 255; Міклашыч, 347; Фасмер, 3, 217; Махэк₂, 438).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мёд, мёду, М мёдзе, м.

1. Салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з нектару кветак. Ліпавы мёд. □ Але як весела і міла Тут пчолка ў вуллях гаманіла! І як прыемна пахла мёдам! Колас. Ануфрэіха прыносіць мне вялікую міску з мёдам. Бядуля. // Пра саладкаватую духмянасць кветак, травы і г. д. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.

2. Напітак, прыгатаваны з гэтага рэчыва. Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў. Якімовіч.

•••

Падзевы мёд — мёд, які вырабляецца пчоламі з падзі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кано́н кану́н, кану́на ’сыта, куцця, абрадавая салодкая страва, якая гатуецца к памінкам’ (Нас., ТС, Вешт.; калінк., Мат. Гом.; бярэз., рагач., круп., чэрв., пух., калінк. Сл. паўн.-зах.); ’узаконенае правіла вышэйшай царкоўнай іерархіі’, ’спіс рэлігійных кніг’, ’царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята’ (ТСБМ). Укр. канун ’салодкая страва к фэсту’, канон; рус. смал. канон ’куцця з мёдам’, кастр.салодкае піва на ўсяночнай’, рус. канун ’маленне’, ’паніхіда’, ’дзяды’, ’першая гадавіна смерці’, ’памінкі’, ’куцця’, ’піва’, ’асвячоны мёд’, смал. кануна ’паніхіда’ і інш. Ст.-рус. канонъ (XII ст.), канунъ. Апошняя форма — народная. Запазычана з грэч. κανών ’палка, шнур, лінейка’. Разгляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 180–181.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ажыві́ць, ажыўлю, ажывіш, ажывіць; зак., каго-што.

1. Вярнуць да жыцця, зноў зрабіць жывым. Пабегла ваўчыха на высокую гару, дастала пляшачку жывой вады. Вярнулася і ажывіла Івана. Якімовіч. // перан. Выклікаць яркае ўяўленне пра што‑н., аднавіць у памяці забытае. Ажывіць у памяці былое.

2. Зрабіць ажыўленым, вясёлым, бадзёрым. Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас. Салодкае, духмянае паветра, звонкае шчабятанне птушак ажывілі настрой. Дудо.

3. Напоўніць жыццём, дзейнасцю, рухам. Мужыкі запоўнілі прасторную хату, .. ажывілі здаровымі галасамі. Каваль.

4. Узмацніць, актывізаваць дзейнасць чаго‑н. Ажывіць работу семінара. Ажывіць гандаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прасна́к, прасно́к, прасну́шка, прасня́к, прасны́к, прысне́к ’тоўсты блін з прэснага цеста’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Касп., Др.-Падб., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’ляпёшка з хлебнага цеста’ (Бяльк.). Больш падрабязна аб значэннях слова і іх лакалізацыі гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 115. Слова мае агульнаславянскае распаўсюджанне: укр. прісня́к ’праснак, пірог з прэснага цеста’, рус. прасня́к, пресно́к ’прэсны хлеб, пірог, ляпёшка’, польск. przaśnik, przaśniak ’прэсны хлеб’, чэш. přesňak ’ляпёшка з няквашанага цеста’, серб.-харв. prèsnik, пре́снац, пре́сница ’прэсны хлеб; прэснае салодкае пячэнне’, славен. presnec ’сквашаны хлеб’, балг. пресни́к ’прэсны хлеб’, макед. праснег, преснец, пресник ’від пірага з падсушаных каржоў, складзеных адзін на адзін’. Суфіксальныя дэрываты ад *prьsnъ ’прэсны’ (гл. Вештарт, там жа). Параўн. таксама апрэспік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прысма́кі, ‑аў; адз. прысмак, ‑а, м.

1. Ласункі, салодкае. Старая служанка прынесла віно і драўляную талерку з сушаным інжырам і рознымі яшчэ прысмакамі. Самуйлёнак. У мяне няма прысмакаў, Ані мёду, ані маку, Ні цукерак, ні пячэння, Ні пірожных, ні варэння... Муравейка. // Смачныя, асабліва прыгатаваныя стравы. Круглы стол быў рассунуты на ўсю хату: на ім стаялі розныя прысмакі, а Іра, як гаспадыня, усё насіла і насіла. Сабаленка. — А ці есць цар прэжаны гарох? — пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак. Лынькоў.

2. Разм. Прыправа. Далей да цукровага цеста, як сказалі б хатнія гаспадыні, трэба дабавіць розныя прысмакі. Рунец. Не даварыўшы, панюхаў і выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад. Салодкія яблыкі. □ То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Мёд быў надзвычай салодкі. Ён быў яшчэ саладзейшым ад таго, што самі ж [Піліпчык і Васілька] яго дасталі, самі знайшлі. Лынькоў. // У назвах некаторых раслін. Салодкі перац. Салодкі лубін. // Свежы, не кіслы, не кансерваваны. Салодкія агуркі. □ Елі [мужчыны] салодкае малако з хлебам поўнымі конаўкамі. Пташнікаў. // Прыгатаваны з цукрам або з мёдам. Салодкі пірог.

2. у знач. наз. сало́дкае, ‑ага, н. Страва, црыгатаваная з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы. Знае лес І знае сад, Што салодкаму ён [Паўлуша] рад. Муравейка. — Я думаў — можа ты любіш салодкае? — намагаючыся знайсці сваю струнку паводзін, сказаў Бягун. Кулакоўскі. // Страва, якая падаецца на дэсерт. [Граноўская] пачаставала Надзейку салодкім, а мужчынам прапанавала яшчэ выпіць. Гурскі.

3. Разм. Смачны, багаты (пра яду). У чужых руках пірог і з хрэнам салодкі, — ужо больш, нервова сказала Ірына. Новікаў.

4. перан. Разм. Поўны дастатку, задаволення, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс). [Алесь:] — Ці гэта.. [сыны] такімі ўрадзіліся, ці гэта што іншае? [Павал:] — Яны ўрадзіліся такімі, якім ім трэба было. А што не ладзяць з сабою і са мною, дык з салодкага жыцця сварыцца ні з кім чалавек не будзе. Чорны. Брыль пражыў цяжкое дзяцінства, не салодкія маладыя гады, але захаваў добрае сэрца. «ЛіМ».

5. перан. Прыемны, які прыносіць задавальненне, асалоду. Салодкі сон. □ Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі. Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Там [у горадзе] панавалі агонь і дым. Яны як бы паглыналі ўсё.. жыццё Васіля: і летнія вечары над вадою, і салодкія пацалункі Агаты, і тое, што было збудавана яго рукамі... Няхай. // Прыемны на ўспрыманне (пра голас, гукі, пах і пад.). Голас, [«кавалера»] быў вельмі прыемны, пранізваў салодкім агнём усю.. істоту [Ядвігі]. Бядуля. Дык гэта ж унучак ужо ў мяне! Бачыш, Карн? Радасць якая! — сыпала.. [Палагея] салодкімі словамі. Шамякін.

6. перан. Празмерна далікатны, занадта ласкавы. [Казік:] — Куды падзелася яго [Віктара] ранейшая салодкая манера, ліслівасць, ветлівы аптымізм. Машара. // Які выражае ліслівасць, карыслівую дагодлівасць. Салодкія абяцанні. □ Лепш горкая праўда, чым салодкая мана. Новікаў. Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мёд, мед, мэд, мід, мідь, мяды́салодкае рэчыва з нектару кветак’, ’напітак з мёду’ (ТСБМ, Бес., Анох., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Ян; ашм., З нар. сл.; слаўг., Нар. сл.; драг., КЭС), ’нектар’, ’смала на вішнях і слівах’ (ТС), мяды́ ’добрае жыццё’ (Крыў., Дзіс.), мэдовіца ’рабочая пчала’, мэдові́к ’пернік’ (Анох.), медаву́ха, мідаву́ха ’вада, засалоджаная мёдам’, ’хмельны напітак з мёду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.), медава́я (мядовая) раса ’падзь’ (глыб., вілей., глыб., З нар. сл.). Укр. мед, мід, рус. мёд, польск. miód, н.-луж. mjod, в.-луж. měd, чэш., славац. med, славен. mȇd, серб.-харв. ме̑д, макед. мед, балг. мед(ът), ст.-слав. медъ. Прасл. medъ (Р. скл. medu). І.‑е. адпаведнікі: літ. medùs, лат. medus, ст.-прус. meddo ’мёд’, ст.-інд. mádhu ’тс’, ’медавуха’, авест. maϑu‑ ’мёд’, ’віно’, ст.-грэч. μέθυ, ірл. mid, ст.-в.-ням. metu ’хмельны напітак’, і.-е. *medhu‑ ’салодкі’ (Бернекер, 2, 31; Траўтман, 173; Фрэнкель, 425; Фасмер, 2, 588–589; Махэк₂, 357; Скок, 2, 396–397; Бязлай, 2, 174; Абаеў, Зб. Младэнаву, 321–328).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сало́дкі ’які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад.’, ’смачны, багаты (пра яду)’, ’поўны дастатку, задаволенасці, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс)’, сало́дкае ў знач. наз. ’страва, прыгатавала з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы’. Агульнаславянскае; рус. дыял., укр. соло́дкий, ст.-слав. сладъкъ ’салодкі’, польск. słodki, в.-луж. słódki, н.-луж. słodki, чэш., славац. sladký, серб.-харв. сла̏дак, славен. sládk, балг. слáдък, макед. сладок. Прасл. *solъbkъ — дэрыват з суф. *‑ък ад *soldъ ’солад’. Адпаведнікі ў літ. saldùs, лат. salds ’салодкі’, літ. sálti, sąlù ’рабіцца салодкім’, далей звязана з соль (гл.). Першаснае значэнне ’салёны, смачны, востры’. Гл. Траўтман, 248 і наст., Мейе, RÉS, 6, 172 і наст., Фасмер, 3, 713, Брукнер, 499). Махэк₂, 551 не прымае роднасць з слав. *solь і прапаноўвае першапачатковую форму *svādus ’салодкі, мілы’, якая была б роднаснай ст.-інд. svadúh, лац. suāvis, ням. Süss ’салодкі’, дзе ‑va‑ было заменена на ‑ol‑ пад уплывам *solь, што лічыцца неверагодным; гл. Шустар-Шэўц, 2, 1303. Да таго ж соль у некаторых рэгіёнах у старажытнасці была сапраўды каштоўнай прыправай. Гл. Борысь, 558; БЕР, 6, 841–844. Параўн. солад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малодзіва, мало́дзіва, моло́дзво, моло́дзьво, малодзьва ’малако непасрэдна перад і адразу пасля родаў, цялення’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат., Касп., Бяльк., Сцяц., Сл. ПЗБ; карэліц., Нар. лекс.), малозіва, моло́зыво (слаўг., чав., Мат. Маг.; Грыг., Бяльк.; полац., Нар. сл.; красл., астр., трак., Сл. ПЗБ; Бес., Вешт., Ян.), малодзіла ’тс’ (шкл., Мат. АС). Укр. молозиво, рус. молозиво; польск. młodziwo, młozawo, mleziwa ад młody ’малады’, чэш. mlezivo, славац. mledzivo, славен. mlézivo, mléziva, серб.-харв. mljȅza, mȉzivo. Прасл. melzivoсалодкае малако’ (гл. Вештарт, Бел. лекс., 23–24), якое з melgʼ‑/molgʼ‑ ’даіць’ (ст.-рус. мълсти ’збіваць масла’, млѣсти ’даіць’, славен. mlȅsti, mółsti, серб.-харв. му̏сти, макед. молзе, балг. мълзя́. І.‑е. адпаведнікі: літ. mìlžti, mélžti, malžýti, лат. malazenš, molozejs ’малодзіва’, ст.-в.-ням. mëlhan ’даіць’, гоц. miluka ’малако’, ірл. bligim ’даю’, ст.-грэч. ἀμέλγω, алб. mjel, лац. mulgeo, тахар. A, тахар. B malk‑, mālk‑ ’даіць (-ца)’, ст.-інд. mr̥játi, mã́rs̥ti, mārjati ’чысціць’, авест. marəzaiti ’мые’ (Мее, MSL, 17, 60; Міклашыч, 187; Бернекер, 2, 73; Траўтман, 178; Фасмер, 2, 644–645; Скок, 2, 488–489; Бязлай, 2, 189 і 194; Мартынаў, Этимология–1968, 20). Абаеў (Этимология–84, 14) мяркуе, што рус. форма молозиво з’яўляецца «чыста» славянскай, а melz‑ утварылася ў выніку перакрыжавання (з германск. melk‑) ізаглосы. Гук ‑дз‑ пад уплывам польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)