подобра́ться

1. (составиться, образоваться) падабра́цца;

2. (подкрасться) разг. падкра́сціся;

3. (залезть, забраться под что-л.) разг. падабра́цца, падле́зці;

4. (принять более строгий, подтянутый вид) разг. падцягну́цца;

5. (сжаться, съёжиться) разг. сагну́цца, ску́рчыцца.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

схіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Схіліцца, нахіліцца; сагнуцца. Тут краскі ранняю вясною Схінуцца ветла над табой. Прануза. Хацелася думаць, што ўсё гэта сон І варта толькі прачнуцца — Бароў беларускіх заные звон, Сівымі матулямі ніцыя вербы схінуцца. Барадулін.

2. Адхіліцца, адысці ўбок. Мы мужна і шчыра стаім ля стырна. І хто калі з шляху схінецца на момант, Узнімі яго песняй, каб сэрца ў агні не ведала, дружа, ні болю, ні стомы і дужым і моцным дайшло ў камунізм. Маракоў.

3. Абл. Схавацца за чым‑н.; знікнуць з поля зроку. Двое танкістаў аселі на брук тут жа каля гусеніц, скошаныя кулямі. А двое тых, што выскачылі першымі, паспелі перабегчы вуліцу і схінуцца за дамы... Беразняк. Толькі куды схінуўся звер? — не выходзіла ў .. [Андрэя] з галавы. Трэба слухаць, дзе ён ачуецца. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералама́цца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.

1. Паламацца напалам, на часткі. Няшчасце прыйшло нечакана — пад напорам моцнага ветру захісталася жалезабетонная калона і, пераламаўшыся пасярэдзіне, упала. Дадзіёмаў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася і пераламалася каля самай.. рукі. Мележ. // Пашкодзіцца, зламацца ад удару (пра косці). Нага пераламалася.

2. Паламацца — пра ўсё, многае.

3. Крута сагнуцца, адхіліцца, пайсці ў іншым напрамку. Пераламаўся прамень дрыгатлівы На вострым плячы будана ў Разліве. Барадулін.

4. перан. Рэзка перамяніцца, стаць іншым (пра характар, звычкі, паводзіны і пад.). Нешта з’яднала не зусім дружную вуліцу. Нешта пераламалася ў адносінах добра знаёмых нам суседзяў. Навуменка. // Змяніцца ў горшы бок (пра жыццё, кар’еру і пад.). [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.

5. перан. Перарвацца, змяніцца па тэмбру пад уздзеяннем моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). — Больш затрымлівацца мы не можам! Чуеш, Малько! — Голас маёра вось-вось гатовы быў пераламацца на высокай ноце. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стулі́цца, стулюся, стулішся, стуліцца; зак.

1. Скурчыцца, сагнуцца. Турок прысеў, стуліўся, але капітан зараз жа гучным шэптам гукнуў яму: — Давай сюды! Быкаў. А ле Лясніцкі заўважыў, што пад гэтым поглядам Раіса Андрэеўна неяк недалужна стулілася, зрабілася раптам маленькай і вінаватай. Зарэцкі. // Сабрацца разам, згрупавацца. [Соня, Люба і Антон] збочылі пад купчастую бярозу, прыселі, стуліліся ў купку і прыгнулася. Пальчэўскі.

2. Шчыльна сціснуцца, заплюшчыцца (пра губы, вочы і пад.). [Бацька] хацеў яшчэ штосьці пажартаваць, але пабачыў, як дачка змянілася ў твары, губы шчыльна стуліліся. Грамовіч. — Мой муж? — ужо зусім слабым голасам прашаптала .. [Прузына]. — У турме, паночку. — У турме?! — вусны секвестратара адразу ж стуліліся, усмешка знікла. Каліна.

3. Разм. Схавацца дзе‑н., за што‑н. ад каго‑н. Прыдаўшы сабе смеласці,.. [Панця] вырашыў падысці да самай дарогі, стуліцца там ля крайняй хаты (здаецца, ля плота ёсць лавачка) і паслухаць, пацікаваць зблізку. Кулакоўскі. // перан. Прытуліцца, схавацца. Мястэчка стулілася ў мроку. Бязлюдныя плошчы, двары. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.

2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.

3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.

4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.

5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.

6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скруці́цца, скручуся, скруцішся, скруціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Туга звіцца. Вяроўка скруцілася. // Скачацца трубкай, загнуцца, закруціцца з краёў. Бяроста затрашчала, скруцілася, начадзіла пахучым дымам. Шамякін. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы, бінты скруціліся. Мележ.

2. (звычайна са словамі «у клубок», «у абаранак» і пад.). Кладучыся ці лежачы, сагнуцца, скурчыцца. [Змяя] ляжала, скруціўшыся, на пяньку і грэлася на сонейку. Маўр. Хацелася легчы пад гусцейшую елачку, скруціцца ў клубок. Жычка. Максімка зусім скруціўся ў камяк. Чорны.

3. Злучыцца ў выніку скручвання; зліцца. Адна з адной рынуцца [хвалі] ўглыб, як магілу, Там скруцяцца, узнімуцца клубам, дугой. Купала.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сашрубавацца. Гайка скруцілася.

5. Сапсавацца пры зашрубоўванні, адкручванні. Кран скруціўся. // перан. Разм. Змяніцца, перайначыцца. [Нічыпар:] Ай, Міхал, Міхал!.. Ты ўжо вялікім начальнікам быў... І думаў, да скону панаваць будзеш. Ажно бачыш, як усё скруцілася? Кучар.

6. Разм. неадабр. Прапасці, знікнуць. Ад сына, відаць, ужо помачы не чакай: скруціўся з дому, разлайдачыўся, распіўся. Грахоўскі.

7. Разбэсціцца, разлайдачыцца. І пра пшаніцу, і пра гэта я расказаў табе, хоць і ведаў, што ты будзеш хадзіць па пасёлку і ўсім будзеш жаліцца, што твой мужык скруціўся, што ён апошнюю скібку хлеба адбірае ў родных дзяцей і нясе палюбоўніцы. Кудравец. Дырэктар і расшчодрыўся. Думаў, што чалавек будзе жыць, сям’ю глядзець, а ён разбэсціўся, скруціўся... Гроднеў.

8. Разм. неадабр. Уступіць у інтымныя зносіны з кім‑н., сысціся з кім‑н. Жонка [старшыні] так скруцілася з бухгалтарам, што не саромелася замыкацца з ім у калгаснай канцылярыі. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)