тума́н 1, ‑у, м.

1. Згушчэнне драбнейшых кропелек вады або ледзяных крышталікаў у прыземных слаях атмасферы, што робіць паветра непразрыстым. Над лужком, пад агародамі, бясконцым выбеленым палатном расцягваўся і клубіўся туман, той, што шмат абяцае грыбоў. Ракітны. Ці ж не з табой [сяброўкай] я сустракаўся У полі жніўнаю парой, Калі туман вячэрні слаўся Па свежай пожні пад гарой. Гілевіч. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ. З Нёмана, з шырокіх паплавоў на вёску наплываў бялёсы туман. Шчарбатаў. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Разм. Непразрыстая заслона дыму, пылу і пад. Махорачны туман. □ Дым чорны, як сажа, велізарнымі клубкамі віўся ўгару і расплываўся туманам. Нікановіч.

2. перан.; які або чаго. Тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок. Позірк .. [Любін], упаўшы на фотакартку мужа ў зашклёнай рамцы, заслаўся густой пеляной туману. Васілевіч. Што з табою, галубка? Чаму твае вочы Заслаў Слёзны туман? Кірэенка. Вочы .. [Настачкі] завалакліся туманам суму. Бядуля. // Тое, што перашкаджае правільна ўспрымаць і разумець навакольны свет, ацэньваць факты, надзеі. Рэлігійны туман. □ Паслухаць было, што казалі аб .. [Іване] людзі, але нейкі туман пайшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Брыль. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі, праганяючы надакучлівы туман хмелю. Хадкевіч. / у вобразным ужыв. Мурам астрожным твой лёс адгароджаны, Дзень твайго шчасця яшчэ не народжаны — Сум туманамі ляжыць. Васілёк.

3. перан. Загадкавасць, няпэўнасць, незразумелае. У тумане будучага. □ Але .. [сын] не знаходзіў адказу, усё было як бы ў нейкім дзіўным тумане. Краўчанка.

•••

Сухі туман — памутненне паветра з-за наяўнасці ў ім дыму, пылу, гару.

Пусціць туман у вочы гл. пусціць.

Туман у вачах у каго — страта здольнасці ясна бачыць, успрымаць, усведамляць падзеі з-за моцнага хвалявання, хваробы і пад.

Туман у галаве ў каго — цяжар у галаве (ад стомленасць хваробы і пад.).

(Як) у тумане — а) няясна, невыразна, цьмяна (бачыць, помніць і пад.); б) няясна ўспрымаючы, разумеючы (жыць, хадзіць і пад.).

тума́н 2, ‑а, м.

Іранская залатая манета, якая была ў абароце да 1932 г.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэба1 ‘ахвярапрынашэнне’, ‘рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда), які выконваецца святаром па просьбе веруючых’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. треба ‘ахвяра’ (ГСБМ). Параўн. стараж.-рус. тереба, якое праз ц.-слав. са ст.-слав. трѣба ‘ахвяра’. Паводле Фасмера (4, 95), разумеецца як ‘выкананне абавязку’ і звязана з трэба2 (гл.). Параўн. таксама палаб. trebe ‘каляды’, больш падрабязна Ферлюга-Пятроніё, Linguistica, 20, 2, 138 і наст. Зафіксаванае на Брэстчыне трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай з незамярзаючым ручаём’ (Чэрн.), а таксама трэ́ба ‘ляда, месца, дзе высечаны лес’ (бяроз., Шатал.), хутчэй з ўсё, не мае непасрэдных адносін да ‘месца, куды прыносіліся ахвяры багам’, а звязана з трыб1 ‘прасека ў лесе’, гл.

Трэ́ба2 ‘патрэба, неабходнасць’ (Нас.), ‘клопат, справы’ (Нар. Гом.), ‘неабходна, абавязкова, патрэбна’, ‘пажадана’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Мал., Федар. 4, ТС, Кліх, Ян., Растарг., Сл. ПЗБ), ‘належаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘мець патрэбу ў чым- ці кім-небудзь’ (смарг., воран., вільн., шальч., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘быць патрэбным’ (Нас.), тре́ба ‘трэба’ (Бяльк.; Мат. Маг. 2), трэ́бо ‘тс’ (Скарбы₂; слуц., Мат.), ст.-бел. треба ‘патрэба’: ездилъ есми у требе моей до урадника (ПГС), сюды ж трэ́бака ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), тра́було, трэ́було ‘трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы), трэ́буль ‘тс’ (астрав., там жа); трэ́батка ‘тс’ (Рагаўц.), трэ́бацімя ‘трэба будзе’ (шчуч., З нар. сл.). Параўн. укр. тре́ба ‘трэба’, зах.-укр. трі́ба ‘патрэба, спроба’, рус. зах. треба ‘патрабаванне’: по требе явиться (Даль), польск. trzeba ‘трэба, неабходна, варта, як належыць, патрэбна было б’, каш. třeba ‘трэба’; н.- і в.-луж. trjeba ‘патрэбна, неабходна’, чэш. třeba ‘тс’, ‘нават, хаця’, ‘хаця б’, ‘можа быць’, ‘бадай што, мабыць’, славац. treba ‘трэба, патрэбна, належыць’, trebars ‘хаця’, славен. tréba (je), харв. trijéba, серб. тре̏ба ‘патрэбна’, дыял. цімак. тре́бе ‘тс’, балг. трѐба ‘грамадская справа’, макед. треба ‘быць неабходным, патрэбным’, ст.-слав. трѣбѣ (ѥсть) ‘патрэбна, трэба, неабходна’. Прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ рэканструюць на падставе матэрыялу часткі славянскіх моў, разглядаючы яе як аснову, варыянтную ў адносінах да і.-е. *terp‑: ст.-прус. enterpo ‘ўжывае, патрабуе, патрэбны’, літ. tar̃pti ‘квітнець’, гоц. þaúrban ‘патрабаваць’, þarbs ‘неабходны, патрэбны’, ст.-в.-ням. durfan, thurfan ‘патрабаваць’, ням. dürfen ‘магчы; мець дазвол’, ст.-грэч. τέρπώ ‘насычаюся; маю досыць; радуюся, весялюся’, ст.-інд. tŕ̥pyati, tárpati ‘насычацца’ (Борысь, 648; Фасмер, 4, 96; Сной₂, 779; ESJSt, 16, 979). Беларускія і ўсходнеславянскія формы разглядаюцца як запазычаныя з царкоўнаславянскай або польскай (гл. Анікін, РЭС, 9, 204; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), што, улічваючы шырокае іх распаўсюджанне, здаецца малаверагодным і ставіць пад сумненне прапанаваную этымалогію (пра поўную яе няяснасць гл. ESJSt, 16, 979). Скок (3, 501) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *terb‑ было ‘церабіць’, і ўтвораны ад дзеяслова *terbiti (гл. церабіць) назоўнік *trěba абазначаў ‘праца’, пазней — ‘карчаванне’, якое было вельмі патрэбным у жыцці ранніх славян, таму развілося значэнне ‘патрэба ўвогуле’ > ‘патрэба, неабходнасць’; паводле Трубачова (Этимология–1994–1996, 25) — ‘вострая неабходнасць, справа’. У ЕСУМ (5, 626) прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ звязваецца з *terbiti ‘ачышчаць ад лупінаў’, ‘церабіць’, ‘карчаваць’, ‘мяць’, ‘пакладаць’. Сюды ж трэ́баваць ‘быць у цечцы (пра свінню)’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трэ́ба 1, у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго. Брыль. [Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму. Чорны. [Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс. Новікаў. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Смагаровіч.

2. каго-што і з інф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры. Брыль. [Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што... Мележ. [Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба? Даніленка.

3. безас. каму. Пажадана. — Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням. Кулакоўскі. — Што табе трэба? — крычыць лёкай. Якімовіч.

4. Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца. Крапіва.

•••

Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава? Ракітны.

Далёка хадзіць не трэба за чым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.

Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.

Лепш (і) не трэба гл. лепш.

Так і трэба каму гл. так.

Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.

Трэба сказаць (у знач. пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).

Што трэба (у знач. вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба. «Звязда».

Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці. Машара.

Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.

трэ́ба 2, ‑ы, ж.

1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу... Чарнышэвіч.

2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)