ро́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.

2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.

3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

На розныя лады гл. лад ​1.

Розных масцей гл. масць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлегра́фны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэлеграфа; прызначаны для тэлеграфа. Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы. Брыль. На стале аператыўнага дзяжурнага цікаў самалёты гадзіннік, а з суседняга пакоя ўрываўся нервовы, з частымі перапынкамі, стук тэлеграфнага ключа. Алешка. Новікаву часта даводзілася адносіць Леніну па кватэру тэлеграфныя стужкі парагавораў. Мяжэвіч. // Які займаецца перадачай паведамленняў на тэлеграфе. Тэлеграфная служба.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлеграфа; перададзены па талеграфе. Аднойчы на вялікай глыбіні акіяна адбылася аварыя — пашкоджанне кабеля тэлеграфнай сувязі. Матрунёнак. Гэта дні, калі .. [Рыгорка], па асабістаму тэлеграфнаму распараджэнню начальніка метэаралагічнай станцыі інжынера Пятра Захаравіча Лося, зусім самастойна выконваў важную навуковую работу. Краўчанка.

3. перан. Вельмі сціслы, падобны па паведамленне, перададзенае па тэлеграфе. Тэлеграфны стыль пісьма.

•••

Тэлеграфнае агенцтва гл. агенцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпо́ха, ‑і, ДМ эпосе, ж.

1. Вялікі прамежак часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г. д., які вызначаецца якімі‑н. характэрнымі асаблівасцямі. Савецкая эпоха. Эпоха Адраджэння. □ Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла эпоху пераходу ад капіталізму да сацыялізма ў сусветным маштабе. «Звязда». // Асобны перыяд у гісторыі, развіцці якой‑н. навукі, віду мастацтва і пад. Яго [Я. Купалы] творчасць складае цэлую эпоху ў мастацкім развіцці беларускага народа, з’яўляецца славутай старонкай у гісторыі беларускай культуры. Івашын. // Перыяд у развіцці грамадства, звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатнага чалавека. Эпоха Скарыны. Эпоха Пятра I.

2. У геалогіі — падраздзяленне геалагічнага перыяду. Верхняя эпоха мелавога перыяду мезазойскай эры.

3. У астраноміі — момант, з якога пачынаюць адлік часу, звязаны з рухам якога‑н. нябеснага цела.

•••

Сучасная эпоха — гістарычны перыяд пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізма і будаўніцтва камуністычнага грамадства, крушэння каланіялізму і перамогі нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.

[Ад грэч. epochē — прыпынак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чака́ць несов.

1. ждать, ожида́ть; дожида́ться; поджида́ть;

2. выжида́ть;

час не чака́е — вре́мя не те́рпит (не ждёт);

так і чака́й — того́ и жди; того́ и смотри́;

чака́е не дачака́ецца — ждёт не дождётся;

ч. каля́ мо́ра паго́ды — ждать у мо́ря пого́ды;

ч. як вол до́ўбні — ждать как вол о́буха́;

сямёра аднаго́ не чака́юцьпосл. се́меро одного́ не ждут;

чака́й Пятра́, сыр з’ясі́у́дзеш сыр е́сці)посл. далеко́ кулику́ до Петро́ва дня

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

мітуслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка і бесперапынна рухаецца ў розных напрамках. [Хлопцы] доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, клікалі Грышу. Якімовіч. Спалохана ўзляталі з прыдарожных соснаў мітуслівыя сарокі. Лынькоў. // Паспешлівы, неўраўнаважаны; бязладны. Ішлі хлопцы; беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. Лынькоў. Рухі Пятра вуглаватыя, мітуслівыя і лёгка выдавалі яго як непрактычнага ў гаспадарчых справах інтэлігента. Ракітны.

2. Які мільгае, мітусіцца перад вачыма. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Грахоўскі. Да фермы набліжаліся мітуслівыя кроплі ліхтароў — беглі людзі. Місько. Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.

3. Неспакойны, поўны мітусні (у 1, 2 знач.). Мітуслівы горад. □ Усе былі стомлены, але тое, што такі гарачы і мітуслівы дзень прайшоў удала, бадзёрыла і радавала. Хадкевіч. // Якому ўласціва мітусня. Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́від, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вобраз памёршай асобы, які ўяўляецца людзям забабонным або з хваравітай псіхікай; здань. Прывід Пятра Пятровіча не даваў Валі спакою. Шахавец. Не, гэта не прывід і не сон — гэта той Сцяпан, якога Талаўня даўно лічыў нябожчыкам. Гроднеў. // Вобраз каго‑, чаго‑н., які здаецца ва ўяўленні або ў сне. Прывід далёкага мінулага стаіць перада мной. Асіпенка. Пад раніцу Веньямін заснуў. Але і засынаючы баяўся, каб зноў не ўзнік страшны прывід белага горада пад чорным небам... Навуменка.

2. Тое, што ўявілася, здалося. Перад вачыма [Таццяны] з’явіўся жудасны прывід: гітлеравец трымае высока над галавой яе маленькага Віцю. Шамякін. Прывід гэта ці сапраўднасць? Канешне, сапраўднасць! Еў жа пасля таго чырвонаармеец Чыжык той хлеб і тыя каўбасы. Лупсякоў.

3. Няясныя, ледзь акрэсленыя рысы чаго‑н.; контуры. І потым, седзячы ў аўто.., Юткевіч глядзеў на аддаленыя прывіды вялікага грознага зарыва, і целам ішла дробная пякучая дрыготка. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нахлы́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Імкліва, раптам набегчы, нацячы ў вялікай колькасці (пра вадкасць, туман і пад.). Як аказалася, з акіяна нахлынула раптам вялікая хваля і нечакана акаціла ўсіх адпачываючых халоднай вадой. Лынькоў.

2. перан. Раптоўна прыйсці, набегчы, з’явіцца ў вялікай колькасці. Неўзабаве перад тым днём, калі ўсе гады пачыналася вучоба, нахлынулі.. акупанты і занялі школу пад нейкі свой штаб. Кулакоўскі. За час гаворкі раз-пораз заглядалі рабочыя. Як толькі пайшоў дырэктар, яны адразу нахлынулі ў кабінет. Скрыган. // Нечакана наступіць, узнікнуць. Вяселле павінны былі гладзіць на Пятра, але тут якраз нахлынула вайна. Адамчык. А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар, і на зямлі то прамчыцца іх цень, то нахлыне спякота. Быкаў.

3. перан. Узнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях і пад.). Успаміны нахлынулі, завалодалі сэрцам. Гамолка. Назаўтра раніцай.. [Анэля] прачнулася з адчуваннем шчасця, якое нахлынула на яе, як хваля, і запаланіла ўсю істоту. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе хуткага выканання; тэрміновы. За дзвярыма грукаталі боты, Над сталом задумаўся марксіст І, адклаўшы спешную работу, Малаком пісаў па волю ліст. Грахоўскі. Як Антось мацней за ўсіх бегае, то яму даваліся найбольш спешныя заданні. Кулакоўскі. Калгас засыпаны дэпешамі З Масквы, Туркменіі, Дняпра, — І ўсе вітальныя і спешныя, То ад Івана, то Пятра. Астрэйка. // Які выконвае што‑н. тэрміновае. Красуняй паланянкай паланёны, ён [Кайдан] выгнаў нават спешнага ганца, прысланага з далёкага загону, дагаварыць не даўшы да канца. А. Вольскі.

2. Які робіцца або адбываецца хутка; паспешлівы. Дзед Талаш з сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу. Колас. У штабах спешным парадкам складалі спісы. Пальчэўскі. Сяргееў быў здаволены, што хлопец не робіць спешных вывадаў, а цвяроза ацэньвае абстаноўку. Федасеенка. Чалавек дваццаць паліцыянтаў скакала на конях спешнай рыссю. Пестрак. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. А Казік падбег да бацькі і, Юзік чуў, казаў ён спешным дрыжачым голасам: — Злодзей!.. Злодзей... Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.

2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.

3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.

4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.

•••

Наскочыла каса на камень гл. каса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́віць, праўлю, правіш, правіць; незак.

1. кім-чым і без дап. Маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць кім‑, чым‑н. Ды і паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! Мележ. // Накіроўваць чыю‑н. дзейнасць; кіраваць чым‑н. Дарогі! Якія б вы Радасныя тут былі, Калі б не пралеглі праз джунглі, Дзе ўсім правіць бізнес. Танк.

2. кім-чым і без дап. Накіроўваць каго‑, што‑н. у адпаведным (патрэбным) напрамку; кіраваць. Кузьма сядзеў у перадку і правіў коньмі. Сачанка. Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі правіў вяслом. Капусцін.

3. што і без дап. Служыць, адпраўляць. Правіць малебен. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.

4. што. Спраўляць, праводзіць. Чутно вясны дыханне ўсюды: На сініх далях, на лясах, На дрэвах, што вартуюць шлях, Дзе струны-дроты правяць цуды. Колас. Грамада вясёлых камсамольцаў правіць свой бурлівы карнавал. Дудар.

5. што. Рамантаваць, папраўляць, рапараваць. Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Брыль.

6. што. Выпраўляць памылкі ў чым‑н. Ці .. [Заранік] вычытваў гранкі, ці правіў заметкі і артыкулы для здачы ў набор, ніяк не мог забыцца на пісьмы, паказаныя рэдактарам. Хадкевіч.

7. што. Тачыць, вастрыць. Правіць брытву.

•••

Сваё права правіць — настойваць на сваім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)