пахі́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пахіліўся, нагнуўся. Сеў Музыка каля броду, Пад бярозаю пахілай. Танк. Вера прыгадала даўняе дзяцінства. Пахілую вярбу над сажалкай, сцяну пахучага аеру. Асіпенка. // Які пакасіўся, нахіліўся. Алесь ідзе далей. І раптам паміж добрых хат зусім старэнькая, пахілая, разбітая шыба застаўлена фанерай, паваліліся вароты, бо згнілі шулы. Шамякін. Хата Івана Лобіка — крывабокая, пахілая — яшчэ да вайны была месцам шумных хлапечых зборышчаў. Навуменка.

2. Згорблены (пра чалавека). [Бабейка] сядзеў і дзівіўся, як бацька, зморшчаны і пахілы не па гадах стары.., запіхвае вялікімі кавалкамі ў рот [дранік], прагна і таропка глытае, запіваючы малаком. Хадкевіч.

3. Які паступова паніжаецца; пакаты. [Іван і Джулія] выбеглі на травяністы пахілы ўзгорак. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разло́жысты, ‑ая, ‑ае.

1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.

2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.

3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́лаг1 ’пасцель парадзіхі’, ’палок’ (Бяльк.), ’роды’ (Сл. ПЗБ), półah ’хвароба жанчыны ў час нараджэння дзіцяці’ (Варл.). Укр. поло́ги, по́лаг, зло́ги ’роды’, польск. połóg ’роды; час пасля родаў’. Прасл. *pologъ ад *po‑lěgati, гл. лягаць, ляжаць з чаргаваннем у корані, параўн. выраз логма ляжаць ’ляжаць, не маючы сіл падняцца’ (Нар. сл.), по́лог ’палатно над ложкам або калыскай’ (ТС), гл.

По́лаг2 ’завеса над ложкам, шырма’, (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’вялікая посцілка, якой апіналі дзіця ў калысцы’ (светлаг., SOr, 39, 356), ’посцілка насіць траву’ (Жд. 3), ’рэдкае палатно’ (Ян.). Укр., рус. по́лог ’полаг’. Прасл. *po‑logъ < *logъ (гл. лог, логава). Відаць, першапачаткова ’месца ляжання, пасцель’, потым ’посцілка’ > ’кавалак тканіны’ > ’заслона’. Значэнне ’рэдкае палатно’, відаць, пад уплывам пологі́ ’слаба спрадзены’ (Уладз.), параўн. антанімічную пару кру́та і полога́ пре́жа (тамсама) і рус. дан. по́лог ’грубая мешкавіна’, што суадносяць з рус. пологий ’плоскі, пакаты’ (Фасмер, 3, 313); гл. палогі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скат 1, ‑а, М скаце, м.

Спец. Камплект кол для воза, вагона, паравоза. — Давай работу, давай! — жартаўліва кінуў .. [Багуцкі] групе рабочых, якія мянялі паравозныя скаты. Лынькоў. // Кола аўтамабіля, а таксама камплект гумавых дэталей аўтамабільнага кола. Машына была нібы і цэлая, але на ёй не было капота, радыятара і стаяла яна значна ніжэй, чым раней, бо скаты былі прастрэлены. Кулакоўскі. Шафёр .. паказаў на задні скат — ён асеў: спусціла камера. Сачанка.

скат 2, ‑а, М скаце, м.

Буйная драпежная марская рыба атрада акулападобных з пляскатым целам і вострым хвастом.

•••

Электрычны скат — скат, у якога на галаве размешчаны органы, што ўтвараюць электрычным разрады.

[Скандынаўскае skata.]

скат 3, ‑а, М скаце, м.

1. Разм. Пакаты спуск. Па скатах пясчаных узгоркаў На Нарачы бераг ідуць рыбакі. Танк. Назва Высокі Бераг добра перадае выгляд берага Нёмана з высокім пясчаныя, скатам. С. Александровіч.

2. Спец. Нахільная падземная горкая выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску руды або пустой пароды самацёкам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плы́ткі, плы́ценькі ’неглыбокі, мелкі’, ’плоскі’ (ТСБМ, Сцяц., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ; Сл. Брэс., Варл.; зах.-віц., гродз., брэсц., ЛА, 4), ’палогі бераг ракі, возера’ (гродз., віл., ЛА, 2), ’нізкі, пакаты, спадзісты (пра страху)’ (Шушк.; Сл. ПЗБ; Сцяшк. МГ; ваўк., воран., ЛА, 4). Зах.-рус. плы́ткий ’плоскі’, польск. plytki ’неглыбокі’ (пашырылася ў паўд.-малапольск. дыялекты ад горцаў — Банькоўскі, 2, 634), чэш. plytký ’тс’ (пра ваду, раку), plétka střecha ’плоская, нізкая страха’, славац. plytký, славен. plítek ’плыткі, мелкаводны’, серб.-харв. plít(ak) ’тс’, ’павярхоўны’, макед. плиток, балг. плѝтък ’мелкі’. Прасл. *plytъkъ ’неглыбокі’, ’такі, дзе можна плаваць’, якое Скок (2, 685) выводзіць з дзеяслоўнай асновы плыць/плываць < і.-е. *plū‑/*plou̯, як і Махэк₂ (464). Банькоўскі (2, 634) для прасл. формы выводзіць значэнне ’месца, “распластанае” ў рэчышчы, дзе можна спускаць плыты, перапраўляць авечак на другі бераг’. Трубачоў (Праспект, 73) мяркуе, што прасл. plytъkъjь утварылася з формы супіна *plytъ (< *plyti, гл. плыць) і ад’ектывізуючага суфікса *‑kŏ‑; бессуфіксальная зыходная форма захавалася ў чак. plit ’неглыбокі’, каш. plit ’плоскі, тонкі’ (Борысь, Czak. stud., 121), што дае падставы для рэканструкцыі прыметніка *plytъ ’неглыбокі’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 28).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

укло́н м.

1. ухі́л, -лу м.; (наклон) нахі́л, -лу м.; (склон) схіл, род. схі́лу м.; (дороги) пака́т, -ту м.; пака́тасць, -ці ж.;

стена́ дала́ большо́й укло́н сцяна́ дала́ вялі́кі ўхіл (нахі́л);

укло́ны железнодоро́жного пути́ пака́ты (пака́тасці) чыгу́начнага пуці́;

по́езд идёт под укло́н цягні́к ідзе́ з пака́ту;

2. полит. ухі́л, -лу м.;

ле́вый укло́н ле́вы ўхіл;

пра́вый укло́н пра́вы ўхіл;

3. (направление) ухі́л, -лу м.;

шко́ла с худо́жественным укло́ном шко́ла з маста́цкім ухі́лам.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

круты́, ‑ая, ‑ое.

1. Амаль адвесны, абрывісты; проціл. пакаты. — Ого, гара, як печ, крутая! І вось чаму дарожка тая, Вы шрубка, ўецца па-над бокам: Узлезь, папробуй, простым крокам! Колас. Добрыя коні прызвычаена лёгка ўзбіраюцца на крутыя ўзгоркі. Брыль. // Выгнуты, выпуклы. Круты лоб. □ Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. [Чалавек] ішоў вольна, .. падстаўляючы ветру загарэлыя крутыя грудзі. Самуйлёнак.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «паварот», «залом» і пад.). Не паступовы, раптоўны, рэзкі. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Дзвіна тут рабіла даволі круты паварот улева. Хадкевіч. // перан. Рашучы, значны. Круты ўздым сельскай гаспадаркі. □ Ігнату хацелася толькі і гаварыць аб тым, што ў жыцці яго адбыўся круты, небывалы паварот. Кавалёў.

3. Суровы, упарты (пра характар чалавека, а таксама пра чалавека з такім характарам). Аднак пілі ў меру, аглядаючыся на дзверы: пабойваліся крутога хвашчовага нораву. Лупсякоў. — Ліквідаваць абсталяванне я вам не дам. А не — дык будзьце здаровы! Я чалавек круты. Скрыган. // Жорсткі, рашучы. Крутыя меры. // перан. Моцны, вялікі. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Цяжкі, напружаны, пераломны (пра час). Прыйшла крутая часіна і для .. [Свішчэўскага]. Грамовіч. Толькі ў крутую хвіліну, калі чалавеку, як сонечнае цяпло, патрэбен сяброўскі поціск рукі, .. людзі так хутка збліжаюцца. Мележ.

4. Густа замешаны, звараны да гушчыні. Крутое яйцо. Крутое цеста. □ Максім чэрпаў і чэрпаў крутую ячную кашу. Асіпенка.

5. Туга скручаны, звіты. Крутыя ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́ха1 пла́шка, плашча́к, плахты́на, плу́ха, плушка ’палавіна расколатага уздоўж дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. 3., Шушк., Яруш., Маш., Некр., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.) ’вялікая трэска’ (шчуч., шальч., чэрв., Сл. ПЗБ), ’маснічыны’ (Сцяшк. МГ), пла́шычка ’плаха’ (Юрч. СНЛ). Укр. харк. пла́ха ’шырокая дошка; палена, плаха’, рус. пла́хта ’дошка’, ’аполак’, ’масніца’, ’палка’, ’пень’, ’зрубанае і ачышчанае ад сукоў дрэва’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, роднасная прыметніку плоскі (Праабражэнскі, 2, 70; Фасмер, 3, 275) < прасл. *ploskъ ’плоскі’, у якім карэннае ‑o‑ атрымала экспрэсіўнае падаўжэнне (Махэк₃, 462), параўн. таксама польск. płocha ’бёрда’, чэш. plochý ’плоскі’, славац. plošina ’раўніна’, ’пляцоўка, платформа’. Яму адпавядаюць лат. plaskains, plāskains, літ. plókščias (< plāšk‑tjas) ’плоскі’ — у такім выпадку можна дапусціць існаванне ў прасл. мове формы *plaskъ, параўн. польск. płaski, plaskaty ’роўны, гладкі’, ляш. plʼaskaty, чэш. splaskovati ’сплюшчваць’, ’спадаць (пра пухліну)’, бел. пласка ’брыца, Echinochloa L.’, пласкіпакаты’. Дапускаецца роднаснасць са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112), са ст.-грэч. πλάξ ’паверхня, плошча’, ’дошка’ (Голуб-Ліер, 378). Сюды ж плаха, пла́хта ’вілападобная частка сахі, на якую набіты жалезныя сашнікі’ (Выг., Бес., Янк. 3., Тарн., Сл. ПЗБ, Дэмб. 2, Смул.; Сержп. Земл.), ’рама, аснова драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ; Дэмб. 2; чэрв., Хрэст. дыял.), а таксама пла́шка ’палова капусты’ (Вешт.; калінк., Сл. ПЗБ), пла́харэм ’плазам’ (ТС). У слав. мовах назіраецца чаргаванне зычных асновы sk, k і x (Брукнер, 419), а таксама падкрэсліваецца генетычная тоеснасць форм *plaskъ > з *plax‑ъta (Фасмер, 3, 276).

Пла́ха2, пла́шка, пла́хта, пла́шачка, плашчы́на, прыпла́шнык ’доўжань, века вялікай бакавой адтуліны ў вуллі-калодзе’ (лун., Шатал.; паст., Сл. ПЗБ; Нікан.; віц., гродз., брэсц., гом., ЛА, 1), ’драўляны каркас лежака’ (паст., Сл. ПЗБ). Да пла́ха1.

Пла́ха3, пла́шышча ’шырокі кавалак поля’, ’пласт сала’ (ТС; светлаг., SOr, 39, 352; Юрч. СНЛ), плахві́на ’пляц’ (ТС): пла́ха ’элемент узору на тканіне ў форме прамавугольніка’ (брагін., З нар. сл.), пла́шкі ’узор у 4 ніты’ (Уладз.); пла́хі ’плахта, несшываная спадніца’ (Ян.). Да прасл. *plaxa (Банькоўскі, 2, 614) > плаха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Тузануўшы, аддзяліць ад галінкі, сцябла і пад. (што‑н. з таго, што расце). Пяшчотныя ружы, Здаецца, сарвалі цяпер іх, Здаецца, запахнуць... Тарас. [Даміра:] Раптам я ўбачыў тры лісточкі зайцавай капусты. Прагнымі рукамі сарваў іх. Асіпенка. Сунічку апошнюю гэтага лета Сарваў я сягоння ды з’еў на мяжы. Грамыка.

2. каго-што. Рэзкім рухам аддзяліць (што‑н. прымацаванае). Сарваць дзверы з завесаў. □ Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў І глянуў, і хаты сваёй не пазнаў. Танк. Камендант.. сарваў пячатку на замку. Лынькоў. Уночы, пад’язджаючы да гэтага лесу, .. [Паўлоўскі з таварышам] сарвалі з аднаго з дарожных слупоў адозву. Чорны. // Адрываючы, скідаючы адкуль‑н., панесці (пра буру, ваду, вецер). Сяргей успомніў, як аднойчы летам бура сарвала дах з суседскай, Калячковай, хаты: ён упаў у іх агарод на таполю. М. Стральцоў. Біў вецер насустрач, .. намагаўся шапкі сарваць. Лынькоў. / у безас. ужыв. Тады якраз каля Ліпнішак мост сарвала паводкай. С. Александровіч. Ён [Бусел] не пазнаў высокі дуб, Што быў відзён праз кіламетры: Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка. Нашых два пакаты Сарвала хваляй выбуховай прэч. Зарыцкі. // Рэзкім рухам, рыўком зняць, сцягнуць. Стафанковіч, мыляючы губамі, сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. Чорны. Калі я [Пятрусь] памкнуўся да каня. Лаўрэн сарваў з маёй галавы шапку. Якімовіч. Тут дзед сарваў з носа акуляры і ніяк не мог дрыжачымі пальцамі ўкласці.. ў футлярык. Грамовіч. Не цямячы, што робіць, Анісім сарваў з пляча стрэльбу і шмыгануў назад. Сачанка. // Разм. Здзерці, абадраць (скуру і пад.). Рыючы пальцамі зямлю, .. [Ганна] неяк сарвала аб каменьчык палову пазногця. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць каго‑н. пакінуць якую‑н. работу, занятак, месцажыхарства і пад. З таго часу як.. [Сцяпан] сарваў Маю з работы, а сам стаў планавіком, усе адвярнуліся ад яго. Дуброўскі. [Антапюк:] — Не, адчуванне віны не ад таго, што сарваў Васіля з універсітэта; армія — таксама універсітэт. Шамякін.

3. што. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.). Сарваць разьбу.

4. што. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад празмернага напружання. Сарваць здароўе. Сарваць голас.

5. што. Парушыць ход чаго‑н.; не даць ажыццявіць, выканаць што‑н. Сарваць графік. Сарваць планы падпальшчыкаў вайны. □ [Васіль:] — Глядзі! Сарвеш хоць адзін дзень уборкі — не трапляй на вочы. Шамякін. — Нават нязначнае самавольства ці адступленне ад загаду могуць сарваць справу. Кулакоўскі. Вядома, самае страшнае было сарваць рэпетыцыю. Сяргейчык.

6. што. Разм. Атрымаць у выніку ашуканства, вымагання; прысвоіць. Стрынадка добра ведаў Бычка: той не прапускаў выпадку, каб не сарваць з каго ці пры абмене кватэры, ці з якога-небудзь іншага выпадку. Сабаленка. // Урваць. [Сабака], пачуўшы Агапін голас, садзіў проста ў хату, бо ведаў, што патрэбен Ігнасю і што ў яго можна сарваць часам смачнае перапечкі. Мурашка. Дзяўчаты на танцах. Ім на ўсё пляваць. Абы сёння сарваць больш вяселля... Мыслівец.

7. што, на кім-чым. Спагнаць на кім‑н. (злосць, гнеў і пад.). Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры. Колас.

•••

Сарваць галаву каму — строга пакараць каго‑н. (ужываецца як пагроза). [Шпак:] — Мне ж камандуючы галаву сарве, калі з табою што-небудзь здарыцца. Шамякін.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго‑н., паказаць сапраўдны твар каго‑н.

Сарваць покрыва (пакрывала) з чаго — выявіць, паказаць сапраўдную сутнасць чаго‑н., падаць у сапраўдным выглядзе што‑н.

сарва́ць 2, ‑рве; безас. зак., каго.

Вырваць, званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)