па́дающий

1. прич. які́ (што) па́дае; які́ (што) ва́ліцца; які́ (што) скіда́ецца; які́ (што) ідзе́; які́ (што) до́хне, які́ (што) здыха́е, які́ (што) гі́не; які́ (што) выпада́е; які́ (што) выва́льваецца; які́ (што) кладзе́цца; які́ (што) прыпада́е; які́ (што) спада́е; які́ (што) звіса́е; які́ (што) апада́е; які́ (што) зніжа́ецца, які́ (што) занепада́е, які́ (што) падупада́е, які́ (што) змянша́ецца; см. па́дать;

2. прил. па́даючы, паду́чы;

па́дающие звёзды астр. зні́чкі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.

1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.

2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.

3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.

4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.

5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́яцца, ‑сеецца; зак.

1. Сеючыся, падаючы, рассыпацца ў розныя бакі, папасці ў розныя месцы. І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Што гэта? [Лебядзіны] пух рассеяўся па зямлі? Бядуля.

2. Стаць рассеяным (у 3 знач.). Пучок святла рассеяўся.

3. Разысціся, разбегчыся ў розныя месцы, у розныя бакі. Пасля немцы зніклі, яны рассеяліся за дрэвамі, кустамі і сценамі і адтуль стралялі. Чорны. Натоўп на вуліцы паволі рассеяўся. Брыль. // Паступова радзеючы, знікнуць, разысціся (пра туман, дым і пад.). Туман, які нядаўна ахінаў вяршаліны бяроз на тым баку вуліцы, нечакана рассеяўся. Алешка. Калі дым рассеяўся, варожай пяхоты ў ляску ўжо не відно было. Кулакоўскі. // перан. Прайсці, знікнуць (пра якое‑н. пачуццё). І не сплюшчыць мне воч, І трывога мая не рассеецца: Хіба жарты — усю ноч салаўі за аселіцай! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі, забалочаным месцы і пад. Ехалі [эскадроны] па лесе доўгім, вузкім ланцугом, чвякала пад конскімі нагамі гразь. Навуменка. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень. Мележ. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, .. Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Ісці па чым‑н. мокрым, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Тады ён [Юрка] пачуў, што ў яго недзе збоку нехта чвякае па гразі. Ходзіць... Пташнікаў.

3. Тое, што і чаўкаць (у 1 знач.). Булка тырчыць [у немца] з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе... Гарэцкі.

4. Падаць, утвараючы глухі, мяккі шум. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Падаючы належны выгляд, засунуць, укласці край, канцы чаго‑н. куды‑н. [Ганна Васільеўна] заправіла пад хустку пасму сівых валасоў, і твар яе стаў суровым. Няхай. Увёў Аўдолевіч каня ў аглоблі, заправіў дугу і давай засупоньваць хамут. Брыль. // Заслаць, прыбраць. Заправіць ложак.

2. чым. Пакласці ў страву прыправу, закрасу. Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай. Колас. // Унесці ў глебу ўгнаенні. У калгасе ўсё дэталёва прадугледзелі, усё паставілі на службу ўраджаю: загадзя падабралі ўчасткі, багата запрасілі іх угнаеннямі, паклапаціліся пра насенне высокаўраджайных, перспектыўных сартоў. «Звязда».

3. чым і без дап. Падрыхтаваць для карыстання (машыну, прыбор і пад.), заліўшы або заклаўшы неабходнае рэчыва. Заправіць сіфон. Заправіць бак бензінам. Заправіць машыну. // Уставіць патрэбную дэталь у якую‑н. прыладу, механізм, рыхтуючы іх да работы. Заправіць бабіну ў прадзільную машыну. // Змясціць, паглыбіць што‑н. у што‑н. Заправіць насенне ў глебу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. у што і аб што. Сутыкнуцца з чым‑н., папасці ў што‑н. у час імклівага руху; стукнуцца. А на раніцу за вільгатнаватым заходнім ветрам прыляцела і ўдарылася ў шыбы зімовая птушка. Лужанін. Не дачакаўшыся, пакуль човен ударыцца ў бераг, .. [Акім Загорскі] скочыў амаль па калена ў ваду і размераным лёгкім крокам пачаў падымацца па спадзістым адхоне да .. карэты [імператрыцы]. Караткевіч. / Пра гукі. Гулкі пошчак ударыўся аб сцены, замёр недзе пад купалам столі. Асіпенка.

2. аб што і чым. Сутыкнуўшыся з чым‑н., атрымаць удар. Ударыцца галавой аб вушак. □ Падаючы,.. [Міколка] моцна ўдарыўся аб ламачыну. Лынькоў. // без дап. Выцяцца. Бяда спаткала Домнінага сына. Катаўся на каньках І ўдарыўся ён так, Што ледзьве дыхае, Бядак. Корбан.

3. перан.; у што. Аддацца чаму‑н. з захапленнем, пачаць займацца чым‑н. — Здорава ты, Генка, ударыўся ў навуку. Прокша. // Прыйсці ў які‑н. стан. Ударыцца ў слёзы. Ударыцца ў адчай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры..., прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і надае значэнні: а) давядзенне руху да канчатковай мэты; завяршэнне руху ў пэўным пункце, напрыклад: прыбегчы, прыйсці, прывалачы, прыляцець, прыпаўзці; б) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: прыахвоціць, прывучыць, прыкончыць, прыспець; в) збліжэнне, сутыкненне, напрыклад: прыткнуць, прыпнуць, прыхіліць; г) злучэнне, змацаванне, напрыклад: прыбіць, прыкалоць, прыклеіць, прыляпіцца, прымерзнуць, прыстаць, прышыць; д) сцісканне, выгладжванне, пашкоджанне ў выніку сціскання, напрыклад: прыкачаць, прымяць, прыціснуць; е) рух, накіраваны к сабе; дзеянне ў сваіх уласных мэтах, напрыклад: прывабіць, прыгрэбці, прыманіць, прысвоіць, прытуліць; ж) дадаванне, дабаўленне да чаго‑н., напрыклад: прыбавіць, прыараць, прылгаць, прыліць, прыпісаць; з) непаўнату дзеяння, напрыклад: прыадчыніць, прыглушыць, прыкрыць, прысылаць; і) суаднесенасць з пэўнай датай, надзеяй, напрыклад: прымеркаваць, прысвяціць, прыстасаваць; к) (толькі ад асноў дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі ‑ыва‑, ‑іва‑, ‑ва-) дзеянне, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: прыгаворваць, прыпяваць, прытанцоўваць, прытупваць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, падаючы значэнне: які размяшчаецца паблізу, каля чаго‑н., непасрэдна прымыкае да чаго‑н., напрыклад: прыбярэжны, прылесак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Утрымацца ў сядзячым становішчы, не падаючы пры штуршках, гайданні і пад. [Конь], нарэшце, ірвануў, ды так, што цётка не ўседзела і навалілася на воз. Ус.

2. Застацца сядзець, знаходзіцца на месцы. Калі бацька пайшоў, Таццяна не магла адна ўседзець у хаце і зноў выйшла на вуліцу, накіравалася да школы. Шамякін. Турбавала яго [Я. Коласа] і тое, што часам улетку стаяла суш. Тады цяжка было паэту ўседзець за пісьмовым сталом. С. Александровіч. Львіцы — як толькі могуць уседзець яны ў адной клетцы! — з чыста жаночай цікавасцю паглядалі праз краты: што робіцца на белым свеце? Лужанін. // Прабыць некаторы час без работы. Я знаю — Ўседзець не змаглі б Без справы там і вы, Калі б пачулі, Як іграў Наш Пецька Канцавы. Кірэенка.

3. перан.; (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўтрымацца на якой‑н. пасадзе. Ды час прабіў. Дыхнула бура.. Не ўседзеў цар у сваіх мурах. Колас. [Сыч:] — Дзе тут уседзець у нас, ды яшчэ доктару біялагічных навук! Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лом ’ламачча, сухія, апаўшыя галіны’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Кл.), ломʼе ’тс’ (ТС), лу͡ом (Федар. Дад.); лом (луж, ло̂м, лим) ’тс’, ’куча галля’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛАПП), ’хвораст’ (ЛАПП), ’агонь, касцёр’ (мядз., Нар. лекс.; паст., Сл. ПЗБ), ’буралом’ (Др.-Падб.), ’лес’ (віц., Ів.; Вяр.), ’хатняе стар’ё’ (Шат.), ламяйко ’дробнае галлё, сукі’, ламы ’абцярэбленыя сукі дрэва, сабраныя ў кучы’ (Сцяшк.), ’сучча ў лесе, наваленае на зямлю’ (Нас.). Укр. лім, лом, валын. лумо́, рус. паўн., наўг. лом, польск. łom, каш. łȯm, зах.-прус. u̯ůmǝ, н.-луж. łom, чэш. lom, мар. łom, славац. lom, славен. lòm, серб.-харв. ло̑м, макед., балг. лом. Прасл. lomъ ’ламанне’ > ’нешта паламанае’ > ’ламачча’ > ’месца, дзе быў павалены лес’, ’пралом’ > ’расколіна ў зямлі, нізіна, яма з вадой, балота’ (параўн. рус. пск. лом ’балота’). Гл. Слаўскі, 5, 168–169. Утворана ад асновы lom‑, роднаснай з літ. lãmas ’частка, кавалак, кавалак зямлі’, гэтак жа і Аткупшчыкоў (Этимология–84, 193), lamãkas, lamañtas ’кавалак’, lìmti ’ламацца’, лат. limt ’згінацца пад цяжкай ношай’, ст.-прус. limtwei ’ламаць’, літ. ãp‑lamas ’нязграбны’, лат. aplams ’недарэчны’, а таксама, відавочна, алб. lëmë, lamë ’ток’, ’маслабойка’; ірл. laime ’сякера’, ст.-в.-ням. lam, ст.-ісл. lami ’кульгавы, пакалечаны’ (падрабязна агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 515). Скок (2, 316) выводзіць lomъ з lomiti. Непакупны (Бел. лекс., 121 і Связи, 194), падаючы арэалы распаўсюджання лоўж і лом, мяркуе, што лом з’яўляецца ’перакладной’ (з балтыйскага láužas) лексемай.

Лом2 ’боль у касцях, ламота’ (Бяльк.) прымыкае да рускамоўнага арэалу, дзе лом ’ламота, артрыт, рэўматызм’. Укр. ломець ’тс’. Да лама́ць (гл.).

Лом3 ’жалезны лом’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш.), ветк. ламок ’тс’ (Мат. Гом.). Відавочна, пашырылася з рус. мовы. Да лом1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

укі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Імкліва кінуцца куды‑н., скочыць у што‑н. [Чарада авечак] рассыпалася, быццам воўк укінуўся ў яе. Лобан. Дзед укінуўся да мяне ў палукашак на выездзе з вёскі. Лужанін.

2. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н., падаючы ўніз. У бедных «бунтароў» і люлькі павыпадалі з зубоў на лёд, адна нават укінулася ў палонку. Колас. [Язэп:] — Думка гэта запала ў маю галаву сёння, калі я ішоў з воласці ды ўкінуўся ў канаву. Чарот.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Нечакана ўзнікнуць, з’явіцца; імгненна распаўсюдзіцца. Укінулася хвароба. □ Агонь як у кінецца, дык выгаліць усю вёску. Сабаленка. // З’явіцца, паявіцца ў вялікай колькасці. [Маня:] — А не ўдадуцца ягады, грыбы ўкінуцца: людзі ўжо столькі іх пананошваюць ды панасушваюць, што не ведаюць, дзе дзець. Палтаран.

4. Разм. Распачаць гарачую размову, спрэчку і пад. Рабочыя адышліся на добрую адлегласць і пачалі гучную гутарку, нібы ў сварку ўкінуліся адзін з адным. Лынькоў. // Горача ўзяцца за што‑н. Вясной Пеўнік зацята ўкінуўся ў гаспадарку. Навуменка.

•••

Укінуцца ў вока — тое, што і упасці ў вока (гл. упасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)