паба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго. Убачыць, сустрэць каго‑н. З самай раніцы мы таўкліся каля саўгаснай канцылярыі, каб як пабачыць загадчыка саўгаса. Нікановіч. Ахрэму хацелася пабачыць старшыню, дазнацца пра ўсё падрабязна, што там на вечар запланавана. Кавалёў.

2. каго-што. Убачыць многае. Малодшы брат.. паспеў пабываць ужо ў Заходняй Беларусі, пабачыў Бесарабію і недзе цяпер, мабыць вызваляе Румынію ад фашыстаў. Асіпенка. Твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце. Лынькоў. // перан.; што, чаго і з дадан. сказам. Зазнаць, перажыць. Хоць шмат мы пабачылі гора За годы праклятай вайны, Але не хілілі ў пакоры Прад катам сваёй мы спіны. Астрэйка.

3. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Успрыняць зрокам, убачыць; паглядзець на каго-што. [Ігнась] ужо нецярпліва чакаў, каб хутчэй пабачыць.. таемны багаж. Мурашка. Самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас.

4. што і без дап. Даведацца, упэўніцца ў чым‑н. [Маці:] — Пабачыш, застанецца.. [Андрэйка] на другі год. Гамолка. [Максім Сцяпанавіч:] — Ды не хвалюйся, калі ласка, пабачыш, усё будзе добра. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Раздзяліцца на часткі ад рыўка, рэзкага руху. Цыгарка ў .. [Машы] разарвалася, і махорка высыпалася на зямлю. Шамякін. І вось металічны канат, які павінен абавязкова разарвацца, калі па ім пройдуць ролікі нагружанай скрыні, узнят на мачту. Даніленка. // Дарвацца ў адным або некалькіх месцах. Кашуля разарвалася.

2. Узарваўшыся, распасціся на часткі. Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Проста перад танкам разарвалася граната, не даляцеўшы да яго. Чорны. Ён жа думаў пра смерць, Пра сваю, калі раптам снарадам Разарвецца зямля пад нагамі І вочы агнём апячэ. Бураўкін.

3. Стаць несуцэльным, разамкнутым, з разрывам. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю. Колас. Кабрыялет спускаўся да рачулкі па спадзістым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. Караткевіч. Калона пахіснулася і разарвалася. Жычка.

4. перан. Спыніцца, парушыцца. Сувязі разарваліся.

5. перан. Пра неабходнасць выканаць адразу мноства спраў, пабываць адразу ў многіх месцах. Старая ледзь не разарвецца: і бульбу свінням у карыце сячэ, і бліны скідае, і мые цадзілку. Васілевіч. Магдалена не магла разарвацца. Ёй усюды трэба было паспець. Чорны.

•••

Хоць разарвіся — ужываецца пры ўказанні на незвычайна вялікую занятасць, неабходнасць быць адразу ў некалькіх месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дра́цца, дзяруся, дзярэшся, дзярэцца; дзяромся, дзерацеся, дзяруцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяляцца на часткі, на кавалкі; раздзірацца. Папера лёгка дзярэцца. // Зношвацца да дзірак; рвацца (пра адзенне, абутак). — Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знімацца, адрывацца. Дзяры лыка пакуль дзярэцца. Прыказка.

3. Мець прывычку драць (у 3 знач.); драпацца. [Зыгмусь:] Я да.. [Юзі], а яна або ўцякае, або пазурамі дзярэцца, як кошка. Чорны.

4. Драпаць адзін аднаго. Каты дзяруцца.

5. Разм. Чухацца, тручыся аб што‑н. або драпаючы пальцамі. Дзярэцца, як карослівы.

6. Разм. Паднімацца на што‑н. высокае, чапляючыся рукамі і нагамі; караскацца. Мне так захацелася пабываць на вяршыні кургана, як у маленстве: гоп-гоп! — некалькі падскокаў, і ты ўжо дзярэшся пад самую сасну. Кірэенка. // Вырастаючы, паднімацца ўверх, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). Адбуяла ў агародах хмельная летняя зеляніна — павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік. Навуменка. // Прабірацца праз што‑н. цяжкапраходнае. Драцца праз густы ельнік. // перан. Імкнуцца заняць як можна вышэйшае становішча ў грамадстве. Цяпер спакойны за сябе Пахом: «Палезу вышай — вывезе дыплом». І па службовай лесвіцы дзярэцца... Маеўскі.

7. Разм. Моцна крычаць, плакаць. Чаго .. [дзіця] дзярэцца на ўвесь лес? Васілевіч. Дарэктар рвецца на кавалкі. Зламаў на блясе ўжо дзве палкі, Дзярэцца, нема л[я]мантуе, — Такі там гвалт — хай бог ратуе! Колас.

8. Зал. да драць (у 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́пасці сов.

1. в разн. знач. вы́пасть; (о жребии, выборе и т.п. — ещё) пасть; (на какой-л. день, на долю и т.п. — ещё) прийти́сь; (на долю — ещё) доста́ться;

з кні́гі вы́пала пісьмо́ — из кни́ги вы́пало письмо́;

уно́чы вы́паў снег — но́чью вы́пал снег;

мне вы́пала шча́сце — мне вы́пало сча́стье;

жэ́рабя вы́пала на яго́ — жре́бий вы́пал ему́ (пал на него́);

на ко́жнага чалаве́ка вы́пала па сто рублёў — на ка́ждого челове́ка вы́пало (пришло́сь, доста́лось) по сто рубле́й;

2. ускользну́ть;

гэ́та вы́пала з-пад маёй ува́гі — это ускользну́ло от моего́ внима́ния;

3. безл. случи́ться; (о возможности, случае) предста́виться;

адно́йчы мне вы́пала пабыва́ць там — одна́жды мне случи́лось побыва́ть там;

мне вы́пала схадзі́ць у музе́й — мне предста́вилась возмо́жность (предста́вился слу́чай) сходи́ть в музе́й;

в. на до́лю — вы́пасть на до́лю;

з во́ка в. — вы́пасть из по́ля зре́ния;

як вы́падзе — как случи́тся, как уда́стся

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)