Ска́радзь, скарада́ ‘жмінда, скнара’ (Касп.), скарэ́да ‘тс’ (Сержп., Растарг.), ска́ріда ‘нягодны; сквалыга’ (Бяльк.), ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’, ‘благі, кепскі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. ска́рідь ‘погань’, рус. ска́ред, ска́реда ‘сквапны, сквалыга’, польск. szkarada ‘брыда’, чэш. škareda ‘пачвара’, славац. škaredý ‘агідны, брыдкі’, в.-луж. škerjeda ‘бруд, гідота’, н.-луж. škarjeda ‘тс’, серб.-харв. ска̏редан ‘брыдкі, непрыстойны’, балг. скаре́ден ‘эканомны, скупы’, радоп. ска́радлиф ‘лютаежлівы, капрызны ў ядзе’, макед. скареденнепрыстойны’, ст.-слав. скарѧдъ ‘брудны, агідны’, якія працягваюць прасл. *skarędъ; апошняе мае паралелі ў ст.-інд. ava‑skaras ‘экскрэменты’, apa‑skaraḥ ‘тс’, ст.-ісл. skarn н. р. ‘гной’, ‘памёт’, лац. mūskerda ‘мышыны кал’ і г. д. Іншыя версіі і літ-py гл. Фасмер, 3, 634; Глухак, 553; БЕР, 6, 729; ЕСУМ, 5, 266 (скаре́да ‘скнара’ лічыцца русізмам). Сумніўна Жураўскі (Гіст. лекс., 92), які ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’ лічыць паланізмам пры наяўнасці стараж.-рус. скарѧдъ, скарѣдъ ‘агідны’, серб.-ц.-слав. скарѣдъ ‘тс’. Гл. таксама шкарадзь. Магчыма, сюды ж карадлівы ‘чуллівы, крыўдлівы’ (Нас.), асабліва кара́дзіцца (гл.), сярод значэнняў якога ‘прыкідвацца бедным, сквалыжнічаць’. Гл. Мяркулава, Этимология–1973, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бры́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Непрыгожы з выгляду, гадкі. [Тапурыя:] — Асілкам..[селянін] не быў, але да работы быў здатным і з твару быў не брыдкі. Самуйлёнак. // Непрыемны, дрэнны. Брыдкі настрой. Брыдкі характар. □ Няўжо яшчэ працягваецца той брыдкі сон! Чарнышэвіч.

2. Паганы, ганебны, благі. Брыдкія паводзіны. □ Алімпе не хапала яшчэ таго, каб родная маці яе стала завадатаркай брыдкіх спраў. Сабаленка. Перад.. [Юркам] было сорамна, і сам сабе Цімка здаваўся брыдкім. Карпаў. // Непрыстойны, брудны, пахабны. Пайшлі па вёсцы пра Зосю брыдкія плёткі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няёмкі, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім нязручна быць; нязручны. Няёмкая поза.

2. Непрыемны; цяжкі. Валенда пакрыўдзіўся. Размова доўга не ладзілася. — Што рабіць надумаў? — перапыніў няёмкае маўчанне Тышкевіч. Асіпенка. З няёмкага становішча.. [Лёню] выручыў Мікалай Пятровіч, які загаварыў з хлопцамі. Ваданосаў.

3. Непрыстойны, недарэчны. Умешвацца ў гаворку Паходня палічыў няёмкім і, адвярнуўшыся ад купэ, стаў глядзець у акно. Хадкевіч. Урад трапіў у няёмкае становішча: яму даводзілася ўжываць рэпрэсіі да той самай думы, якую ён сам склікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаро́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Паводле рэлігійных прадпісанняў — забаронены для яды ў час посту (пра мяса, сала, малако і пад.). Скаромная ежа. Скаромны суп. □ Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Якімовіч. // у знач. наз. скаро́мнае, ‑ага, н. Мясная і малочная ежа. [Бацька:] — Ты, можа, скаромнага не будзеш есці, Аўдоля, напэўна ж посціш, то мо табе гуркоў з расолам прынесці? Чарнышэвіч. Усім скаромным загадвае старая. Крапіва.

2. перан. Разм. Непрыстойны. Скаромны анекдот.

•••

Скаромны дзень гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пле́йтух, мн. л. плейтухі ’доўгія касмылі на галаве’ (ТС), плейту́х ’неахайны чалавек’ (жлоб., Жыв. сл.; Бяльк.), ’тупіца, разява’, плейтухі ’валасы, кавалкі’: кабударыў аб мост, сь цябе б плейтухі пыляцелі (Юрч. СНЛ), плейтух, плейтушына, алей‑ тушка ’лаянкавы выраз на яўрэяў’ (Нас.), рус. смал. плейтух ’мянушка яўрэя’. З польск. flejtuch ’неахайны, брудны, непрыстойны, нядбалы’, якое са ст.-ням. fleien ’мыць’ і Tuch ’палатно, хустка’. Гэтае значэнне развілася з першасных: ’шматок, жмут, касмыль пакулля’; ’скрутак марлі ці корпіі для затыкання ран’. Паводле Банькоўскага (1, 375) — з мовы цырульнікаў, узыходзіць да ням. flet, цяпер у значэнні канал’ і tuch ’хустка’,

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́падабень ’пра непрыгожую, неахайную асобу’ (жлоб., Жыв. сл.). Да падо́бны ’уласцівы, прыстойны’, параўн. ніпадобны ’брыдкі, неахайны’ (там жа), ’непрыстойны, неўласцівы; неверагодны’ (Нас., Яруш.), усё да падаба́ць ’любіць, мець прыхільнасць’ (гл.). З іншым значэннем непадо́бны ’які не мае падабенства да каго-небудзь ці чаго-небудзь’ (Гарэц., ТСБМ), развіццё семантыкі зыходнага падобны ад ’падыходзячы’ да ’маючы падабенства’. Іншае развіццё значэння дэманструе хойн. непадобнасць (нэпадобнасць) : «вазьми ад е́тага чалавека нэпадобнасць, каторая дадзяна доўгими рука́ми» (Полес. этнолингвист. сб., 100), параўн. польск. niepodobność, niepodobieństwo, адно са значэнняў якога ’злосць, непрыстойнасць, нягоднасць’ тлумачыцца праз стадыю ’рэч немагчымая, непадобная да праўды’ (Варш. сл.), адкуль і ст.-бел. неподобность, неподобенство ’немагчымасць, неймавернасць; немагчымая, непраўдападобная рэч’ (пач. XVI ст., КГС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляда́ік, ліда́ік, ліда́ек, ляда́йка, ляда́шка ’сімптом ванітаў, непрыемнае, пакутлівае адчуванне перад ванітаваннем, моташнасць’, ліда́шна, лідаі́шна, ліда́шта ’моташна’, ляда́ча ’млосна, дрэнна’, лядае́к, лядая́к ’цяжка, невыгодна, нязручна’, ляда́ко ’дрэнна’, ляда́ка ’тс’, шчуч. ’непагадзь, вельмі дрэннае надвор’е’ (Мядзв., Мікуц., Касп., Шат., Бяльк., Мат. Маг., Яўс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.). Сюды ж прыметнікі: ляда́кі, ляда́йкі, ляда́ікі ’дрэнны, нізкай якасці; пусты, непаслухмяны, абы-які’, ’паганы, сярдзіты’, ’плаксівы (дзіця)’, ’слабы, нездаровы’, ’брыдкі, непрыстойны, спешчаны’, ’нікуды не варты’ (Булг., Мікуц., Жд. 1, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Запазычана са ст.-польск. leda jak ’абы-як’, якое складаецца з прасл. lěda ’толькі, абы’ (польск. lada > бел. леда) і jako ’як’ > jaki ’які’. Паланізмам лічыў гэту лексему і Шатэрнік (151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паску́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. груб.

1. Брыдкі, агідны. — Канвойнікі падганяюць нас, пакрыкваюць ды такімі паскуднымі словамі лаюцца, што і слухаць моташна. Колас. // Дрэнны, гадкі. Дровы былі тады, і паскудныя ж — хоць ты сам заместа іх у топку лажыся. Лынькоў. [Дзед Бадыль:] Лагчына там, ды такая ж паскудная! Што ні ступіш, дык навылёт і навылёт. Крапіва.

2. Лаянк. Несумленны, непрыстойны, благі; які любіць рабіць шкоду, подласць. Паскудны чалавек заўсёды пакажа сябе, тут нечаму асабліва здзіўляцца. Лынькоў. [Саўка:] — Я, Цімох, не буду апраўдвацца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фальшывым партызанам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неудо́бный

1. нязру́чны;

неудо́бный моме́нт нязру́чны мо́мант;

2. (лишённый удобств) невыго́дны, нязру́чны;

неудо́бная кварти́ра невыго́дная кватэ́ра;

неудо́бное кре́сло невыго́днае (нязру́чнае) крэ́сла;

неудо́бное сообще́ние с при́городом невыго́дныя (нязру́чныя) зно́сіны з пры́гарадам;

3. (неловкий) няёмкі, нязру́чны; (неприятный) непрые́мны;

поста́вить кого́-л. в неудо́бное положе́ние паста́віць каго́е́будзь у няёмкае (нязру́чнае, непрые́мнае) стано́вішча;

неудо́бный гость непрые́мны госць;

4. (неприличный) непрысто́йны, няёмкі;

неудо́бное выраже́ние непрысто́йны (няёмкі) вы́раз;

5. (непригодный — о земле) с.-х. няўдо́бны, няўдо́біца, -цы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сарамлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод незнаёмых. Шамякін. Алёша ніколі не танцаваў. Ён быў сарамлівы, ніколі не жартаваў з дзяўчатамі, моўчкі трымаўся ў баку ад іх. Дуброўскі. // Які выяўляе хваляванне, збянтэжанасць, нясмеласць. [Андрэй] усміхнуўся: усмешка ў яго была добрая, нібы сарамлівая. Мележ. Голас гарманіста вінаваты, сарамлівы. Бядуля. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці, нясмеласці. Любоў гэта сапраўдная — чыстая і сарамлівая. У. Калеснік.

2. Непрыстойны. Калі Язэп апавядаў аб сваім блуканні, аб тым, як цяжка ажаніцца, а яшчэ цяжэй даказаць без метрыкі валасному старшыні, што радзіўся, Настуля трэслася ад злосці і лаяла ўсіх самымі сарамлівымі словамі... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)