аслупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Знерухомець ад моцнага ўзрушэння; анямець ад здзіўлення і інш. Раптам Гарпіна схамянулася і ўся аслупянела ад здзіўлення — гэта ж па радыё называлі яе імя, звярталіся да яе! Краўчанка. Усхапіўшыся, ён [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў. На дзядзьку-кухара глядзелі, Як бы яны [дзеці] аслупянелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

філармо́нія, ‑і, ж.

Установа, якая займаецца арганізацыяй канцэртаў і прапагандай музычнай культуры. Атрымаўшы права запрасіць у 1960 годзе адзін з лепшых калектываў СССР на святкаванне 950‑годдзя свайго горада, Яраслаўская філармонія запрасіла нашу капэлу. «Звязда». У 1932 годзе адкрыліся кансерваторыя, вялікі сімфанічны аркестр пры радыёкамітэце, філармонія і інш. «Беларусь». Доўга стаяў.. [танк] на Камароўскай развілцы, прыкладна насупраць таго месца, дзе цяпер узвышаецца будынак Дзяржаўнай філармоніі. Беразняк.

[Ад грэч. philos — сябар і harmonia — гармонія, музыка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбрысці́ся, ‑брыдзецца; ‑брыдзёмся, ‑брыдзяцеся, ‑брыдуцца; пр. разбрыўся, ‑брылася, ‑брылося; зак.

Разысціся з аднаго месца ў розныя бакі, у розных напрамках. Статак разбрыўся па пашы. Гурскі. Дзверы дарожнага аддзела на калідоры насупраць. У ім таксама пуста — работнікі разбрыліся хто куды. Навуменка. // Разм. Разышоўшыся, раз’ехаўшыся, перастаць быць, жыць разам. У сыноў ужо свае дзеці растуць. Толькі мала Ганне ад гэтага ўцехі: сыны разбрыліся па белым свеце... Гроднеў. // перан. Рассеяцца (пра думкі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на..., прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў са знач.:

1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, напр.: насыпаць (солі на агурок), наляпіць (аб’яву на сцяну);

2) паўната, дастатковасць дзеяння, напр.: нагаварыць, насеяць, накідаць;

3) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напр.: наесціся, нагаварыцца, нагуляцца.

II. Утварае:

1) дзеясловы закончанага трывання, напр., пісаць — напісаць;

2) дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са знач. вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напр.: наабіраць, наабломваць, наразбіваць.

III. Ужыв. пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са знач.: знаходзіцца на паверхні чаго-н., напр.: насценны, наскальны, наручнікі, наморднік.

IV. Ужыв. для ўтварэння прыслоўяў са знач.: на які-н. тэрмін, у якім-н. напрамку, у якой-н. меры, ступені, напр.: назаўсёды, насупраць, нацянькі, настолькі, наколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зусі́м, прысл.

1. Абсалютна, поўнасцю. Дзверы неўзабаве зачынілі, і ў вагоне стала цёмна зусім. Самуйлёнак.

2. Разм. Назаўсёды. — Цяпер от, у гэтую хвіліну, я збіраюся ісці з дому зусім. Чорны.

3. (з адмоўем: не зусім). Не вельмі, не поўнасцю. Не зусім здаровы. Не зусім разумны. □ Няскладны машыніст у пацёртай нямецкай форменцы быў заняты не зусім звычайнай для яго працы справай. Лынькоў.

4. Вельмі, дужа. Ладымер насупраць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ўха ’ўдар па шчацэ’ (Нас., Сл. ПЗБ), ’аплявуха’ (Бяльк., Шат., Касп.), по́ўшына ’ўдар па вуху’ (Бяльк.), по́ўшыць ’біць у вуха’ (Шат.). Хутчэй за ўсё, назоўнік абстрагаваны са спалучэння даць по (в)уху (гл. па, вуха). Малаімаверна адносіць да ўтварэнняў ад апляву́ха (гл.) шляхам народнаэтымалагічнага суаднясення са словам ву́ха (ЭСБМ, 1, 127–128), больш верагодна бачыць у ім кальку на базе літ. añtausis ’аплявуха’, ’частка шчакі насупраць вуха’ (Чэкман, Baltistica, 8, 2, 153), параўн. таксама дзеяслоўнае ўтварэнне antausiúoti ’даваць аплявуху’, аднак несупадзенне прыставачнай семантыкі (літ. ant ’на’) ставіць пад сумненне магчымасць калькавання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́тусь ’лежачы галовамі ў супрацьлеглыя бакі, «валетам»’ (лях., Сл. ПЗБ), драг. на́мытусь (Лучыц-Федарэц), мі́туські ’улукаткі’ (Жд. 1), мытусь ’адзін да аднаго задам’ (Кольб., 52). Укр. ми́тусь, митьма́, рус. митуси́ть ’падміргваць’, ст.-рус. митусь, митусъ ’адзін насупраць аднаго’ (XIII ст.), ст.-слав. митѣ ’напераменку’, польск. mituś, серб.-харв. усу̀мит, су̏митице ’крыж-накрыж’. І.‑е. адпаведнікі: лат. mits, mitus, mite ’мена’, mitêt ’мяняць’, mitežām ’разам, талакою’, ст.-інд. mḗthati, mitháti ’чаргуе’, mithás ’папераменны’, авест. miϑtwa‑ ’спараваны’, лац. mūtāre ’мяняць’, mūtuus ’узаемны’, гоц. missō ’адзін аднаго’ (Зубаты, IF, 3, 136; Бернекер, 2, 62; Брукнер, 338–339; Фасмер, 2, 628–629).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

моль 1, ‑і, ж.

1. Вельмі малы матылёк атрада лускакрылых, вусень якога нішчыць шарсцяныя тканіны, збожжа і інш. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю — недзе доўга ляжала. Шамякін.

2. перан. Аб чым‑н. вельмі малым.

моль 2, ‑я, м.

Спец.

1. Лес, які сплаўляецца па рацэ ўрассыпную, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.

2. у знач. прысл. мо́лем. Урассыпную. Сплаўляць лес молем.

моль 3, ‑я, м.

Спец. Колькасць грамаў хімічнага рэчыва, роўная малекулярнай масе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да настаўніка (у 1 знач.). Настаўніцкі калектыў. Настаўніцкія кадры. □ Цяпер у Лабановіча ўжо трохі ёсць настаўніцкая практыка. Колас. // Прызначаны для настаўніка. Настаўніцкая газета. □ Я сядзеў на першай парце, якраз насупраць настаўніцкага століка. Хведаровіч.

2. у знач. наз. наста́ўніцкая, ‑ай, ж. Пакой у школе, дзе збіраюцца настаўнікі. Настаўнікі разышліся па класах, .. і Святлана засталася ў настаўніцкай адна. Шахавец.

3. Павучальны. Выціраючы хустачкай пот з твару, [Качура] гаварыў ужо салідным настаўніцкім тонам, выстукваючы алоўкам па стале. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)