на..., прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў са знач.:

1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, напр.: насыпаць (солі на агурок), наляпіць (аб’яву на сцяну);

2) паўната, дастатковасць дзеяння, напр.: нагаварыць, насеяць, накідаць;

3) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напр.: наесціся, нагаварыцца, нагуляцца.

II. Утварае:

1) дзеясловы закончанага трывання, напр., пісаць — напісаць;

2) дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са знач. вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напр.: наабіраць, наабломваць, наразбіваць.

III. Ужыв. пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са знач.: знаходзіцца на паверхні чаго-н., напр.: насценны, наскальны, наручнікі, наморднік.

IV. Ужыв. для ўтварэння прыслоўяў са знач.: на які-н. тэрмін, у якім-н. напрамку, у якой-н. меры, ступені, напр.: назаўсёды, насупраць, нацянькі, настолькі, наколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)