прасвятле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасвятляць — прасвятліць і стан паводле знач. дзеясл. прасвятляцца — прасвятліцца.

2. перан. Наступленне спакою, радасці, шчасця. Мабыць ва ўсякім жыцці, нават у самым цяжкім, бываюць свае прасвятленні, свае радасці. Кулакоўскі.

3. Здольнасць ясна, правільна мысліць. У адзін з момантаў прасвятлення .. [Голуб] зноў адрозніў пяшчотны звон Алесінага голасу: — Я буду даглядаць яго, — прасіла яна. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́браз, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. У філасофіі: вынік і ідэальная форма адлюстравання прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету ў свядомасці чалавека.

2. Выгляд, аблічча, якія ўзнікаюць у памяці, ва ўяўленні.

В. маці.

3. Жывое, нагляднае ўяўленне аб кім-, чым-н.

Светлыя вобразы будучага.

4. У мастацтве: абагульненае мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, увасобленае ў форму канкрэтнай індывідуальнай з’явы.

Паэт мысліць вобразамі.

5. У мастацкім творы: тып, характар, створаны пісьменнікам, мастаком, артыстам.

Вобразы рамана.

Артыст увайшоў у в. (ужыўся ў ролю). Стварыць в. рабочага.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шкаля́р, ‑а, м.

Разм.

1. Школьнік, вучань. І як ён [чэх] схібіў, збавіў тону, Прыняў пасіўна так удар! Успомніць сорам — як шкаляр! Колас. Хлапчукі пераважна з тых, хто ў школу яшчэ не ходзіць, але ёсць і шкаляры, якія цішком шуснулі з калоны і ўскарабкаліся на дрэва, каб падзівіцца на цуд. Навуменка.

2. Зніж. Пра дарослага чалавека з абмежаваным узроўнем ведаў, які не ўмее самастойна мысліць і дзейнічаць. Гэта Алесь гарлапаніць на двары. Да дваццаці чатырох гадоў дажыў, ды так шкаляром і застаўся. Пінчук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацямні́ць, ‑цямню, ‑цемніш, ‑цемніць; зак., каго-што.

1. Зрабіць цёмным, засланіўшы святло; засланіць святло каму‑, чаму‑н. [Сасоннік] засланіў лінію, зраўняў лес, знішчыў мяжу, зацямніў квартал. Пташнікаў. Цень зацямніў святло. Маўр. // перан. Засмуціць, замаркоціць. Цяжкі ўспамін зацямніў тую светлую ўрачыстасць, якая .. апанавала [Васіля]. Шамякін. // Замаскіраваць святло. Зацямніць горад. Зацямніць вокны.

2. перан. Зацьміць, адсунуць каго‑, што‑н. на задні план. Аўтар высунуў на першы план няўдалае каханне юнакоў да Тані, якое зацямніла ўсё астатняе. «ЛіМ».

3. перан. Зрабіць незразумелым; заблытаць. Зацямніць ідэйны сэнс твора. // Пазбавіць здольнасці ясна разважаць, мысліць. Зацямніць розум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́зум ’здольнасць мысліць, разумець’, ’разумовыя здольнасці чалавека, інтэлект’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Касп., Стан., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), розымъ ’тс’ (шымк. Собр.), ст.-бел. розум ’тс’. Укр. ро́зум, рус. ра́зум (< ц.-слав. разумъ), дыял. ро́зум, польск. rozum, н.-луж. rozym, в.-луж. rozum, rozom, rozym, чэш., славац. rozum, славен. razȗm, rezum, серб. ра̏зум, харв. rȁzum, макед. разум, балг. ра́зум, ст.-слав. разоумъ. Прасл. *orzumъ, утворанае з прыстаўкі *orz‑ > бел. раз‑/роз‑ (гл.), якая тут выражае адрознівальную здольнасць мыслення (Рэйзак, 548) і *umъ > ум > умець (гл.) < і.-е. (H)au̯‑mó‑ (Міклашыч, 372; Покарны, 78; Фасмер, 3, 435; Шустар-Шэўц, 2, 1244; Бязлай, 3, 160; БЕР, 6, 161–162). Сюды ж разумны, разумовы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ду́маць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. аб кім-чым, над чым і без дап. Раздумваць, мысліць, разважаць.

Многа думаў аб жыцці.

Д. над задачай.

2. Меркаваць, прытрымлівацца якой-н. думкі.

Думаю, што справа гэта не заслугоўвае ўвагі.

3. з інф. Мець намер што-н. зрабіць.

Думаю застацца дома.

4. на каго (што). Падазраваць, лічыць вінаватым у чым-н.

Дарэмна на яго д.

5. аб кім-чым. Клапаціцца, турбавацца.

Трэба д. аб дзецях.

І думаць няма чаго (разм.) — пра поўную немагчымасць зрабіць што-н.

І не думай (разм.) — пра катэгарычную забарону рабіць што-н.

Трэба думаць (разм.) — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.

|| зак. паду́маць, -аю, -аеш, -ае (да 1, 3—5 знач.).

|| наз. ду́манне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

во́браз, ‑а, м.

1. Знешні выгляд каго‑, чаго‑н., што ўзнікае ў памяці. Аня думае пра танкістаў, пра камбата Бродкіна, што ляжыць у зямлі пад Полацкам.. Потым у яе памяці паўстае вобраз маці. Мележ. Вобразы мілыя роднага краю, Смутак і радасць мая! Колас. // Тое, што ўзнікае ва ўяўленні. Вобразы будучага.

2. Спецыфічная катэгорыя мастацтва — канкрэтна-пачуццёвая форма ўяўлення мастаком рэчаіснасці. Мысліць вобразамі.

3. Тып, характар, створаны пісьменнікам, мастаком, артыстам. Вобразы п’есы, рамана. □ Сапраўднаму мастаку слова няма патрэбы тлумачыць тое, што ён хацеў сказаць у творы, — за яго скажа сам твор, скажуць створаныя ім вобразы — носьбіты ідэй. Кудраўцаў.

4. Адлюстраванне ў свядомасці чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́ра, ‑ы, ж.

1. Спосаб дзеяння, прыём. Тое, што мы завём подзвігам, — для.. [М. Багдановіча] натуральная манера мысліць і жыць. М. Стральцоў. Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта, і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Колас. // Звычка, прывычка. — Што за манера з госцем праз зачыненыя дзверы размаўляць? Новікаў.

2. Сукупнасць прыёмаў, характэрных рыс творчасці. Пісьменнік [К. Чорны] прынёс у літаратуру свае тэмы, арыгінальную манеру пісьма. Лужанін.

3. толькі мн. (мане́ры, ‑пер). Знешнія формы паводзін, спосаб трымацца. Перада мной сядзеў сімпатычны інтэлігентны чалавек.. Непасрэдныя і сяброўскія манеры гэтага чалавека выклікалі мяне да шчырасці. Карпюк. [Язэп] чалавек спрытны, адзеты на гарадскі лад, манеры ў яго, як у пана. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разважа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Супастаўляючы падзеі, паняцці і пад., мысліць, рабіць вывады; меркаваць, лічыць. І раптам яны ўдвух, рэдактар і загадчык аддзела рэдакцыі, пачалі горача разважаць: хто аўтар? Хто б гэта мог напісаць такі нарыс? Грамовіч.

2. Выказваць свае думкі, меркаванні, гаварыць аб чым‑н. — Якая гаспадыня, такі і дом, — разважаў .. [Комлік], апетытна закусваючы. Карпаў. Мы разважалі пра зіму, якая яна будзе сёлета — ляжа ўжо ці пачакае, ці гэта яшчэ толькі зазімак. Ермаловіч. // (звычайна з адмоўем). Доўга і падрабязна абмяркоўваць што‑н. Стары расчуліўся да слёз, Не разважаў ён доўга, У світку ўхутаў і павёз Хутчэй дамоў малога. Смагаровіч.

разважа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разважыць ​3.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уду́млівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны, схільны глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. Удумлівы пісьменнік. □ Перад маладой паэтэсай былі ўдумлівыя настаўнікі, і яна з ахвотай вучылася ў іх. Ярош. // Які выяўляе такую здольнасць, схільнасць. Удумлівыя вочы. □ Сакратар пачала гаварыць ціхім, удумлівым голасам, набліжаючыся тварам да калгасніцы. Пестрак. Паэт-рэаліст .. [Я. Купала] засяроджваў свой удумлівы позірк на ўсім чыста, што было жыццё. Лойка. // Які характарызуецца глыбінёй асэнсавання чаго‑н. Удумлівае чытанне. Удумлівы падыход. □ Я марыў пра вельмі ўдумлівую пастаноўку «Раскіданага гнязда». «Полымя». У .. [апавяданні] прыкметна выявіліся патэнцыяльныя творчыя магчымасці пачынаючага пісьменніка, яго ўдумлівыя адносіны да рэчаіснасці, да чалавека. Майхровіч.

2. Разм. Задуменны. Чырвонаармейцы ўздымаліся з ложка, таропка апраналіся і сядзелі маўклівыя, удумлівыя. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)