жыўцо́м, прысл.

Разм.

1. У жывым стане, жывым. [У Палазка] мільгнула думка ўзяць другога фашыста жыўцом. Колас.

2. Гвалтоўна, жывасілам. Расце ў садзе маладое дрэўца. Дужэе, глыбей пускае карэнне.. І вось яго намерваюцца вырваць жыўцом і перасадзіць у іншае месца. Гроднеў.

3. Так як ёсць, не змяняючы, даслоўна. Фальклорная паэтыка існавала для Максіма Багдановіча не дзеля таго, каб жыўцом браць з яе гатовыя вобразы, тропы, інтанацыі і формы. Майхровіч. [К. Чорны] ніколі не пераносіў жыўцом, у сырым выглядзе ў раман бачанае. С. Александровіч.

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) гл. з’есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́тра, ‑ы, ж.

1. Дошчачка, пласцінка з выразам для вялікага пальца, на якой мастак расцірае і змешвае фарбы. Маладыя хлопцы з палітрамі і пэндзлямі ў руках працавалі за мальбертамі. Машара. Самога дырэктара студэнты засталі перад расцягнутым на падромніку палатном, з палітрай у руках. Карпюк.

2. перан. Падбор фарбаў у асобнай карціне, у творчасці мастака. Палітра Тыцыяна. // перан. Сукупнасць вобразна-выяўленчых сродкаў у творчасці пісьменніка, акцёра, кампазітара і інш. У вобразнай палітры Максіма Танка пачалі поўнасцю гаспадарыць фарбы светлыя, святочныя. Рагойша. Іграючы адмоўныя ролі, я імкнуўся ў іх выкарыстоўваць усю шматкаляровую палітру фарбаў жыцця. Сяргейчык.

[Ад фр. palette, ад іт. paletta — лапатка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́ла, ‑а, н.

1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.

2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.

3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.

•••

Ні вуха ні рыла гл. вуха.

Суконнае рыла (уст.) — гандляр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́ўнік, ‑а, м.

1. Той, хто выкладае ў школе. Настаўнік пачатковай школы. Настаўнік сярэдняй школы. Настаўнік хіміі. □ Вакол .. [Фралова] збіраюцца тыя, хто толькі ўчора развітаўся з роднаю школаю, з блізкімі сябрамі і любімымі настаўнікамі. Грахоўскі. // Наогул асоба, якая вучыць чаму‑н. Настаўнік музыкі. Хатні настаўнік.

2. Той, хто наогул з’яўляецца натхніцелем, хто кіруе, вучыць чаму‑н. Духоўны настаўнік. Вялікія настаўнікі пралетарыяту. □ Купала і Колас былі першыя паэтычныя настаўнікі Максіма Танка. Бярозкін.

3. Той, хто дапамагае каму‑н. асвоіць спецыяльнасць на прадпрыемстве, прывівае працоўныя навыкі. Настаўнік моладзі. □ Берагчы час, планаваць яго расход не толькі па гадзінах, а і секундах — найпершы абавязак настаўніка рабочага. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верш, ‑а, м.

1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.

2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.

3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.

•••

Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.

Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.

Белы верш — тое, што і вольны верш.

Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.

Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратэ́ст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Рашучае пярэчанне супраць чаго‑н., заява аб нязгодзе з чым‑н., аб нежаданні чаго‑н. Сваім удзелам у жалобным шэсці людзі дэманстравалі пратэст супраць паліцэйскага гвалту. У. Калеснік. Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Слухаючы разважанні старога Скуратовіча, Кандрат Назарэўскі не можа скрыць свайго абурэння і пратэсту. Барсток.

2. Афіцыйнае выказванне нязгоды з якім‑н. рашэннем, пастановай. Пратэст пракурора. // Спец. Афіцыйнае пацвярджэнне факта нявыплаты ў тэрмін па вэксалі, якое дае трымальніку апратэставанага вэксаля перавагі пры сыскванні доўгу. // Спец. Афіцыйная заява капітана марскога судна, якая пратакаліруе факт аварый судна або псавання грузу. Марскі пратэст.

[Ад лац. protestor — публічна даказваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак., з кім-чым.

1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж сабой і кім‑н. Валя, як мы пераехалі, сама варыла абеды, наогул яна ўсё рабіла сама, каб неяк прымірыцца з маці. Гаўрылкін. Успаміны крыху размякчалі Максіма Сцяпанавіча, ён лагаднеў, але непрыязнасць да пасынка не давала яму зусім прымірыцца з жонкай, і яны дзьмуліся адно на аднаго. Карпаў.

2. Памяркоўна аднесціся да чаго‑н.; звыкнуцца з чым‑н. На першым пачатку Вера нібы прымірылася з тым, што мары яе стаць урачом не здзейсніліся. Дуброўскі. Бацькі хутка прымірыліся з тым, што хлапец астаўся ў калгасе: нахлебнікам у сям’і ён больш не быў. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае каханне, да якога накіравана каханне; любімы (у 2 знач.). Каханая дзяўчына. □ — Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Мікуліч.

2. у знач. наз. каха́ны, ‑ага, м.; каха́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго кахаюць. Можа, думкі Максіма — пра сваю каханую, што ходзіць недзе па росных сцежках над іншай ракою? Брыль. — Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака! — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага. Ваданосаў.

3. Родны, дарагі. Засні, мой каханы, Мой мілы сынок, Падняўся туманам За вокнамі змрок. А. Александровіч.

4. у знач. наз. Форма фамільярнага звароту. — «Гатовы боты?» — «Не, каханы!» — Заказчыку шавец лісліва адказаў. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.

Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).

спець 2, спее; незак.

1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.

2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумятня́, ‑і, ж.

Бязладная беганіна, мітусня, клопаты. — Толя! — пачуў ён скрозь шум і сумятню пасадкі. Брыль. І хоць выгляд у людзей заклапочаны, адчуваецца, што іх радуе гэтая святочная сумятня. Палтаран. // перан. Хаос (пра думкі, пачуцці і пад.). У Максіма адразу ёкнула сэрца. Ён здагадаўся, аб чым пойдзе гутарка. Трэба рашацца, а ў душы яго — адна сумятня. Машара. // Паніка, перапалох. Лагчынай, алешнікам .. [Ганарацкі] прабраўся да сыраварні ў Дубовым гарадку, зняў варту, вызваліў палонных і ноччу нарабіў сумятні ў паліцэйскім гарнізоне. Грамовіч. Сумятня ў горадзе нарастала. Няхай. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў .. [каршун] у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес. Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)