яскра́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Выразны, ясны; яркі. Выйду, выйду, дзе горада грукат, дзе афішы ў фарбах яскравых. Дубоўка. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін. Лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Бядуля.
2. перан. Пераканаўчы; яркі. Сам зборнік «Дзень паэзіі» ёсць дастаткова яскравае сведчанне таго, што нашы паэты жывуць вельмі разнастайным і ў той жа час багатым і змястоўным жыццём. Гілевіч. Яскравым прыкладам бурнага росквіту эканомікі і культуры з’яўляецца наша рэспубліка. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ла́скавы, ла́скывый, ла́скавенечкій ’ветлівы, далікатны ў абыходжанні’, ’мяккі, лагодны’, ’літасцівы, дабрадушны’, ’поўны ласкі, пяшчотны’ (Нас., Шат., Бяльк.; мсцісл., Нар. словатв., ТСБМ), ласка́вы ’пяшчотны’, ’дабрадушны, ветлы чалавек’, ’рахманы’, ’ліслівы’ (Сл. паўн.-зах., Мал., КЭС, лаг.), ласка́вы хлеб ’дарэмнае ўтрыманне да смерці’ (КЭС, лаг.). Націск на пачатковым складзе пад уплывам рус. мовы (ла́сковый), якое, паводле Сабалеўскага (Лекции, 81), мае ‑о‑ гістарычна няправільнае: ёсць ст.-рус. ласкавъ (XIII ст.). Тое ж у Фасмера, 2, 462. Прасл. laskavъ ’той, хто праяўляе любоў’ > ’які лашчыцца, ліслівы’ (Слаўскі, 5, 25). Да ласка (гл.). Сюды ж ласкаве́й ’зручней’ (Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пла́зкі ’адхоністы, гладкі’ (ТС), ’пакаты, спадзісты (бераг ракі, возера)’, пласкі, пласкый ’тс’ (сен., слонім., ЛА, 2), стол., сен. плаская, кам., брэсц., кобр. плоска ’пакатая страха’ (ЛА, 4), плазам ’плоска’ (Нас.), плазаваты ’адхонны (пра страху)’: страха зусім плазма лежыць (ТС). З польск. płaski ’плоскі, роўны’, якія развіліся ў выніку пераносу значэння ’роўны, плоскі’ > ’лагодны, паступовы’, асабліва ў проціпастаўленні ’пакаты’ — ’стромы’. Параўн. ст.-польск. iść płozą ’паводзіць сябе лагодна, абачліва, бесканфліктна’. Параўн., відаць, запазычанае ст.-рус. плазь ’плоскасць, роўнае месца’ (XVП ст., Лексикон словено-латинский). Сюды ж маладз. плазёіі ’больш плоска’ (Жыв. сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прысадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.
1. што і чаго. Разм. Пасадзіць дадаткова да ўжо пасаджанага. Прысадзіць агуркоў на градку. Прысадзіць кветак на клумбе.
2. каго-што. Разм. Зрабіць меншым па вышыні, ніжэйшым, мізарнейшым. Гімнасцёрка вісіць на ім як на калу. Хвароба яго вельмі прысадзіла. С. Александровіч. // Трохі асадзіць, збіць ганарлівасць, фанабэрыю. І Ксавэр Блецька .. стаў тутэйшым кааператарам, і заўсёды быў лагодны з людзьмі, і ўсе гаварылі, што яго прысадзіла ўласнае гора. Чорны.
3. што і чаго. Увесці (прысадачныя матэрыялы) у плавільную печ у працэсе плаўкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ля́кса, ла́кса, ляксу́ха ’панос’, ля́ксы ’хвароба ад моцнага паносу’, ляксава́ць ’слабіць’ (Нас., Касп., Федар. 1; лаг., Сл. ПЗБ; мін., КЭС). Праз польск. laksa, taksacja, laksować ’тс’ з с.-лац. laxare ’прачышчаць, выклікаць панос’, якое з лац. laxāre ’адпускаць, аслабляць, рабіць больш вольным, вялым, слабым’ < laxus ’прасторны, слаба нацягнуты, лагодны’ (Слаўскі, 4, 32) < і.-е. *slēg‑ (лат. leg̓ēns, ірл. lace, ст.-ісл. slakr, ст.-в.-ням. slach ’вялы, абвіслы, слаба нацягнуты’; асец. læx/l̥æxæ ’кал, экскрэменты’, якое, аднак, Абаеў (2, 39) лічыць каўказскім словам). Бел. в.-дзв., міёр., віл., аляксей, ляксей (Вештарт, Бел.-польск. ізал., 20) утварыліся ад лякса пад уплывам народнай этымалогіі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прые́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць задавальненне, радасць. Прыемная навіна. Прыемны ўспамін. Прыемны пах. □ У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў. Раптам пакой напаўняе ціхі-ціхі, але такі прыемны, кранаючы спеў калыханкі. Шамякін. Прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом. Бядуля. / у знач. наз. прые́мнае, ‑ага, н. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.
2. Які выклікае сімпатыю, прыхільнасць; прывабны. У .. [старшыні] прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас. Ваданосаў. Гэты круцель і камбінатар быў на першы погляд чалавек прыемны. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.
2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драпе́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які корміцца іншымі жывёлінамі (пра звяроў, птушак і пад.). Драпежны звер. Судак — драпежная рыба. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. // Які належыць, уласцівы такім жывёлінам. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася, на Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас.
2. перан. Поўны імкнення да нажывы; прагны, хцівы (пра чалавека). Драпежная натура. □ Постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэтны цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар — ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела. Колас. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, хцівасць. Драпежны выраз твару. Драпежны позірк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заця́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.
3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.
4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невядо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы. Дзень добры, невядомая краіна! Сіпакоў. Ісці ў такі час у невядомую дарогу было рызыкоўна. Пальчэўскі. Нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў.
2. Нязведаны, не перажыты раней. У Ніны ўявілася невядомае дагэтуль пачуццё рэўнасці. Гурскі.
3. Які не карыстаецца шырокай папулярнасцю; малавядомы. Невядомы артыст.
4. у знач. наз. невядо́мы, ‑ага, м.; невядо́мая, ‑ай, ж. Незнаёмы, незнаёмая. Тым часам на другім баку граніцы з асцярогаю выглядаў з куста невядомы ў шэрай сялянскай світцы, з аброццю ў руцэ. Пальчэўскі.
5. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. Аб чым‑н. нязведаным. Кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае. Грамовіч.
6. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. У матэматыцы — велічыня, якую трэба знайсці; проціл. вядомае. Ураўненне з двума невядомымі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)