Кі́цель ’форменная аднабортная куртка са станчым каўняром’ (ТСБМ). Укр. кітель, рус. китель ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах запазычанне з рускай, таму што толькі ў апошняй гэта лексема атрымала значэнне ’куртка вайсковай формы’. Ням. Kittel як крыніца рус. китель (запазычанне XVIII ст.) гэтага значэння яшчэ не ведае (ням. Kittel ’палатняная рабочая блуза’) (Шанскі, 2, 8, 139).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
целагрэ́йка, ‑і, ДМ ‑грэйцы; Р мн. ‑грэек; ж.
1. Тое, што і душагрэйка.
2. Падшываная ватовая куртка; ватоўка. Малады пастух у целагрэйцы ляскаў пугай. Хомчанка. Скінуўшы целагрэйку, шафёр абсякаў галлё. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распаўзці́ся, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -зе́цца; -зёмся, -зяце́ся, -зу́цца; распо́ўзся, -паўзла́ся, -ло́ся; зак.
1. Папаўзці ў розныя бакі.
Мурашкі распаўзліся па сцежцы.
2. Расплыцца, расцячыся на паверхні чаго-н., страціць пэўныя абрысы.
Чарнільная пляма распаўзлася па паперы.
3. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці (разм.).
Куртка распаўзлася па швах.
|| незак. распаўза́цца, -а́ецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
вато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Ватовая фастрыгаваная куртка. — Ну, да вечара! — Лёля кіўнула Міколу і пабегла, размахваючы крыссем паношанай ватоўкі. Гаўрылкін. Дзед Лукаш быў апрануты.. проста, па-рабочаму: у старой ватоўцы, у ботах. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фрэнч, ‑а, м.
Прыталеная куртка ваеннага крою з чатырма накладнымі кішэнямі і хлясцікам ззаду. Шырокія плечы .. [начальніка] аблягаў фрэнч ахоўнага колеру, абцягнуты шырокім раменным поясам. Чарнышэвіч. На .. [Купалу] была белая сарочка, .. адкрыты суконны фрэнч з чатырма нашытымі зверху кішэнямі. Рамановіч.
[Ад уласн. імя.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сэ́рдак ’безрукаўка на аўчыне’ (Сцяшк.), сэрда́к ’кароткае жаночае суконнае адзенне’ (палес., ЛА, 4; Сакал.). Гл. сардар пра ўнутраную форму ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне сведчыць сярэ́днік ’жаночая куртка’ (Жд. 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
рэгла́н,
1. нескл. прым. Скроены так, што рукаў складае з плячом адно цэлае. Рукаў рэглан. Пальто рэглан.
2. у знач. наз. рэглая, ‑а, м. Разм. Паліто, куртка такога пакрою. Штурман быў адзіны чалавек у палку, які хадзіў у даваенным рэглане. Алешка.
[Англ. raglan.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спяцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.
Разм. Спецыяльная адзежа (куртка, халат ці камбінезон) для работы на вытворчасці. У шахту спускаліся ўсе ў спяцоўках. Кулакоўскі. Скрыпнулі дзверы. У іх чорным прагале з’явілася постаць чалавека ў чыгуначнай спяцоўцы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фуфа́йка, ‑і, ДМ ‑файцы; Р мн. ‑фаек; ж.
1. Цёплая вязаная кашуля. — У паласатай матроскай фуфайцы, — шаптаў чыноўнік. — ..Прозвішча Курыдзе... Самуйлёнак.
2. Куртка, падшытая ватай; ватоўка. [Ірка] скручвала з ваты, якую скубла са старой матчынай фуфайкі, кнот, падпальвала яго. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
венге́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. гл. венгры.
2. Куртка з нашытымі папярочнымі шнурамі. На салдатах былі чорныя венгеркі і чорныя шапкі. Лынькоў.
3. Бальны танец, запазычаны ў венграў.
4. часцей мн. (венге́ркі, ‑рак). Пашыраны сорт сліў фіялетавага колеру.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)