святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

душа́, ‑ы; мн. душы, душ; ж.

1. Паняцце, якое выражала гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл (у дыялектычным матэрыялізме слова «душа» ужываецца толькі як сінонім паняцця «псіхіка»). Сама старая ніяк не магла заснуць. Збунтаваў ёй усю душу гэты хлопец. Брыль. Недзе ў глыбіні душы успыхнулі крыўда і рэўнасць. Шамякін. // У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная аснова жыцця чалавека, носьбіт псіхічных працэсаў. // У рэлігійных уяўленнях — бессмяротная нематэрыяльная першааснова ў чалавеку, якая адрознівае яго ад жывёл.

2. Сукупнасць характэрных рыс, уласцівых асобе; чалавек з тымі ці іншымі ўласцівасцямі. Чалавек добрай душы. Сціплая душа. // Пра сардэчнага, добразычлівага чалавека. Душа-чалавек. // Пачуццё, натхненне; тэмперамент. Іграць з душой. □ Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце, у каго душа была. Гарэцкі.

3. Разм. Чалавек. Ні адна душа ведаць не будзе. □ На лузе — ні душы. Брыль. // Пра чалавека як адзінку насельніцтва. Сям’я з трох душ.

4. перан. Натхніцель, арганізатар чаго‑н. Душа ўсёй разведкі — Маруся. Брыль.

5. (звычайна са словам «мая»). Разм. Сяброўскі фамільярны зварот да каго‑н. — Паглядзі, душа мая, што гэта робіцца ў нашым царстве... Якімовіч.

6. Тое, што і дух (у 2 знач.). Слабым душой здавалася ў той год, Што і змагацца больш ужо не варта. З. Астапенка.

•••

Адвесці душу гл. адвесці.

Аддаць богу душу гл. аддаць.

Адзін (адна, адно) душою гл. адзін.

Адкрытая душа — пра адкрытага, чэснага, прамога чалавека.

Адкрыць (раскрыць) душу гл. адкрыць.

Адпусціць душу на пакаянне гл. адпусціць.

Ад (усёй) душы — шчыра, усім сэрцам.

Браць (узяць) грэх на душу гл. браць.

Браць (узяць) за душу гл. браць.

Выматаць усю душу гл. выматаць.

Выняць душу гл. выняць.

Вытрасці душу гл. вытрасці.

Да глыбіні душы гл. глыбіня.

Для душы — для задавальнення ўнутраных, духоўных патрэб.

Душа апала — тое, што і сэрца апала (гл. сэрца).

Душа (сэрца) баліць (ные) — а) чыя, у каго хто‑н. перажывае, зведвае душэўныя мукі. Як успомніш былое, душа баліць; б) за каго-што непакоіцца, перажываць за каго‑, што‑н. Душа баліць за сына.

Душа наросхрыст — пра адкрытага, шчырага чалавека.

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго — няма цікавасці, прыхільнасць сімпатый да каго‑, чаго‑н.

Душа не на месцы — пра пачуццё трывогі, непакою.

Душа ў душу — дружна, у поўнай згодзе (жыць, дзейнічаць і пад.).

Душа ў пятках (у пяткі) — хто‑н. адчувае моцны страх.

Душой і целам — цалкам, поўнасцю.

Загавець душой гл. загавець.

З адкрытай душой — шчыра, нічога не тоячы.

Закінуць іскру ў душу гл. закінуць.

Залезці (улезці) у душу гл. залезці.

За мілую душу — з задавальненнем.

Заячая (зайчыная) душа — пра палахлівага чалавека.

З дарагой душой — ахвотна.

З душы верне гл. вярнуць.

З лёгкай душой — тое, што і з лёгкім сэрцам (гл. сэрца).

Крывая душа — пра няшчырага, крывадушнага, хітрага чалавека.

Крывіць душой гл. крывіць.

Лезці ў душу чыю гл. лезці.

Мёртвыя душы — пра людзей, якія толькі фіктыўна лічацца дзе‑н.

Напляваць у душу гл. напляваць.

(Не) мець за душою гл. мець.

Ні адной жывой душы — нікога, ні аднаго чалавека.

Ні капейкі за душой гл. капейка.

Няма за душой гл. няма.

Па душы каму (у знач. вык.) — па густу, падабаецца.

Па чыю душу (жарт.) — па каго‑н.

Стаяць над душой у каго гл. стаяць.

У глыбіні душы гл. глыбіня.

У душы — у думках, унутры.

Хварэць душой гл. хварэць.

(Хоць) душа вон — нягледзячы ні на што, абавязкова.

Цягнуць за душу каго гл. цягнуць.

Чарнільная душа (уст.) — пра канцылярскага чыноўніка-фармаліста.

Чортава душа — пра каго‑н. упартага, непаслухмянага, шкадлівага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смакта́ць, смакчу, смокчаш, смокча; незак., каго-што.

1. Рухамі губ і языка ўцягваць у рот якую‑н. вадкасць праз вузкую адтуліну ў чым‑н. Утульна і хітравата падміргвалі кантрольныя лямпачкі на пультах, мякка гулі рэле аўтаматычных лабараторый. І не трэба было хавацца ў скафандры, смактаць з трубкі вадкую ежу. Шыцік. // Карміцца мацярынскім малаком (пра дзіця, дзіцяня); уцягваць яго ў рот з грудзей, вымені. Мабыць, толькі маленькі Санька нічога не адчуваў, ён смактаў сабе матчыны грудзі і часам заходзіўся плачам. Сабаленка. [Медзведзяняты] ляжалі каля.. [мядзведзіцы] ў бярлозе і драмалі разам з ёю, бездапаможныя, сляпыя, і безупынна смакталі мацярынскае малако. В. Вольскі. То ў Кветкі, то ў Лысухі, па чарзе, Цяля са смакам малако смактала, Расло, цяжэла ў вазе. Маеўскі. // Разм. Піць, не адрываючыся, уцягваючы вадкасць праз няшчыльна сцятыя губы. Па чарзе кладзёмся па бераг і з палонкі смокчам ваду. Карпюк. Цімка ўзяў бераг шклянкі ў губы і пачаў смактаць. Кулакоўскі. // Разм. Піць гарэлку, п’янстваваць. [Цвіркун:] — Прыкінем, хто ў нас асабліва любіць смактаць самагонку. Корбан.

2. Уцягваць, усмоктваць у сябе якую‑н. вадкасць пры дапамозе спецыяльных органаў (пра жывёлін, насякомых). Валодаючы бясшумным палётам, вампіры ноччу нападаюць на сонных жывёл, пракусваюць без усялякага болю скуру і смокчуць кроў. Матрунёнак. [Арцём:] — Даніла Паўлавіч! Пчала Вунь з кветкі смокча сокі. Бялевіч. // Усмоктваць ваду, пажыўныя рэчывы з зямлі (пра карані раслін). Хай карэньчыкі ў цемры Смокчуць сонца разам з сокам, Каб раслі вачам на ўцеху Кветкі гожыя высока. Гілевіч. Там кнігаўкі плачуць ад спёкі, Падставіўшы сонцу раты, Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // перан. Разм. Цягнуць, бессаромна браць у каго‑н. грошы і пад., нажывацца за кошт іншых. І ён, як той павук пачварны, усю ваколіцу смактаў і з крыўд людзей жывых бяскарна сваё багацце ўсцяж збіраў. Але не цешыла багацце старога графа-багача. Машара.

3. Усмоктваць, убіраць у сябе якую‑н. вадкасць, газ і пад. (пра машыны, прыстасаванне механізмы). Паравоз спыніўся каля вадакачкі і пачаў смактаць ваду з доўгага хобата. Грахоўскі. Зранку між сосен Смокчуць насосы З жылаў праколатых Цёплае золата. Пушча.

4. Узяўшы што‑н. у рот і змочваючы слінай, рабіць смактальныя рухі языком і губамі. Смактаць соску. □ Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва. Купала. Месяцаў сем мае веку хлапчына. Як сціхне, Свае кулачкі пачынае смактаць. Зарыцкі. // Разм. Курыць (тытунь, папяросу, люльку). Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч. [Гельскі:] — Кураць, смокчуць без канца і без меры! У цябе ўжо, мусіць, у вантробах, як у коміне. Чорны. // Трымаючы ў роце і раствараючы або размякчаючы слінай, паступова з’ядаць. «Як гэта, мусіць, добра, — з зайздрасцю падумала Лёдзя, — стаяць вось так, калі ідзе дождж, і смактаць карамелькі». Карпаў. [Дзяўчына] з заклапочаным выглядам смактала кавалачак.. хлеба. Брыль.

5. без дап. Выкліка́ць тупы боль ва ўнутраных органах. Максім і сам адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад, падражнены кубкам роднага пойла, зноў, як абцугамі, сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. Тут [у турме] многа часу для роздуму, каб толькі не перашкаджаў боль, не смактаў голад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. Ад голаду ў хлопцаў смактала пад грудзьмі. Новікаў.

6. перан. Прыносіць пакуты, мучыць (пра якое‑н. пачуццё). Крыўда смокча сэрца. □ [Янка:] — Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны, як бот, і — ну хоць ты плач. Караткевіч. Вабіла.. [агранома] багатая ўкраінская прырода, але не пераставаў смактаць яго і смутак па радзіме. Васілевіч.

•••

Смактаць кроў — тое, што і піць кроў (гл. піць).

Чарвяк смокча каго гл. чарвяк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)