Казлі́ць ’пець непрыемным, прарэзлівым голасам’ (Нас.). Празрыстае ўтварэнне ад казёл1, матывацыя таксама зразумелая. Дакладных адпаведнікаў няма, рус. козлить, козлиться ў значэнні ’весці сябе як казёл і інш.’ можна разглядаць як незалежныя ад бел.; аднак мадэль, па якой утвораны гэтыя лексемы, з’яўляецца, відаць, архаічнай. Бел. казліць можа захоўваць вельмі старажытную канструкцыю, якая ў выніку яе экспрэсіўнасці магла і змяняць структуру (клас дзеяслова) і спецыялізаваць значэнні. Рус. лексему, такім чынам, можна разглядаць як найбольш блізкую да архетыпу, хоць, зразумела, вельмі ўмоўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зме́на ’прамежак часу’ (ТСБМ), ’зменнае поле’, ’здрада’ (Нас.), рус. сме́на, укр. змі́на, польск. zmiana ’змяненне’, ’прамежак часу’, чэш. změna ’змяненне’, славац. zmena ’тс’, славен. zmȇna ’дамоўленасць, размова, гульня; змяненне’, серб.-харв. сме̏на ’змяненне; змена’, балг. смя̀на ’тс’, макед. смена ’тс’. Параўн. ст.-рус. съмѣнити ’змяніць’ (1331 г.), измѣнити ’змяніць’ (1076 г.), ’здрадзіць’ (1076 г.), измѣна ’змяненне’, ’замена’, ’здрада’ (XI ст.). Параўн. серб.-луж. změnić, změniś ’змяніць’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова змяняць, у якім кантамінаваліся дзве прэфіксальныя формы: sъ‑měnʼati і jьz‑měnʼati; першае значэнне ад першай, інш., асабліва апошняе, верагодна, ад другой. Але магчыма, што значэнне ’здрада’ з рус. Корань měn‑ гл. мена.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іна́кшы ’другі’, ’які-н., некаторы’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Мал., Касп., Шат.), іна́чшы (Мал.). Рус. ина́кий, укр. іна́кший, польск. inaki, уст. inakszy, в.-луж. hinaši, н.-луж. hynakšy, чэш. jinaký, jinačí, славац. inakší, славен. inȃk, серб.-харв. ȉnȃk, балг. и́накъв, макед. инаков, ст.-рус. инакыи. Прасл. вытворнае з суф. ‑akъ ад *inъ (гл. іншы), дакладна адпаведнае літ. vienókas, vienókis ’аднолькавы’, гоц. ainaha ’адзіны’, ірл. oenach ’сход, рынак’. Гл. Фасмер, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 8, 230; Шанскі, 2, I, 65; Слаўскі, 1, 456. Форма інакшы з суфіксам вышэйшай ступені ‑šy. Сюды ж іна́кшыцьзмяняць’ (Касп., Нас.). Гл. інакш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да адысці (у 1–6 знач.).

2. Адступаць, змяняць сваё месцазнаходжанне. Каналы збяруць стаячыя балотныя завадзі, .. будзе наступаць чалавек, .. будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак. // Адгаліноўвацца, вылучацца з чаго‑н. агульнага, асноўнага. Дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу. Колас. Чатыры .. вуліцы, нібы пучок промняў, адыходзілі ад саду. Шамякін.

•••

Што яму (ён, ім) адыходзіць — гэта яму (ёй, ім) не цяжка, гэта для яго (яе, іх) самая дробязь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.

1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.

2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Намі́тусь ’у розныя бакі (галовамі, камлямі і інш.)’ (смарг., Сцяшк. Сл., ТС), ’галовамі ў супрацьлеглыя бакі, «валетам» (легчы)’ (глыб., Сл. ПЗБ), намітуз ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), намытусь ’адзін да аднаго спіной (ляжаць)’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), на‑мітусь ’наадварот’ (Мядзв.), намітусь ’спосаб вязання: вочка направа, вочка налева’ (Жд. 1), намітуські́ ’адна насупраць другой’ (лаг., Сл. ПЗБ). Можна параўнаць з балг. на́мито ’крыва, коса, у розныя бакі’, што звязваюць са ст.-слав. митѣ ’папераменна’; серб.-харв. mitȉti ’прайсці побач’, лат. mitêtзмяняць’ і інш. (Фасмер, 2, 628; Куркіна, Этимология–1980, 629; Скок, 3, 291), параўн. таксама ўміт́уські: За ім леціць стрэла умітуські ’хвалепадобна’ (Сержп., Прымхі). Усё да мі́тусь ’у розныя бакі’ (гл.), мітусі́цца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ула́снік, ‑а, м.

1. Той, хто мае якую‑н. уласнасць; валодае чым‑н. У былых майстэрнях нейкага ўласніка, двух доўгіх .. будынках на ўскраіне.. танкісты аглядалі, рамантавалі машыны. Грамовіч. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў. Лужанін. // Асоба, якой уласціва што‑н. Нават самы густы грэбень не мог даць рады, каб укласці гэты віхрасты чуб так, як хацелася б яго ўласніку. Якімовіч. — А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа. Колас.

2. Чалавек, які прагне цалкам уладаць чым‑н., не дзелячыся з іншымі. Закаранелы ўласнік. □ Трэба змяняць душы, псіхалогію .. [сялян]: уласнік павінен стаць калектывістам. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Іна́кш прыслоўе ’іншым спосабам, па-другому, не так’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Касп., Шат.), ина́к (Нас.), іна́чай (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк.), на́чэ (лельч., Нар. лексіка, 132). Рус. ина́че, дыял. ина́ко, укр. іна́к, іна́ко, іна́кше, польск. inaczej, уст. і дыял. inak, в.-луж. hinak, н.-луж. hynak, hynacej, чэш. jinak, jináč, славац. ináč, inak, inakšie, славен. inako, серб.-харв. и̏на̄ко, и̏на̄че, балг. и́нак, и́наче, макед. инаку. Ст.-слав. инако, ст.-рус. инакъ, инако, иначе, ст.-бел. иначеи (Скарына). Прасл. *jьnako, *jьnakje ад *jьnakъ ’іншы’ (гл. інакшы, іншы). Фасмер, 2, 130; Шанскі, 2, I, 65–66; Трубачоў, Эт. сл., 8, 230; Слаўскі, 1, 456. У бел. інакш ‑ш‑ з суфікса вышэйшай ступені. Лексема іначай сфарміравалася, відаць, пад уплывам польскай формы з суфіксальным ‑ějь. Сюды ж іна́чыць ’рабіць інакшым, другім; змяняць’ (ТСБМ, Нас.), дыял. іначасць (у «Соках цаліны» Ц. Гартнага; Гіст мовы, II, 238).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́цца, ламлю́ся, ло́мішся, ло́міцца; ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой-н. сілы.

Ломяцца, як шкло, ільдзіны.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным.

Машына паламалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Парушацца, разбурацца (пра што-н. прывычнае, запланаванае).

Часта мае планы ламаліся.

4. Быць перапоўненым мноствам чаго-н., гнуцца пад цяжарам.

Стол ламаўся ад яды.

Голле ломіцца ад сліў.

Калёсы ломяцца ад грузу.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра мужчынскі голас у пераходным узросце: змяняць свой тэмбр і дыяпазон.

6. Ісці напралом, імкнуцца сілай пранікнуць куды-н. (разм.).

Ламацца ў дзверы.

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даводзіць тое, што ўсім вядома.

|| зак. злама́цца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., зло́міцца (да 1—5 знач.) і палама́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ло́міцца (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)