непрагля́дны, ‑ая, ‑ае.
Такі цёмны або густы, што нічога нельга разгледзець. Непраглядны туман. □ А калі святло гасла, цемра наступала на наваколле непрагляднай сцяной. Хадкевіч. За вокнамі стаяў густы, непраглядны змрок. Гамолка. Замест алешніку над галавой спляталі непраглядны шацёр шурпатыя бярозы і сосны. Кірэйчык. // перан. Бязрадасны. Будучыня здалася .. [Людміле] такой жа непрагляднай, як і гэтая цемра на вышках. Асіпенка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
паўзмро́к, ‑у, м.
Няпоўны змрок; вельмі слабае асвятленне. У хаце паўзмрок, ужо вечар, і чалавек не можа разглядзець, ёсць хто ў хаце ці не. Галавач. У зямлянцы было адно акенца, і, як заўсёды ў хмурны дзень, тут стаяў паўзмрок. Сіняўскі. Праз шыбы з тоўстым напластаваннем інею працэджвалася дзённае святло, і ў хаце быў нейкі прыемна ўрачысты паўзморк. Шамякін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пласту́н, ‑а, м.
1. Казак асобых пяхотных часцей Чарнаморскага і Кубанскага казачых войск, якія камплектаваліся ў 19 і пачатку 20 ст. з ліку добраахвотнікаў-разведчыкаў, што спецыялізаваліся на старажавой службе ў чаратах і плаўнях Кубані.
2. Разведчык, які рухаецца, перамяшчаецца паўзком. Калі цяпер выйдзе хоць невялічкая затрымка, то разрэдзіцца змрок і немцы могуць заўважыць пластуноў на прагаліне. Кулакоўскі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
Су́тарыца ’мітусня, бязладная бегатня’, су́тарыцца ’мітусіцца’, су́тарны ’мітуслівы’ (Ласт.). Параўн. укр. су́торатися, рус. су́ториться ’спрачацца’, польск. posątorzyć się ’паспрачацца’. Борысь (Etymologie, 582) адносіць сюды ж серб.-харв. sútor ’першы вечаровы змрок’ і рэканструюе прасл. *sǫtorъ (*sǫtora), вытворнае ад *ter‑ (гл. церці) з прыйменнай прыст. *sǫ‑, якой адпавядае прыдзеяслоўная прыст. *sъ‑ з першасным значэннем ’узаемнае трэнне, сутыкненне, спрэчка’, параўн. суты́ра (гл.). Гл. папярэдняе слова, таксама Фасмер, 3, 811.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Сморг ‘летні час, гарачая пара’ (Нас.), ‘пільная праца’ (Бяльк.), сморк ‘гарачая летняя пара’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да смо́ргаць, смарга́ць ‘тузаць, торгаць, шморгаць’, адсюль ‘тое, што непакоіць, прымушае спяшацца’. Параўн. таксама ст.-бел. сморкъ (сморщъ) ‘хмара, смерч’ (Ст.-бел. лексікон), якое збліжаецца з морак ‘змрок’ і далей з марока ‘клопаты, цяжар; нешта заблытанае’ (гл.), чэш. smršt ‘віхор’ і ўсх.-слав. сморч ‘дождж, віхура’. Апошняе Брукнер (503) параўноўвае з рус.-ц.-слав. смркати ‘уцягваць, усмоктваць’.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Туск ‘выпат, пот’ (пін., Нар. лекс.), ‘пот, вільгаць’: гарачка, аж туск з его іде (Альп.). Няясна. Найбольш блізкім фармальна і семантычна з’яўляецца серб.-харв. ту̀ска ‘вытапкі, выжаркі’, якое Скок (3, 507) выводзіць з trȕska ‘шлак, нагар’, параўн. таксама рус. бранск. туска́ ‘невялікая, малая колькасць’ (СРНГ). Далёкія семантычна рус. дыял. туск ‘змрок, бяльмо’ < прасл. *tǫskъ (Страхаў, Palaeoslavica, 22, 1, 224), ту́ски ‘вочы’, як здаецца, з’яўляюцца выпадковымі супадзеннямі. Гл. таксама рус. туск ‘туман, цемната’, гл. Фасмер, 4, 126 (з няпэўнай этымалогіяй).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
мо́рак, ‑у, м.
1. Разм. Змрок, цемра. Цямнелася. Моракі клаліся на пыльны брук, на гароды, хавалі далёкія гумны. Пташнікаў. Напружыўшы зрок, Максім разабраў у мораку ледзь прыкметы чалавечы прывід. Машара. // перан. Цемрашальства, дурман. Рэлігійны морак. // перан. Пра што‑н. невядомае, загадкавае. Дзьме холадам ад старажытнага муру, Жыццё тут знямела, захутана ў морак... Тарас.
2. Абл. Мор; пошасць. Пастукалася ў сенцы Палажка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Старанна ўхутваць у што‑н., добра ўкрываць чым‑н. [Ірына] прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем. Лынькоў. Рэдкія пешаходы хуталі галовы ў настаўленыя каўняры — вуліцы пранізваў студзеньскі вецер. Васілевіч. / у перан. ужыв. Цішыня плыла з усходу, з лесу, разам з хмарамі і сонцам, і хутала сабою загуменне і шырокае поле. Пташнікаў. Свецяць зоры, і цёмны змрок хутае дрымоту. Каваль.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
Тма ’цемра, змрок, туман; мноства, безліч’ (Нас.), ст.-бел. тма ’цемра’, ’мноства, процьма’ (XV ст., КГС), сюды ж тмець (тмѣць) ’цямнець’, тміць ’марочыць’: не тми моей головы (Нас.), тму́шчы (тму́щий) ’шматлікі’: тмущее стадо погнали воловъ (там жа). Параўн. укр. дыял. тма ’цемра’, тми́ти ’зацямняць, рабіць цёмным’, чэш. tma ’цемра; 10 тысяч’, славац. tma ’цемра’, палаб. tåma ’тс’, славац. tema ’цемень; мноства’, tmina, tma ’цемра’, серб.-харв. та́ма ’мгла, цемра; мноства’, tmȁ ’тс’, балг. тъма́ ’тс’, макед. тмурен ’пахмурны; хмурны’, ст.-слав. тъма ’мноства, процьма’. Гл. цьма.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
сюды́-туды́, прысл.
1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.
2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.
3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)