Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnenжолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)