адстаўны́, ‑ая, ‑ое.

Які знаходзіцца ў адстаўцы. Трапіў [Цімох] на сядзібу НІыпшынскага Яна — Адстаўнога маёра, былога улана. Куляшоў. Такая ўвага да яго, «адстаўнога настаўніка», як ён называў сябе, не магла б нг крануць, калі б дырэктар прыйшоў адзін. Шамякін. // Разм. Якога адхілілі. Дамоў прыехаў. Кажуць, трэці дзень Грыміць тваё вяселле (я ж не веру). Вянок з гароху хочуць мне надзець Сябры, як адстаўному кавалеру. Барадулін.

•••

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ару́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

Разм.

1. чым. Дзейнічаць пры дапамозе якой‑н. прылады. Арудаваць сякерай, пяром, пікай. □ [Іван] закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай. Лынькоў.

2. Распараджацца, кіраваць чым‑н.; гаспадарыць дзе‑н. [Зіна:] — [Муж] на «анамаліі» арудуе, а.. [Фрося] — дырэктар навукова-даследчай станцыі. Васілевіч. // Праяўляць дзейнасць (звычайна адмоўную); дзейнічаць. [Віхура:] На будаўніцтве не ўсё ў парадку. Відаць, чыясьці рука лоўка арудуе. Гурскі. Уперадзе.. [Галаўнёў] заўважыў Карпенку, які з купкай байцоў арудаваў сярод фашыстаў. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.

Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.

1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.

2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́капіс, ‑у, м.

1. Тэкст напісаны ад рукі, а таксама аддрукаваны на пішучай машынцы. Закружыў вецер, падхапіў лісты рукапісу, хлопчык падбег і сабраў лісты, спісаныя дробным уборыстым косым почыркам. Гурскі. // Арыгінал, тэкст, з якога робяць набор. [Чарнавус:] Кніжку маю не пусцілі ў друк. [Вера:] А прычыны? [Чарнавус:] Адно мне выразна сказаў дырэктар выдавецтва: «Забярыце рукапіс, ён нам не патрэбен». Крапіва.

2. Рукапісны помнік старажытнай пісьменнасці. Балгарскія рукапісы 12–13 стст. Вывучэнне старажытных рукапісаў. □ Да гэтага часу не знойдзена ні аднаго глагалічнага помніка, спісанага з кірылаўскага рукапісу. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ткну́цца, ткнуся, ткнешся, ткнецца; ткнёмся, ткняцеся; зак.

Разм.

1. Аднакр. да тыкацца ​1.

2. Звярнуцца да каго‑н., куды‑н., паспрабаваць уладкавацца дзе‑н., як‑н., накіравацца да каго‑н., куды‑н. [Кудзянаў:] — Дырэктар сказаў, што нам .. адпушчана паўмільёна.. А вось калі ткнуліся да гаспадарнікаў на заводзе, грошай не аказалася. «Маладосць». — Ткніся [Ганна] толькі туды, у раён! — сінеў Яўхім. — Толькі папробуй,.. пабачыш!.. Мележ. Калі ўжо сабраліся амаль усе выхаванцы, у сталоўку, нібы клубок, укаціўся Барыс. Ткнуўся ў адно месца — няма дзе сесці, у другое — таксама. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаро́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Пільна, не зводзячы вачэй, угледзецца на каго‑, што‑н. Яфрэйтар доўгім пранізлівым позіркам утарапіўся ў дзяўчыну. Мележ. [Ніна Лятроўна] ўтаропілася позіркам некуды ўдалячынь, за акно, і задумалася. Краўчанка. Дырэктар утаропіўся на Юновіча і маўчаў. «Нямая сцэна, — думаў Юновіч, — трэба ісці». М. Стральцоў. // Стаць пільным, уважлівым, накіраваным (пра вочы, позірк і пад.). Жахлівы позірк Гані ўтаропіўся ў сястру, якая прывяла яе сюды: што здарылася? Грамовіч. Вочы ўтаропіліся на стройнага лася, на яго вілаватую галаву, на моцныя грудзі, пакрытыя доўгай сіваватай поўсцю. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Спяваць некаторы час. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць [песню].. Паспяваў трохі і кінуў, а, можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач. Колас. Соня была сярод спевакоў. Соню хлебам не кармі, а дай паспяваць. Лось.

паспява́ць 2, ‑ае.

Незак. да паспець ​1.

паспява́ць 3, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да паспець ​2.

2. Добра, паспяхова вучыцца; не адставаць. Ніна ведала, што Коля добра паспяваў па матэматыцы, таму дырэктар і параіў яму паступіць у тэхнікум. Сіўцоў. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

1. Голасна прачытаць або сказаць што‑н. для таго, каб той, хто слухае, запісаў. Дырэктар прадыктаваў яшчэ некалькі сказаў, уважліва праверыў напісанае Віцем. — Усё правільна, — сказаў ён. Нядзведскі.

2. перан. Прадпісаць што‑н. для безагаворачнага выканання; загадаць. Прадыктаваць умовы міру. // чым (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.) Абумовіць. Уступкі вязням, на якія пайшла турэмная адміністрацыя, прадыктаваны былі толькі страхам перад націскам міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Брыль. Усякія палітычныя рашэнні, калі яны не прадыктаваны аб’ектыўнымі патрэбнасцямі жыцця, спасцігае сумны лёс выдаткаў грамадскага жыцця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.

Разм.

1. Замарудзіць або спыніць свой рух, ход; прыпыніцца. Ля ўваходу Мікола запыніўся на момант, каб перавесці дыханне, затым, не пастукаўшы ў дзверы, з сілай ірвануў іх на сябе. Сіняўскі. Зімовыя надвячоркам ля хаты старасты запыніліся двое. Навуменка.

2. Запнуцца, абарваць або замарудзіць гаворку. Чамусьці перад тым, як вычытаць Галіна прозвішча, дырэктар запыніўся, быццам у яго не хапіла духу. Сабаленка.

3. на кім-чым. Затрымацца, сканцэнтравацца на кім‑, чым‑н. (пра вочы, позірк, думкі і пад.). Дапытлівыя шэрыя вочкі селяніна на момант запыніліся на Лабановічу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)