уме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак., звычайна з інф.

Валодаць уменнем, навыкамі рабіць што‑н. Умець танцаваць. Умець іграць на скрыпцы. □ І стралок з.. [дзеда Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас. [Максім Астапавіч] умеў ставіць ветракі. Чорны. Абходчык я дарожны, Люблю людзей і свет І на дарозе кожны Чытаць умею след. Непачаловіч. // Быць абучаным чаму‑н., валодаць якім‑н. майстэрствам. — Кожны год я табе сеяць не буду, — сказаў [Ян]. — Гаспадар павінен умець усё. Чарнышэвіч. Людзей, якія ўмелі грамаце, можна было палічыць на пальцах. Сабаленка. // Валодаць якой‑н. здольнасцю, быць здольным да чаго‑н. [Таўлай] любіў хораша марыць, але зусім не ўмеў хваліцца. Брыль. [Уэст] умеў быць стрыманым, асцярожным і вёў усе свае справы з вялікім поспехам. Гамолка. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе [Глушко] ні пры якіх пераменах. Навуменка. // Магчы зрабіць што‑н. Не толькі есці без цябе не ўмеем, Мы без цябе не ўмеем, мама, жыць. Тармола. Косы мядзяныя, косы — як змеі... Іх параўнаць ані з чым я не ўмею! А. Вольскі. Чаго не бывае ў жыцці, часам трэба ўмець і дараваць. Арабей.

•••

Не ўмець звязаць двух слоў — тое, што і не магчы звязаць двух слоў (гл. магчы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.

2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.

3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.

4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяха́1 ’пучок яловых лапак для выцірання коміна’ (Шат.), ве́ха ’знакі з лапак ёлкі, якімі зімой указваюць дарогу’ (Сцяшк. МГ). Польск. wiecha ’пучок, звязка, вянок з саломы і г. д.’, чэш. věch, wich ’саламяны жмут і да т. п.’ Традыцыйна параўн. са швед. vese ’жмут’, ст.-інд. veṣkáḥ ’пятля’, ст.-ісл. visk ’вязка саломы ці чароту’, ст.-в.-ням. wisk ’пучок, жгут, скрутак’, лац. virga ’галінка, прут’ і г. д.; гл. Фасмер, 1, 308. Мартынаў (вусн. паведамл.) прапануе: věxa < vě‑ti (vějati), як strě‑xa. Параўн. яшчэ вехаць.

Вяха́2 ’высокі дарожны шост, жэрдка, кол з пучком сена ці саломы; знак забароны для праезду і г. д.’ (БРС, Нас., Яруш., Бір. Дзярж., Бес., КСТ, Шат.). Укр. віха, рус. веха, польск. wiecha, в.-луж. wécha, н.-луж. wjecha, чэш. vich, славац. viecha ’тс’, балг. тырн. веха ’мятла з саломы’. Відавочна, перанос значэння з часткі рэаліі на цэлае (пучок сена — шост з пучком сена). Семантыка, відаць, яшчэ праславянская ці ва ўсякім разе агульная для поўначы славянскага свету. Пра асаблівую архаіку значэння ’знак забароны’ (бел., польск., луж., чэш.) гл. Махэк₂, 689. Параўн. яшчэ вяха1.

Вяха́3 ’высокі нязграбны чалавек, тонкі чалавек’ (палес., Бел.-рус. ізал.). Рус. веха — паўночнае. Польск. wiecha ’худая і высокая жанчына’ (Варш. сл.). Да вяха2. Перанос, паводле падабенства, ’высокая тонкая палка — высокі, худы чалавек’; гл. Лучыц-Федарэц, Бел.-рус. ізал., 62. Даволі звычайна; параўн., напрыклад, жардзіна ’тс’. Параўн. яшчэ славен. vẹ́ha ’нясталы чалавек’ (калі гэта толькі не ад véchati ’веяць’).

Вяха́4 ’цыкута, Cicuta virosa L.’ (Дэмб., Касп., Кіс., віц., гродз., маг.); ’пылюшнік, Thalictrum L.’ (Інстр. II); ’амяла, Viscum album L.’ (КСТ, Маш.); ’віка’ (Нас.). Укр. vex, vexa, vix, vixa, vjuxa, vyxa ’Cicuta virosa L.’, vixa ’амяла’ (Макавецкі, Sł. botan.), виха ’амяла’ (Лыс., Пал.), veha ’Thalictrum flavum L.’, veh ’Sium latifolium L.’, veh ostrołystyj ’Sium lancifolium L.’, veh małyj ’Oenanthe aquatica Lam.’ (Макавецкі, Sł. botan.), рус. дыял. вех, вёх, ’атрутная трава’, вех ’Cicuta virosa L.; Aethusa cynapium L.; Aegopodium podagraria L.; Capsella bursa pastoris; Stellaria glauca With.’, вех малый ’Oenanthe phellandrium Lam.’, вех болотный ’Peucedanum palustre’, веха ’трава, шкодная для жывёлы; Oenanthe L.; Sium latifolium L.; Thalictrum flavum L.; Salix L.; Cicuta virosa L.’, мышья веха ’Ruscus aculeatus L.’, вёха, вях, вяха ’Cicuta virosa L.’, вьёх ’Peucedanum palustre; Cicuta virosa L.’, вяха ’Conium maculeatum’, вехалка ’Anthericum ramosum L.’, веховласик ’Apera spica venti L.’ (СРНГ), польск. wiech ’Cicuta’. Відавочна, што пры разнастайнасці значэнняў словамі вяха і пад. называюцца пераважна расліны сямейства парасоністых. Трэба думаць, тут перанос па падабенству ад вяха1 ’пучок саломы, галінак і г. д.’ (гл.). Параўн., напр., польск. бат. wiecha ’кветаносная частка сцябла’. Прыклады падобнай з’явы: славен. véha ’адлеглы ліст расліны’, серб.-харв. вијѐха ’віліна мятла ’Asparagus acutifolius’. Не выключана, аднак, што гэта незалежнае аддзеяслоўнае ўтварэнне і сюды не адносіцца. Працэс гэты ахоплівае амаль што ўсю ўсходне-славянскую тэрыторыю і акрэсліць больш вузкія ўнутраныя арэалы даволі цяжка. Больш-менш выразна акрэсліваецца тэрыторыя распаўсюджання значэння ’Cicuta virosa L.’ (амаль што поўнасцю бел., укр., рус., часткова польск.). Замкнёны арэал (на Палессі) утварае назва веха (виха, віха) ’Viscum album L.’, аднак ёсць фіксацыі і на іншай тэрыторыі (галіц., Макавецкі, Sł. botan.). Улічваючы такія значэнні для слова вяха, як ’знак забароны’, можна меркаваць (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), што перанос назвы на атрутныя расліны быў не зусім выпадковым. Укр. назвы тыпу veś і пад. (Макавецкі, Sł. botan.), відаць, вынік нейкіх фанетычных трансфармацый. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 374–375. У лац. viscum ’амяла’ іншая матывацыя (літаральна ’клейкае, ліпкае’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)