дазна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Сабраць, атрымаць звесткі аб кім‑, чым‑н.; даведацца пра каго‑, што‑н. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны. Камандзір растлумачыў, як і куды ісці кожнаму разведчыку, аб чым дазнацца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Наведаць, праведаць каго‑н.; даведацца. Вельмі ж крыўдзілася на мяне маці, што я на яе забыўся і не еду нават пераведацца. Сачанка. Да мяне прыехаў пераведацца аж з Украіны былы начальнік штаба Грыша Астрамуха. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

1. Даведацца з чужых размоў, пачуць пра многае.

2. Адчуць, зведаць усё, многае. Лёс разважыў іначай. Бомбы пасыпаліся і на людзей, і на заводы, і на кветкі. Гэта ўсё трэба было перажыць, перачуць, перадумаць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсу́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Не знаходзіцца, не прысутнічаць дзе‑н. у пэўны час; не быць у наяўнасці. Тут былі ўсе настаўнікі, адсутнічаў адзін Даніла Платонавіч. Шамякін. Абодва адразу падаліся ў штаб, каб даведацца, што тут здарылася, калі яны адсутнічалі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панікёр, ‑а, м.

Чалавек, які сам лёгка паддаецца паніцы або распаўсюджвае чуткі, якія выклікаюць паніку. [Камісар:] — Панікёр! Кожны куст за фашыста прымаеш! Шамякін. Клямт спрабаваў даведацца аб праўдзівасці чутак у аднаго штабнога афіцэра, але той адразу раздражнёна накінуўся на яго і абазваў панікёрам. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго. Наведаць, даведацца. З Сухадола на станцыю везлі збожжа, і яна наважылася праведаць свайго мужа. Ракітны.

2. што і з дадан. сказам. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н. Заданне было — праведаць, калі змяняюцца на мосце вартавыя. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Распытваючы, даведацца аб кім‑, чым‑н. [Зося і Міхалка] абвандравалі ўвесь гарадок, пакуль дапыталіся кватэры Назарэўскага. Чорны. [Павел] хадзіў разгубленым, заглядваў людзям у вочы, усё стараючыся што-небудзь зразумець, знайсці параду, дапытацца ў людзей, што ж рабіць, як жа ратаваць коней. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дачу́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; зак., пра каго-што, аб кім-чым ці з дадан. дап.

Разм. Даведацца з дайшоўшых чутак; дазнацца. Дачуцца пра сям’ю. □ Пятрусь Грыб, адзін з багацеяў мястэчка Дварок, дачуўся надоечы, што лес ягоны сякуць напавал, больш як заўсёды. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счуць, счу́ю, счу́еш, счу́е; счу́ты; зак. (разм.).

1. каго-што і з дадан. Улавіць на слых якія-н. гукі, размову; пачуць.

С. крокі пад акном.

2. што. Атрымаць звесткі пра каго-, што-н., даведацца з якіх-н. крыніц.

Счуў я навіну пра сваіх родзічаў.

3. каго. Пра жывёл: учуць.

Кошка счула мыш і затаілася.

4. перан., што і з дадан. Інтуітыўна прадбачыць.

С. бяду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Даве́дка ’даведка’ (БРС). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове: до́відка ’тс’. Па паходжанню гэта ўтварэнне суфіксам ‑ка ад дзеяслова *dovědati sęдаведацца’. Спачатку *dovědъka было аддзеяслоўным nomen actionis. Параўн. рус. дове́дка ’высвятленне чаго-н.’ (Ходил к нему на доведку — гл. СРНГ, 8, 83), укр. д́овідки ’разведка, высвятленне’ («Піду на довідки, що там вони роблять»Грынч.). Адсюль і даве́дка ’даведка’ (дакумент).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)