зацягну́цца, -ягну́ся, -я́гнешся, -я́гнецца; -ягні́ся; зак.

1. Зацягнуць на сабе што-н.; туга завязацца.

З. рэменем.

Пятля зацягнулася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абвалакаючыся чым-н., пакрыцца цалкам.

Рака зацягнулася тонкім лёдам.

Рана зацягнулася (зажыла, пакрыўшыся скуркай).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Запаволіцца ў развіцці, працягнуцца да пэўнага часу.

Сход зацягнуўся.

4. Глыбока ўдыхнуць у сябе дым пры курэнні.

5. З цяжкасцю зайсці, дабрацца куды-н. (разм.).

З. дадому.

|| незак. заця́гвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. заця́гванне, -я, н. (да 1—3 знач.) і заця́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дакапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Капаючы, дасягнуць чаго‑н., дабрацца да чаго‑н. Дакапацца да вады. Дакапацца да гліны. □ Бывала, збочыць крыху танк з дарогі — і праваліцца ў дрыгву так глыбока, што да яго немагчыма і дакапацца. Мележ.

2. перан. Разм. Дайсці да чаго‑н., дашукацца. Дакапацца да праўды. Дакапацца да прычыны. □ [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўночы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.

Разм.

1. Размачыць, зрабіць гразкім. Вада заліла лагчыны, расквасіла нізіны, а праз іх і да ўзгоркаў не дабрацца. Бялевіч. / у безас. ужыв. Ісці цяжка: дарогу расквасіла, да чаравікаў прыліпаюць камякі гразі. Навуменка.

2. Разбіць да крыві (нос, твар і пад.). Расквасіць нос. □ — Што было... Што было, — адказваючы на роспыты, сказаў Цімох, — ды расквасіў плешкаю галаву аднаму, другі раз, мо, не палезе. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарва́цца 1, ‑рвецца; зак.

Разм. Канчаткова парвацца, знасіцца (пра адзенне, абутак і пад.).

дарва́цца 2, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

Разм. Атрымаць доступ, дабрацца да чаго‑н. вельмі жаданага, патрэбнага. Пачынкаўцы добра ведалі Сцёпкаву прагу да кніг і, сустракаючы яго з такой ношкай, жартавалі: — Дарваўся ты, Сцёпка, да свайго! Пальчэўскі. Мы ўправіліся з машынай і, змораныя, павалакліся на кухню. Там дарваліся да вады і пілі, пілі і не маглі здаволіцца. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзе́мны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, залягае пад зямлёй, у нетрах зямлі. Падземныя воды. Падземныя часткі раслін. □ Лабановіч з невялічкім чамаданчыкам у руцэ адзін з першых сышоў з вагона і пайшоў следам за народам, з захапленнем пазіраючы на падземныя тунелі, што вялі на вакзал і ў горад. Колас. Доўга «вышкаўцы» свідравалі нетры, не адразу ім удалося дабрацца да падземных багаццяў. Кулакоўскі. // Які вядзецца, ажыццяўляецца пад зямлёй. Падземныя работы. // Які адбываецца пад зямлёй. Падземны штуршок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́ханькі, ‑аў; адз. няма.

1. Жартачкі. — Цяпер мы сапраўдныя рабінзоны, — пажартаваў Паўлік, пляскаючы з усёй сілы сябе па патыліцы. — Яму яшчэ хаханькі ў галаве, — злосна падумаў я, дрыжучы ад холаду. Бяганская.

2. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка, смешна. [Дзед:] — Табе [Змітраку] хаханькі, а мы стаім, дарагі час на малацьбе трацім... Рылько.

•••

Не хаханькі — пра што‑н. сур’ёзнае, значнае, нялёгкае. [Шпунцік:] — А зараз паспрабуй управіцца, — адзін дзень застаўся. Дый дабрацца няма як, — семнаццаць кіламетраў — не хаханькі. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самаро́дак, ‑дка, м.

1. Рознай велічыні кавалкі металу (звычайна каштоўнага), якія сустракаюцца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самародак плаціны. □ Знайсці сюжэтныя характары, дабрацца да іх бывае гэтак жа цяжка, як да нафты. А часам іх знаходзіш зусім выпадкова, як залатыя самаробкі. Шамякін.

2. перан. Чалавек, прыродныя здольнасці якога выявіліся самастойна, без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Сымон ад нараджэння натура, надзеленая чулай душой і дапытлівым розумам, ён рэдкі талент, самародак. Навуменка. Чапаеў — селянін, самародак, велізарны ваенны талент якога змог разгарнуцца толькі ў канкрэтных умовах грамадзянскай вайны. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да..., прыстаўка.

1. Надае дзеясловам значэнне а) давядзення дзеяння да поўнага завяршэння, канца; дасягнення мэты, мяжы якога‑н. дзеяння, напрыклад: даараць, дапісаць, давучыць, даварыць, дабегчы, дажыць, дабрацца, дазваніцца; б) папаўнення чаго‑н. да пэўнай меры, а таксама прыбаўкі звыш нормы, напрыклад: даліць, дасыпаць, дабавіць; в) (з часціцамі ‑ся, ‑ца, ‑цца) адмоўнай ацэнкі вынікаў дзеяння, напрыклад: дагуляцца, даскакацца, дастукацца.

2. Утварае прыметнік са значэннем: які адбываўся раней таго, што абазначана асновай, напрыклад: дакастрычніцкі, дарэформенны, дагістарычны.

3. У спалучэнні з кароткімі якаснымі прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напрыклад: дагала, дабяла, дачыста, дасуха.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

Разм.

1. да чаго. З прагнасцю накінуцца на што‑н. жаданае; дарвацца. Дапасці да вады. □ Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Зарэцкі.

2. Настойліва імкнучыся, дабрацца куды‑н., да якога‑н. месца. Дзяўчына перайшла Біць і першая дапала ў Муціжанскі лес да броду, перадала партызанам, што іх чакае і што трэба рабіць. Сачанка. // Паспець пабыць. Андрэй усё зробіць, усюды дападзе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.

Разм.

1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.

2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.

3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)