Ве́даць. Ст.-рус. вѣдати, рус. ве́дать, укр. ві́дати. Усх.-слав. (?) *vědati. Параўн. і прасл. *věděti ’тс’: ст.-рус. вѣдѣти, польск. wiedzieć, чэш. věděti, ст.-слав. вѣдѣти, славен. védeti і г. д. Слав. *věd‑ адлюстроўвае і.-е. *u̯oi̯d‑ ’ведаць’; параўн. грэч. οἶδα ’я знаю, пабачыў’ (*u̯oi̯d‑), прус. waidimai ’мы ведаем’, ст.-інд. vḕda ’я знаю, пабачыў’, гоц. wait ’я знаю’ і г. д. Лічыцца, што *věd‑ (*u̯oi̯d‑) звязана аблаутам з *vid‑ (*u̯ei̯d‑) ’бачыць’. Гл. Фасмер, 1, 283 (там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Двор ’двор’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ). Рус. двор, укр. двір, польск. dwór, чэш. dvůr, серб.-харв. двор, балг. дво̑р, ст.-слав. дворъ. Прасл. *dvorъ лічыцца роднасным са слав. *dvьrь ’дзверы’. Параўн. далей ст.-інд. dvā́ram ’вароты, дзверы’, лац. forum ’пярэдні двор’, лат. dvars ’брамка’. Фасмер, 1, 489; Бернекер, 1, 241; Траўтман, 63; Трубачоў, Эт. сл., 5, 169–170. Спецыяльна для *dvьrь параўн. гоц. daúr, літ. dùrys, лац. forēs, ст.-інд. dúraḥ і г. д. (Трубачоў, Эт. сл., 5, 171–172).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бажні́ца ’ўсякі нехрысціянскі храм, акрамя яўрэйскага’ (Шат.); ’паліца або шафка пад абразамі’ (Касп.). Рус. божни́ца ’царква; язычаскі храм’, укр. божни́ця. Параўн. польск. bożnica (раней кожная царква; сёння толькі яўрэйская; Брукнер, 34), ст.-чэш. božnicě ’язычаскі храм’. Ад бог (гл.). Фасмер, 1, 184 (там і некаторая літ-pa), прыводзіць паралелі, якія тлумачаць значэнне ’язычаскі, яўрэйскі храм’: гоц. gudhûs іюдзейскі храм’, ст.-ісл. godahûs ’язычаскі храм’. Трубачоў (Этимология, 1965, 30) хоча бачыць сувязь паміж слав. božьnіса і іран. *bagina‑ ’храм’, што, аднак, досыць праблематычна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо ’таму што’. Ст.-рус. бо, рус. бо, укр. бо, чэш. (ст.) bo, славац. bo, польск. bo, серб.-харв. бо. Прасл. bo першапачаткова частка ўзмацняльная і пацвярджальная. Параўн. літ. ’тс’, гоц. ba, авест. і г. д. Славянскае bo, як лічаць, чаргуецца з ba (гл. ба2). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24, 37–38; Брукнер, 9. Гл. яшчэ Шэвялоў, Prehistory, 117. Да сінтаксіса і гісторыі бо ў бел. мове гл. Баханькоў, Зб. Крапіве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́іць1 ’мабыць’ (чачэр., Мат. Гом., краснап., Бяльк.). Скарачэнне і зліццё слоў мае быць. Да ма́быць (гл.).

Ма́іць2 ’хіліць на сон’ (смарг., Сл. ПЗБ), рус. маять, балг. мая. Роднаснымі да іх з’яўляюцца ст.-в.-ням. muoen ’працаваць, старацца’, с.-в.-ням. müen, muowen ’тс’, ст.-в.-ням. muohi ’праца’, muodi, гоц. af‑mauþs ’стомлены’, ням. müde, ст.-грэч. μῶλος ’цяжар’, μῶλυς ’вычарпаны, аслаблены’, лац. mōlēs ’цяжар, маса’ (Шміт, KZ, 26, 5; Бернекер, 2, 7; Фасмер, 2, 587; БЕР, 3, 701–702).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Воз (БРС, Бяльк., Касп., Грыг., Дзмітр., Маш., Інстр. I), ву͡оз, ’воз; сузор’е’ (Бес.). Рус. воз, укр. віз, род. скл. во́зу, ст.-слав. возъ, балг. воз, серб.-харв. во̑з, славен. vȏz, чэш. vůz, славац. voz, польск. wóz, в.-луж. woz. Прасл. vozъ (Махэк₂, 704). Іншая ступень чаргавання ў ве́зці, вязу (гл.). Роднасныя: літ. ùžvažas, ст.-ісл. wagn ’павозка’, грэч. Ϝὄχος ’тс’, ст.-інд. vahanam ’язда; судна’, vahas ’той, хто едзе’; звязана чаргаваннем з гоц. wigs ’дарога’ (Гл. Траўтман, 357; Праабражэнскі, 1, 70; Фасмер, 1, 333).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́сці ’прылада для палявання на рыб’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., КЭС, Янк. Мат.), восць ’тс’ (З жыцця); ’асцюкі’ (БРС, КТС), вось ’тс’ (Шатал.). Рус. ость ’тс’, польск. ość, чэш., славац. osť, н.-луж. wósć ’вастрыё, калючка, косць рыбы’, славен. ȏst ’тс’. Параўн. літ. akštís, akstìs ’драўляны ражон; палачка, на якую насаджваюць рыбу пры вэнджанні’, усх.-літ. akstyns ’калючка’, лат. aksts, грэч. ἀκοστή ’ячмень’, гоц. ahs ’колас’, лац. acus ’асцюкі, мякіна’ (Траўтман, 5; Буга, РФВ, 65, 305; Фасмер, 3, 167). Для параўнання гл. яшчэ асцюк.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лёстачкі, ле́стачкі, лёсткі ’ліслівыя словы, усхваленні, кампліменты’, ’падлізванне’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Бес., Яруш., КЭС, лаг.; калінк., З нар. сл.), ле́стачка ’падліза’, ’пястун’ (Нас.) разам з дзеясловам ле́сціцца ’лашчыцца, лёсткамі здабываць прыхільнасць’ (Нас.) узыходзяць да прасл. lьstь ’ліслівасць’ (ст.-слав. льсть, ст.-рус. льсть, лесть, ст.-бел. лесть — з XIV ст.), якое запазычана з прагерм. listi‑. Параўн. гоц. lists ’хітрасць’, laisjan ’вучыць’, ст.-в.-ням. list ’мастацтва, мудрасць’ (Фасмер, 2, 487; Махэк₂, 327; Слаўскі, 4, 177; Бязлай, 2, 135; Мартынаў, Лекс. взаим., 48–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лікава́нне ’баляванне, банкет’, ’радасць, весялосць’ (Нас.), лікава́ць ’праяўляць вышэйшую ступень радасці з выпадку выдатнай падзеі’ (ТСБМ), укр. ликувати ’тс’, лик ’натоўп, сход’, рус. ликовать, ст.-рус. ликовати ’тс’, ’вадзіць карагоды, спяваць’, ’спяваючы ўслаўляць’, ст.-слав. ликъ ’хор, натоўп’, балг. лик ’хор’. Да прасл. likъ, якое (паводле Фасмера, 2, 495) было запазычана з гоц. laiks ’танец’, laikan ’скакаць’, ст.-ісл. leikr ’гульня’, — яны з’яўляюцца роднаснымі да літ. láigyti ’насіцца’, ст.-інд. rḗjate ’скача, трасецца’, н.-перс. ālēχtan ’скакаць, брыкацца’, ст.-грэч. λιγαίνω ’моцна ўсхваляю, спяваю’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Негара́зд ’не вельмі-та, дзе там’ (Растарг.), негараст (nieharast) ’нязручна; нешчасліва’ (Арх. Федар., Федар. 7), укр. негаразд ’нядобра, дрэнна’, рус. негоразд ’не вельмі, няўдала’. Ад незафіксаванага *гаразд > параўн. рус.горизд ’лоўкі, удалы, вопытны’, укр. гаразд *добра, шчасліва’, чэш. horazditi ’сварыцца, бушаваць, шумець’ (< венг. < слав., гл. Махэк₂, 149), якія выводзяцца з мяркуемага гоц. *garazds ’які разумна гаворыць’ (< ga і razda ’голас, мова’), гл. Фасмер, 1, 439, што даволі праблематычна. Параўн. таксама Шаур, SP, А 24, 33 і інш. (адносна чэш. nehorázny); Фасмер, 3, 57 (рус. негориздок).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)