сляза́, ы́; мн. слёзы (з ліч. 2, 3, 4 слязы́), слёз; ж.

1. толькі мн. (слёзы, слёз). Бясколерная, празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі вачэй пры раздражненне болі або моцных перажываннях. Цякуць слёзы. □ І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз. Лынькоў. На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю. Краўчанка. Сівы глядзеў .. [Міколу] ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма. Брыль. Міхайла Варута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю. Колас. / адз. у знач. зб. Слязу ўспамінаў сатры, Салдатаў лясных матуля! Барадулін. Гаручая сляза пячэ мне вочы. Зарыцкі.

2. Адна кропля такой вадкасці. Дзве слязы паказаліся з-пад павек, пацяклі па скронях і скацілася на падушку. Арабей. Па левай шчацэ коціцца сляза. Жычка.

3. толькі мн. (слёзы, слёз). Плач. Давесці да слёз. □ Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла. Зарэцкі. Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок. Якімовіч. [Антусёк:] — Зараз ясна будзе ўсё, Толькі слёз не трэба. Гілевіч. Я тапчуся на ўскраі пагорка, мяне душаць слёзы, і я пытаюся ў кургана: — Татачка, дзе ты тут? Лось. / адз. у знач. зб. Лёгкі на слязу.

4. перан. Кропля соку, вільгаці, якая выдзяляецца на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Сыр са слязой.

5. Разм. Пра гарэлку. [Перагуд:] Падай мне гэту слязу. (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва. [Рыгор:] «З дарогі за сталом бы пасядзелі, па чарачцы на сон божы ўзялі... Эх, і першачок жа там дома ў мяне! Сляза...» Ракітны.

•••

Абліцца слязамі гл. абліцца.

Адальюцца каму чые слёзы — хто‑н. паплаціцца за зробленае камусьці зло, крыўду і пад.

Адны слёзы — а) бяда, гора; б) вельмі мала.

Асушыць слёзы гл. асушыць.

Выціснуць слязу гл. выціснуць.

Глынуць слёз гл. глынуць.

Глытаць слёзы гл. глытаць.

Да слёз (цяжка, крыўдна, балюча і пад.) — вельмі, надзвычайна. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

Заліцца (горкімі) слязамі гл. заліцца ​1.

Кракадзілавы слёзы — пра няшчырае, прытворнае шкадаванне, спачуванне.

Ліць кракадзілавы слёзы гл. ліць.

Ліць слёзы гл. ліць.

Наліцца слязамі гл. наліцца.

Пусціць слязу гл. пусціць.

Скрозь (праз) слёзы — са слязамі на вачах, плачучы.

Слёзы падступілі да горла — гатоў расплакацца.

Увесці ў слёзы гл. увесці.

Умыцца слязамі гл. умыцца.

Уцерці слёзы каму гл. уцерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябе́, ДМ сабе, Т сабой (сабою), займ. зваротны.

Указвае на адносіны дзеяння да таго, хто яго ўтварае (дзейніка), адпавядаючы па сэнсу асабовым займеннікам любой асобы і ліку. Мікола расказаў дзеду пра сябе. Якімовіч. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Колас. Сеем, збіраем Спелае збожжа, Сабе, краіне Багацце множым. Купала. Чырвонаармейцы пераглянуліся паміж сабою. Чорны.

•••

Авалодаць сабой гл. авалодаць.

Атэставаць сябе гл. атэставаць.

Біць сябе ў грудзі гл. біць.

Браць (узяць) на сябе што гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Бубніць сабе пад нос гл. бубніць.

Валодаць сабою гл. валодаць.

Вывезці на сабе гл. вывезці.

Вывесці з сябе каго гл. вывесці.

Выдаць сябе гл. выдаць.

Выдаць сябе з галавой гл. выдаць.

Выйсці з сябе гл. выйсці.

Грудзьмі пракласці (пралажыць) сабе дарогу гл. пракласці.

Даць аб сабе знаць гл. даць.

Даць сябе адчуць гл. даць.

Замкнуцца ў сабе гл. замкнуцца.

Зарубіць сабе на носе гл. зарубіць ​2.

Звязаць сябе вузамі Гіменея гл. звязаць.

Звярнуць на сябе ўвагу гл. звярнуць.

Здрадзіць сабе гл. здрадзіць.

Зжыць сябе гл. зжыць.

Знайсці сябе гл. знайсці.

Ірваць на сабе валасы гл. ірваць ​1.

Лавіць сябе на чым гл. лавіць.

Матаць сабе на вус гл. матаць ​1.

Мераць па сабе гл. мераць.

Набіць сабе цану гл. набіць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць ​1.

На сябе не забыць гл. забыць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (падзець) гл. ведаць.

Не па сабе каму — няёмка (пра стан збянтэжанасці, разгубленасці і пад.). Уся гэта абстаноўка для Панаса незвычайна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей. Колас.

Не помніць сябе гл. помніць.

Несці сябе (высока) гл. несці ​1.

Не чуць зямлі пад сабой гл. чуць.

Ног не чуць пад сабой гл. чуць.

Паводзіць сябе гл. паводзіць.

Паказаць сябе гл. паказаць.

Па сабе — па свайму густу.

Прабіць сабе дарогу гл. прабіць.

Прывесці ў сябе гл. прывесці.

Прыйсці ў сябе гл. прыйсці.

Псаваць сабе кроў гл. псаваць.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не ў сабе гл. сам.

Само сабой (зразумела) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) па сабе гл. сам.

Сам праз сябе гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабе гл. сам.

Сам сабе не рад гл. сам.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабою гл. сам.

Строіць з сябе каго гл. строіць.

Трымаць пры сабе гл. трымаць.

Трымаць сябе гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

Трымаць у сабе гл. трымаць.

Убіць (набраць) сабе ў галаву гл. убіць.

У сябе — у сваім доме, пакоі і пад., у месцы знаходжання.

Цераз сябе браць гл. браць.

Як за сябе закінуць гл. закінуць.

Які з сябе (сабою)? гл. які.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аго́нь, агню, м.

1. Распаленыя газы, якія вылучаюцца пры гарэнні і ярка свецяцца; полымя. Уся станцыя гарэла, і дождж, хоць і быў моцны, аднак не меў сілы заліць гэтае мора агню. Шамякін. Агонь весела пабег ад снапа да снапа, салома затрашчала. Якімовіч.

2. Падпаленая куча дроў, галля, ламачча і пад.; вогнішча. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў.

3. Святло ад асвятляльных прыстасаванняў; светлавая кропка. У куткавым пакоі ў Няслаўскіх гарэў агонь, хоць на вуліцы яшчэ добра відно было. Мурашка. У хаце гарбатага краўца Лапінкі снедалі пры агні. Брыль. // перан. Бляск у вачах ад узбуджэння, страсці. Цёмныя вочы Дакутовіча свяціліся такім агнём, што Жэня зразумеў: яго сябра ведае нейкую надзвычайную таямніцу. Шчарбатаў.

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым. Яе, крылатую, цаню, Яна вялікай славы варта, Крыніца творчага агню — Загартаваная ўпартасць. Хведаровіч. Твар.. [Себастыяна] быў халодны. Цеплыня і агонь гарэлі ў ім у глыбіні. Чорны. Навошта кветкі? У сэрцы Без іх агню хапае. Калачынскі. // Пра быстрага і бойкага чалавека. — Слаўная ў Булыгі наймічка, да чаго ж спрытная і ваяўнічая! Агонь! Такой, браце, пальца ў рот не кладзі... — скашу адзін з парабкаў. Бажко. Сумеўся Богут з неспадзевы, Пагладзіў вус, пачухаў скронь — Ого, якія яе [Марыны] спевы! Ох, не кабеціна — агонь! Колас. Як што робіць — агонь, а як што зробіць — у агонь. Прымаўка.

5. Ружэйная, артылерыйская стрэльба. Адкрыць агонь. Весці агонь. Прыцэльны, беспрыцэльны агонь. □ Нашай групе трэба было адцягнуць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці.. наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць па штурм. Карпюк. // Ваенная каманда. — Агонь па ворагу! — камандую я, яшчэ зусім не ведаючы, якое выбраць рашэнне. Якімовіч.

•••

Адамаў агонь — павышэнне тэмпературы ў час хваробы.

Антонаў агонь — заражэнне крыві, гангрэна.

Беглы агонь — часты артылерыйскі агонь, які вядзецца самастойна кожнай гарматай.

Бенгальскі агонь — яркае белае ці каляровае полымя, якое ўтвараецца пры гарэнні спецыяльнага саставу (з берталетавай солі, серы і інш.), а таксама сам феерверачны агонь.

Блукаючыя агні — блакітныя языкі полымя, што паяўляюцца ноччу на балоце ў выніку згарання газу метану, які вылучаецца пры гніенні.

Вечны агонь — агонь, які пастаянна гарыць каля помнікаў, магіл загінуўшых герояў як сімвал бяссмерця іх славы.

Кінжальны агонь — агонь гармат, кулямётаў, які адкрываецца раптоўна на блізкай адлегласці.

Лінія агню — рубеж на пярэднім краі, з якога вядзецца стральба па праціўніку.

Праметэеў агонь — нязгаснае ўнутранае імкненне да дасягнення высокіх мэт, да шчасця ўсіх людзей.

Сустрэчны агонь — агонь, які вядзецца ў адказ на агонь праціўніка.

Шквальны агонь — інтэнсіўны, масіраваны агонь.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Агонь яго ведае — невядома.

Баяцца як агню гл. баяцца.

Гарэць (сінім) агнём гл. гарэць.

(Днём) з агнём не знойдзеш гл. знайсці.

Жартаваць (гуляць) з агнём гл. жартаваць.

Жыць як агонь з вадою гл. жыць.

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнасці ў другую, яшчэ большую.

(Круціцца) як скурат на агні гл. скурат.

Падліць масла ў агонь гл. падліць.

Пайсці агнём гл. пайсці.

Паміж двух агнёў — пра становішча, калі небяспека пагражае з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.

Пусціць з агнём гл. пусціць.

У агонь і ваду (кінуцца, пайсці) — пра гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля каго‑, чаго‑н.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Незабруджаны, незапэцканы. Чысты абрус. Чыстая падлога. □ [Маці] прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч. А на далоні мне З маўклівасцю ўрачыстай Садзіцца зорны снег, Даверлівы і чысты. Матэвушаў. // у знач. наз. чы́стае, ‑ага, н. Тое, што не забруджана, не запэцкана. Баляслаў вымыўся ўжо, .. уздзеў ужо ўсё чыстае. Чорны. // Які ўтрымліваецца заўсёды ў чысціні; ахайны, дагледжаны. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: — Які чысты, які стройны, Які з твару маладжавы! Купала.

2. Разм. Прызначаны не для штодзённых патрэб, а для ўрачыстых выпадкаў, для гасцей і пад. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Таня трохі збянтэжылася, пачырванела. Кіўнула Вадзіму, а сама — барзджэй за дзверы, на чыстую палавіну хаты, прынесці яму крэсла. Паўлаў.

3. Звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць, з тым, што патрабуе майстэрства, умення. — Паслужыў у арміі [Мікола], і давайце ўжо яму чыстую работу. Ермаловіч. // Выкананы, зроблены дакладна, акуратна, старанна, без хібаў. — Здорава! — з захапленнем сказала Галя. — Вось гэта работа! Чыстая работа. Пятніцкі. // Перапісаны, перароблены начыста; чыставы. Чысты экземпляр артыкула.

4. Які мае адкрытую, нічым не занятую паверхню. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Чарнышэвіч. Перада мною адкрыўся чысты роўны схіл гары і ўнізе — шырокае возера. Шамякін. // Не запознены нічым, не заняты літарамі, лічбамі, малюнкамі і пад. Кладзецца за радком радок На чысты ліст паперы. Смагаровіч. — Калі ласка, вось тут, — сказала Эмілія, падаючы.. [рамесніку] чысты бланк. Маўр. // Роўны, гладкі, без рабаціння і прышчоў (пра скуру). Твар [Волечкі], здаецца, прасвечваецца на танюсенькіх промнях месяца, такі чысты і прыгожы. Мыслівец. Жвір, як і раней, быў прыгожы; толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Адамчык. // Разм. Поўны, сыты. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. // Бязвоблачны; не закрыты туманам. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. Неба, чыстае, як шклянка, Тупат быстрага каня. Глебка. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк на дзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Мележ. Хмары сышлі, неба было чыстае, вялікія і малыя зоры міргалі. Лупсякоў.

5. Без пабочных дамешак ці з невялікімі дамешкамі. Чыстая шэрсць. Чыстае золата. □ Шарон Свой парабелум разглядаць пачаў, Дзе выбіты быў чыстым серабром Год, дзень вайны. Танк. Сучасная тэхніка ў многіх выпадках патрабуе асабліва чыстых металаў. «Звязда». У адной з цыстэрнаў сапраўды быў чысты авіяцыйны бензін. Беразняк. / у перан. ужыв. Заснулі дрэвы ў пухавых Аснежаных уборах, І чыстым золатам на іх Ліюцца ціха зоры. Глебка. Сёння ж наваколле дрэмле ў ціхім сне, Марачы аб сонцы, кветках і вясне. Як на крыл[ах] вецер прынясе нам гром... А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. // Празрысты, не закаламучаны, не забруджаны (пра ваду). Ад вадакачкі цераз вуліцу цёк вузенькі раўчучок чыстай, як сляза, вады. Арабей. Вада ў затоцы светлая, чыстая. Ігнаценка. // Свежы, нядушны, няпыльны (пра паветра). Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, і паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні. Карпаў. // Без пустазелля, без шкодных раслін (пра злакі). Чыстыя пасевы. // Не разведзены, не разбаўлены. Чысты спірт. // У якім растуць дрэвы адной пароды (пра лес, гай і пад.). За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны. Дарога павярнула пад Імшару і пайшла па чыстым сасновым бары. Пташнікаў. // Не змешанай пароды, народжаны, выведзены без скрыжавання. Сабака чыстай пароды. Конь чыстай крыві. // Аднародны (пра колер). Чыстым блакітам У вочы глядзелі нябёсы. Куляшоў.

6. Выразны, без шумаў, без дадатковых гукаў. Калі ж я неяк з ёй [Веранікай] спаткаўся, Загаварыўшы, як у сне, — Яна зірнула на мяне, І раптам з вус[наў] яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх. Багдановіч. Чысты, звонкі спеў дразда прагучаў, як жалейка. Самуйлёнак. Барашкін пазнаў.. голас [Людмілы] адразу — мяккі, крыху насмешлівы, пявучы і чысты. Савіцкі.

7. Правільны, які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.). Камендант насустрач канвою загаварыў на чыстай рускай мове. Пестрак.

8. перан. Маральна бездакорны, шчыры і сумленны, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Чыстае сумленне. □ [Іван] быў вельмі сучасны — справядлівы і чысты. Грахоўскі. [Сушынскі:] — Дзякую, што збераглі. Цяпер, па крайняй меры, я чысты перад вамі. Скрыган. // Высокамаральны, узвышаны. Чыстыя імкненні. Чыстыя парыванні. □ У такой жанчыны павінны быць чыстыя пачуцці, як крынічная вада. Дуброўскі. // Нявінны, бязгрэшны, цнатлівы. [Наталля:] Дзіцячая душа чыстая. Крапіва. Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. // Які выражае высокую маральнасць, бязгрэшнасць. [Рагоўскі], гледзячы ў яе [Тоніны] даверлівыя, чыстыя вочы, раптам падумаў: «А што калі б я пастукаў у другія дзверы?». Пішчыкава.

9. перан. Які не мае ў сабе падману, хлусні. [Вера:] — Я зайздрошчу табе, што ты вось ходзіш па зямлі, вочы ў цябе такія чыстыя-чыстыя, як тваё сэрца. Лынькоў. // Вольны ад якіх‑н. падазрэнняў, бездакорны. Палагея.. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

10. Які застаецца пасля вылічэння чаго‑н. Чысты даход. Чысты прыбытак. // Які маецца ў наяўнасці, наяўны (пра грошы). Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся, а запатрабавалі за работу чыстымі грашыма. Чорны. / у знач. наз. чы́сты, ‑ага, м. [Павал Андрэевіч:] — Але гэта што, людзі сотнямі тысяч чыстага бяруць!.. Галавач.

11. Разм. Абсалютны, поўны. [Багдан:] — Ды калі сказаць чыстую праўду, то я... гэта самае... вельмі хацеў з вамі пабачыцца. Кулакоўскі.

12. Разм. Сапраўдны. [Паўлінка:] Са старым, дык чыстая бяда.. Хоць ты яму кол на галаве чашы. Купала. — Ах, Клава, ты — чыстае дзіця... Я хіба ведаў... А тут так павярнулася... — Ён [Язэп] памаўчаў крыху, як бы збіраючыся з думкамі. Асіпенка. // Які вельмі падобны на каго‑, што‑н. «Морж, чысты морж...» — думала.. [Майка], пазіраючы, як, ловячы агрубелым пальцам неўвароткі клавіш, Падудзік і соп і крахтаў. Лынькоў. [Глушачыха:] — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна [дачка]! Мележ.

13. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны. Чыстая тэорыя.

•••

Чыстае мастацтва — тое, што і мастацтва для мастацтва (гл. мастацтва).

Чыстая вага гл. вага.

Ад чыстага сэрца гл. сэрца.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці чыстым гл. выйсці.

З чыстым сумленнем гл. сумленне.

Прыняць за чыстую манету гл. прыняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́віць, стаўлю, ставіш, ставіць; незак., каго-што.

1. Прымушаць або памагаць каму‑н. устаць, заняць дзе‑н. месца стоячы. [Маці] часта мяне ставіць на зямлю і рукавом выцірае свой твар. Бядуля.

2. Размяшчаць, умацоўваць што‑н. вертыкальна. Ставіць кнігі ў шафу. Ставіць лесвіцу да сцяны. □ Скіба .. садзіцца на прызбу і ставіць каля сябе вінтоўку. Крапіва. // Падстаўляць што‑н. Пад .. [галіну] звычайна Апанаска ставіў аж тры рагулі — падпоркі. Даніленка.

3. Прызначаць на якую‑н. работу, прапаноўваць рабіць што‑н. [Шэмет:] — Трэба старых ставіць на буртоўку. Яны ўмеюць. Лобан. Калі .. [Тварыцкага] пачалі ставіць кіраваць якой-небудзь работай, ён у першыя часы чуў сябе нядобра. Чорны. — Вы ж .. самі, памятаеце, казалі, што самых лепшых жанчын, камсамолак трэба ставіць на вырошчванне лёну. Сабаленка. // Назначаць на якую‑н. пасаду, месца. [Міхал:] — Пра ўсё гэта, што ты [Акцызнік] балбочаш тут, каму трэба — ведаюць. Райком ведае. І калі на старшыню мяне ставіў — ведаў. Пташнікаў.

4. Размяшчаць на якой‑н. пазіцыі (для абароны, нагляду і пад.). На векавой сасне .. ставілі наглядчыкаў па чарзе. Лынькоў. // Раскватароўваць дзе‑н., у каго‑н. Хадзіць у школу штодня за дзесяць кіламетраў далёка .. І таму ўсіх дубровенскіх вучняў бацькі ставяць на кватэры. Васілевіч.

5. перан. Ствараць для каго‑н. якія‑н. абставіны; прыводзіць у якое‑н. становішча. [Сухадольскі:] І нашто ты ставіш мяне ў няёмкае становішча? Крапіва. Пісьменнік ставіць герояў у вельмі складаныя абставіны. «Маладосць». // Рызыкаваць кім‑н. Але тым часам .. [Кравец] думаў пра тое, ці варта ставіць амаль усю сям’ю пад небяспеку і ці варта адразу ж усё гаварыць пра заданне. Кавалёў.

6. перан. (пераважна ў спалучэнні са словамі «высока», «нізка», «нараўне» і пад.). Адносіцца да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, лічыць, расцэньваць каго‑, што‑н. якім‑н. чынам. Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім. Колас. А яшчэ .. [Тадора] ненавідзіць Юзікавы кнігі, што праз гэта ён вунь як нясе сябе; разумнейшым за яе сябе ставіць. Крапіва. Нават сам пан ляснічы Канстанты Сянкевіч ставіць .. [дзеда Юрку] высока як паляўнічага і рыбака. С. Александровіч.

7. Устанаўліваць што‑н. для абслугі, для якога‑н. дзеяння. Ставіць тэлефон. □ Мы ходзім з ім [Алесем] да рэчкі І ставім перамёты ў вір. Куляшоў. На дарогах рабілі завалы, капалі равы, ставілі міны. Ваданосаў. // Перасоўваць стрэлкі на пэўны час. Ставіць гадзіннік на сем. // Прыкладваць, накладваць і пад. да якой‑н. часткі цела з лячэбніца мэтай. Ставіць гарчычнікі. Ставіць тэрмометр. Ставіць банькі. □ Зуб сам ужо і не баліць, але ўрач кажа, што пломбу ставіць яшчэ рана. Хадановіч.

8. Расстаўляць па пэўнае месца, у пэўным парадку. Ставіць посуд на стол. Ставіць машыну ў гараж. □ Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў і ставілі іх на чыгуначныя платформы. Шамякін. // Накрываць на стол, падаваць для яды. Параска адразу ж пачала ставіць на стол снеданне. М. Ткачоў. [Дзед Сымон:] — Стаў вячэру нам, Агата! Абышлі мы ўсе сады. Бялевіч. // Гатаваць чай у самавары. Ставіць самавар. // Разм. Частаваць (звычайна спіртным). — Некалі я вам ставіў, а цяпер вы мне павінны паднесці, — як дзеля адчэпкі кінуў бабам Зазыба. Чыгрынаў.

9. Размяшчаць якім‑н. чынам, надаваць чаму‑н. патрэбную, пэўную позу. Салдаты .. пачалі ставіць людзей у вялікую чаргу, падводзіць іх да століка. Лынькоў. [Бабулі] балюча было бачыць, як нехта другі рабіў усё тое, што гадамі рабіў яе сын — мазаў колы, ставіў у аглоблі неслухмянага каня ці засупоньваў хамут. Ракітны. Богут ставіць вус угору І растае ад той хвалы. Колас. // Прызначаць для пэўнай мэты. Ставіць кабана на адкорм.

10. Рабіць метку, знак і пад. на паверхні чаго‑н. Калі прыходзіла машына з поўным кузавам, дзяўчына ставіла ў сшытак кропку насупраць яе нумара. Кавалёў. / у перан. ужыв. Мы [моладзь] другія ставім вехі: Камунізм гудзе нам рэхам І паказвае шляхі. Колас. // Рабіць адбітак па чым‑н., дзе‑н., пісаць, рысаваць, падпісваць што‑н. Ставіць пачатку. Ставіць дату. □ Маша прыносіць газету і гаворыць: — Во навіна якая! Мы будзем ставіць подпісы пад Адозвай за мір. Шамякін. Аддаўшы Палуяну-солтысу падатак,.. [мама] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. Брыль. // Выстаўляць (адзнакі вучням). Ставіць пяцёрку ў дзённік.

11. Арганізоўваць, наладжваць. Тэхніка цяпер у нас ёсць, кадры спецыялістаў таксама ёсць — па навуковы грунт ставім справу. «ЛіМ». // Праводзіць, рабіць. Выраз «плавае, як корак» не заўсёды правільны. Гэта можа пацвердзіць любы акіянолаг, якому даводзілася ставіць розныя вопыты. Матрунёнак.

12. Будаваць, майстраваць. [Бацька] быў добры стальмах і цясляр, рабіў калёсы і сані, падушкі і ночвы, ставіў хаты і крыў стрэхі. Бялевіч. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. // Устанаўліваць. Ставіць палаткі. □ Сонца яшчэ не зайшло, як камандзіры батарэяў гарматных разлікаў пачалі ставіць гарматы і тэлефаністы пацягнулі тэлефонныя правады. Чорны. Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. // перан. Услаўляць, усхваляць. За братоў маіх Заходняй Беларусі стаўлю ў песні помнік Ладзімеру Шаху. Дубоўка.

13. Ажыццяўляць пастаноўку на сцэне. Ставіць оперу. □ Разам з рэжысёрам Лойтэрам я .. ставіў тры скетчы — «Рыбачка з узбярэжжа», «Сувязны», у якім удзельнічаў і як акцёр, і «Чароўны пірог». «ЛіМ». // Паказваць, дэманстраваць перад кім‑н. [Драздовіч:] — У даным выпадку гумар павінен быць вострым і даходлівым. Тым больш, што п’еса сацыяльна сатырычнага напрамку. Досыць таго, што яе ахвотна ставяць на вясковай сцэне. Машара. На заставу з Лонвы не ўсіх пускалі, але затое кожную суботу пагранічнікі прывозілі ў вёску гукавое кіно і ставілі дарма. Пташнікаў.

14. і без дап. У азартных гульнях — уносіць якую‑н. стаўку ў банк; рабіць стаўку на што‑н. [Чалавек:] — Дзівак. [Жыццё] — гульня ў ачко на вялікую стаўку. Ставіш на туза, а табе валет. Асіпенка. // Уносіць, прапаноўваў у якасці закладу (у час спрэчкі). — Расступіся! Пляц! — загаманілі госці, даючы месца для паядынку. А нехта выгукнуў: — Стаўлю на Лявона... Чвэрць! Ну, хто? На руках! Б. Стральцоў.

15. Вучыць правільнаму валоданню (голасам, дыханнем і пад.). Ставіць дыханне. Ставіць голас.

16. Высоўваць, выстаўляць, прапаноўваць (для разгляду, выканання і пад.). Прадаваў [Юзік] нават на ячэйцы гэта пытанне ставіць, каб мабілізаваць камсамольцаў [на стварэнне машыннага таварыства]. Крапіва. Апошняе пытанне ставіў на галасаванне Леапольд Гушка. Чорны.

17. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: лічыць чым‑н., разглядаць як‑н. што‑н. Ставіць сваёй задачай. Ставіць у віну.

18. Нарыхтоўваць, складаючы якім‑н. чынам. Мы туды [у чарналессе] з бацькам ездзілі ўлетку ставіць шуркі дроў, і я трохі ведаў гэты лес. Сабаленка. І Ганьцы .. [Андрэй] можа прывезці сена, толькі яна ніколі не ставіць копы, а нясе траву ў пасцілцы і сушыць на двары. Пташнікаў. А на полі жніво... Залатыя снапы Людзі роўненька ставяць у мэндлі. Глебка.

•••

Ставіць дыягназ — вызначаць, устанаўліваць хваробу, характар захворвання.

Банькі ставіць — адцягнуўшы на жываце скуру, біць па ёй рабром далоні.

(Ні) у грош (капейку) не ставіць — не надаваць ніякага значэння каму‑н. або чаму‑н., адносіцца з пагардай, не лічыцца з кім‑н. або з чым‑н.

Ставіць да сцяны (сценкі) каго — расстрэльваць.

Ставіць знак роўнасці паміж кім-чым — лічыць зусім аднолькавымі, раўнацэннымі, падобнымі.

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» — а) удакладняць (удакладніць) усе дэталі, не пакідаць (не пакінуць) нічога недагаворанага; б) даводзіць (давесці) да канца, рабіць (зрабіць) свае вывады.

Ставіць (паставіць) кропку — канчаць (кончыць), спыняць (спыніць) якую‑н. справу.

Ставіць крыж на кім-чым — траціць усякую надзею на каго‑, што‑н., лічыць каго‑, што‑н. беззваротна згубленым, страчаным.

Ставіць на адну дошку — параўноўваць каго‑н. з кім‑н., што‑н. з чым‑н. у якіх‑н. адносінах.

Ставіць на від каму — рабіць заўвагу каму‑н. за што‑н.

Ставіць на калені каго — прымушаць выконваць волю, жаданні каго‑н. [Дывінец:] — А ты [Васількоў] у душу яму заглянь. Хто і для чаго працуе? Гэта ты ведаеш? А на калені мяне ставіш. Асіпенка.

Ставіць на карту — рызыкаваць чым‑н., спадзеючыся на якую‑н. выгаду, выйгрыш.

Ставіць на кон — рызыкаваць сваім жыццём.

Ставіць на сваім — дамагацца здзяйснення свайго жадання.

Ставіць пад абух — ствараць для каго‑н. складаныя ўмовы; падводзіць каго‑н. пад удар.

Ставіць пад удар каго-што — ставіць у небяспечнае, крытычнае становішча.

Ставіць палкі ў колы — тое, што і устаўляць палкі ў колы (гл. устаўляць).

Ставіць пытанне рубам — заяўляць, гаварыць прама, з усёй рашучасцю.

Ставіць рэкорд — дасягаць высокіх паказчыкаў у якой‑н. галіне.

Ставіць уверх нагамі — а) мяняць карэнным чынам, рабіць зусім другім, не такім, як было; б) рабіць беспарадак у чым‑н.

Ставіць у прыклад каго каму — заахвочваць каго‑н., каб той наследаваў каму‑н.

Ставіць у тупік каго — прыводзіць да непаразумення, разгубленасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

у 1, нескл., н.

1. Дваццаць першая літара беларускага алфавіта. Вялікае У. Друкаванае у.

2. Галосны лабіялізаваны гук задняга рада верхняга пад’ёму. Націскное у.

у 2, прыназ. з Р, В і М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «у» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, месца ці прастору, унутр або ў межы якіх накіраваны рух, дзеянне. Клікаць у хату. Пакласці ў шафу. Ісці ў лес. Укопваць у пясок. Упасці ў яму. Схавацца ў траву. □ Не нікчэмным, слабым жабраком, А як бацька прыйду я ў дом, Сонца ў дом прынясу на штыку, Малаком Напаю дачку... Куляшоў. Я кідала кветкі ў хвалі — Расплываліся кругі. А. Александровіч. // Ужываецца пры назвах мясцовасці, краіны, населенага пункта, куды хто‑, што‑н. накіроўваецца. Прыехаць у Беларусь. Поезд прыбыў у Мінск. □ На Новы год пасвяткаваць У горад завітала елка. Танк. Калі сівым зраблюся дзедам, Усімі паважаны госць, У вёску родную прыеду, У ельнік, што за вёскай ёсць. Куляшоў. // Ужываецца пры назвах арганізацыя, устаноў, прадпрыемстваў і пад., куды хто‑н. прыходзіць, уступае і пад. Запрасіць у райком. Паступіць у інстытут. Пайсці ў армію. // (з дзеясловамі «адзець», «апрануць», «абуць» і пад.). Ужываецца пры назвах адзення, абутку. Адзеты ў новы гарнітур. Абуць у боты. Захінуцца ў халат. □ Апранены .. [прамоўца] быў у кароткую суконную вопратку... Чорны. // Ужываецца з дзеясл. «запісаць», «упісаць», «унесці» і пад. пры ўказанні таго, дзе гэта запісана (кніга, газета і пад.). Запісаць у кнігу. □ У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка. Куляшоў. // Ужываецца пры назвах жывых істот, частак цела, унутр якіх накіравана дзеянне, рух і пад. Боль пранік у сэрца. Увагнуць галаву ў плечы. □ Льецца ў ногі стома, бы свінец. Звонак. Хлопчык нагінаецца, зрывае некалькі суніц і кладзе ў рот. Бядуля.

2. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, месца, у бок якога накіравана дзеянне, рух. Ляцець у блакіт. Ісці ў свет. Накіравацца ў тыл. □ Каравая ў горы шлях кладзе. Звонак. Вяла ў даль суровая дарога. Хадыка.

3. з В. Ужываецца пры называнні калектыву, катэгорыі асоб, у склад якіх уступае хто‑н. Кандыдат у дэпутаты. Наняцца ў работнікі. □ [Суседкі] ўспомнілі, што Паўлікаў бацька ў першы ж дзень вайны пайшоў у салдаты і больш пра яго ніхто не чуў. Грахоўскі.

4. з В. Ужываецца пры называнні дзейнасці, асяроддзя, становішча, у якое прыходзіць, уступае, трапляе і пад. хто‑, што‑н. Ісці ў бой. Збірацца ў паход. Выбрацца ў дарогу. Перадаць справу ў суд. Выехаць у камандзіроўку. Увесці ў зман. Трапіць у бяду. Здаць у друк. □ І вецер у бой Заклікаў штыкі І з імі хадзіў у атакі разам. Куляшоў. Ты ж ідзі ў навуку, Толькі, брат, вучыся. Колас. Прабіраецца ў разведку Непрыкметна партызан... Панчанка.

5. з М. Ужываецца пры ўказанні на прастору або месца, у межах якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца або што‑н. адбываецца. Дарога ў полі. Спаткацца ў лесе. Ваду ў палонцы зацягнула лядком. □ Старажытныя дрэвы гаманілі ціхутка ў прасторы. Трус. У цесных долах Гвадарамы Каторы дзень не моўкне бой. Глебка. // Ужываецца пры называнні мясцовасці, краіны, населенага пункта, дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Змагацца за мір і бяспеку ў Еўропе. У беларускім Палессі цякуць паўнаводныя рэкі. □ Быў я ў Парыжы на кангрэсе — То ў Загібельцы, браце, лепш: Грыбоў няма ў Булонскім лесе, А ў Сене хоць бы адзін лешч. Крапіва. Узлятала песня, як віхура, І чужынца ў гарадах і сёлах Навылёт, як штык, яна калола. Броўка. // Ужываецца пры назвах арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў і пад., дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Вучыцца ў школе. Працаваць у сельсавеце. Нарада ў парткоме. □ У кузні мех да позняга шуміць. Астрэйка. У райкоме было людна. Лынькоў. // Ужываецца пры назвах жывых істот, асоб, частак цела, дзе што‑н. знаходзіцца ці адбываецца. Надзея на лепшае заўсёды жыве ў чалавеку. У вачах адбілася здзіўленне. Гудзе ў галаве. □ Усё ў Якіме аж заскача, Задрыжыць і запяе, Як здалёку толькі ўбачыць Постаць мілую яе [Банадысі]. Колас. [Скіба:] Кваску б глынуць, у роце перасохла. Крапіва. // Ужываецца пры ўказанні на словы, размову, твор і пад., а таксама на прадмет, дзе гэта надрукавана або запісана. У яго словах адчувалася суровасць. У творах гучаць грамадзянскія матывы. У п’есе ёсць рад трапных эпізодаў. Запісы ў сшытку. □ Трэба сказаць, што ў народнай мове паміж прыказкай і прымаўкай выразнай мяжы не праводзіцца. Крапіва. У чыстых крыніцах натхнёнага слова, У песеннай грэлі, Для вечнасці, спетай баянам сурова, Жыве Руставелі. Колас.

6. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, памяшканне, ёмістасць і пад., унутры якога хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. У печы гарыць агонь. Свішча вецер у коміне. У хаце цёпла. Гатаваць ежу ў гаршку. Схаваць у кішэні. □ У зале адразу стала шумна, гаманліва. Кулакоўскі. У млыне, як у карчме: то поўна, то пуста. Брыль. [Міхал Тварыцкі] нёс за плячыма свой клунак — свае рэчы, у мяшку, перавязаным накрыж шпагатам. Чорны. // Ужываецца пры называнні прадметаў, частак цела і пад., блізка ля якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Стаяць у парозе. Сесці ў нагах. □ У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі.. Колас.

7. з М. Ужываецца пры называнні асяроддзя, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Тапаліны пух лётае ў паветры. Патануць у вадзе. □ А Свіслач жыве, бяжыць неўгамонна, Разлёгшыся ў травах, у выспах пясчаных. Колас. // перан. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, паняцце, што ўсведамляецца як месца, цэнтр, дзе засяроджваюцца пачуцці, думкі і пад. Радасць у сэрцы. У душы перажываў блізкую ростань. У галаве склаўся пэўны план,. □ Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Чорны.

8. з М. Ужываецца пры называнні калектыву, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Жыць у вялікай сям’і. Ішлі размовы ў народзе. □ А хто там ідзе, а хто там ідзе У агромністай такой грамадзе? Купала. Вы [камсамольцы] ў першых шарэнгах са звонкаю песняй Напорна ішлі, як прадвесне. Колас. // Ужываецца пры называнні калектыву або катэгорыі асоб, да якіх адносіцца хто‑н. (пры назвах прафесій, пасад і пад.). [Шкаруба] быў і камбедам, і ў дэпутатах; яго наўкруга баяліся ўсе самагоншчыкі і дэзерціры. Скрыган. [Маці:] — У мяне ж два ваююць — Андрэй у партызанах, а другі — Васіль — той на фронце. Мележ.

9. з М. Ужываецца пры называнні асяроддзя, становішча і пад., у якім знаходзіцца хто‑, што‑н., адбываецца што‑н. У імгле хаваецца краявід. Сядзець у цяпле. Спыніцца ў зацішку. Адпачываць у цяньку. Усё патанула ў гуках. Трымаць у памяці. Паўтараць у думках. □ А недзе далёка ў цёплым тумане Зазыўна гудуць цягнікі. Панчанка. Каля камяніцы Бярозка ў цішы засынала. А. Александровіч.

Часавыя адносіны

10. з В. Ужываецца для ўказання на момант або час, калі што‑н. адбываецца. У позні час. Спаткаліся ў маладыя гады. У ноч з 15 на 16 студзеня. □ Добра ў лузе ў час палудны! Колас. У рашаючыя моманты ён [беларус] выступаў са зброяй у руках адкрыта і біўся насмерць. Крапіва. // Ужываецца для вызначэння якога‑н. моманту, часу, перыяду. Прыехаў у пяць гадзін. □ Што зрабіла з людзьмі вайна: Дзеўчаняці ў трынаццаць год Чалавека забіць не страшна!.. Гілевіч. [Сяргей Міронавіч:] — У сем год я іграў так віртуозна, што людзі заслухваліся. Бядуля. // Ужываецца для ўказання на зручны, прыдатны або нязручны, непрыдатны час, тэрмін, пару для якой‑н. справы. — А ў іх сям’я вялікая? — Не, дзве дачкі, сын — у пару жаніць: працы будзе. Галавач.

11. з В. Ужываецца пры ўказанні на з’явы, падзеі, якія супадаюць у часе з дзеяннем, што выражана ў дзеяслове. Куды ты пойдзеш у такую завіруху? У жніво начавалі на полі. □ Дарэмна здалёку Паўнюткія вёдры [маці] цягала, Той камень у спёку Вадой і слязьмі палівала. Куляшоў. [Валошын:] Успамінаецца, як у вайну Мы з ім [Азорычам] ляжалі разам у акопах, Чыталі ўпотай розныя лістоўкі І марылі аб новых, лепшых днях. Глебка.

12. з В. Ужываецца для ўказання на меру працягласці якой‑н. з’явы, падзеі і пад. Гэта можна зрабіць у момант. Шмат перадумаў у адну мінуту. Будуюць у год па два дамы. □ Увосень ночы доўгія. Так па некалькі разоў у ноч .. [Кастусь] выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

13. з В. Ужываецца для ўказання на перыяд, эпоху, да якіх накіравана дзеянне. Рабіць крокі ў будучыню. Шлях у заўтра. □ Тут будзе неўзабаве бераг мора. І людзі ў заўтрае спяшаць. Астрэйка. Кіпі ж ты, маладосць, Бунтуй у парываннях, Бадзёрым поступам Імкніся ў новы век. Хведаровіч.

14. з М. Ужываецца для ўказання на момант або перыяд, у час якога ці на працягу якога што‑н. адбываецца. Было гэта ў далёкім часе. Не ў часе спахапіўся. Нарадзіўся ў студзені. □ Болей цвету ў гэтым годзе, у гэтым годзе сонца шмат. Хадыка. Ой, бярозы ды сосны — Партызанскія сёстры, Вас ніколі ў жыцці не забыць. Русак.

15. з М. Ужываецца пры называнні становішча, занятку, стану надвор’я, з’яў і пад., калі што‑н. адбываецца. Працавалі ў спёку. У канцы дзяжурства. □ Ногі просяцца ўстаць, яны стомы ў дарозе не чулі. Куляшоў. Ці мы з табой зблудзілі ў змроку, Ці лішне выпілі чуток? Глебка.

Аб’ектныя адносіны

16. з Р. Ужываецца пры ўказанні на асобу, у межах дзейнасці, валодання якой што‑н. знаходзіцца, адбываецца, існуе. Размова ў суседа з суседам. У майго бацькі два сыны на фронце. □ Адзіная сёння У салдата размова — Ён грукае ў сцены Берліна сурова. Броўка. Пра маё пакаленне Пісалі мала — У майго пакалення Камсамольскі ўзрост — Хоць маё пакаленне Імя мае, Хоць майму пакаленню Пад дваццаць ёсць. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, у асяроддзі якіх што‑н. адбываецца, наглядаецца, лічыцца звычным. Што ў вас чуваць? У нас не горш, як у людзей. □ Але ў нас ужо спрадвеку водзіцца, Што кавалак роднае зямлі — Родзіцца там нешта ці не родзіцца — Мы заўсёды дбайна бераглі. Глебка. — Паслухайце, — Асоба кажа тут Слузе, — Што гэта ў вас за людзі і што ў людзей за густ? Крапіва. // Разм. Ужываецца пры слове «мяне» для выказвання пагрозы або пахвалы. [Пан:] — А за гэты дубок ты ў мяне паскачаш, галубок! Колас.

17. з Р. Ужываецца пры ўказанні на асобу, якой выконваецца ці выканана пэўнае дзеянне. У Сяргея куплены білеты на спектакль. У гаспадароў усё падрыхтавана да свята. □ У гэтага ж аўтара апавяданне выйшла нецікавым, нудным, немастацка простым. Чорны. [Зязюліха:] — Выступіла б і я, але ж не выйдзе ў мяне так спраўна. Брыль.

18. з Р. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, ад якога што‑н. атрымліваюць, бяруць, набываюць і пад. Купіць карову ў суседа. Адабралі ў хлопчыка свісцёлку. □ Многа іх хацела купіць у музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому. Багдановіч. // Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, у якога вучацца, ад якога запазычаюць што‑н. Гэту звычку ён пераняў у свайго таварыша. □ — Пажыву, павучуся ў жыцця, а потым прыйду і ім [родным] памагу, — мільганула дзесь у глыбі думка. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на аб’ект (асобу або персаніфікаваны прадмет), да якога звернута запытанне, просьба. Запытаць у настаўніка. Прасіць спагады ў людзей. Выведваць сакрэты ў садоўніка. □ У якой бярозы белай Стан ты выпрасіць сумела? Броўка. Не раз па-пластунску па нівах мы поўзалі, Рукамі абмацвалі купіну кожную, Размову з дубамі вялі і бярозамі, Выпытвалі праўду ў багнаў і пожняў мы. Панчанка.

19. з В. Ужываецца пры называнні аб’екта, да якога хто‑, што‑н. датыкаецца, з якім хто‑, што‑н. судакранаецца і пад. Уперціся ў сцяну. Стукнуць у дзверы. Страляць у мішэнь. Цалаваць у руку. Піла ўразаецца ў дрэва. □ Калючы снег у ногі коле... Глебка. Сыплюць словы золатам, У сэрца жалам колюцца... Чарот. Вясна-красуня ў бубны б’е. А. Александровіч. / З назвамі аб’екта стану. Холадна ў ногі. Горача ў пальцы.

20. з В. Ужываецца пры называнні аб’екта, на які накіраваны погляд або на якім сканцэнтраваны слых. Глядзець у твар. Разглядаць сябе ў люстэрка. Услухвацца ў шум лесу. / У спалучэннях «у акно», «у аконца» (глядзець, пазіраць і пад.) ужываецца ў значэнні прыназоўніка «праз». Дай зірну ў сваё аконца — Снег і снег вакол. Зіма. Колас. Сонца прыветліва заглянула ў аконца. Купала.

21. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект думкі, веры, захаплення. Удумацца ў сэнс падзей. Верыць у шчаслівую долю. Закахаўся ў прыгажуню. □ Калі чытач захоча больш акрэслена вызначыць тэматыку творчасці М. Хведаровіча, яму патрэбна будзе перш за ўсё ўдумацца ў назвы яго кніг. Палітыка. Што ж ты татахкаеш, сэрца.. бяссільна, Хіба не верыш у подых вясны? Глебка. Слядоў тут нямала пакінуў народ наш І кожны ў Вільню ўлюбёны па праву. Панчанка. // Ужываецца пры вызначэнні сферы ці аб’ёму дзеяння. Уступаць у гаворку. Уключыцца ў работу. □ Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы. Галавач. Савецкая літаратура, якой заўсёды ўласціва баявая актыўнасць, павінна ўжо цяпер аператыўна ўмешвацца ў актуальныя падзеі рэчаіснасці. «ЛіМ».

22. з В. Ужываецца пры ўказанні на прыладу дзеяння. Трубіць у трубу. Званіць у звон. Глядзець у бінокль. □ Загудзеў мядзведзь у рог, Што ласёў ужо запрог. А. Александровіч. Родны горад ляжыць, як юнацтва майго папялішча; Вецер дзьме ў каміны, як у медныя трубы трубач. Куляшоў. Танец скончан. Партызаны Б’юць у ладкі: «Брава! Брава!» Панчанка.

23. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або з’яву, у якіх сцвярджаецца або адмаўляецца якая‑н. уласцівасць, якасць і пад. Радасць у позірку. Змены ў прыродзе. □ Колькі радасці было ў гэтых баравіках у лесе. Лынькоў. У Сержавым позірку было штосьці ўжо не дзіцячае. Чорны.

24. з М. Ужываецца пры ўказанні на прыладу дзеяння. Павезці ў машыне. □ — Я не буду доўга, Зараз жа вярнуся, Трошачкі на рэчцы Ў санках паважуся. Колас.

25. з М. Ужываецца пры ўказанні на галіну прымянення ці выяўлення якога‑н. дзеяння, уласцівасці, прыметы. Дапамагаць у вучобе. Разбірацца ў формулах. Таварыш у працы. Не раўняйся з ім у спрыце. Няма зручнасці ў руках. Не магу адмовіць яму ў дружбе. Упэўнены ў сваёй непераможнасці. □ Тады, напачатку трыццатых гадоў, мае аднагодкі на ўсходзе — шчаслівыя сведкі і ўдзельнікі вялікіх спраў — выдатна разбіраліся ў марках машын, якія выйшлі на калгасныя палі. Брыль. А бессмяротнымі ў справах Мы станем заўсёды. Куляшоў. — О, ты разумны! Ты ўсё ўмееш, А пяць ды два не зразумееш: Дурны ў задачах, як дубіна! Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, у якіх што‑н. выяўляецца, увасабляецца. У гэтай фігуры пазнаў лесніка. У асобе аўтара маем прадстаўніка пралетарскай літаратуры. □ Малады кавальчук, бацькаў падручны, пачаў нешта вельмі зарана на яе [Валю] прыглядацца: у рухавым падростку ён пазнаваў будучую прыгожую жанчыну. Чорны. Следам глядзіш — столькі ў кры[лах] свабоды! Танк.

26. з М. Ужываецца для ўказання на прадмет, які ахоплівае, пакрывае што‑н. Дом увесь у бярозах і клёнах. Травы ў расе. Боты ўсе ў пыле. Рукі ў мазалях. □ За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду. Колас. У срабрыстых ніцях жоўтыя сады. Куляшоў. Я іду і жменяй Гладжу каласы Свежага ячменю У золаце расы. Танк. // Ужываецца пры апісанні знешняга выгляду, адзення, абутку. Дзед у акулярах. Лейтэнант у міліцэйскай форме. У бацінках на босую нагу. □ Вунь той, у акулярах, здаецца, Аляксей, гэты, з прыгожымі цыганскімі вачыма, — Юрка, а вяртлявы жартаўнік, зусім хлопчык, Коля. Грахоўскі. Ты снішся мне часцей. І вось У цёплай хустцы і ў бурносе На крыжавых стаіш чагось, Дзе лісце кружыць злая восень. Хведаровіч.

Адносіны стану

27. з В. Ужываецца пры абазначэнні абставін, у якія хто‑, што‑н. трапляе. Выкачацца ў снег. □ Паўстане змрок На спеўным раздарожжы, У цёмны колер выфарбуе дол. Хадыка.

28. з М. Ужываецца пры ўказанні на від дзейнасці, якой хто‑н. займаецца. Жыццё праходзіць у працы. Здабылі шчасце ў бітвах за волю. Не марнуй часу ў гулянках. Удзельнічаць у распрацоўцы праекта. Праводзіць цэлыя дні ў спрэчках. □ У новых бітвах сонца ўстане, Да новых бітваў будзь гатоў! Танк.

29. з М. Ужываецца пры ўказанні на стан, які часова або пастаянна ўласцівы каму‑, чаму‑н. Спыніцца ў задуменні. Быць у вечным клопаце. Усё ў парадку. Мець у запасе. Быць у ласцы. □ У трывозе Кацярына Поплеч любага ідзе. Броўка.

Адносіны пераўтварэння (пераходу з аднаго стану ў другі)

30. з В. Ужываецца для ўказання на пераход чаго‑н. у іншы стан. Парваць у шматкі. Сцерці ў пыл. Размова пераходзіць у сварку. Высах у лыка. □ Двое сутак падрад бушавалі вогненныя віхры, у дым і прах развяваючы ўсё, што так любоўна і старанна будаваў чалавек. Лынькоў. У невымоўна высокай тэмпературы метал ператварыўся ў патокі вогненнай вадкасці. Самуйлёнак. Я гарачыя словы ў песенны сплаў пералью, Закаханы навекі ў тваю маладую зямлю! Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на новы прадмет, новую форму, выгляд і пад., у якія пераходзіць або ператвараецца што‑н. Згарнуць пальцы ў кулак. З’яднаць народ у адну сям’ю. Заплесці валасы ў косы. Адліць у бронзу. □ Жаўталісце з роем павуцін У маністу восені сплялося. Куляшоў. Адліты ў бронзы нерухомасць, з узлётам мужнае рукі, — Такім народная свядомасць Яго [Леніна] запомніць на вякі! Звонак.

Адносіны прыналежнасці

31. з Р. Ужываецца пры называнні асобы, якой належыць месца дзеяння, асяроддзе або сфера знаходжання чаго‑н. У Мірона збіраецца моладзь. Гасцяваць у далёкіх сваякоў. Пабывалі ў настаўніка. Жыве ў чорта на рагах. □ Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць. Крапіва. Дзень, другі ўжо грымела ў князя гульня. Купала.

32. з Р. Ужываецца пры ўказанні па асобу, якая што‑н. мае ці ў якой што‑н. адсутнічае. У Васіля ёсць адказ на гэта пытанне. Былі ў бацькі тры сыны. Ці няма ў вас запалак? У мяне з явілася цікавая думка. □ Ці ля свірка, ці ля хаты Любіць ён [кладаўшчык] Павыхваляцца: — Не цурайцеся, дзяўчаты, У мяне ж усё багацце! Броўка. Чым большая ў пісьменніка жыццёвая практыка, тым больш у яго магчымасцей у сэнсе тэм, матэрыялу і вобразаў. Крапіва. [Колька:] — Заўтра ў мамы маёй дзень нараджэння. Грахоўскі. Ёсць у беларусаў гісторыя і ёсць слава. Кірэенка. І само сабой сталася, што калі дзяўчаты павырасталі, то ў кожнай з іх была гара падушак і поўная шафа адзення. Чорны. Нам прыпала ўсё спытаць і выгнаць: Гора страт, навалы грознай час. Усе шляхі вядуць да камунізма І няма другіх шляхоў у нас! Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, якім уласціва, належыць што‑н. У дзеда паважная постаць. У сына залатыя рукі. □ Кожны знае, што з працы Смачна хлеба скарынка, Хмельны сок у бярозы, Песціць вока травінка. Броўка. У Тураўца быў спакойны твар. Мележ.

33. з Р. Ужываецца для ўказання на каго‑, што‑н., каму ці чаму належыць пэўная прымета, уласціва пэўнае дзеянне або стан. Галава ў яго пайшла кругам. Маці ў мяне маладая. Ажыўляліся твары ў людзей. Ліст у клёна зубчасты. □ Сэрца ў Ніны моцна забілася. Галавач. Сонца грэе, Вецер вее, У старога сэрца млее. Зарыцкі. Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі, Цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном. Куляшоў.

Колькасныя адносіны

34. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасць прадметаў, якія прымаюць удзел у дзеянні, з якіх складаецца што‑н. Пілаваць у дзве пілы. Ткаць у сем нітоў. □ Умела [Раіна] песні звонкія пяяць, На полі першая была жняя І кросны ткала тонка, як паркаль, У колькі хочаш колераў, нітоў... Танк. У тры паясы ўстаюць вясёлкі, Грымяць грамы над галавой. Звонак. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас. Сымон Пятровіч разгарнуў на стале складзеную ў дзесяць столак сіньку. Грахоўскі.

35. з В. Ужываецца пры ўказанні на адзінкі вымярэння (лінейнай меры, вагі, часу, кошту і пад.), а таксама на прадмет або паняцце, якое з’яўляецца эталонам, узорам пры вымярэнні чаго‑н. Даўжынёй у тры метры. Плошча ў трыццаць гектараў. Адрэзак часу працягласцю ў дзесяць секунд. Коштам у пяць рублёў. □ У тры сажні агароджа, — Глуха, як у яме. Колас. / Ва ўстойлівых зваротах тыпу: «у колькі разоў». І ў два разы прыбавілася зораў На нашым небе. Панчанка. / Пры колькасных лічэбніках у выразах: «пяць у два», «тры ў восем», «шэсць у сем» і пад.

36. з В. Ужываецца для ўказання на адзін з прыёмаў ці момантаў, у якія адбываецца дзеянне. Працаваць у дзве змены. Выпіць шклянку ў два глыткі. □ Толя саскочыў з Сівага, дапамог Максіму, падсадзіў яго на свайго каня, а сам — па-маладому неразумна, толькі прыкленчыўшы, але весела, у два ці тры націскі выпусціў .. увесь аўтаматны дыск. Брыль.

37. з М. Ужываецца для абазначэння меры адлегласці. У трох кіламетрах ад горада цякла рэчка. □ Высокі чырвонаармеец трымаў стрэльбу напагатове і спакойна і цвёрда ступаў у двух кроках за Алесем. Крапіва.

38. з М. Ужываецца для ўказання, у якой колькасці што‑н. ствараецца ці з колькіх частак складаецца. Артыкул надрукаваны ў чатырох экземплярах. Мадэль у трох варыянтах. □ — А якое кіно сёння? — спытаў хтосьці з хлопцаў. — Каляровы, у дзвюх серыях «Разгрузка шчэбеню», — выпаліў Колька. Грахоўскі.

Азначальныя адносіны

39. з В. Ужываецца пры характарыстыкі прадмета, яго выгляду ці якіх‑н. асаблівасцей. Тканіна ў ёлачку. Касцюм у палоску. Папера ў клетку. □ Як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас.

40. з М. Ужываецца для ўказання на выгляд, форму прадмета. Кніга ў пераплёце. Будынак у стылі барока. □ Дымок у кольцах, дымок віецца... Броўка. У постаці гордай Стаіць яна [краіна Саветаў] цвёрда, Як волат, як міру скала. Колас.

Адносіны падабенства

41. з В. Ужываецца ў спалучэннях, якія раўназначны выразам «у якасці чаго». Прывесці ў прыклад. Аддаць у дар. Даць ва ўзнагароду. Пакласці ў аснову. Нам гэта не ў прывычку. □ У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе. Крапіва.

42. з В. Ужываецца пры абазначэнні поўнага падабенства, тоеснасці. Сын у бацьку. Кропля ў кроплю. Адзін у адзін. □ Свісне ў хаце холад, Свісне папацёмку, А ў бары ў панскім — Сасонка ў сасонку. Купала.

43. з В. Ужываецца пры ўказанні на суладнасць, супадзенне. Год у год. Дзень у дзень. Капейка ў капейку. □ Мой верны друг! Прайшлі мы крок у крок Крывых дарог-пуцін ужо нямала. Колас.

Адносіны спосабу дзеяння

44. з В. Ужываецца для абазначэння спосабу дзеяння (звычайна ў несвабодных спалучэннях). Гаварыць у адно. Уторыць у тон каму-небудзь. Узяцца ў бокі. Кланяцца ў пояс. Пакланіцца ў ногі. Дацца ў знакі. Крочыць у нагу. Падняцца ў рост. Стаць у позу. Пасмейвацца ў вус. Паставіць у струнку. Усё ідзе не ў лад. □ Толькі мы, ды радзіма, Ды балотны гушчар Помнім кожнага імя, Знаем многіх у твар. Глебка. Паціху, гармоніку ў лад, І хлопцы ў зямлянцы запелі Пра нашых савецкіх дзяўчат, Што з намі раслі і квітнелі. Астрэйка. Аддаць у школку іх [хлопцаў] — не ў руку: Давай харчы, наймі кватэру... Колас. Ішоў.. [Нявада] няроўна. То ледзьве цягнуў ногі, то ўваходзіў у подбег. Чорны. // У спалучэннях прыслоўнага характару: «у абхват», «у абдымку», «у абрэз», «у абцяжку», «у перагонкі», «у загрудкі», «у размашку», «у адкрытую» і пад. [Сымон:] — Можа, ваўкі недзе блудзяць, Возера з ветрам у загрудкі ўзялася... Танк.

45. з В. Ужываецца пры абазначэнні назвы гульні. Гуляць у шашкі. Гуляць у жмуркі. □ Ажывалі арабы, з маўклівых, панылых рабіліся шумнымі толькі гуляючы ў косці, — проста на зямлі,.. — а яшчэ больш на лагерным рынку. Брыль.

46. з В. Ужываецца ў акалічнасных зваротах тыпу «з кутка ў куток», «з хаты ў хату», «з рук у рукі», «з канца ў канец», «з месца ў кар’ер» і пад. Намыль з канца ў канец вяроўку. Купала. Аня, як кажуць, з месца ў кар’ер пусцілася ў скокі. Кулакоўскі.

47. з М. Ужываецца пры ўказанні па форму выяўлення дзеяння. Аднавіць у дробязях. □ Слаў жа ў сонечных маршах, пясняр, Сцяг пераможнай зары! Танк. І вось чаму свет Па крупінцы сабраў І сілы, І таленты У любасць адну — Хаця б у мільярдах Пачуццяў і спраў Леніна ўславіць І дасягнуць. Кірэенка. У ясныя вясеннія або летнія раніцы ці вечары, калі паветра, напоенае вільгаццю, бывае асабліва чыстым і празрыстым, гэты волат-манастыр выступае яшчэ больш пуката і выразна ў сваіх магутных абрысах. Колас.

Адносіны меры і ступені

48. з В. Ужываецца пры ўказанні на меру дзеяння або прыметы. Нагуляцца ў ахвоту. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. [Селянін:] Вам [Званам] я не паверу — Хлусіце не ў меру. Крапіва. [Надзейка:] — Яно скварку добрую як убярэш, тады і сякерай у ахвоту намахаешся і любы краж зваліш. Лынькоў.

49. з М. Ужываецца пры ўказанні на меру дзеяння або прыметы. У значнай меры. Пагадзіцца ў прынцыпе. Не згодны ў корані. □ Гэтае начынне і прыладдзе, па якім яшчэ нядаўна хадзілі бацькавы рукі, было яшчэ і цяжкае і вялікае кожнаму з нас, але ў той меры, у якой ішоў час, усё больш звыкласць, як светлы ратунак, прыходзіла да нас... Чорны.

Адносіны ўмовы

50. з М. Ужываецца пры ўказанні на акалічнасці або ўмовы, у якіх адбываецца дзеянне ці знаходзіцца хто‑, што‑н. Трымаць у палоне. Быць у няволі. Пакінуць у адзіноце. Як табе жывецца ў тваім замужжы? □ [Юля:] У нашым становішчы доўга гасцяваць не прыходзіцца. Крапіва. Хачу, каб у сне ты спазнала, Што я цябе шчыра кахаю. Чарот. Дзічэлі ў абдымках густой нематы Спрадвеку пакрытыя пылам кусты. А. Александровіч.

Мэтавыя адносіны

51. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту дзеяння. Пайсці ў заработкі. Збірацца ў дарогу. □ Ужо мяне чакае, У доўгі шлях гатовы, Мой таварыш верны, Сябар — кій дубовы. Колас. Гарачае сонца вандровак паклікала ў новы паход. Куляшоў.

52. з В. Ужываецца пры ўказанні на матывіроўку, абгрунтаванне дзеяння. Аддаць будынак у карыстанне суседу. Гаварыць у сваю карысць. □ Некаторыя не маглі стрымаць гневу і казалі, што цяпер пешаход на вуліцы можа не баяцца ні трамвая, ні тралейбуса, ні іншай машыны, акрамя «Масквіча», якога купіў вось такі грамадзянін ва ўласнае карыстанне. Грамовіч. Вельмі прыкра чытаць, калі крытык вучыць літаратурнаму майстэрству пісьменніка, а сам піша казённай мовай, нязграбна будуе сказы; калі крытык раіць аўтару бліжэй знаёміцца з жыццём, а сам не прыводзяць у пацвярджэнне сваіх довадаў прыкладаў з жыцця. «ЛіМ». / У аналітычных выразах, якія выступаюць у якасці прыназоўнікаў: «у карысць», «у гонар», «у імя», «у апраўданне» і пад. Прарваўся гулка ў неба Магутны кліч у славу перамог. Броўка. [Госці] выпілі ў чэсць панны Ядвігі — слаўнай гаспадыні і вельмі красамоўна хвалілі пры гэтым закускі. Бядуля.

53. з В. Разм. Ужываецца пры ўказанні на прызначэнне прадмета. Завесы ў дзверы. Прыправы ў каўбасы. Дровы ў печ.

54. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект мэты дзеяння (збору, нарыхтоўкі і пад.). Пайсці ў ягады. Хадзілі ў маліны. □ Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку — Ўсё гэта квапіла хлапчынку. Колас.

55. з М. У аналітычных выразах, якія выступаюць у якасці прыназоўнікаў: «у інтарэсах», «у мэтах» і пад. У нарысе расказваецца пра тое, як малады рабочы ў мэтах рацыяналізацыі вытворчасці ўдасканаліў машыну. Чорны.

Прычынныя адносіны

56. з В. Ужываецца ў спалучэннях тыпу: «у адказ на што», «у сілу чаго» для ўказання на прычыну дзеяння. У далейшым Кіеўская Русь у сілу пэўных прычын распалася на паасобныя часткі. Крапіва. У адказ на гэта Юрачка крута, з разгону паварочваў вальс на «Мікіту». Брыль.

57. з М. Ужываецца ў спалучэннях тыпу: «у выніку чаго», «у залежнасці ад чаго», «у сувязі з чым» для ўказання на прычыну дзеяння. Словы і ўчынкі Сганарэля матываваны негрунтоўна, у выніку чаго змест вобраза цяжка ўлавіць. «ЛіМ». Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў... Колас.

у 3, выкл.

1. Выражае здзіўленне, здагадку, прыпамінанне, пазнаванне. [Таццяна] на момант .. затрымалася ў .. абнімках [Зеленюка] і .. прашаптала: — У, які дужы! Дармо, што гарадскі... І абое весела засмяяліся. Зарэцкі. — Дачка старшынёва? — удакладняе хлопец. Тая таўстушка?.. У, даўно замужам. Ракітны. / У лаянкавых зваротах. — У, чорт! — лаяўся стары.

2. Выражае папрок, пагрозу, абурэнне, гнеў. Колы з санлівага шэпту раптам заходзіліся вясёлым пераборам, і скрозь іх ляскат чуліся матчыны словы — цяжкія, як камяні: — У, забойца. Ракітны.

3. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гудзення, свісту, выцця. У-у-у! Гудзе вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)