вада́, -ы́, ДМ -дзе́, мн. во́ды, вод і -аў, ж.

1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўяўляе сабой хімічнае злучэнне вадароду і кіслароду.

Шклянка вады.

Марская в.

2. (звычайна з азначэннем). Напітак, тэхнічныя растворы.

Газіраваная в.

Мінеральная в.

Вапнавая в.

3. Водная паверхня ракі, возера, мора і пад., а таксама яе ўзровень.

Падарожнічаць па вадзе.

Высокая в.

Дастаўляць грузы вадой.

4. мн. Водная прастора якога-н. раёна.

Тэрытарыяльныя воды.

Унутраныя воды.

5. мн. Плынь, хвалі, водная маса.

Глыбокія воды.

Воды Нёмана.

6. мн. Мінеральныя крыніцы, курорт з такімі крыніцамі.

Лячыцца на водах.

Мінеральныя воды.

7. перан., адз. Пра наяўнасць пустога, беззмястоўнага шматслоўя ў дакладзе, лекцыі і пад. (разм.).

Не даклад, а в.

Верхавая вада — вада, якая сцякла ў рэчку пасля дажджу ці ўтварылася з расталага снегу.

Жоўтая вада — хвароба вачэй, пры якой зрэнка набывае жоўты колер.

Цёмная вада — слепата, выкліканая атрафіяй зрокавага нерва.

Таўчы ваду ў ступе або насіць ваду ў рэшаце (разм.) — займацца пустымі справамі, марнай працай.

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

Як у ваду глядзеў — быццам загадзя ведаў.

Вады (нікому) не замуціць — не зрабіць шкоды.

Выйсці сухім з вады — застацца непакараным.

Віламі па вадзе пісана — пра што-н. маламагчымае, няпэўнае.

Ліць ваду на млын чый, каго — прыводзіць доказ або дзейнічаць на чыю-н. карысць.

Вывесці на чыстую ваду каго-н. — выкрыць чые-н. нядобрыя ўчынкі).

Цішэй вады, ніжэй травы — пра сціплага, вельмі спакойнага, ціхага чалавека.

|| памянш.-ласк. вадзі́ца, -ы, ж. (да 1 знач.; разм.) і вадзі́чка, -і, ДМ -чцы, ж. (да 1 знач.; разм.).

|| прым. во́дны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.) і вадзяны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Водны шлях.

Водны раствор.

Водны спорт.

Вадзяная пара.

Вадзяны павук.

Вадзяны млын.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пла́ўкі1 (пла́вкый) ’пакаты, спадзісты’ (драг., Клім.; в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), ’пакаты (аб страсе)’ (ЛА, 4), укр. плавки́й, рус. арханг., кур. пла́вкий ’плаўны’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i са значэннем ’мае ў сабе тое, што названа ўтваральным словам’ ад *plavъ, параўн. польск. pław — пра цякучую ваду. Спачатку прыметнік меў суф. ‑ьn‑ъ*plavьnъ: пла́ўны ’пакаты (аб страсе)’ (полац., чэш., круп., чавус., ЛА, 4), плы́ўны ’тс’ (барыс., тамсама), пла́ўны ’павольны, без ветру (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), пазней у некаторых дыялектах адбылася мена суф. ‑ьn‑ъ на больш характэрны ‑ъk‑ъ, як у гнуткі, грузкі, даўкі, коўзкі, мулкі.

Пла́ўкі2 мн. л. ’паплаўкі (з бярозавай кары)’ (рас., навагр., Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. плавки́ ’змацаваныя паміж сабой дзве вязкі саломы ці чароту, на якіх дзеці вучацца плаваць’. Семантычнае ўтварэнне ад плаваць, гл. плыць, або з польск. pław, pławik ’паплавок’, ’кавалкі кары, коркі, дрэва, прымацаваныя да аднаго края рыбацкай сеткі’, параўн. аднак яшчэ ст.-рус. плавокъ ’паплавок’ (1608 г.).

Пла́ўкі3 ’кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы для плавання’ (ТСБМ). З рус. пла́вки ’тс’.

Пла́ўкі4 ’тлустае сала, якое выдзяляе шмат тлушчу’ (пін., стол., ЛА, 4), пло́вкэ (сало) ’тс’ (стол., тамсама), пла́ўкі ’багаты тлушчам’ (ТС), ’слізкі’, ’слабкі (нітка, вяроўка)’ (Сл. ПЗБ); плаўкі́ ’слізкі, гладкі’ (саліг., Нар. словатв.), пла́вко ’гладка, лёгка’ (ТС). Укр. плавки́й ’роўны, гладкі, слізкі’, рус. валаг. пла́вкий ’які лёгка плыве’. Да пла́віць, якое з плыць, плы́сці (гл.). Семантыка развівалася ў напрамку: ’здольны плавіцца’ > ’багаты тлушчам’ > ’слізкі, гладкі’.

Пла́ўкі5 ’жоўты плывунец, Utricularia L. (?)’ (Сцяшк. Сл.). Да пла́ваць < плыць, плы́сці (гл.). Расліны не маюць каранёў і нібыта “плаваюць” у стаячых водах зарослых вадаёмаў і балот.

Плаўкі́ ’раска, Lemna minor L.’ (лельч., ЛА, 1). Да пла́ваць < плыць, плысці (гл.). Матывацыя: плоскія лісткі “плаваюць” — знаходзяцца на паверхні стаячых ці павольна плывучых вод. Параўн. іншыя роднасныя назвы раскі: в.-дзв. плаў, бабр. пла́ўня, саліг. плавунец, слон. плаву́чка, плаву́шка, круп. пуплаве́нь (тамсама). Знаходжанне раскі на паверхні вады атаясамлівае яе з паплаўком — гл. пла́ўкі2. Значэнне ’майнік’ (ТС), відаць, вызначана недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)