Дэкрэ́т ’дэкрэт’ (БРС). Ст.-бел. декретъ ’вызначэнне’ (з XV ст., Булыка, Запазыч.). У значэнні ’дэкрэт’, магчыма, з рус. декре́т (< ням. Dekret < лац. dēcrētum; Фасмер, 1, 495; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 58). Але не выключаецца, што бел. і ўкр. словы ўзяты з польск. dekret (< лац.). Параўн. націск у Бярынды: де́крет, але декре́ту (што ўказвае на бясспрэчны паланізм).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глава́ ’глава (у кніжцы і да т. п.); таксама ’глава (дэлегацыі, урада і г. д.)’. Рус. глава́, укр. глава́. У бел. і ўкр. мовах запазычанне з рус. глава́ ’тс’. У рус. мове глава́ (у кнізе) узята са ст.-слав. глава, якое перадае грэч. κεφάλιον. Гл. Фасмер, 1, 408; Шанскі, 1, Г, 83. У знач. ’глава (урада і г. д.)’ таксама з рус. мовы, дзе гэта значэнне развілося, здаецца, незалежна ад ст.-слав. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэ́ўка1 ’дрэўка (сцяга і г. д.)’ (БРС). Запазычанне з рус. дре́вко ’тс’ (у рус. мове гэта, паводле Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 188, рус. утварэнне на базе запазычанага са ст.-слав. мовы слова дре́во < дрѣво).

Дрэ́ўка2 ’цурка (для палення)’ (БРС), дрэ́ўкі ’тс’ (Шат.). Відавочнае запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. drzewka (мн. л.) ’дровы’. Можна думаць і пра самастойнае ўтварэнне гэтага слова ў бел. мове на базе запазычанага з польск. мовы дрэ́ва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́крых ’два’ (бел. арго; Рам. 9). Параўн. з укр. арго: ба́крих два’ (чарніг., Нікалайчык). В. Д. Бандалетаў (вусна) лічыць, што гэта, магчыма, цюркізм і прыводзіць яшчэ рус. арго збакры два’. Параўн. таксама аргатычнае бакы́рмар ’дзве грыўні’ (гл. Бандалетаў, Усл. яз., 15).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дыверса́нт ’дыверсант’ (БРС). Рус. диве́рсант, укр. диверса́нт. З ням. Diversant ’тс’ (да Diversion ’дыверсія’). Таксама з ням. Diversion запазычаны бел. дыве́рсія, рус. диве́рсия, укр. диве́рсія (магчыма, праз польск. dywersja). Гл. Фасмер, 1, 513; падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дыэ́та ’дыета’ (БРС). Рус. диета, укр. дієта. Запазычанне, відаць, праз рус. мову з ням. Diät (< лац.). Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 117. Але бел. дые́та ’тс’ (Насовіч адзначае: «слово употребляется шляхтой и мещанами»), магчыма, узята прама з польск. dieta ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дэбо́ш ’дэбош’ (БРС). Рус. дебо́ш, укр. дебо́ш. Для ўсх.-слав. моў крыніцай з’яўляецца рус. дебо́ш, запазычанае з франц. débauche (Фасмер, 1, 490; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 34–35). Бел. дэбашы́р, укр. дебоши́р < рус. дебоши́р (а гэта з франц. débaucheur).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Добрасусе́дскі ’добрасуседскі’ (БРС). Рус. добрососе́дский, укр. добросусі́дський, польск. dobrosąsiedzki, балг. добросъсе́дски. Калька з ням. gutnachbarlich. У рус. мове першая фіксацыя ў 1935 г. (слоўнік Ушакова). У бел. і ўкр. мовах, відаць, запазычанне непасрэдна з рус. мовы. Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабіна душыца ’расліна Origanum, Origanum vulgare, мацярдушка’ (Нас., Кіс.), таксама душанка, мацярдушка, мацержанка, мацеранка і г. д. (Кіс.). Рус. души́ца, ду́шка, материнка і г. д., укр. душиця, душинка, духовий цвіт, душниця, материнка, материска (гл. Макавецкі, Sł. botan., 250). Падобныя назвы і ў іншых славян (параўн. серб.-харв. бабина дубчица, боља душица; Сіманавіч, 329). Вельмі часта Origanum мае аднолькавыя назвы з Thymus ’чабор’. Параўн. для апошняга бел. мацярдушка, мацержанка, укр. материдушка, материна душка, материнка і г. д. (Макавецкі, Sł. botan.). Да бел. назваў для Origanum вельмі падобныя серб.-харв. і балг. назвы для Thymus: серб.-харв. душинка, мајчина душица, материнка і асабліва для Thymus serpyllum: бабина душа, бабина душица, бабља душа (душица), бабја душа (душица), бакина душица і г. д. (Сіманавіч, 467–468), балг. бабина душица (БЕР, 1, 23). Параўн. таксама (для Thymus) чэш. mateřídouška, mateří dúška, славац. materina dúška, ст.-польск. macierzą duszka (Махэк, Jména rostl., 202). Новатны (SP (Brno), 13 (A12), 35–36) спасылаецца на лац. (VII ст.) matris animula «Thymus» і лічыць, што назвы тыпу mateřídouška — пераклад з лац. У аснове назвы ляжыць уяўленне (вядомае з фальклору) пра душу памерлай маці, якая вяртаецца да дзяцей у выглядзе кветкі. Можна меркаваць, што і бел. назва для Origanum такога ж паходжання («душа бабулі»). Не вельмі пераконвае думка Даля і Мяркулавай, Очерки, 139–140, што назвы тыпу душица, душка і г. д. — вытворнае ад дух, душистый («пахучая расліна»). Здаецца, што гэта пазнейшая ад’ідэацыя. Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Града́ ’града (у розных знач.)’ (БРС, Шат., Касп.). З прасл. *gręda. Параўн. рус. гряда́, укр. гряда́, польск. grzęda, чэш. hřada, балг. греда́ і г. д. Прасл. *gręda (значэнні: ’бэлька, перакладзіна, мураваная сцяна, градка, мель, востраў, узвышша і да т. п.’). Роднасным лічацца літ. grindà ’дошка для падлогі і да т. п.’, лац. grunda ’дах, страха, дахавыя кроквы’, ст.-ісл. grind ’рама і г. д.’ Корань *gręd‑ мае аблаўтную форму *grǫd‑, якая прадстаўлена ў бел. груд ’узгорак, груда’, гру́да ’глыба, кавалак, камяк’, рус. гру́да, укр. гру́да́, чэш. hruda, hrud, польск. gruda, grąd і г. д. Агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 120–122, 146–148 (з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)