прыстро́іцца 1, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Прымасціцца, размясціцца дзе‑н. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Броўка. Якаў прыстроіўся на дубе, поруч з Юзікам. Чарнышэвіч. // Далучыцца, прыстаць да каго‑н. Касец з Яхіма так сабе, другі год як узяўся за касу, а тут яшчэ ў кампаніі сталых мужчын прыстроіўся Барын бацька. Дуброўскі.

2. Разм. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, становішча ў жыцці. — Каб як гэта мне дзе-небудзь прыстроіцца — рабіць па сваёй сіле, каб ніхто не мяшаў мне жыць. Чорны. — Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію. Асіпенка. — Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус. Грахоўскі.

3. Далучыцца да строю, стаць у строй; стаць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Карпаў. Асцярожна, як бы баючыся аступіцца, машына выпаўзла з памяшкання і прыстроілася ў канцы калоны. Беразняк.

прыстро́іцца 2, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

Разм. Апрануцца па-святочнаму, прыбрацца. Прыстройся, дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы,.. — Сягоння прыедуць сваты. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑ваць ’агледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

у¹, прыназ.

I. з В і М.

1. Ужыв. пры абазначэнні месца, напрамку куды-н. ці знаходжання дзе-н. каго-, чаго-н.

Пакласці рэчы ў куфар.

Адзенне вісіць у шафе.

Падаць заяву ў інстытут.

2. Ужыв. пры абазначэнні з’яў, якія ўяўляюць сабой галіну дзейнасці, стан чаго-н.

Збірацца ў паход.

Быў у паходзе.

Паглыбіцца ў роздум.

3. Ужыв. для ўказання на выгляд, форму чаго-н.

Расцерці ў парашок.

Лякарства ў парашках.

Цукар у кавалках.

Пальцы ў чарніле.

4. Ужыв. пры ўказанні на знешні выгляд каго-, чаго-н., на абалонку, на адзенне.

Купацца ў плаўках.

Загарнуць у абрус.

Цукеркі ў абгортцы.

Апрануцца ў новае паліто.

5. Ужыв. для ўказання колькасці якіх-н. адзінак, з якіх што-н. складаецца.

Даўжынёй у тры метры.

П’еса ў трох дзеях.

6. Ужыв. пры абазначэнні моманту ці тэрміну.

У ноч з пятніцы на суботу.

У наступным годзе.

7. Ужыв. пры абазначэнні прадметаў, з’яў, у адносінах да якіх што-н. адбываецца, назіраецца.

Недахопы ў рабоце.

Розніца ў гадах.

II. з В.

1. Ужыв. пры абазначэнні суадносін лікаў.

У два разы больш.

2. Дзеля, для, у якасці чаго-н.

Не ў крыўду кажучы.

Сказаць у насмешку.

3. Ужыв. пры абазначэнні поўнага падабенства, тоеснасці з кім-н.

Уся ў бацьку.

III. з М. Ужыв. пры абазначэнні адлегласці ад чаго-н.

У трох кіламетрах ад горада працякае рэчка.

IV. з Р.

1. Ужыв. пры ўказанні на асоб, у асяроддзі якіх або ў межах дзейнасці, валодання, разумення якіх ці ў межах прыналежнасці якім што-н. адбываецца, маецца.

Шыць кажух у краўца.

Гасціць у родных.

Як у вас холадна!

У яго спрыт у рабоце.

Глядзі ў мяне! (выраз пагрозы; разм.).

2. Указвае на крыніцу атрымання, паходжання чаго-н.

Даведацца ў знаёмага.

Купіць карову ў суседа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)